29.11.2022
29.11.2022

Як чараўнікі задумалі ўкрасці сонца (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Жылі-былі на белым свеце два злыя Чараўнікі. Мажліва іх было значна болей: свет жа вялікі. Але гэтыя вызначаліся сваёй лютасцю  ды сквапнасцю да ўсяго жывога і нежывога. Не існавала  ніводнага, бадай, куточка зямлі, дзе б пасля іх нават часовай прысутнасці ні праліваліся слёзы і не прыходзіла людское гора.

Знікалі цэлыя паселішчы і людскія плямёны. Каторыя  спрабавалі аспрэчваць іх дзеянні, то ўвесь час былі  не толькі ў няўмілосці, але і ў няволі. Чараўнікі так зробяць, што выйшаўшы з уласнага жытла здаровы чалавек можа задубець на пэўны час, бы статуя якая. Можа прастаяць і дзень, і два. І сям’я яго таксама знерухомее ад аднаго злога погляду. Аж да таго часу, пакуль гаспадар не адрачэцца ад свайго роду і не ўхваліць дзеянні Чараўнікоў.

Злы калдун

А Чараўнікі тым часам лётаюць над жытлом небаракаў і забаўляляюцца: то калаўрот студні раскруцяць, прадзіравіўшы вядро да выгляду рэшата адным пляўком ці гаспадарскіх курэй ператвораць у дагістарычных Дыназаўраў. Сабак жа, што ахоўвалі падворак і няхітрую ўласнасць гаспадароў, можна было ўбачыць брэшучымі ад незвычайнага страху на самых каньках сялібаў.

Так было з тымі, хто ім, Чараўнікам, быў косткаю ў горле. Па ўсім свеце. Тым і запомніліся.

Аднаго Чараўніка звалі Ненажэрлым  Дэвідам, другога – Дужым воўкам Коналам. Абодва заўжды верылі, што служаць высокім ідэалам як для свайго народа, так і чалавецтва ў цэлым. Пры гэтым ганарлівыя якасці – самалюбства, пагарда, прага нажывы і абачэння за кошт іншых былі навідавоку.

Той жа ненажэрлы Дэвід калі-нікалі з перасцярогаю адносіўся да парад Конала. Іншым разам злы Скарпіён, што ў ім сядзеў, падштурхоўваў важную дзелавітасць і практычнасць перайсці ў эмацыянальнасць і нават жорсткасць. І гэта спрацоўвала.

А ля іх заўжды круціўся хітры і ліслівы Амброзій. Толькі і чулася яго гаў-гаў-гаў, каб хто-небудзь агрызак даў. Лізь-лізь-лізь, – лізаў ён боты, каб усім дагодзіць і на задніх лапках мкнуўся так старанна – віль-віль-віль. – Усё зраблю, паночкі, я ж цяпер ужо ваш, – віляў сваім брудным хвастом, пакорліва зазіраючы ў вочы.

Глядзіш і не вытрымліваў уладны Конал і пакрываў яго ілжывасць, адначасова праследуючы свой загадзя распрацаваны ход, выкарыстоўваючы таго ў сваіх карысных мэтах і з тэрыторыяй, і з рэсурсамі.

Доўгі ці кароткі час для Чараўнікоў  быў забаваю, але толькі сумна ім стала. Сумна без супраціву, калі тое, што задумвалі, загадзя ведалі – збудзецца, падпарадкуецца нават самы ўпарты ці з усходу, ці з поўдня і з захаду, за морам ці ў непралазных джунглях. І хто б іх не пераконваў, нават надзвычайныя Афрадзіты не маглі спакусіць тых захопнікаў.

Ім патрэбна толькі адно – непадзельная і неабмежаваная ўлада. Паўсюль, дзе яны пабывалі са сваёй місіяй, абавязкова ўсталёўвалі сваю “дэмакратыю”. І апраўдвацца ні перад кім не збіраліся. Прычым без усялякай згрызоты і аглядкі.

Але каб сказаць, што Чараўнікі жылі суладна – нічога не сказаць. Яны настолькі зненавідзелі адзін другога, што нават і днём і ноччу сачылі за кожным рухам свайго сатэліта. Спытаецеся навошта было сачыць? А для таго, што Чараўнікі, хаця і прыкідваліся сябрамі і наўмысна наведваліся адзін да аднага як не штодзень у госці, каб ведаць чым дыхае напарнік.

Адзін імчыцца на акуле, другі імклівага беркута паланіў. І кожны жадае суперніку спатыкнуцца. Пры тым перакрэслівалася ўсё тое дружалюбнае, як быццам знікала ў пагоні за лідэрства.

Дужы воўк Конал супраць незгаворлівых прапаноўвае прымяненне сілы. Ненажэрлы Дэвід яго толькі падахвочвае. Ліслівы, але з далёкім прыцэлам сваіх амбіцый Амброзій выступае быццам у ролі абачлівага прымірэнца.

Воўк ляжыць

Кожны хацеў авалодаць неабмежаванай тэрыторыяй і яе скарбамі – нетраў, нябеснымі, і людскім розумам таксама. Для гэтага мкнуліся паланіць Сонца. Падпарадкаваць яго сабе. Усё жывое павінна аказацца ў калючай цемені і нерухомасці.

– А калі вашыя дзеянні выклікаюць звяржэнне вулкана? – нібыта цікавіўся ці папярэджваў хітры Амброзій.

– Глупства ўсё гэта, - казаў ненажэрлы Дэвід. – Мы ж усяго калі пару разоў і смалянём уздоўж іх межаў. І тое, калі толькі зоркапад пачнецца, каб ніхто не разабраўся ў чым справа.

– Тады іншая справа, – заглядваў у вочы кожнаму Амброзій, віляючы сваім чорным хвастом і лізучы лапы магутных партнёраў. – Гэта ж якое цудоўнае відовішча: на вялікай хуткасці да Зямлі ляцяць тысячы метэораў. І правакуюць метэорныя патокі Маніды, што звязаны з каметай Тэмпеля – Тутля, якая кожныя 33 гады набліжаецца да Сонца. І ўсё ніяк не наблізіцца.

– Ты разумееш, сябра Амброзій, – да майго Сонца? – Менавіта пад выглядам «зоркавага ліўня» камета Тэмпеля меціць знішчыць маю будучыню – Святло, Цяпло, Жыццё, нарэшце, – мовіў ненажэрлы Дэвід. – Можа я хачу быць богам Сонца, як егіпецкі Атон, часоў прыгажуні Неферціці? Маючы ўласнае свяціла, мы адшукаем і раскапаем любыя курганы. Будзе залаты запас, а тым больш гістарычныя каштоўнасці, як скарбы Тутанхамона ці Скіфскае золата – уладаром стану ва ўсім свеце! І я яго адшукаю. Абавязкова адшукаю! Гэта веліч улады – барацьба за тэрыторыі, за сферы ўплыву, за нетры. Вось тады любога кіраўніка падкуплю. Мажліва і без прымянення сілы…

– Няўжо так і будзе, як ты задумаў, Дэвід? – І за жоўтыя бранзалеткі здрадзіць каторы сваёй краіне?

– Яшчэ як!

– А калі яны аб’яднаюцца і выступяць супраць цябе?

– А Сонца навошта? Я толькі адным вокам міргну – і ўсё знікне.

– І я?

– Усё! Пад чысты пясочак!

– У такім выпадку я схаваюся на самым малым і невядомым востраве Турэ. Там надзейна. Мала таго, калі хто і спатыкаўся аб той востраў, уцікаў як ад заразы якой, бо толькі з добрымі памкненнямі людзей ён прывячае.

– Так, са сваімі памкненнямі ты патрапіш толькі на карабель дурняў…

– Во як! Тады тыя, хто застанецца пасля тваіх з сатэлітамі бязлітасных і недарэчных спрбаў знішчыць усё жывое, для павучальнасці астатнім, атрымаюць запрашэнне на спектакль. ­  Паглядзець на сябе збоку, пасмяяцца з уласнай дурасці.  Каб людзі задумаліся над уласнымі недахопамі і заганамі, і пастараліся выправіць іх, каб не стаць пасмешышчам у вачах іншых… Еў або спяваў, пакуль здаволіўся. А дзе ж справядлівасць?

– Эй, ты што там грызмоліш?

– Гэта я так, з сабою размаўляю.

– Эх, Амброзій, ты аднаго мяне слухай і рабі тое, што я скажу. І будзеш пад маёй абаронай заўжды. – Усялякая добрая справа нясе ўзнагароду ў самой сабе.  І памятай: не разаб’еш гаршок, то не з’ясі і кашы.

– Кажы, што я павінен зрабіць?

– Напачатку паспрабуй выклікаць ураган, каб усё навокал вунь за той мяжою знікла, сцерлася, змылася з твару зямлі, – Дэвід тыцнуў пальцам у бок суседзяў. – Каб без святла пасядзелі, падумалі…

– Гэта не зусім проста! Але я здолею.

Злы воўк

Адразу наляцеў магутны і злавесны свіст. З разбуральнай сілай усчаўся злосны буран з залеўным і неўтаймоўным дажджом. У адно імгненне ўсё на сваім шляху павыварочвала, пазалівала, загарэліся пабудовы.

Пачуліся людскія крыкі, стогны.

–Ты мне падыходзіш. – Рыхтуй сваю тэрыторыю да пашырэння маёй абарончай інфраструктуры і аб’ектаў для яе. Так што маімі зоркалётамі і ты пацешыся..

… Як толькі Чараўнікі нацешыліся горам суседзяў, вырашылі пазабаўляцца-пацешыцца на моры-акіяне.

Памчаліся, ды не разам.  Ненажэрлы Дэвід вырашыў абхітрыць сваіх сатэлітаў. На сваім зоркалёце ён панёсся адразу у Егіпет, а потым задумаў – у Перу.

– Не можа быць, што ўсе каштоўнасці знойдзены? – крычаў ненажэрлы Дэвід. – Калі золата Эльдарады не знайду, то залатую маску правадыра племя калумбійскіх індзейцаў абавязкова раздабуду. Чаго б мне ні каштавала. – Я ўжо не кажу пра залатую галаву правадыра Магу ў Сінане. Упэўнены: тое-сёе з грабніцы Тутанхамона раздабуду. Хаця б нагрудныя ўпрыгажэнні.

– Хто ведае, а можа натрапіш на саган жыцця і ... смерці старажытных кельтаў. А можа і залатую курыцу Лонгабардаў спаймаеш, - не спыняўся Амброзій.

– Навошта яна мне.  Я  і без яе магу каго заўгодна ажывіць і без варыва, як раней. А як будзе ў мяне рэдкі залаты запас, сяду недзе на беразе мора-акіяна і буду піць віно з залатога  вясельнага кубка караля франкаў Карла Вялікага.  І тады я буду самым вяльможным Царом над усімі, ха-ха-ха! Вось яны мне ў гэтым дапамогуць, - ён паказаў на боты-скараходы.

– Не кажы скок не пераскачыўшы! - зноў жа быццам і ўпікнуў, але гэта так лізнуў.  – Ты спадзяешся патрапіць у тым жыцці ў этрускі саркафаг? – Глядзі не памыліся, а тое  з расчуленасці і сляпой веры ў сябе, ў сваю зладзейскую, а не ў каранацыйную карэту  ўздумаеш пакласці велікодныя яйкі Фабержэ.

– Мне здаецца, што і твая, Амброзій, няўтольная смага да ўлады і прага да абагачэння за мой кошт можа прывесьці нейкага іншага дэманічнага злодзея і на тваю тэрыторыю.

– Што ты, калі толькі да гібелі. – А вось табе колькі  земляў яшчэ патрэбна?

– Замаўчы, гіена! Падобнае прыцягвае падобнае – закон прыцягнення. –  Каб ты думаў, як кажаш, пра нешта станоўчае, тое пазітыўнае і рабіў бы. Ты ж робіш тое, што і я, і Конал. Але ты ж і ёсць галоўны правакатар.

– Адзін я, і больш нікога побач? Вось цікава! – з ухмылкаю, але стрымана парыраваў на папрок ненажэрлага Дэвіда хцівы Амброзій. – А я вось вазьму і ўсіх вас абвяду вакол пальца.

– Паспрабуй, што з гэтага атрымаецца. Мне ні крытыка, ні знешні ціск розных там грамадскіх шырмаў не страшныя. – Мы з сябрамі – куратары кантынента. Уцяміў?

– Глядзі ты! Своеасаблівы Ноеў каўчэг атрымліваецца. Толькі Бог дазволіў Ною пасадзіць у яго ўсіх нармальных “тварей по паре” для працягу жыцця на Зямлі, а ў Карабель дурняў належала пасадзіць выключна толькі дурняў.

– Сярод іх у першую чаргу ты, Амброзій, будзеш. – Што будзе з вашай тэрыторыяй нам, па вялікім рахунку, усяроўна.

Памятаеш, мой паважаны і цярплівы чытач! Не раз, і не два было, калі Ненажэрламу Дэвіду і яго сатэлітам на чале з Дужым воўкам Коналам станавілася цесна ў прасторы, і яны з сілай  ішлі на іншыя землі. І чым нахабней быў вораг, тым мацнейшым было людское супраціўленне. Калі пыталіся ў іх навошта гэта робяць? Гэта ж гістарычныя землі народаў! Іх гневу не было канца. Асабліва раз’ятрыўся Ненажэрлы Дэвід: “ Я хачу вырвацца за ўсе межы! І нікому не дазволю  станавіцца на маім шляху!”

І ўдарыў сваімі імклівымі кіруемымі маланкамі-перунамі. – Мне цесна тут! Прэч з дарогі!

Злы калдун

– О, няўдзячны сусед! – з горыччу ўсклікнулі суседзі, адумайся. – Гэта ж няйначай як безразважная і ашалела-драпежніцкая лютасць. Няўжо для вас чужы боль не тое, што боль душы сваёй? А то смалянеш па іншай тэрыторыі, а скажаш, што гэта іншы амбіцыйны правакатар. – Няўжо ты забыўся на ўсё карыснае для цябе? Калі б мы не стаялі на тваім шляху, аберагаючы твае ж межы, то што б тады стала з табой?!

– І што ж са мной стала б? – грозна пытаўся Ненажэрлы Дэвід, усё мацней удараючы сваімі маланкамі, у шаленстве плюючыся вогненай слінай. – А навошта языком лішні раз балаболіць! Запомніце: язык чалавеку дадзены для таго, каб утойваць свае думкі, –  зварчаў увагу яшчэ старажытнагрэчаскі філосаф.

– Супакойся. – Гнеў твой засланяе твой розум. Няўжо і ў цябе пустая каробачка? Дарэчы, пра вашыя напаўпустыя мазгавыя каробачкі выказаўся (што вельмі цікава!) – універсітэт у Пенсільваніі. Дык вось, калі падключылі дэтэктары да галавы, каб вымераць актыўнасць вашага, сэр, мозгу, а на індыкатарах – прамая лінія. А гэта азначае тое, што вы, сэр, здольныя не думаць абсалютна ні аб чым. А можа ўсе вы там кібаргі?

– Папрашу далікатней, - зарыкаў Ненажэрлы Дэвід. – Зарана рожкі выраслі. А тое я зараз іх абламаю. Павінны ведаць, што душа чалавека – не кажух, не вывернеш.

Раптам Ненажэрламу Дэвіду надакучыла і тая спрэчка, і яркае Сонца, якое штораз прымушала жмурыцца, і ён імгненна скрыўся за даляглядам.

– Я схапю Сонца за яго рыжыя валасы і схаваю ў зялезны мяшок. І тады вы ўсе ў мяне  танчыць будзеце!

І толькі ён тое сказаў, як побач прамчаўся Дужы воўк.

– Я першым буду! І я авалодаю Сонцам!– разносілася па наваколлі.

– Калі ўдасца спаймаеш! – крыкнуў Конал.– І тады ты даведаешся, хто з нас галоўны.

– Ну і ляці сабе, – казаў пра сябе Ненажэрлы. – На ўсходзе спаймаць Сонца цяжэй: яно адпачыло і назапасіла энэргіі на ўвесь дзень. А вось на захадзе, калі яно стамілася, лягчэй з ім управіцца.

І яны пабіліся аб заклад. Той, хто прайграе павінен аддаць другому ўсе свае ўладанні.

Чараўнік і яго багацці

Далей было так.

Калі Дужы воўк дабраўся да вызначанай кропкі ўзыходу Сонца, стаміўся настолькі, што ледзь узабраўся па драбінах да нары, з якой па яго меркаванню павінна было вылазіць яго мара ўсяго жыцця. Ён ужо і мех прыгатаваў. Але стома пакарыла Чараўніка, і ён прыдрамаў. А калі расплюшчыў вочы, убачыў, што Сонейка ўжо забралася высока на неба.

– І ты яшчэ пасміхаешся! – заравеў Дужы воўк Конал. – Усяроўна цябе спаймаю і абрэжу твае рыжыя пасмы!

Яшчэ колькі спроб было ў зламысніка Конала адняць у людзей жыццё, але ўсё не атрымлівалася. Здавалася калі, што вось яно, толькі хапай, бы той качан капусты.

– Ап! – не паспеў краёчак свяціла паказацца над гарою, як Конал схапіў яго. – Нарэшце я цябе ўтаймаваў!

Але гэта была звычайная мроя, бо Сонейка, як раскаленае да бяла зялеза  апякло зладзею лапы заграбушчыя. І ён скаціўся з гары. Абабіўся ўшчэнт. Бараду сваю рыжую адарваў. Так і ляжаў колькі часу, пакуль нейкія людзі не ўзяліся яго лекаваць.

Тым часам Ненажэрлы Дэвід нёсся па  сібірскіх  прасторах. Вось-вось намерваўся ўхапіць стамлёнае Сонца, але яно павольна нырнула ў вялікую раку. На другі дзень яно скрылася за жытлом аднаго Добрага чалавека – майстра, які ў любы час мог дапамагчы любому вандроўніку ці нават дзікай жывёліне, якая трапіць ў бяду.

Сярод ночы ў сенцы Добрага  чалавека пагрукалі. Калі ён адчыніў засоўку, у хату ўваліўся лахматы і барадаты дзед з мяшком. Вось дык госць на ноч гледзячы! Не дзіва што дзеці гаспадара перапужаліся і ўсчалі плач.

Дом майстра

Успакоіўшы дзятву, Добры чалавек распытаў начнога госця хто ён такі і куды яго шлях.

– Я самы вяльможны ў свеце! Кліч мяне Дэвідам. Вялікім Дэвідам! І я хачу паланіць Сонца. Вось ужо колькі часу ганяюся за ім, каб спаймаць яго ў мяшок. Здаецца, што сёння яно схавалася дзесьці побач за тваёй халупай.

– Ты віддаць з глузду з’ехаў! – Ці ж можна спаймаць Сонца?

– Закрый сваю зяпу! – гаркнуў Чараўнік. – Я яго спаймаю, выйграю спрэчку з Дужым воўкам, а ты як сядзеў са сваімі байструкамі, так і будзеш сядзець ў цемені.

Добры чалавек намерваўся гнаць начнога госця ў каршэнь, але калі ўбачыў, што той развярнуў адрыну, шукаючы зайшоўшае на спачын Сонца, сцішыўся, хаця выгляду не зрабіў.

– Вось ты – куратар цэлага кантынента. Скажы, чаму ж не надта апекаваўся пытннямі разумнага добрасуседства, трапіўшы пад сур’ёзную арбіту ўплыву іншых?

– Так трэба! Меней цікаўся – даўжэй пражывеш. – Лепей есці падай.

– Зараз. Толькі адрыну пастаў на месца. – Балабонь, балабонь. Да пары ўсё тваё выбрыкі…

Ён лёгка паставіў адрыну на месца і ўсеўся за стол, разганяючы малечу.

Вам калі-небудзь даводзілася запрашаць у госці Чараўніка? Ніколі гэтага не рабіце!

Спачатку Ненажэрлы Дэвід праглынуў усё, што было наварана-напарана для сям’і Добрага чалавека, затым яго трыбрухі напаўняліся ўсім, дзе гатаваліся стравы – міскі, лыжкі, саганкі і ўвесь гаспадарскі рыштунак, што быў у той жа адрыне.

– Вось цяпер крыху перакусіў. Пара адпачываць. – А ты паглядзі мае боты-скараходы, каблук аднаго ледзь целепаецца. Падбіць патрэбна. Ды глядзі мне, акуратна зрабі!

Калі той захрапеў, Добры чалавек узяў яго боты-скараходы і вось што прыдумаў. “А вазьму ды замяню яго падношаны чароўны каблук на звычайны зялезны. А чароўны пастаўлю на сваю павозку, а тое кляча задубела лютай зімою, а дровы на сваім гарбе цягаць нялёгка“. Так і зрабіў. Нават выпрабаваў сваё вынаходніцтва. Вынік аказаўся лепшым, чым яму уяўлялася.

Калі Чараўнік прачнуўся яго чакаў сюрпрыз. Гаспадар сказаў яму, што на гару за яго хатаю толькі што палез яго супернік Дужы воўк. Палез туды, куды ўчора Сонца садзілася

Прыставіў яму самыя высокія драбіны і падаў мяшок. А каб лягчэй зламысніку было ўзлазіць, дакладней – каб хутчэй знік з яго вачэй, пераканаў уссунуць чаравікі альпініста.

– Вось цяпер хуценька ўзбірайся і кідайся прама на гняздо, у якое штовечар Сонца хаваецца. І ты выйдзеш пераможцам . І самым уладным у свеце.

Ненажэрлы Дэвід так і зрабіў. Адначасова з яго нырком вечка тае горнае прорвы зачынілася,  як і зніклі драбіны. Як і знік людскі страх.

А залатыя ўпрыгожванні, як і ўсе тыя каштоўныя скарбы нетраў і рэліквіі, якія з брэхам рваліся захапіць злыя Чараўнікі, належаць сваім краінам і сваім народам, як творы гістарычнага мастацтва.

Вось я і пытаюся ў вас, паважаныя чытачы: ці была галава ў яго? Ці толькі пустая каробачка вісела на яго касцістай згорбленай фігуры, як і ў тых падбухторшчыкаў з усіх нор павылазіўшых?

– Нарэшце збавіліся! – з палёгкай прамовіў Добры чалавек. – Цяпер людзі будуць вольнымі ў сваіх планах і дзеяннях. А тым ненажэрлым і злым сабакам і іх падбухторшчыкам вомегам вылезуць іх імперскія амбіцыі, і людское гора. Нам удалася  імгненнем адным супыніць сумежныя ілюзіі.

Добрыя думкі, як крылы за спінай.

І раптам з-за маладой кудзеркавай хмаркі выкацілася Сонца – сімвал стварэння і боскай мілосці.

Сонца і світанак

– Вітаю вас, мірныя людзі! Больш ніколі я вас не пакіну, – абяцала Сонейка. – Цяпер пераканаліся адкуль ліха на свеце? – запыталася Сонца, паказаўшы сваім самым яркім промнем на захад.

Галоўнае – не паддавацца ўсеагульнай дурноце.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама