31.08.2021
31.08.2021

Лепісін і Быляк. Вітамінныя чалавечкі-2 (казка)+аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 71
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Памятаеце Лепісіна і Быляка, вітамінных чалавечкаў? У мінулай гісторыі яны прыдумалі, як ратаваць дзяцей ад алергіі! А сёння ідуць на дзень народзінаў!

Яблыкі і апельсіны. Казка пра вітамінных чалавечкаў.

Гісторыя 2

Лепісін і Быляк спяшаліся ў госці. Яны былі запрошаныя на Дзень народзінаў да Алісы і Васілінкі. Абедзве нарадзіліся ў кастрычніку. Васілінка меншая за Алісу толькі на два гады і тыдзень. Дык чаму б не святкаваць разам?

Кожны з вітамінных чалавечкаў цягнуў торбу садавіны. На свяце будзе поўна дзяцей. Значыць, вітамінны пачастунак абавязкова спатрэбіцца.

– Як думаеш, Быляк, дзяўчаткі ўжо прывыклі абіраць яблыкі, перш чым з’есці? – сапучы пад цяжарам апельсінаў, запытаўся Лепісін.

– Упэўнены! Не забывайся, у іх яшчэ старэйшыя сястрычкі ёсць: Злата і Соня. Талковыя дзяўчаткі! І самі дадуць рады любому яблыку, і меншым падкажуць. Так што сёння будзем новую навуку засвойваць.

– На свяце? Быляк, не смяшы мяне! Хто ў святочным гармідары будзе тваю навуку слухаць?

– А я зраблю так, каб слухалі! Правяду майстр-клас! Навучу дзяцей ціскаць сок з яблыкаў! Бачыш, сокавыціскалку прыхапіў.

Яблыкі і апельсіны. Быляк збіраецца навучыць дзяцей ціснуць сок.

– Добра прыдумаў, – ухваліў Лепісін. – Чакай, а чым жа мне іх зацікавіць?

– Не хвалюйся! Пакуль соку націскаем, пакуль імянінніцы свечкі на торціку пазадзімаюць, пакуль карагоды паводзім – ужо не да тваіх апельсінаў будзе!

– Што ты маеш супраць апельсінаў? – захваляваўся Лепісін. – Хіба яблычныя вітаміны лепшыя? Ні на макулінку!

– Не-не, прабач! Гэта я не падумаўшы! – сумеўся Быляк.

Каб суцешыць пакрыўджанага Лепісіна, ён хуценька прапанаваў:

– І ты правядзі майстар-клас!

– Які?

– Навучы дзятву розным спосабам нарэзкі апельсінаў! – знайшоўся Быляк.

Яблыкі і апельсіны. Лепісін будзе вучыць дзяцей фігурнай нарэзцы.

– О! Геніяльна! – зарадаваўся апельсінавы чалавечак. – Так і зробім!

На свяце дня народзінаў Алісы і Васілінкі ніхто не сумаваў. Карагоды, песні, гульні, скокі!  Паветраныя балёнікі, напоўненыя адмысловым газам – геліем – ківалі гасцям з-пад самай столі рознакаляровымі галоўкамі. Ад руху паветра ў пакоі яны блукалі туды-сюды, цягнучы за сабою свае стужачкі.

Яблычны сок і госці, і імянінніцы ціскалі з такім імпэтам, што ён ліўся з сокавыціскалкі ў шклянкі ракой. А тыя, хто не здолеў праціснуцца на Былякаў майстар-клас, засвойвалі навуку абіраць і наразаць апельсіны.

– Думаеце, гэта проста? – пытаўся ў дзяцей Лепісін. – І колькі спосабаў вы ведаеце?

Ён раздаў дзецям апельсіны – і пачалося абіранне-наразанне.

Абіралі асцярожна, каб не параніць ручкі і апельсінчыкі. І каб са скуркі  атрымаліся доўгія прыгожыя серпанцінкі.

Яблыкі і апельсіны. Як атраымаць са скуркі серпанцін.

– Іх можна высушыць і зрабіць упрыгожанні на навагоднюю ялінку.

Павесіць на ялінку апельсінавыя серпанцінкі захацелася ўсім!

– А яшчэ можна зрабіць цэдру са скурак, пацёршы іх аранжавым бокам на тарцы. Будзеце пячы яблычны пірог – смела дадавайце апельсінавую цэдру. Смаката – пальчыкі абліжаш! – тлумачыў Лепісін зацікаўленым хлопчыкам і дзяўчаткам.

– Цяпер бяромся наразаць апельсіны! Самая прыгожая форма – круглая. Можна нарэзаць неабабраны апельсін, кружочкі высушыць – і таксама на ялінку.

– А можна іх проста разабраць на долькі? – спыталася Васілінка.

– Вядома, – усміхнуўся Лепісін. – Так нават хутчэй. І сок не будзе цячы, як з парэзаных кавалачкаў.

Дзеці з захапленнем рэзалі апельсіны ўздоўж і ўпоперак, кружочкамі, трохкутнічкамі, палосачкамі. І частавалі тых, хто ціскаў сок з яблыкаў.

Яблыкі і апельсіны. Фігурная нарэзка апельсінаў.

А пасля усёй вялікай грамадой выйшлі запускаць балёнікі ў неба.

Тата імянінніц кожны балёнік зачапіў на нітачку з яшчэ не разматанай шпулькі і патлумачыў дзецям, каб яны нізавошта не адпускалі канец нітачкі, калі яна ўся разматаецца. Дзеці з радасцю пагадзіліся.

Пакуль усе любаваліся рознакаляровым воблачкам з балёнікаў, што завісла высока ў небе, тата тлумачыў, што адпушчаныя балёнікі прыносяць вельмі шмат шкоды. У іх нітачках заблытваюцца птушкі. А калі балёнікі апускаюцца на зямлю, яны робяцца проста смеццем.

Лепісін і Быляк разам з дзецьмі засвоілі навуку і паабяцалі падзяліцца ёй з усімі, хто прачытае гэтую гісторыю.

Паветраныя шарыкі на дні народзінаў.

А яшчэ іх вельмі зацікавіла, які спосаб нарэзкі апельсінаў вам найбольш спадабаўся. Паспрабуеце?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 71

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская
Глядзіце таксама