Расла ў садзе яблынька. Яна была маладзейшая за сваiх сябровак, але ў гэта лета ўжо песцiла свайго першынца — маленькi зялёны яблычак. I яе зусiм не засмучала, што ён адзiны, бо ведала: будуць мiнаць гады, яна падрасце і падужэе і калi-небудзь яе голле сагнецца да зямлi пад цяжарам мноства яблыкаў — яе дзетак.
А пакуль тое, яна жыла першым клопатам мацi: гайдала яблычак на сваiх галiнках, паiла салодкай ранiшняй расой. Яблычак рос, падстаўляючы сонцу свае яшчэ зялёныя бакi. Ён быў цiкаўны, хацеў бачыць усё, што рабiлася навокал. І яблынька, калi ён вельмi ўжо разгойдваўся на галiнцы, ласкава ўшчувала яго:
— Не спяшайся, гарэза! Ты яшчэ малы i зялёны, а павiнен выспець, налiцца сокам.
Ды яблычак не надта рваўся са сваёй галiнкi. Прастору i cонца яму хапала, а што яшчэ патрэбна такой малечы?.. Ён і падрастаў паціху.
Вусень чуў усё, што казала яблынька свайму пестуну. Ён жыў непадалёк на кветцы дзьмухаўца, нiкога не чапаў, грэўся на сонцы i пра нешта марыў… Але апошнiмi днямi яго характар прыкметна сапсаваўся. Вусень адчуваў нейкую незразумелую незадаволенасць жыццём, злосць i санлiвасць. Яго так i падмывала зрабiць нешта гадзенькае, каб навакольны свет не здаваўся вельмі шчаслiвым. Ды што можа зрабiць такая казяўка? I ўласная нязначнасць раздражняла вусеня яшчэ больш.
Вось у такую нядобрую часiну яму на вочы трапiўся яблык.
— Вiсiць сабе таўстун, радуецца. Пачакай жа, вось я цябе … з’ем, — вусень на iмгненне завагаўся, ацэньваючы памеры яблыка, але жаданне атруцiць каму-небудзь жыццё перамагло. — Ну, не з’ем, дык пакусаю! – i вусень рашуча накiраваўся да яблынькі. — Пакусаю, пакусаю, — падганяў ён сам сябе пагрозлівым мармытаннем.
У яблыка ад страху аж дыханне заняло. Тузануўся раз-другі, імкнучыся збегчы, выратавацца ад гэтага гнуткага зялёнага чарвяка, які марудна, але няўмольна набліжаўся. Ды маладая пімпачка надзейна трымалася за галінку. Яблык затрымцеў усімі сваімі семачкамі, што таіліся ў глыбіні яго цельца.
— Ратуйся! — шапнула яблынька і асцярожна падштурхнула яго ў густую лістоту, павярнуўшы да вусеня самым зялёным бокам.
Яблыку пашанцавала: якраз ў гэты момант на шляху вусеню трапілася перашкода, адцягнуўшы ўвагу.
— Ну, пачакай! — раз’юшыўся вусень, ўбачыўшы, што яблык знік.
— Не ў неба ж ты паляцеў! — і вусень утаропіўся на дрэўца, аж у вачах зелена стала.
Ды дарэмна! Лісце і галінкі аказаліся надзейнай схованкай.
Караскацца по кожнай галінцы, перабіраючы лісточкі ў пошуках здабычы, яму не хацелася — пераважала стома, але і адступаць вусень не збіраўся.
— А-а, даражэнькі, я цябе аблогай вазьму. Падпільную, нікуды не дзенешся!
І вусень стаў мясцюрыцца на сухой галінцы, што ляжала непадалёк. А каб было зручней, сплёў сабе кокан і прыціх у ім. Некалькі хвілін ён яшчэ цешыў сябе ўяўленнем аб тым, як дабярэцца да яблыка і ўп’ецца ў яго гладкі бок. Але неўпрыкмет да вусеня падкраўся сон...
Міналі дні за днямі. Вусень ціхенька соп у сне, а яблык рос, наліваўся сокам. Ён стаў такім вялізным і чырвоным, што лісце яблынькі ўжо не магло засланіць яго ад зялёнага злыдня. І яблык з трывогай чакаў, што будзе далей.
Аднойчы ён пачуў, як нешта ў кокане лузнула і адтуль — вось дзіва! — выбраўся на свет сінякрылы матылёк. Ад неспадзёўкі яблык ажно войкнуў. А матылёк расправіў свае прыгожыя лёгкія крыльцы, соладка пацягнуўся… і ўбачыў яблык. Як далекі сон успомніў матылёк, што калісьці быў вусенем і хацеў з’есці гэты вялізны сакавіты яблык.
— Але ж я цяпер не злосны вусень, а вясёлы прыгожы матылёк! І не маю жадання каго-небудзь крыўдзіць.
— Бывай здаровы, яблык!
І матылёк узвіўся ў празрыстую сінь. Яблык уздыхнуў з палёгкай:
— Пранесла!
А да восені было яшчэ так далёка…
Вось так, мой дружа. Бывае, нешта не ладзіцца ў жыцці, табе самотна і няўтульна. І хочацца адпомсціць усяму свету за свае няўдачы. Успомні тады, што ў тваёй душы ёсць светлага і чыстага. Магчыма, твае намеры зменяцца.
Таксама чытайце і слухайце казкі аўтара:
Падарунак ад праменьчыка
Наяда марская*, або Услед за песняй
Выкраданне з бОльніцы
Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by