20.07.2021
20.07.2021

Цудадзейныя лекі (казка)+аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 67
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Жылі-былі вельмі хваравітыя брацік і сястрычка – Стах і Міхалінка. Чаго толькі бацькі ні рабілі дзеля здароўя сваіх дзетак: і на цёплае мора вазілі, і вітамінамі кармілі, і загартоўвалі – нічога ім не дапамагала. Варта было ветрыку дыхнуць на дзетак – і пачыналі яны кашляць, тэмпературыць... З ног збіліся мама і тата, шукаючы ратунку ад хваробаў, але ўсе іх старанні былі марнымі. А трэба дадаць, што дзеткі былі не дружныя. Не паб’юцца, дык пасварацца. Не пасварацца, дык паб’юцца. Пра такіх кажуць: жывуць як кот з сабакам.

Добрыя словы. Як брат з сястрой сварыліся.

Гэта вельмі засмучала бацькоў, і яны не аднойчы казалі дзецям: «Такія вы кволыя, а сілы свае не беражаце, усе на сваркі пускаеце. Глядзіце, даскачацеся, забярэ вас да сябе на службу баба Сварабабка».

Звязацца са Сварабабкай – жыццё загубіць. На тухлым балоце жыць, пад пнём начаваць, жаб і вужоў на абед спажываць. А да людзей выходзіць толькі дзеля таго, каб нешта дрэннае абцяпаць.

Але дзеці не слухалі таго, што ім кажуць бацькі, і заўзята крыўдзілі адзін другога.

І вось аднойчы, калі яны ў каторы раз пабіліся нізашто, акно з грукатам расчынілася і ў пакой увалілася брыдкая істота з кудлатымі валасамі, адвіслай губой, пранырлівымі злоснымі вачыма і вялізнымі кулакамі. Вопратка на ёй была падранай, а за плячыма матлялася торба.

Дзеці зашыліся ў куток і спалохана ўзіраліся ў страшную госцю. Яна ж па-гаспадарску развалілася ў крэсле.

– Папаліся, забіякі, нявыхаваныя абзывакі! – хрыпата прамовіла яна пасля нядоўгага маўчання і вышчарылася. – Вы такія благія брацік і сястрычка, што сярод мноства неслухаў – самыя мае любімыя ўнукі!

Добрыя словы. Чаму іх баіцца Сварабабка.

У Стаха і Міхалінкі, якія ніколі за словам у кішэню не лезлі, мову адняло. Здагадаліся яны, што перад імі сама Сварабабка.

А яна дастала з кішэні зашмальцаваны нататнік, пагартала яго і пачала пералічваць:

– На вашым рахунку якраз столькі, колькі патрэбна для службы ў мяне, сінякоў ад боек, больш за норму пралітых слёз і пад завязку скаргаў адзін на другога...

– Мы і не думалі вам служыць, – паспрабаваў запярэчыць Стах.

– Мы сварыліся жартам! – падтрымала Стаха Міхалінка.

– «Не думалі»! «Жартам»! – перадражніла іх Сварабабка. – Сваё здароўе вы даўно ўжо пускаеце на маё ўтрыманне. Цяпер засталося толькі афіцыйна залічыць вас у сваю світу.

Стах з Міхалінкай заплакалі: шчырасць Сварабабкі падалася ім жахлівай.

Добрыя словы. Чаму іх так цяжка гаварыць.

Яна ж, не зважаючы на дзіцячыя слёзы, працягвала:

– Будзеце цяпер за мной хадзіць, плёткі разносіць, падманваць, нос не ў свае справы торкаць – адным словам, дапамагаць людзей сварыць.

Пасля Сварабабка зняла з плячэй торбу і паставіла яе на падлогу.

– Засталося адну фармальнасць зладзіць. У гэтай торбе сабраныя ўсе вашы добрыя словы. Нямнога, але давялося пабегаць, на іх палюючы.

Пасля яна па-змоўніцку падміргнула дзецям і засыкала:

– Зараз я выпушчу з торбы слоўцы, а вы іх... знішчыце!

Угледзеўшы жах на дзіцячых тварах, запэўніла:

– Гэта зусім проста! Трэба толькі на кожнае добрае слова сказаць адну з мянушак і абзыванак, якімі вы карыстаецеся штодзень.

