13.12.2020
13.12.2020

Як абараніць скуру рук узімку

logo
Прыгажосць і догляд
0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Марознае паветра і вецер на вуліцы ўзімку, сухое паветра ў памяшканні, уздзеянне бытавой хіміі, частае мыццё з мылам і выкарыстанне антысептыкаў не самым лепшым чынам адбіваюцца на стане скуры рук. Уся справа ў тым, што скура ў вобласці кісцяў вельмі тонкая, у ёй знаходзіцца мала сальных залозаў, якія ствараюць ахоўную плёнку, што засцерагае ад страты вільгаці.

Пра тое, як выратаваць скуру рук узімку і паменшыць агрэсіўнае ўздзеянне фактараў навакольнага асяроддзя, «Слушна» распавяла наш эксперт – урач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва» Юлія Баранава.

Чаму ўзімку скуры рук дрэнна

Чаму ўзімку скуры рук дрэнна

Ад уздзеяння халоднага паветра і рэзкіх перападаў тэмпературы пакутуюць капіляры. Гэта прыводзіць да таго, што парушаецца кровазабеспячэнне і сілкаванне скуры. Вынік – скура робіцца адрузлай, сухой, пачынае лушчыцца, зніжаецца яе тонус. Акрамя гэтага, выкарыстанне пральных парашкоў, сродкаў для мыцця посуду і іншай бытавой хіміі, якія змяшчаюць вялікую колькасць павярхоўна-актыўных рэчываў, а таксама частае мыццё рук з мылам альбо апрацоўка антысептыкам разбураюць водналіпідную мантыю скуры, прыводзячы да абязводжвання скуры.

Юлія Баранава
Урач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва
На кісцях рук меней сальных залозаў, больш тонкая падскурная тлушчавая клятчатка. З-за гэтага яна больш схільная да старэння і з'яўлення сухасці, чым скура твару. Акрамя таго, мы ўвесь час выпрабоўваем яе на трываласць мыццём у гарачай вадзе з мылам, апрацоўкай антыбактэрыяльнымі гелямі і сурвэткамі са спіртам, а ў халодны час яшчэ і ўздзеяннем ветру ды марозу. Вынік – і без таго малыя запасы вады ў слаях скуры спусташаюцца, гідраліпідная мантыя парушаецца, яна робіцца адчувальнай і сухой.

Каб скура рук як мага даўжэй заставалася пяшчотнай, мяккай і аксамітнай, варта прытрымлівацца пэўных правілаў догляду. Самае галоўнае – выконваць іх рэгулярна і штодня.

Скура рук. Як яе абараняць і правільна даглядаць узімку

Правіла першае. Не забываемся на пальчаткі

Выходзячы на вуліцу ўзімку, абавязкова варта схаваць рукі ад марозу і ветру. З гэтай задачай добра спраўляюцца цёплыя рукавіцы ці пальчаткі.

Юлія Баранава
Урач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва
Калі ў вас усё ж замерлі рукі... Прыйшоўшы дадому, не варта адразу ўключаць гарачую ваду і спрабаваць такім чынам сагрэць пальцы. Гэта можа выклікаць раздражненне, а рэзкі перапад тэмпературы дрэнна адбіваецца на стане скуры і сасудаў. Вымыць рукі можна і пад ледзь цёплай ці халоднай вадой. Альбо сагрэцца, а затым памыць рукі.

Вырашылі зрабіць дома ўборку – надзявайце гумовыя гаспадарчыя пальчаткі. Яны абароняць ад уздзеяння агрэсіўных рэчываў, якія ўтрымліваюцца ў бытавой хіміі. Прычым гэтае правіла дзейнічае нават у тым выпадку, калі вы вырашылі, напрыклад, толькі памыць посуд ці працерці люстэрка ў ванным пакоі.

Рэгулярна наносім крэм

Правіла другое. Рэгулярна наносім крэм

Пасля кожнага мыцця рук варта наносіць крэм. Выбіраць трэба тыя касметычныя сродкі, у складзе якіх змяшчаецца гліцэрына, тлустыя насычаныя алеі (напрыклад, карытэ альбо аліўкавы) і вітаміны. Добры эфект даюць крэмы з расліннымі дадаткамі (рамонку, алейнага экстракту ваўчкоў і іншыя). Прыродныя кампаненты валодаюць аднаўляльным дзеяннем.

Юлія Баранава
Урач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва
Цяжкія па тэкстуры крэмы пакіньце на начны догляд. Удзень аддавайце перавагу больш лёгкім сродкам. У крэм можна дадаць пару кропель любімага вамі касметычнага алею, напрыклад, какосавага. Таксама ў аптэках можна знайсці крэмы-пальчаткі, якія вытрымліваюць ад 5 да 20 змыванняў, аднаўляючы гідраліпідную мантыю. Хачу развеяць міф пра тое, што на вуліцы крэм замярзае. Перад выхадам на вуліцу, сапраўды, не варта наносіць крэм на рукі і твар. Ён павінен паспець увабрацца. Калі ж гэтага не адбылося, крэм можа спрыяць абветрыванню: вільгаць выпараецца, астуджаючы і высушваючы паверхню скуры. Але ніякага замярзання не адбываецца, бо скура заўсёды мае плюсавую тэмпературу.

Наносячы крэм, абавязкова масажыруйце рукі, гэта паляпшае кровазварот і ўзмацняе ўздзеянне карысных кампанентаў.

У памяшканні з-за ацяпляльных прыбораў скура рук таксама робіцца сухой. У гэтым выпадку на дапамогу прыйдзе ўвільгатняльны крэм.

Правіла трэцяе. Выкарыстоўваем скраб і сілкуем скуру

У мароз скура рук абветрываецца, робіцца грубай і пачынае лушчыцца. Для лепшага выдалення арагавелага слоя эксперт раіць выкарыстоўваць скраб.

Юлія Баранава
Урач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва
Пасля скрабавання паляпшаецца кровазабеспячэнне, скура лепей узбагачаецца карыснымі рэчывамі, добра ўбіраецца крэм. Для таго, каб вашыя рукі былі дагледжанымі і прыгожымі, дастаткова карыстацца скрабам два разы на тыдзень. Наносіць варта на вільготную скуру і масажнымі рухамі. Масажыраваць трэба на працягу прыкладна 5 хвілін, пасля чаго скраб змываецца цёплай вадой і наносіцца пажыўны крэм.

Абавязковая ўмова ўзімку – сілкаванне скуры рук. Напрыклад, з дапамогай ванначак з рознымі алеямі, вітамінамі А і Е. Ці зрабіць маску для скуры рук. Яна насычае сухую скуру карыснымі рэчывамі больш эфектыўна за крэмы ў некалькі разоў.

Юлія Баранава
Урач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва
Маску варта наносіць на скуру рук хвілін на 20. Затым яна змываецца цёплай вадой. Пасля завяршэння працэдуры наносіцца ўвільгатняльны крэм. Выкарыстоўваць можна не толькі ўжо гатовыя сродкі, набытыя ў крамах ці аптэках, але і натуральныя інгрэдыенты, напрыклад, аліўкавы алей.

Правіла чацвёртае. Правільна апрацоўваем антысептыкам

Пасля таго, як вы вымылі рукі з мылам, іх варта старанна прасушыць, а толькі затым наносіць антысептык для апрацоўкі. На вільготную скуру антысептыкі не наносяцца. Гэта вельмі важна. Калі на руках выяўляюцца сляды раздражнення і вы не хочаце лішні раз мыць рукі вадой і апрацоўваць антысептыкам, можна выбраць толькі апрацоўку спіртавым сродкам. Чысты спірт сушыць, але не раздражняе скуру. Затым варта нанесці ўвільгатняльны крэм.

SOS-працэдуры. Ратуем скуру рук

SOS-працэдуры. Ратуем скуру рук

Зняць раздражненне, пачырваненне, загаіць ранкі і мікратрэшчынкі дапаможа парафінатэрапія скуры рук. У зімовы час такія працэдуры папулярныя ў касметолагаў і ў салонах прыгажосці.

Таксама ўрачы-касметолагі праводзяць працэдуры мезаэрапіі і біярэвіталізацыі скуры рук. Скура кісцяў вельмі добра рэагуе на такі клопат – вынік нашмат больш выяўлены, у параўнанні з аналагічнымі працэдурамі на скуры твару. Літаральна пару сеансаў дапамогуць у зімовы час захаваць маладосць і прыгажосць кісцяў рук.

Дома можна праводзіць некаторыя доглядавыя працэдуры. Добрым супрацьзапаленчым і заспакаяльным эфектам валодае цёплая ванначка з рамонкам (1 сталовая лыжка рамонку на 1 літр вадкасці). Адвар варта астудзіць да камфортнай тэмпературы. Працягласць такой працэдуры прыкладна 15 хвілін. Затым трэба прамакнуць рукі ручніком і змазаць іх пажыўным крэмам.

У зімовы час рэанімаваць скуру рук можна з дапамогай цёплага алейнага абгортвання, якое ўвільготніць і насыціць. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя натуральныя раслінныя алеі (какосавы, касторавы, алей какавы і зародкаў пшаніцы), якія можна змешваць альбо чаргаваць. Выбраныя алеі трэба падагрэць у эмаліраваным посудзе да камфортнай тэмпературы. Затым два кавалачкі мяккай тканіны неабходна намачыць у атрыманай сумесі і абгарнуць імі рукі. Трымаць такі кампрэс варта не больш за паўгадзіны.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 24

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама