11.05.2021
11.05.2021

Яднаемся з продкамі. Радаўніца!

logo
Беларускі код
0 109
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Кажуць, што дзень гэты светлы, урачысты. Калі традыцыйна збіраюцца сем’ямі на могілках, каб прыгадаць дарагіх памерлых. І да пазамінулага года ў нашай сям’і ён і быў такім. Але толькі не летась і не сёлета… Думаю, мяне зразумеюць тыя, хто таксама страціў блізкага чалавека… І свята гэтае для нас скрушнае, усё ў слязах. А яшчэ ж – каранавірус. І раяць не наведваць месцы масавага збору людзей. Бо статыстыка і так уражвае…

Радаўніца.

Зразумела ж, кожны будзе вырашаць сам: рызыкаваць яму і ехаць на могілкі, наведваць службу ў храме, засцерагаючыся маскамі-пальчаткамі-антысептыкамі-прышчэпкамі, выбіраць іншы дзень, каб не было масавасці, альбо… Альбо ўсё ж памянуць продкаў дома. Бо яны нас чуюць і бачаць, дзе б  мы ні знаходзіліся. Асабліва – на Радуніцу.

Асабіста я і сёлета наведваю могілкі. І зараз патлумачу, чаму гэта не так рызыкоўна. Справа ў тым, што ў Чэрвені – два месцы пахавання. Першае – на тэрыторыі ўласна горада (старыя гарадскія могілкі), другое – ля вёскі Астравы. А паколькі царква – адна, святара здаўна запрашалі і туды, і туды.

Так, кажуць, і склалася традыцыя: спраўляць (калі можна тут ужыць гэтае слова) Радаўніцу на старых гарадскіх могілках – у аўторак, а на астраўскіх – у панядзелак. І нашы сваякі раней так і прыязджалі. На нашы астраўскія могілкі – у панядзелак, а на свае, у іншым раёне, – у аўторак. А калі не стала мамінага брата з Магілёва… Мы пачалі наведваць могілкі, як і патрэбна, – на Радаўніцу, у аўторак.

І праверана ўжо амаль цэлым дзесяцігоддзем: а дзявятай раніцы на астраўскіх могілках у аўторак – практычна ніводнага чалавека. А значыць, у перыяд пандэміі каранавіруса з пункту гледжання масавага збору людзей – бяспечна. Калі ж усё было б не так, вядома, мы б выбралі іншы час для наведвання могілак. Бо знаходзяцца яны па дарозе на нашу дачу… А калі б сітуацыя была яшчэ больш складанай… Дык сапраўды нікуды б не паехалі…

У сялянскай сям’і маёй мамачкі былі вельмі моцныя традыцыі. І па яе аповедах я зразумела, што паяднаныя яны былі правільна. Царкоўныя – без фанатызму, але з сапраўднай верай. Народныя – адмысловыя, з традыцыямі, якія абавязкова захоўваліся. І я памятаю, як мама распавядала пра Радаўніцу. А тыя ўспаміны ішлі яшчэ з часоў яе дзяцінства.

Дзесьці ёсць і фотаздымак, дзе мая мамачка, дзіця яшчэ, сядзіць разам з дарослымі падчас Радаўніцы на тэрыторыі могілак. Там, у іх вёсцы Яўкіна, што на Смаленшчыне (колішняй беларускай яе частцы), гэта сапраўды было ўрачыстае і светлае свята, пацверджанае народнай мудрасцю: «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а вечарам скачуць». Шкада, што са свежай ранай у сэрцы я пакуль не ў стане ацаніць гэтую жыццёвую філасофію… Магчыма, з цягам часу… Розумам – магу, а сэрца – не прымае…

Мамачка, я ведаю, што ты дзесьці там турбуешся, што я так шмат плачу… А я не магу па-іншаму. Проста слёзы самі коцяцца. А ты ўсё не прыходзіш і не прыходзіш. І не снішся… Якія пакуты! Без цябе скруха дома і скруха на дачы… Пастаянна… Штохвілінна… Мамачка мая…

Ці сустрэлася ты нарэшце са сваім татам, нашым дзедам Іванам, які загінуў у вайну, так і не пабачыўшы цябе, сваю дачку? А са сваёй мамай, нашай бабуляй Ксеніяй? З братамі Васілём і Аляксеем? Мама, ну хоць які знак падай…

Памятаю, як па-рознаму мы спраўлялі Радаўніцу раней. Бывала, што менавіта ў гэты дзень прыбіраліся на могілках. І не мы адны. Хтосьці побач мог і агароджу фарбаваць. І нікуды не падзецца, бо ў кожнага – сваё ўяўленне. Як пра гэты дзень, так і пра добраўпарадкаванне. Але ў апошнія гады мы стараліся прыбірацца там, паднаўляць агароджу, літары і лічбы на помніках зараней. Каб сапраўды Радаўніца была ўрачыстай сустрэчай з дарагімі памерлымі.

Ужо пазалетась, як я распавядала, мы адмовіліся ад штучных кветак. І як жа прыгожа глядзеліся жывыя цюльпаны ля помнікаў! Праўда, сёлета іх пасля незразумелай зімы на дачы вырасла няшмат… Трэба заводзіць гатунковыя наноў. І абавязкова пасадзіць на могілках.

… Радаўніца прыйшла. І дзе б мы ні былі ў гэты дзень, чым бы ні займаліся, Сусвет нас бачыць і чуе. І дае магчымасць у думках, душой і сэрцам з’яднацца з дарагімі памерлымі, папрасіць іх апекавацца над намі, падзякаваць за ўсё. І я веру, што яны нас таксама бачаць і чуюць. І радуюцца, што не забытыя…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 109

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама