10.06.2020
10.06.2020

Як не падхапіць кішэчную інфекцыю. Важныя правілы

logo
Трывожны сімптом
310 014
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
З надыходам гарачага надвор’я павялічваецца і рызыка заражэння кішэчнымі інфекцыямі. Асабліва, калі не выконваць правілы прафілактыкі. У большасці выпадкаў развіцця кішэчных інфекцый вінаватыя мы самі: не выконваем правілы захоўвання прадуктаў харчавання, напрыклад, не ставім ежу своечасова ў халадзільнік, не закрываем малочныя прадукты, тым самым ператвараючы іх у пажыўнае асяроддзе для развіцця бактэрый. Садавіна і гародніна часцей проста апалоскваюцца, не кажучы пра тое, каб як след прамыць.
Кішэчныя інфекцыі. Як не падхапіць.

Пра меры прафілактыкі кішэчных інфекцый нагадалі загадчыца аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч і загадчыца аддзялення гігіены харчавання РЦГЭіГЗ Ірына Далакішвілі.

Як адзначыла Ала Дашкевіч, у Беларусі ў апошнія гады эпідэміялагічная сітуацыя па вострых кішэчных інфекцыях застаецца стабільнай. У асноўным, рэгіструюцца адзінкавыя выпадкі, і дамінуючую пазіцыю ў структуры захворвання займаюць вірусныя кішэчныя інфекцыі, што абумоўлена лёгкасцю перадачы і невялікай інфікуючай дозай, неабходнай для заражэння. Нагадаем, што ўзбуджальнікамі кішэчных інфекцый могуць быць бактэрыі, вірусы і прасцейшыя.

Яшчэ раз аб правілах прафілактыкі кішэчных інфекцый

Мыць рукі. Гэтыя элементарныя дзеянні дазваляюць папярэдзіць развіццё значнай колькасці інфекцыйных захворванняў. Таму мыць рукі неабходна пасля вяртання дадому з вуліцы, перад ежай, пасля наведвання прыбіральні, пасля кантакту з жывёламі. Калі такой магчымасці няма, выкарыстоўваем антысептычныя сродкі, адзначыла Ала Дашкевіч.

Кішэчныя інфекцыі. Часта мыць рукі.

Наступнае правіла прафілактыкі кішэчных інфекцый – прадукты варта набываць толькі ў вызначаных для гэтага месцах, выключыўшы несанкцыянаваны і вулічны гандаль, стыхійныя рынкі. Звяртайце ўвагу на тэрмін прыдатнасці тавару.

Больш за 80% выпадкаў кішэчных інфекцый звязаныя з няправільным захоўваннем альбо гатаваннем страў у хатніх умовах.

Ала Дашкевіч, загадчыца аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя:

– Варта звяртаць увагу на тэрміны прыдатнасці, умовы захоўвання харчовых прадуктаў. Значэнне мае і час, які страва знаходзілася без належных умоў захоўвання, перш чым патрапіць на стол. Сырую прадукцыю нельга захоўваць побач з гатовай.

У сваю чаргу Ірына Далакішвілі адзначыла, што падчас выкарыстання хатніх нарыхтовак варта звяртаць увагу на наяўнасць пузыркоў у слоіку, спецыфічнага паху або ўздуцця накрыўкі. Гэтыя прыкметы паказваюць, што ўжываць такі прадукт не варта.

Усё, што прыносіцца з крамы дадому, перад тым, як пакласці ў халадзільнік або іншае месца для захоўвання, павінна быць вымытае пад праточнай вадой. Такая мера дазваляе пазбавіцца ад мікраарганізмаў, якія могуць выклікаць кішэчныя інфекцыі. Гэта тычыцца як гародніны і садавіны, так і прадуктаў ва ўпакоўцы, зазначыла Ала Дашкевіч.

Кішэчныя інфекцыі. Мыем прадукты ва ўпакоўцы.

Пры выбары гародніны і садавіны перавагу трэба аддаваць свежым і без прыкметаў псавання. А пры гатаванні страў важна выконваць усе правілы тэрмічнай апрацоўкі. Бо адна з прычынаў кішэчных інфекцый – дрэнная тэрмічная апрацоўка прадуктаў харчавання.

Калі вырашылі выбрацца на выхадныя на прыроду, не варта браць з сабой тыя прадукты, у якіх невялікі тэрмін захоўвання. Напрыклад, кандытарскія вырабы, вараную каўбасу, яйкі, адварныя мяса і курыцу, стравы, запраўленыя маянэзам. Асабліва калі няма магчымасці выкарыстоўваць сумку-халадзільнік.

Сімптомы кішэчных захворванняў

Па словах Алы Дашкевіч, клінічныя сімптомы кішэчных захворванняў даволі разнастайныя, і ў кожнага яны могуць працякаць па-рознаму. Тым не менш, першымі прыкметамі захворвання з’яўляюцца:

  • ваніты (да 3 разоў у суткі і больш);
  • дыярэя (часам да 10-15 разоў за дзень, часта са сліззю);
  • павышэнне тэмпературы да 37-38°С;
  • млоснасць, слабасць;
  • падобны да схватак боль у жываце, у падлыжачнай або каляпупочнай вобласці;
  • часам могуць з’яўляцца дрыжыкі, тахікардыя, паніжацца артэрыяльны ціск;
  • у цяжкіх выпадках – выяўленая інтаксікацыя і абязводжванне.

Кішэчныя інфекцыі. Сімптомы.

Даведацца, як адрозніць кішэчную інфекцыю ад атручвання і якія спосабы лячэння існуюць, можна тут. Здароўя ўсім!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

310 0 14

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама