29.02.2020
29.02.2020

Як не падхапіць вірус. Меры прафілактыкі

logo
Здароўе дарослых
0 30
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У Беларусі ва ўсіх рэгіёнах рэгіструецца сезонны ўздым захворвання на ВРІ і грып. Разам з тым, колькасць тых, хто захварэў (як сярод дзяцей, так і дарослага насельніцтва), на больш чым 30% ніжэйшая за паказчыкі аналагічнага перыяду мінулага года (дадзеныя на 3-га лютага 2020 года). Сярод усіх, хто захварэў, пераважае дзіцячае насельніцтва – звыш 75%.

Прафілактыка грыпу. Калі хварэе дзіця.

Вынікі малекулярна-біялагічных лабараторных даследаванняў паказваюць на актыўную цыркуляцыю рэспіраторных вірусаў негрыпознай этыялогіі. Адзначаецца таксама спарадычная цыркуляцыя вірусаў грыпу абодвух тыпаў (грыпу А і В), з адноснай перавагай грыпу A (H1N1) pdm09, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Інфармацыйны партал Здаровыя людзі сабраў самыя эфектыўныя і актуальныя парады па прафілактыцы ВРІ і грыпу ад нашых экспертаў.

На вострыя рэспіраторныя інфекцыі штогод хварэюць прыкладна 3 млн чалавек. Усяго спецыялісты вылучаюць каля 200 вірусаў, якія выклікаюць ВРІ, многія з якіх па сваіх прыкметах падобныя да грыпу. Узбуджальнікі вострых рэспіраторных інфекцый могуць быць рознымі – іх выклікаюць як вірусы, так і бактэрыі.

Прафілактыка грыпу: вірусы і бактэрыі.

Як правіла, узбуджальнікі ВРІ перадаюцца чалавеку пры чханні і кашлі хворага (паветрана-кропельным шляхам). Асабліва высокая верагоднасць заражэння, калі хворы чалавек знаходзіцца дастаткова блізка (дыстанцыя – менш за метр). У такім выпадку можна заразіцца ў выніку ўдыхання патэнцыяльна інфекцыйных вылучэнняў (вірус можа захоўвацца на кропельках сліны, якія вылучае ў паветра пры чханні або кашлі хворы чалавек).

У арганізм вірусы могуць пракнікнуць таксама пасля судотыку з інфіцыраванай паверхняй або прадметам. Напрыклад, у выпадку, калі потым нямытымі рукамі памацаць вочы альбо рот (вірус трапляе на слізістую – і адбываецца заражэнне).

Прафілактыка грыпу. Не дакранна бруднымі рукамі да вачэй.

Вірусы, якія выклікаюць вострыя рэспіраторныя захворванні, характарызуюцца актыўнай цыркуляцыяй у знешнім асяроддзі. Іх негатыўнаму ўздзеянню на арганізм чалавека спрыяюць і ўмовы надвор'я, такія, як нізкія значэнні або рэзкія перапады тэмпературы паветра. Свой унёсак у зніжэнне імунных сіл арганізма ўносіць і кароткі светлавы дзень.

Каб не захварэць. Важныя правілы

Асноўны спосаб прафілактыкі ВРІ заключаецца ў аздараўленні арганізма і ўмацаванні імунітэту (загартоўка, фізічная актыўнасць, паўнавартасны і багаты на вітаміны рацыён). Частыя прагулкі на свежым паветры – яшчэ адзін дзейсны спосаб умацаваць імунную сістэму і палепшыць самаадчуванне. Даказана, што хада пры правільнай рэгуляцыі дыхання актывізуе лёгачную вентыляцыю, умацоўвае сістэму кровазвароту і дзейнічае на арганізм па прынцыпе працэдур, якія загартоўваюць.

Прафілактыка грыпеу. Прагулкі на свежым паветры з правільным дыханнем.

Асноўныя меры прафілактыкі:

Старайцеся не наведваць без неабходнасці месцы, дзе можа знаходзіцца вялікая колькасць людзей, асабліва ў закрытых памяшканнях. Рызыка заразіцца ВРІ ў такім выпадку павялічваецца шматкроць. Напрыклад, калі ёсць магчымасць прайсці пару прыпынкаў, спыніце свой выбар на пешай прагулцы, а не на паездцы ў грамадскім транспарце.

Падчас сезоннага ўздыму ВРІ не варта браць маленькае дзіця з сабой у крамы і гіпермаркеты. Прычына ўсё тая ж: шмат людзей і, як следства, высокая верагоднасць «падхапіць» ВРІ.

Варта таксама абмежаваць кантакты з хворымі людзьмі – без асаблівай на тое неабходнасці не варта наведваць паліклінічныя і бальнічныя ўстановы.

Не грэбуйце гігіенай рук. Мыйце іх на працягу як мінімум 20 секунд. Гэтая простая мера – добрая абарона ад вірусаў, якія здольныя перадавацца пасля судотыку з інфіцыраванай паверхняй (так званы кантактны шлях). Вірус можа захоўвацца ў актыўным стане на ручках дзвярэй, поручнях у транспарце ці, напрыклад, на трубцы тэлефона. Калі магчымасці памыць рукі вадой з мылам няма, пратрыце іх вільготнымі гігіенічнымі сурвэткамі. Можна таксама скарыстацца спецыяльным антыбактэрыяльным сродкам для рук.

Прафілактыка грыпу. Мыць рукі з мылам не меней за 20 секунд.

Неабходна часта праводзіць вільготную ўборку ў памяшканні з выкарыстаннем мыйных сродкаў, якія валодаюць дэзінфікуючымі ўласцівасцямі. Пад пільнай увагай – паверхні, да якіх часта даводзіцца датыкацца рукамі (паверхня стала, спінкі крэслаў, ручкі дзвярэй, а таксама дзіцячыя цацкі).

У сухім, цёплым і нерухомым паветры, пыльным памяшканні вірусы вельмі актыўна распаўсюджваюцца і могуць захоўвацца на працягу некалькіх дзён. Таму не варта забывацца на ўвільгатненне паветра і частае інтэнсіўнае праветрыванне. Тэмпература паветра ў памяшканні не павінна перавышаць + 20°С, а вільготнасць – 50-70%.

Прафілактыка грыпу. Частыя праветрыванні.

Калі кашляеце або чхаеце, не забывайцеся прыкрываць рот і нос, выкарыстоўваючы аднаразовую папяровую хустачку, якую затым варта выкінуць. Калі пад рукой няма сурвэткі або хусткі, чхаць і кашляць трэба ў выгіб локця, а не прыкрыўшы рот далонямі, што спрыяе распаўсюджванню вірусаў праз прадметы.

У перыяд, калі высокая рызыка заразіцца ВРІ і грыпам, непажадана перадаваць адзін аднаму свае асабістыя рэчы, напрыклад, мабільныя тэлефоны або ручкі, а таксама не варта здымаць зубамі пальчаткі.

Сабраліся на вуліцу – апранайце зручную і камфортную вопратку па сезоне. Пажадана, каб рэчы, якія непасрэдна датыкаюцца да цела, былі з натуральных тканінаў. Пераахаладжэнне арганізма, як і яго перагрэў, таксама можа стаць фактарам, які справакуе развіццё захворвання. Для заняткаў спортам на свежым паветры добра падыходзіць спецыяльная спартыўная вопратка, якая не замінае рухам і потавыдзяленню, што павышаецца пры актыўных практыкаваннях.

Прафілактыка грыпу. Правільна апранацца на вуліцы ўзімку.

Медыцынскія маскі мэтазгодна насіць тым, хто ўжо захварэў, і толькі ў памяшканні. Маску трэба часта мяняць, каб не адбылося рэінфіцыравання (паўторнага заражэння).

Слізістую носа карысна ўвільгатняць. Для гэтага можна выкарыстоўваць звычайны фізраствор (0,9%-ы водны раствор хларыду натрыю). «Сухая» слізістая насаглоткі – спрыяльнае асяроддзе для размнажэння віруса. Добры сродак прафілактыкі – паласканне поласці рота і носа солевым растворам. Гэта спрыяе механічнаму выдаленню вірусаў, якія маглі патрапіць на слізістыя пры ўдыху. Солевыя растворы можна прыгатаваць самастойна. Для гэтага трэба ўзяць 1 чайную лыжку з горкай звычайнай паваранай солі і развесці яе ў 1 літры гатаванай вады (такім чынам, ствараецца аптымальная фізіялагічная канцэнтрацыя солі для догляду слізістай).

Звярніце ўвагу на свой рацыён. Здаровае і паўнавартаснае харчаванне – добры «памочнік» моцнага імунітэту.

Прафілактыка грыпу. Здаровае харчаванне для імунітэту.

І яшчэ некалькі парадаў для падтрымання ахоўных сіл арганізма, каб супрацьстаяць вірусам:

  • не забывайцеся пра паўнавартасны сон;
  • пазбягайце стрэсавых сітуацый і празмернай стомленасці;
  • старайцеся рэгулярна выконваць фізічныя практыкаванні;
  • не лішнім будзе таксама павялічыць спажыванне прадуктаў, якія з'яўляюцца крыніцамі поліненасычаных тлустых кіслотаў і вугляводаў, а таксама багатыя на вітаміны і мікраэлементы.
  • Перагледзьце свой рацыён на карысць тлустай рыбы, алею, суцэльназерневых прадуктаў, сезонных гародніны, свежай зеляніны і садавіны, арэхаў.

Калі захварэў на ВРІ

Самае галоўнае, што трэба рабіць пры з'яўленні першых сімптомаў захворвання:

  • заставацца дома;
  • захоўваць пасцельны рэжым;
  • не займацца самалячэннем, а звярнуцца да тэрапеўта (педыятра) або ўрача агульнай практыкі і выконваць усе яго рэкамендацыі.

Не забывайце пра мыццё рук, асабліва пасля догляду хворага. У кожнага ў сям'і павінен быць свой асобны ручнік.

Пакой варта часта праветрываць і праводзіць яго вільготную ўборку.

Дзеці з сімптомамі ВРІ (павышаная тэмпература, кашаль, чханне, насмарк і дрыжыкі) павінны заставацца дома і захоўваць пасцельны рэжым.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 30

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама