19.12.2019
19.12.2019

Як не звар'яцець у першым дэкрэце. 8 лайфхакаў

logo
Адукацыя і выхаванне
0 133
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Першы дэкрэт – тое яшчэ выпрабаванне як для фізічнага, так і для нервовага стану мамы. Сацыяльная ізаляцыя, раптам звалілася вялізная адказнасць, недасыпанне, стомленасць, пачуццё віны, «дзень сурка», які зацягнуўся... Працягваць гэты «адпускны» набор можна доўга.

Ці можна падрыхтавацца да дэкрэту так, каб ён прайшоў максімальна прыемна? Лайфхакамі прама з дэкрэтнага адпачынку падзялілася літаратурны рэдактар, журналіст, радыёвядучая Марыя Дуброўская.

Лайфхак 1. Забудзьцеся на перфекцыянізм.

Як толькі жанчыне, якая яшчэ 9 месяцаў таму асабліва не мела паняцця пра дзяцей, уручаюць у рукі нованароджанага, яна аўтаматычна пачынае лічыцца экспертам па ўсіх дзіцячых пытаннях. Імкненне зрабіць усё правільна, не нашкодзіць малышу, заставацца на ўзроўні і быць добрай мамай разам з вострымі пытаннямі па наладжванні груднога выкормлівання, арганізацыі побыту, гарманальнымі перабудовамі, мноствам дарадцаў вакол ды іншымі чароўнасцямі можа загнаць жанчыну ў сапраўдны неўроз. Паспрабуйце расслабіцца і паўтараць сабе як мантру: «Я дастаткова добрая маці для свайго дзіцяці».

 
Марыя Дуброўская
Літаратурны рэдактар, журналіст, радыёвядучая
Для таго, каб пачувацца больш упэўнена, раю яшчэ падчас цяжарнасці пачытаць кнігі пра малышоў на ўсе выпадкі жыцця. Штосьці лёгкае, што можна лёгка запомніць. Мне, напрыклад, прыйшлася да душы кніга Уільяма і Марты Сірс «У чаканні малыша». Там апісаныя ўсе самыя распаўсюджаныя моманты ў доглядзе дзіцяці. Нават калі здаецца, што на першы погляд інфармацыя зараз карысці не мае, гэтыя веды дазваляюць быць больш спакойнай, у патрэбны момант яны ўсплываюць у галаве. З непасільным грузам адказнасці дапамагае таксама спраўляцца кніга Ганны Быкавай «Лянівая мама», «Тайная апора» Людмілы Петраноўскай, «Кіраўніцтва для Фрэкен Бок» Андрэя Курпатава ды іншыя.

Лайфхак 2. Перастаньце планаваць.

Ідэальная мама ў сваім правільным свеце з малюнка паспявае і немаўля даглядаць, і абед з трох страў прыгатаваць (яна ж сядзіць (!) дома), гэты самы дом ідэальна прыбраць, наведаць усе свецкія раўты і дабрадушна вышываць крыжыкам у спакоі і ўтульнасці. Жыццё мамы ў дэкрэце ў рэальнасці зусім не падобнае на гэты рамантычны малюнак.

 
Марыя Дуброўская
Літаратурны рэдактар, журналіст, радыёвядучая
Падрыхтавацца да дэкрэту па вялікім рахунку немагчыма. Вы не ведаеце, як ваш арганізм зрэагуе на стрэс, якім будзе ваш малыш. Настройцеся на тое, што спланаваць штосьці амаль немагчыма. Гэта трэба адразу прыняць і быць гнуткай. Сёння малыш прачнуўся а шостай раніцы, а заўтра – а дзясятай. Адпаведна, увесь графік кармленняў і прагулак ссоўваецца. Сёння ён дабрадушна гуляе на дыванку. А заўтра ўвесь дзень не злазіць з рук так, што нават памыцца часу няма. Так што будаваць вялікія планы бессэнсоўна. А вось асноўнае правіла мамаў пра тое, што трэба адпачываць тады, калі адпачывае дзіця, – працуе. Калі ва ўмовах недасыпання і маральных перагрузак вы кідаецеся перарабляць усе хатнія справы, пакуль малыш спіць, нервовы зрыў з часам гарантаваны. Няхай ужо лепей падлога не будзе вымытая, але мама будзе адпачыўшай і спакойнай. У рэшце рэшт, гэта нават пытанне бяспекі дзіцяці.

Лайфхак 3. Забіце прадуктамі халадзільнік.

Вельмі смешнае на першы погляд правіла. Але як жа вы будзеце ўдзячныя сабе за тое, што адважыліся на гэты крок!

 
Марыя Дуброўская
Літаратурны рэдактар, журналіст, радыёвядучая
Па першым часе пасля нараджэння дзіцяці жывеш у пэўным шоку. Жыццё тваё кардынальна мяняецца, да гэтага трэба яшчэ прывыкнуць. Стаяць на кухні часу няма абсалютна. Але добрае харчаванне як ніколі неабходнае. Мне дапамагло тое, што я загрузіла халадзільнік гатовымі паўфабрыкатамі: хатняй замарожанай ежай, якую можна проста дастаць з халадзільніка, размарозіць і адправіць у мікрахвалёўку або мультыварку. Літаральна парцыённа булёны, катлеты. Гэта вельмі эканоміць час, нервы. І, у рэшце рэшт, ты разумееш, што не застанешся галоднай, нават калі малыш капрызіць і часу зусім няма. А наогул, у гэтым плане вельмі зручныя разнастайныя сэрвісы для набыцця ежы і розных дзіцячых прадуктаў (і падгузнікаў, і дзіцячага харчавання, і касметыкі, і цацак, і інш.) анлайн. Рэкамендую іх вывучыць і выбраць тыя, якія больш да душы. Вельмі спрашчае жыццё мамы ў дэкрэце.

Лайфхак 4. Прасіце аб дапамозе адрасна.

Часта прасіць аб дапамозе кагосьці замінае гордасць ці той жа перфекцыянізм. Часам здаецца, што навакольныя ніколі не павінны здагадацца, як жанчына выматана. Насамрэч аб дапамозе проста трэба ўмець папрасіць. Для мамы ў дэкрэце – жыццёва неабходны навык.

 
Марыя Дуброўская
Літаратурны рэдактар, журналіст, радыёвядучая
Як правіла, у асяроддзі заўсёды ёсць некалькі знаёмых, хто з задавальненнем мог бы дапамагчы. Гэта могуць быць таксама і сваякі. Аднак звычайныя просьбы аб дапамозе часцей за ўсё заканчваюцца тым, што вы проста разам п'яце чай на кухні, у той час як справы застаюцца на месцы. Таму я зразумела, што прасіць аб дапамозе трэба адрасна: «Дапамажыце, калі ласка, прыбраць у кватэры. Дапамажыце прыгатаваць вячэру». І г.д. Трохі нязвыкла для нас, але гэта вось і ёсць самая сапраўдная дапамога, якая робіць жыццё мамы ў дэкрэце прасцей.

Лайфхак 5. Знаходзьце час для сябе.

Нават пры вялікай любові да малыша мама ўсё ж такі застаецца асобным чалавекам. І гэтаму чалавеку важна клапаціцца пра сябе. Псіхолагі рэкамендуюць: паспрабуйце выкройваць хаця б гадзіну штодня на тое, каб патраціць гэты час толькі на сябе. Папесціце сябе любімай кнігай або серыялам, паклапаціцеся пра сваю скуру, валасы. Мама застаецца жанчынай і цікавым чалавекам, нават калі яе свет часова круціцца вакол падгузнікаў ды кашаў.

 
Марыя Дуброўская
Літаратурны рэдактар, журналіст, радыёвядучая
Штовечар я пакідаю сына з мужам і іду ў душ хаця б на паўгадзіны, а то і гадзіну. Мне важна адцягнуць увагу ад клопатаў і прысвяціць гэты час толькі сабе. Калі ёсць магчымасць выйсці прагуляцца адной, схадзіць на манікюр ці проста ў цішыні папіць гарбаты, гэта вельмі дапамагае папаўняць сілы. Ведаю, што некаторыя знаходзяць час на хобі: пачынаюць вязаць, шыць дзіцячыя рэчы. Мяне захапляе чытанне. Яно разбівае ілюзію «дня сурка». Аддаю перавагу ў гэты перыяд кароткім гумарыстычным апавяданням. Напрыклад, сучаснага аўтара Славы Сэ. Вельмі ўзнімаюць настрой.

Лайфхак 6. Стварыце кола аднадумцаў.

Сацсеткі, вайбер-чаты – тое месца, дзе лёгка можна сустрэць аднадумцаў, падзяліцца сваімі праблемамі і перажываннямі ў любы час дня і ночы. Стасункі з тымі, хто сапраўды цябе разумее, выдатна дапамагаюць зменшыць градус напружання. Нядрэнна пакідаць сувязь і з сябрамі «з мінулага жыцця». З імі можна пагаварыць на адцягненыя тэмы.

 
Марыя Дуброўская
Літаратурны рэдактар, журналіст, радыёвядучая
Вельмі добра яшчэ падчас цяжарнасці ўступаць у разнастайныя групы для матуляў. Як правіла, у іх заўсёды знойдзецца хтосьці, хто жыве непадалёк. І тады можна разам гуляць, хадзіць адно да аднаго ў госці. Стасункі з сяброўкамі заўсёды дзейнічаюць дабратворна. Да таго, ж заўсёды знойдзецца хтосьці, хто любіць павазіцца з малым. Маме можна трохі расслабіцца.

Лайфхак 7. Збярыце карысныя кантакты.

Тыя ж чаты, стасункі на форумах і водгукі ў інтэрнэце дапамагаюць мамам загадзя сабраць спіс самых-самых патрэбных і лаяльных урачоў, парады якіх могуць спатрэбіцца. З такім спісам жывецца спакайней.

 
Марыя Дуброўская
Літаратурны рэдактар, журналіст, радыёвядучая
Калі ў вас ёсць тэлефон участковага педыятра або медсястры, гэта вялікая ўдача. Бо так вы здымаеце з сябе вялікую частку напружання, асабліва спачатку, калі не зразумела яшчэ, ці ўсё ў парадку з дзіцем і ці ўсё я раблю правільна.

Лайфхак 8. Навучыцеся атрымліваць асалоду разам з малышом.

Уменне сыходзіць у свет дзяцінства, развіваць сваё ўяўленне, тварыць разам... Дэкрэтны адпачынак – гэта не толькі пра недасыпанне і трывогі. Гэта пра выдатную магчымасць атрымліваць асалоду ад жыцця зноўку так, як гэта ўмеюць толькі маленькія дзеці. Ваш малыш дапаможа вам прыгадаць самыя чароўныя станы дзяцінства.

 
Марыя Дуброўская
Літаратурны рэдактар, журналіст, радыёвядучая
Раней я не паспявала заўважаць, як змяняюць адна адну поры года. Зараз падчас штодзённых шпацыраў магу назіраць за прыродай, слухаць музыку, заўважаць людзей вакол. Дома можна разам маляваць (зараз вялікі выбар пальчыкавых фарбаў, якія можна нават аблізваць), прытанцоўваць з малым на руках, збіраць «зімовыя», «восеньскія», «летнія», «вясновыя» скрыначкі на памяць, складаць фотоальбом... Калі не думаць увесь час толькі пра бытавыя клопаты і дазволіць сабе трохі пабыць дзіцем самому, можна атрымаць шмат задавальнення, назіраючы, як расце малыш, выбіраючы цікавыя гульні разам, плануючы сумесныя карысныя заняткі. Напрыклад, мы разам ходзім у басейн у невялікую групу з 4 месяцаў. Шмат прыемных эмоцый і сапраўдны рэлакс.

Дэкрэтны адпачынак – не толькі побыт і стомленасць. Гэта выдатная магчымасць вярнуцца ў дзяцінства і пражыць кожны яго момант свядома побач са сваім малышом. Пэўныя невялікія хітрыкі дапамогуць зрабіць гэты перыяд больш прыемным і запамінальным.

 

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 133

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.