Добрыя словы. Сварабабка стараецца іх знішчыць.

І Сварабабка пачала абяцаць дзецям розныя выгоды:

– Пяройдзеце ў маё вечнае падпарадкаванне – цукеркамі абсыплю, дазволю ад світанку да позняй ночы ад тэлевізара не адыходзіцца, а ля камп’ютара – начаваць!

Сварабабка нездарма не скупілася на абяцанкі. Не мела яна ўлады над добрымі словамі і сама іх знішчыць не магла. А калі хоць адно добрае слоўца ў чалавека за душой ёсць, не зусім ён прапашчы.

Таму хоць і казырылася Сварабабка, але пабойвалася, што Стах з Міхалінкай яе не паслухаюцца. Ці, яшчэ горш, прабачэння адзін у другога папросяць – тады і канец яе панаванню можа стацца!.. Але гэтая кабета зубы з’ела на мярзотных учынках. І таму нічым сваіх апасенняў не выдала. Яна тупнула нагой на сплаканых дзяцей:

– Досыць румзаць! Толькі падумайце: зусім хутка вы прафесійна зоймецеся тым, за што вас штодня ўшчуваюць бацькі. І яшчэ плату атрымаеце!

Добрыя словы. Калі дзеці сварацца.

І Сварабабка развязала мех.

З яго, распраўляючы белыя крылцы і апраўляючы лёгкія сукенкі, пачалі вылятаць істоты, падобныя да малюсенькіх анёлачкаў. Яны весела віталіся і лагодна перамаўляліся паміж сабой.

Сварабабка гідліва скрывілася і крыкнула дзецям:

– Я падганю да вас гэтых лагодненькіх, а вы абзывайце іх, не саромцеся!

І яна замахнулася на анёлачкаў бізуном.

Дзеці загаласілі наўзрыд, але гэта ўжо былі не слёзы злосці альбо крыўды. Слёзы пакаяння цяклі з іх вачэй. Мала было ў іх добрых слоўцаў, але і яны напомнілі дзецям пра светлыя хвіліны сяброўства... Як яны разам кніжкі чыталі. Як падарункі на святы майстравалі. Як дапамагалі маме пірагі пячы...

А добрыя слоўцы, якіх падганяла бізуном Сварабабка, шапталі: «Дзякуй! Зрабі ласку! Пагуляем разам...»

Добрыя словы. У выглядзе анёлкаў.

– Хутчэй кажыце што-небудзь благое! Ці я ператвару вас у друз! – засыкала на Стаха і Міхалінку Сварабабка.

Але дзеці кінуліся насустрач адзін другому.

– Міхалінка, родненькая, даруй! Ніколі больш я цябе не пакрыўджу! – крыкнуў Стах.

– І ты мне даруй, брацік!

Варта было дзецям вымавіць чароўныя словы, як Сварабабку нібы вадой размыла. А вакол віліся, радасна смеючыся, добрыя слоўцы. Іх пабольшала, як толькі дзеці папрасілі адзін у другога прабачэння. Анёлачкамі кружылі яны ў паветры і паўтаралі:

– Не сварыцеся! Беражыце адзін другога! Тады нас стане многа-многа і Сварабабка не адважыцца прыйсці да вас!

Добрыя слоўцы, махаючы на расстанне, рабіліся нябачнымі. Але іх лагодныя галасы доўга чуліся дзецям.

– Якія яны прыгожыя! – першай сказала Міхалінка. – Я так хачу быць падобнай да іх!

Дзеці радасна засмяяліся, узяліся за рукі і разам пабеглі гуляць на двор...

Добрыя словы. Як брат і сястра пасябравалі.

З той пары за вярсту абыходзіць браціка і сястрычку Сварабабка – няма чым ёй каля іх пажывіцца, не трацяць яны на яе больш сваіх сіл. Перасталі дзеткі хварэць. Павесялелі іх мама і тата. І калі знаёмыя пытаюцца рэцэпт цудадзейных лекаў, Стах і Міхалінка шчыра адказваюць:

– Ніякіх цудаў! Проста мы навучыліся сябраваць!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 67

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама