15.11.2022
15.11.2022

Як гара чалавека ратавала (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

З адным добрым чалавекам здарылася бяда — ён цяжка захварэў. Апошнім часам няшчасці наогул былі яго нязменнымі спадарожнікамі. Усяго за паўгода страціў ён сваіх маці і брата.

Пасля цяжка захварэла далёкая старэнькая сваячка чалавека. Яна жыла ў іншым горадзе. Даглядаць яе не было каму, і гэты клопат узяў на сябе добры чалавек. Ён часта стаў наведвацца да сваячкі, і жыццё яго стала падобным да жыцця цягніка: увесь час у руху, увесь час у дарозе.

Яго сэрца, пра якое ён да гэтай пары нават не ўзгадваў, запрасіла перадыху — забалела так, што чалавек злёг лежма. Урачы забаранялі яму ўставаць з бальнічнага ложка, і гэта было проста пакутай.

Як гара чалавека ратавала 2

У той год доўга не надыходзіла зіма. Пару дзён заставалася да Калядаў, а снег усё не выпадаў. Цямнела рана, як і заўсёды ўзімку. Але ад таго, што зямля стаяла шэрая, голая, вечары здаваліся асабліва цёмнымі і доўгімі.

Чалавек ляжаў на бальнічным ложку недалёка ад акна і глядзеў на вуліцу.

«Няўжо не выпадзе снег да Калядаў? — думаў чалавек.— Як там, цікава, маецца знаёмая мая гара? Холадна, мусіць, стаяць ёй узімку, не прыкрытай снегам?»

Гара гэтая высілася за горадам, і чалавека з ёй звязвала даўняе сяброўства. Штогод па першым снезе чалавек, стаўшы на лыжы, выпраўляўся на сустрэчу з ёй. І пакуль ляжаў снег, кожны тыдзень абавязкова адведваў гару. Ідзе на лыжах — усе думы свае перадумае. Сумныя і цяжкія па ветры развее, радасныя і вясёлыя на самую вяршыню ўздыме і — шух уніз на лыжах! А добрыя думы — як крылы за спінай. Не каціцца чалавек, а проста ляціць з гары... Накатаецца, чыстага паветра на поўныя грудзі надыхаецца — і дадому. І столькі сіл у яго пасля сустрэч з гарой, столькі добрага настрою, што пакрысе стаў чалавек гару лічыць сваім сябрам.

Пад’едзе на лыжах — абавязкова прывітаецца. Вяртаецца дамоў — памахае, падзякуе за добрую кампанію.

Як гара чалавека ратавала 3

Канешне, шмат хто праз гэта лічыў чалавека дзіваком і кпіў з яго. Але ён не зважаў на гэта. У яго былі ўласныя меркаванні, уласнае разуменне таго, што добра і што дрэнна.

І цяпер, прыкуты да бальнічнага ложка, добры чалавек пашкадаваў гару — свайго даўняга сябра. Так ужо ён быў зладжаны — самому дрэнна, а ён усё роўна пашкадуе таго, каму цяжка.

І як у адказ на яго маўклівы клопат уначы выпаў пульхны белы снег. Ён шмат руху нарабіў усяму гораду — за сумётамі было ні праехаць, ні прайсці. Снегаўборачныя машыны шчыравалі разам з дворнікамі. Былі тэрмінова сфарміраваны брыгады па барацьбе з нечаканым снегападам. Яны перакідвалі снег справа-налева, злева-направа. А снег ішоў і ішоў, марнуючы ўсе іх старанні.

Чалавек жа на бальнічным ложку відавочна павесялеў. Такі запознены першы снег нібы надаў яму сілы. І, агледзеўшы яго, урач у той дзень упершыню дазволіў чалавеку ўстаць і падысці да акна.

Ніколі ў жыцці яшчэ не хадзілася чалавеку так цяжка. Але і такую радасць ад адужанага шляху ён зведаў упершыню. Падышоўшы да акна, ён адчыніў фортку і на поўныя грудзі ўдыхнуў марознага паветра.

— Вось і гара недзе ў футра ўбралася,— задумліва прамовіў ён.— Ох і прыгожая цяпер яна, мусіць! Вось бы мне да яе дабрацца, ды з’ехаць хоць раз — я адразу б паправіўся.

Чалавек у вакна

Пасля чалавек узяў скарыначку хлеба і пакрышыў праз фортку на падваконне, бо падумаў, што ўзімку птушкам цяжка знайсці сабе корму.

Адразу ж на падваконне пырхнуў шэры верабейка. Ён падзюбаў крошкі і паслухаў, што казаў чалавек.

Мінула яшчэ некалькі дзён. Чалавек мог адолець толькі шлях ад ложка да акна і ад акна да ложка. І ён настойліва рухаўся па гэтым шляху. І штодня адчыняў фортку, крышыў рэшткі хлеба птушкам і марыў дабрацца да гары.

Штодня дзюбаў крошкі шэры верабейка, штодня ён чуў, пра што марыць чалавек. І аднойчы вырашыў: «Трэба мне злётаць да гары ды наказаць ёй, што яе так згадвае чалавек. Яна старая, мудрая, можа, што прыдумае і ўдасца аддзячыць добраму чалавеку. З яго ласкі я не пекаюся гэтыя дні, не галадаю». І верабейка хутка-хутка замахаў крылцамі, кіруючы за горад.

Снегапад нарэшце аціх, усталявалася ціхае яснае надвор’е. Сонечныя промні рассыпалі на снезе дыяменты, яны зіхацелі і пераліваліся, ператварыўшы наваколле ў чароўную казку. Гара, узвышаючыся над гэтым хараством, сляпіла вочы сваёй некранутай беллю і ззяла, як само сонца.

У верабейкі ад гэтага зіхацення ажно вочы забалелі. Але ён падляцеў блізенька-блізенька да гары і штосілы чырыкнуў:

— Шаноўная гара! Я прынёс вам прывітанне ад вашага сябра!

— Што, што ты кажаш? — перапытала гара, якой снегам заклала вушы. Яна напружылася, здрыганулася, і адно вуха вызваліла-такі ад завалу.— Ляці бліжэй і паўтары, што сказаў!

— Я кажу, ваш сябра, добры чалавек, трапіў у бяду!

Як ні дзіўна, гара адразу зразумела, пра якога чалавека гаворка. А магчыма, і дзіўнага нічога ў гэтым не было. Людзей, якія прыходзілі пакатацца, было нямала. Але сярод іх быў толькі адзін удзячны госць, які не забываў і прывітацца і на расстанне рукой махнуць.

Верабей і гара

Доўгімі вечарамі, пакуль не выпадаў снег, гара часта ўспамінала яго. Ад мінулай зімы яна паспела засумаваць па добрым чалавеку, чакала яго ў госці. А зіма не прыносіла снегу, і гара баялася, што як ён не выпадзе, то і чалавек тут не з’явіцца.

Але і снег выпаў, а чалавека ўсё не было. І гара зусім расхвалявалася, адчуваючы нядобрае. Яна стаяла, укрытая цёплым снегавым футрам, і бесперастанку думала пра свайго сябра. Таму шэраму верабейку і не давялося доўга тлумачыць, пра каго гаворка.

— У якую бяду? — залямантавала гара.— У яго зламаліся лыжы? Яго хату заваліла снегам? Ён забыўся дарогу сюды? Гора, гора мне!

— У яго моцна баліць сэрца,— ціўкнуў верабейка.

— Сэрца? Дык, можа, гэта не так цяжка, як зламаныя лыжы? — узрадавалася гара.

Верабейка недаўменна глянуў на яе. Такая вялікая, а гаворыць такія глупствы! Але ён быў разумнай птушачкай і сцяміў, што гара не ўяўляе наогул, што такое хвароба. Катацца з яе людзі не прыходзяць, калі хварэюць. Гара бачыць толькі здаровых людзей. Не тое што ён, маленькі шэры верабейка, які штодзень сярод людзей таўчэцца і ўсё-ўсё пра іх ведае.

Таму верабейка не стаў кпіць з гары. Ён нават усмешку стрымаў. І правільна зрабіў, бо гара вельмі дрэнна пачувалася, калі даводзілася трапляць у няёмкія сітуацыі.

— Шаноўная гара,— стаў церпяліва тлумачыць верабейка,—хворае сэрца — гэта намнога страшней, чым зламаныя лыжы. Лыжы можна купіць новыя або адрамантаваць зламаныя. А сэрца...

— Што, у крамах іх няма? — разгубілася гара.— І ў рамонт не бяруць?

— У крамах няма дакладна. А рамонт называецца лячэннем. Ваш знаёмы якраз цяпер і лечыцца. Ён ляжыць у бальніцы, і дактары сочаць за яго здароўем.

Гара вельмі-вельмі засмуцілася. З усяго вынікала, што яна не скора пабачыць свайго сябра.

Як гара чалавека ратавала

Але хоць і не ведала гара, што такое хворае сэрца, яна паспела адчуць, як гэта сумна — страціць сябра. Таму яна запыталася ў птушачкі:

— Дарагі верабейка, а што ж нам рабіць? Я зусім не разбіраюся ў хваробах і не ўяўляю, як падступіцца да гэтай бяды...

— Доктар вельмі спадзяецца на нейкія дарагія лекі,— сказаў верабейка.— А вось чалавек вельмі хацеў бы дабрацца да вас, шаноўная гара. Ён так і кажа: «Каб мне да яе дабрацца, я быў бы здаровы!» Толькі гэта немагчыма. Яму дазволена рабіць усяго некалькі крокаў ад ложка да вакна і назад. Але нават іх ён адольвае з цяжкасцю...

Ах, як расчулілася гара! Яна нават заплакала, і яе слёзы на марозе адразу ператварыліся ў ледзяшы. Пасля слёз гара так замкнулася ў сабе, што даціўкацца-дачырыкацца да яе верабейка больш не змог.

Ён раззлаваўся на марнасць сваіх старанняў і паляцеў назад, у горад, да бальнічнага вакна, на якім спадзяваўся знайсці хлебных крошак.

Гара ж стаяла ў здранцвенні некалькі гадзін запар. Яна думала пра тое, як памагчы сябру. У яе галаве пульсавалі сказаныя верабейкам словы пра надзеі чалавека на яе.

Яна думала ўвесь дзень, і ўвесь вечар, і палову ночы. У рэшце рэшт вырашыла, што іншага выйсця, як пайсці адведаць чалавека, у яе няма.

Вось гэта было рашэнне дык рашэнне! Дарма злаваў на гару шэры верабейка! Горы — і гэта ўсім вядома — не ходзяць туды-сюды, стаяць там, дзе паставілі іх спрадвеку.

Верабей і гара 3

Але выпадак з гэтай гарой быў выключным. Недзе, прыкаваны хваробай да бальнічнага ложка, на яе спадзяваўся хворы таварыш. Сам ён не мог прыйсці да гары. Гэта значыць, трэба было як хочаш дабірацца ў горад.

Таму гара напружылася, натужылася і — зрушылася з месца. Яна ўзяла дзве вялізныя елкі сабе за падпоркі і паціху пакрочыла.

Хутка яна выйшла на шырокую шашу. Была цёмная ноч, і на дарозе не было машын. Таму гара магла ісці бесперашкодна і на досвітку дайшла да горада.

Ох, як напалохала яна паставога! Хто заўгодна спалохаўся б, убачыўшы жывую гару, якая рухаецца па дарозе... Вось і паставы разгубіўся. Але ўзяў сябе ў рукі, аддаў гары чэсць і строга спытаў:

— Хто вы, адкуль і куды трымаеце шлях?

— Ведаеце,— заклапочана пачухала елкай за вухам гара,—я толькі на два вашыя пытанні магу даць дакладны адказ. Я —гара. Яшчэ некалькі гадзін назад я стаяла вунь там, перад лесам і вы маглі бачыць мяне са свайго паста. Але цяпер я іду сама і не ведаю куды. Мне трэба ў горад. Недзе ў бальніцы мой хворы сябра. Ён марыць скаціцца з мяне на лыжах, думае, што пасля гэтага пойдзе на папраўку. Але я не ведаю, дзе бальніца. І гляджу, што ў горадзе цеснавата. Вы не маглі б мне дапамагчы?

Ложак хворага чалавека

Паставы, выслухаўшы гару, разгубіўся яшчэ больш. Ён ніколі не бачыў гор, якія ходзяць ды яшчэ так складна гавораць. Але ён цаніў адданых сяброў і таму вырашыў паспрабаваць памагчы гары.

— Пачакайце хвілінку, мне трэба параіцца,— сказаў паставы. Пасля гэтага ён патэлефанаваў мэру горада і расказаў усё, як ёсць.

Прыйшла чарга здзівіцца мэру. Ён захацеў сам глянуць на гару, якая навучылася хадзіць дзеля свайго хворага сябра, і ён паабяцаў быць неадкладна.

Гара стаяла і разгублена міргала вачыма, аглядаючы важны картэж машын, якія суправаджалі мэра.

Гаспадар горада па-дзіцячы захоплена пляснуў у ладкі:

— Я перакананы, што такога не было нідзе! Мы трапім у гісторыю! Сфатаграфуйце гару, забяспечце ёй суправаджэнне, і выдрукайце навіну ў газетах!

Вось так дзеля гары ў горадзе перакрылі рух. Паліцэйскія машыны прыстроіліся спераду і ззаду гары і павялі яе шырокім праспектам, мігаючы маячкамі і сігналячы сірэнамі. Так была арганізавана бяспека гараджан, бо сама ж гара была ў горадзе ўпершыню і не ведала, што на чырвонае святло трэба стаяць, на зялёнае — рухацца.

Гару прывялі да бальніцы і сказалі, што яна можа спыніцца перад скверам у двары.

Гара ў двары

Верабейка, які збіраў на падваконні крошкі, убачыў гару і ад радасці ўляцеў у бальнічную палату праз адчыненую фортку. Ён падлятаў то да ложка, на якім ляжаў добры чалавек, то да акна, то да ложка, то да акна...

— Ну, што, небарака,— паспачуваў чалавек,— трапіў у няволю, а як выбрацца, не ведаеш. Чакай, зараз дапамагу!

Чалавек паціху ўстаў і пайшоў да акна, каб адчыніць яго насцеж і даць верабейку шырэйшую дарогу. Хадзіў чалавек крыху больш упэўнена, чым напярэдадні, але выгляд меў усё такі ж хваравіты.

Ён падышоў да акна — і застыў ад здзіўлення, бо ўбачыў на пляцоўцы перад бальнічным скверам сваю любімую гару. Яна стаяла і размахвала вялізнымі елкамі, як быццам гэта былі звычайныя лыжныя кійкі.

— Прывітанне, дружа! — закрычала гара.— Я прыйшла цябе палячыць!

Гара крычала так гучна, што да вокнаў падбеглі ўсе хворыя і ўсе дактары.

Быў сярод іх і ўрач, які лячыў добрага чалавека. Ён пабег у палату і ўбачыў свайго пацыента, якому ўвачавідкі палепшала, бо ён ужо апранаў цёплы швэдар і чаравікі, каб бегчы на вуліцу.

— Вы рызыкуеце, дарагі мой,— пачаў стрымліваць доктар чалавека.— Вы толькі што ляжалі ледзь жывы, а ўжо гатовы бегчы на гару, якая невядома адкуль і з якімі намерамі з’явілася тут!

— Супакойцеся, доктар,— шчасліва ўсміхнуўся чалавек,—намеры ў гэтай гары самыя добрыя. Вы ж самі сказалі — я хвіліну назад быў ледзь жывы. Адным сваім выглядам мая любімая гара вярнула мне сілы. А ўжо калі я з яе пару разоў з’еду — буду здаровы, як калісьці!

І чалавек подбегам кінуўся на двор. Лыжаў у яго не было. Але гара, чакаючы сябра, здагадалася з яловых лапак змайстраваць санкі. Як толькі чалавек наблізіўся, яна падала яму елку і, як на пад’ёмніку, падняла яго на сваю вяршыню. І гэта было правільна — нельга хваравітаму сэрцу даваць вялікія нагрузкі.

Затое ўніз на санках чалавек скаціўся сам.

А потым яшчэ раз.

І яшчэ...

Пасля трэцяга спуску твар чалавека заружавеў, вочы заіскрыліся, усмешка заіграла на вуснах.

— Даўно мне не было так добра! — цешыўся ён.

 

Доктар, які лячыў чалавека, выбег на двор з танометрам і слухаўкамі і настаяў на тым, што трэба змерыць ціск і паслухаць сэрца.

— Ну, няхай сабе будзе па-вашаму! — згадзіўся чалавек і даў сябе агледзець.

Як гара чалавека ратавал 4

Доктар змерыў ціск, паслухаў сэрца — і не мог даць веры. Пацыента можна было хоць у космас адпраўляць! Доктар склікаў цэлы кансіліум — многа дактароў, сярод якіх былі і прафесары. І ўсе яны недаўменна круцілі галовамі. Адны казалі: «Такога не можа быць!» Другія: «Гэта дзіва!»

Чалавек жа толькі радасна смяяўся. А над ім віўся шэры верабейка і весела чырыкаў.

— Дарагі доктар,— сказаў чалавек,— дзякуй вам за вашы турботы і ўвагу. Але я павінен праводзіць назад, за горад, маю дарагую сяброўку — гару. Я недарма так верыў, што яна дапаможа мне. Вы бачыце — я здаровы!

З гэтым мусіў згадзіцца ўвесь салідны кансіліум. А галоўны ўрач бальніцы параіўся з калегамі і пайшоў да гары на перамову.

— Паважаная спадарыня гара! — сказаў ён.— Вы маеце незвычайную сілу. Тое, што вы зрабілі з нашым пацыентам —рэч неверагодная. Просім вас застацца! Мы будзем прапісваць сваім пацыентам катанне з вас як сродак ад недамаганняў пасля хвароб.

Гара стаяла, залітая пунсовым светам закату. А магчыма, яна паружавела ад задавальнення атрымаць такую прапанову. Але яна была сапраўды мудрай і таму годна адказала:

— Вялікая пашана – вашая прапанова, пан доктар. Але людзям куды карысней выбірацца да мяне за горад. Там і паветра чысцейшае, і прастору больш. І вы прыязджайце. Хоць з лыжамі, хоць з санкамі. А яшчэ, ведаеце, добра вялікі мех з цыраты сенам набіць і на ім з гары катацца — мякка, не трасе... Прыязджайце з калегамі і дзяцей прывозьце — месца для ўсіх хопіць. А цяпер — прабачце, мушу выпраўляцца дамоў, у роднае поле. Надумаеце наведацца — паставыя на выездзе з горада дарогу да мяне падкажуць.

І, махнуўшы на расстанне яловымі лапкамі, гара развярнулася і пайшла. Паліцэйскія машыны ўключылі сірэны і мігалкі, у горадзе зноў перакрылі рух.

Чуткі пра тое, як яна вылечыла свайго даўняга сябра, разляцеліся па гораду імгненна, і гараджане прыветна махалі хусцінкамі ўслед гары, калі яна праходзіла паўз іх дамы.

Гара ўсім усміхалася ў адказ і ўсіх запрашала да сябе ў госці.

Добрага чалавека да самага выезду з горада гара везла на плячах. Яна пасадзіла яго ля вуха і слухала расказы пра тое, колькі няшчасцяў давялося яму перажыць апошнім часам.

— Не дзіва, што сэрца тваё не вытрывала,— сказала гара.—Але давай дамовімся так — досыць ужо пра сумнае. Ты ўжо адхварэў за яго. Трэба жыць далей. А каб цяжкія думкі менш у галаву лезлі — як і раней, станавіся на лыжы і прыходзь да мяне! І сваячку сваю хворую прывозь — паставім на ногі!

На выездзе з горада гара ссадзіла чалавека на зямлю. Быў позні вечар, і яму трэба было вяртацца дамоў. А гары — на сваё спрадвечнае месца. Ёй не вельмі хацелася, каб у суседнім лесе і ў родным полі пра яе думалі як пра асобу легкадумную.

Паставыя аддалі чэсць гары, а пасля разам з добрым чалавекам доўга махалі услед, назіраючы, як яна тупае па шашы.

З горада ў поле гара дабралася хутчэй, чым з поля ў горад. І не дзіўна — дамоў дарога заўсёды карацейшая, чым з дому.

Добры чалавек таксама пайшоў да сябе. Не адкладваючы на заўтра, ён змайстраваў кармушку і павесіў яе за акном. Цяпер шэры верабейка разам з іншымі птушкамі мог сталавацца тут. І як толькі чалавек становіцца на лыжы, верабейка ляціць за ім — адведаць гару, з якой пасябраваў, і чырыкае пра ўсё на свеце.

Вараб'і і сінічкі

А гара цяпер жыве весялей, чым калі. Пасля таго як яна вылечыла свайго сябра, гасцей у яе пабольшала. Усе ружовашчокія, вясёлыя, спрытныя. Хто на лыжах, хто на санках, хто на мяшках з сенам...

На гэту вясёлую гару, якая дорыць здароўе, нікому дарога не заказаная. Даберацеся да выезду з горада, праедзьце крышку ўперад, пасля направа — і ўбачыце гару, а на ёй — дзяцей і дарослых.

Спяшайцеся да іх у кампанію — снег на дварэ толькі да цёплай вясны ляжаць будзе.

https://bel.24health.by/samy-lepshy-gryb-kazka/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця