24.05.2019
24.05.2019

Ячмень?! Магчыма. Ды не той…

logo
Думкі ўслых
194 023
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Моцны вецер, скразняк, стрэс… Імунітэт, плачучы, дзесьці скурчыўся ў кутку… І ўсё сышлося ў чарговы раз. І вылезла. Пухлінай над вокам. Во гэта я пакаталася 15 гадоў таму па каналах Піцера на хуткасным водным транспарце! Тады штосьці накшталт ячменю з’явілася ўпершыню. І з таго часу – практычна штогод, за рэдкім выключэннем, у самы непадыходзячы момант.

Не адмаўляючы медыкаментознае лячэнне, пэўны час таму шляхам спроб і памылак падабрала для сябе парады з народнай медыцыны. Тыя, якія рэальна дзейнічаюць, грунтуючыся на лекавых уласцівасцях раслінаў. Цяпер, галоўнае, мець час, каб прымяняць іх падчас абвастрэння даволі часта. І чым часцей, тым лепш. Хутчэй пройдзе.

Не ведаю, праўда, ячмень гэта ці не…. Ён практычна ніколі не гнаіцца, не прарывае… І на сухое цяпло, якое раяць прыкладаць, рэагуе не дужа каб станоўча. «Ты ж толькі не мачы вадой!» – усклікнула знаёмая медсястра афтальмалагічнага кабінета, пабачыўшы мяне. Але ж як тады рабіць прымочкі – мой асноўны сродак уздзеяння на пухліну?!

Усё ведаю пра мяркуемыя прычыны запухання вока. З імунітэтам быццам бы сябрую, плюс да ўсяго БАДамі яго ўлагоджваю. Але ад моцнага ветру, які апошнім часам у Беларусі пачуваецца сапраўдным гаспадаром у розныя поры года, на жаль, не прыкрыешся. І стрэс падкрадаецца так раптоўна, што яго адразу хапанеш, а затым падумаеш, што спакайней, спакайней трэба…

Так што, калі ў кагосьці бывае падобнае (у першы дзень звычайна – як на малюнку жахаў), магу параіць правераны алгарытм. Плюс да медыкаментознага лячэння, замест яго – нікога не агітую ні «за», ні «супраць». Кожны выбірае сам, што для яго лепей.

Найперш робім адвар для прымочак. 1-2 пакецікі рамонку аптэчнага альбо сталовую лыжку гэтай жа травы, калі яна прадаецца россыпам,  заліваем шклянкай кіпню і накрываем, каб запарылася. Трымаем 30 хвілін, альбо  гадзіну, альбо  амаль да поўнага астывання – як атрымліваецца. Падыдзе любы адвар.

Першы раз яго можна прымяняць ледзь цёплым. Затым, на працягу дня – халодным. Як высветлілася таксама доследным шляхам, апошні ўздзейнічае лепш. Змачваем у ім ватны дыск, кавалачак ваты, марлі ці бінту (што ёсць пад рукой) і прыкладваем да хворага вока. Перыядычна акунаем у адвар, злёгку адціскаем, каб не цякло.

Рабіць не менш за 10 хвілін за адзін раз. І так часта, як атрымліваецца. У мяне гэтым разам прамежкі складалі ад паўгадзіны да гадзіны. Нават пасля 1-2 сеансаў пухліна прыкметна памяншаецца. Рабіць столькі дзён, колькі патрэбна. У мяне атрымалася – вечар і два дні.

Плюс далучаем адвар лаўровага ліста (калі на яго няма алергіі і супрацьпаказанняў да ўжывання – высвятляем  абавязкова!). Восем сярэдніх сухіх лісточкаў заліваем шклянкай кіпню, запарваем пад накрыўкай ад паўгадзіны да гадзіны. Пасля поўнага астывання можна піць. Па глытку-два.

Гэтая порцыя (шклянка), як тлумачаць тыя, ад каго пачула рэцэпт, разлічана на дзень. Адзін-два апошнія глыткі абавязкова павінны быць зробленыя перад сном. У мяне таксама атрымалася прапіць два дні.

І калі ў першы я не магла з раніцы расплюшчыць вока, дык у другі пухліна ўжо была напалову меншай. На трэці засталася толькі невялікая, практычна нябачная кропка на верхнім павеку. І час ад часу часалася.

Два няхітрыя рэцэпты, а вынікі – відавочныя. Вось усё збіраюся займець насенне альбо чаранок лаўра, каб вырошчваць свой. На ўсялякі выпадак, для розных патрэбаў.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

194 0 23

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.