Дата публікацыі: 02.06.2020

Абноўлена: 03.06.2020

02.06.2020

Як пазбавіцца ад глістоў ды іншых паразітаў? Адказвае інфекцыяніст

logo
Адказваюць спецыялісты
328 086
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Якія прэпараты можна прымаць для прафілактыкі ад паразітаў дарослым і дзецям? Якія паказчыкі ў агульным аналізе крыві могуць казаць пра заражэнне глістамі? Як вылечыць аскарыдоз, таксакароз і лямбліёз?
Да вашай увагі – анлайн-канферэнцыя «Прафілактыка, дыягностыка і лячэнне паразітарных захворванняў».

На пытанні адказвае Сяргей Жаваранак, прафесар кафедры інфекцыйных хваробаў БДМУ, доктар медыцынскіх навук.

Калі я вучылася ў медвучылішчы, нам казалі, што ў Беларусі стопрацэнтнае паражэнне насельніцтва гельмінтамі. З-за гэтага, а таксама па рэкамендацыі педыятра, пакуль дзеці былі маленькімі, мы «ганялі» глістоў усёй сям’ёй два разы на год. Цяпер дзеці выраслі, захоўваюць гігіену, і мне траплялася інфармацыя, што сітуацыя з гельмінтозам у краіне палепшылася. Ці трэба далей працягваць «ганяць глістоў» два разы на год? Дома жыве кот (яму гэта робім рэгулярна).

Сапраўды, 20-30 гадоў таму ў Беларусі практычна 100% насельніцтва адзін або некалькі разоў пераносілі гельмінтозы, у асноўным, пераважалі аскарыды і вастрыцы. У гэтым адыгрывала ролю недасканалая сістэма водазабеспячэння, невыкананне нормаў санітарыі, у тым ліку ў дзіцячых калектывах (садках і школах). Але сёння сітуацыя істотна змянілася. Колькасць гэтых захворванняў зменшылася ў разы. Але хачу звярнуць увагу на зоаантрапанозныя захворванні, у прыватнасці, таксакароз. Сёння ў гарадах стала больш сабак (рэзервуар таксакараў). Людзі заражаюцца праз іх фекаліі. Таксакары могуць пракрасціся ў любы орган чалавека: вочы, лёгкія, галаўны мозг, СКТ. Зараз шмат зваротаў з гэтай нагоды. Таму нельга выгульваць сабак у агульнадаступных месцах, на дзіцячых пляцоўках, варта прыбіраць за імі фекаліі, як прынята ва ўсіх цывілізаваных краінах. Таксакароз цяжка дыягнаставаць.

Жывёлаў можна лячыць прафілактычна без дыягностыкі. Існуюць комплексныя прэпараты, тры ў адным (альбендазол, празіквантэл, івермектын – для прафілактыкі дырафілярыёзу ў сабак). Іх можна прымаць жывёлам адзін раз на год.

Але людзям не рэкамендуецца прымаць такія прэпараты прафілактычна, без дыягностыкі і прызначэння ўрача, асабліва цяжарным і маленькім дзецям!

Большасць гельмінтаў – кішэчныя. Таму асноўны метад дыягностыкі – аналіз калу на яйцагліст. Антыцелы – аналіз, які важны пры тканкавых гельмінтозах (эхінакакоз, таксакароз, трыхінелёз). Каты – рэзервуар таксаплазмозу.

Якія прэпараты можна прымаць для прафілактыкі ад паразітаў дарослым і дзецям без рэцэпта ўрача?

Усе прэпараты – таксічныя. Таму без прызначэння ўрача для прафілактыкі іх прымаць нельга, асабліва цяжарным і дзецям.

У мяне ў доме сабака, я яму перыядычна даю глістагонныя прэпараты. Як часта прымаць мне самой? Якія прэпараты найбольш эфектыўныя?

Сабакам можна, асабліва калі заўважылі глістоў у кале. Але вам самой не варта гэтага рабіць без дыягназу.

Як часта і якія здаваць аналізы на глісты (паразіты) чалавеку, які захапляецца рыбнай лоўляй?

З прэснаводнай рыбай перадаецца апістархоз і дыфілабатрыёз. Апісторхі (каціныя смактуны) жывуць у жоўцевых шляхах, печані, а шырокі стужачнік можа дасягаць 8 метраў у даўжыню і жыць у нашым тонкім кішэчніку. Пры апістархозе будуць прыкметы паражэння жоўцевых шляхоў і печані. Трэба здаць аналіз калу на яйцагліст або аналіз жоўці дванаццаціперснай кішкі на яйкі апісторхаў (гэта больш тонкі аналіз). Пры дыфілабатрыёзе будзе знясіленне і выдзяленне з калам членікаў паразіта. Іх трэба здаць у лабараторыю санэпідслужбы, каб выключыць заражэнне свіным цэпнем, які трэба лячыць у стацыянары, каб не было ўскладненняў.

Ці праўда, што паразіты любяць кіслотнае асяроддзе, і калі харчавацца пераважна расліннай ежай, дык іх не будзе?

Не. Гэта няправільнае сцвярджэнне. Большасць з іх жывуць у тонкім кішэчніку, а там – шчолачнае асяроддзе.

Калі самастойна ў прафілактычных мэтах лячыўся таблеткамі/травамі ад паразітаў, ці будуць іх новыя «пакаленні» больш устойлівыя за папярэднія?

Такая з’ява пакуль не адзначалася. Лячэнне травой магчымае па паказаннях, але зараз лепей выкарыстаць прэпараты.

Якія паказчыкі ў агульным аналізе крыві могуць казаць пра заражэнне глістамі?

Перш за ўсё, гэта эазінафілія – павышэнне эазінафілаў у агульным аналізе крыві. Асабліва гэта паказальна пры тканкавых паражэннях.

Як зразумець, на які тып паразітаў трэба здаваць аналіз? Іх жа вельмі шмат.

Пры кішэчных паразітах – аналіз кала на яйцагліст. Для любой лабараторыі няма праблемаў для дыферэнцыяцыі гельмінтаў. Усе яйкі вельмі адрозніваюцца адно ад аднаго. А пры тканкавых паразітах пры наяўнасці клінічных праяў можна зрабіць УГД органа і прайсці сералагічны метад вызначэння антыцелаў (аналіз на антыцелы).

У мяне частыя позывы на ваніты, пастаянна закладзены нос, у верхніх дыхальных шляхах чутныя хрыпы, бывае кашаль. Ці могуць прычынай гэтых сімптомаў быць паразіты?

Хрыпы, кашаль могуць быць сімптомам пры аскарыдозе. Гэта магчыма, калі лічынкі аскарыдаў з крыві праходзяць праз альвеолы ў дыхальныя шляхі. Пры гэтым адзначаецца павышэнне эазінафілаў у крыві. Але гэта, як правіла, доўжыцца не больш за тыдзень.

Ці могуць папіломы быць прыкметай наяўнасці паразітаў? Калі так, дык як вылечыцца?

Гельмінты не могуць выклікаць папіломы. Гэта выкарыстоўваецца ў якасці нядобрасумленнай рэкламы псеўдаметаду лячэння гельмінтаў. Папіломы выклікаюцца вірусамі папіломы. Лічыцца, што гэта анкагенныя вірусы.

Ці могуць бародаўкі сігналізаваць пра глісную інвазію? І калі бародаўкі знікаюць, ці значыць, што паразіты загінулі?

Бародаўкі – гэта часцей за ўсё папіломавірусныя разрастанні. Тут трэба звяртацца да анколагаў для лячэння. Бародаўкі не з’яўляюцца сімптомам гліснай інвазіі.

У дзіцяці ноччу з’явіўся сухі кашаль, часам са свістам у выглядзе задышкі. Ці могуць гэта быць паразіты? Якія аналізы здаць?

Часам гэта можа быць пачаткам аскарыдозу. Трэба звярнуцца да ўрача, можна таксама здаць агульны аналіз крыві, а затым аналіз калу на яйцагліст.

У мяне алергічныя высыпанні, сверб, кароста, высокі ціск. Гэта можа быць выклікана паразітамі?

Ціск ніяк не звязаны з заражэннем гельмінтамі. А вось алергія, сверб, кароста могуць быць сімптомамі гельмінтозаў ці захворванняў, выкліканых найпростымі (лямбліёз, балантыдыяз, бластацыстоз).

Ці могуць паразіты выклікаць лейкемію? Ці знікаюць яны пасля хіміятэрапіі?

Гельмінты, акрамя алергічнага, таксічнага і знясільваючага дзеяння, валодаюць і анкагенным. Але, як правіла, гэты эфект вельмі адтэрмінаваны. Паразіты выклікаюць мутацыі ў храмасомных, у тым ліку анкалагічныя. Гэта можа прыводзіць у аддаленым перыядзе да з’яўлення новаўтварэнняў, у тым ліку лейкозу. Да моманту хіміятэрапіі іх ужо можа не быць. Бо гэтыя паразіты жывуць нядоўга.

У мяне ў жываце пастаяннае буркатанне, адчуванне іншароднага цела, нават часам штурханне, нястрымны апетыт, запоры. Як вызначыць: ці ёсць у мяне паразіты?

У дадзеным выпадку варта здаць аналіз калу на яйцагліст. Такія сімптомы могуць быць выкліканыя іншымі захворваннямі.

На працягу доўгага часу маецца сверб у прамой кішцы, не атрымліваецца набраць вагу, часам у кішэчніку з’яўляецца боль (скручвае). Аналізы на вызначэнне паразітаў здавала некалькі разоў, нічога не знаходзілі. Здавала кроў для выключэння цукровага дыябету – усё добра. Што ў дадзенай сітуацыі можна зрабіць?

Гэта можа быць сімптом энтэрабіёзу. Гэтыя паразіты, як правіла, знаходзяцца ў дыстальным аддзеле. Можна здаць саскрэбы з перыянальнай складкі або прайсці абследаванне метадам ліпкай стужкі. Калі вастрыцы не будуць выяўленыя, тады рэкамендую прайсці абследаванне ў практолага.

Ці можа себарэйны дэрматыт (дыягназ выстаўлены дэрматолагам на аглядзе) быць следствам якога-небудзь паразітарнага захворвання? Агульны аналіз крыві, біяхімія, паказчыкі печані ў норме. Ці можна прапіць які-небудзь прафілактычны прэпарат ад паразітаў і ці варта рабіць гэта хаця б раз на год?

Калі дэрматыт – себарэйны, дык малаверагодна, што гэта глісная інвазія. Можна здаць аналіз калу на яйцагліст. Але да атрымання вынікаў прымаць прэпарат не варта. Таксама можна здаць аналіз на ВІЧ-інфекцыю, бо дэрматыты могуць быць адной з яе праяў.

Як інфекцыяністы разумеюць, што гэта «іх» пацыент, а не сімптаматыка іншага захворвання?

У гэтым нам дапамагае клінічны вопыт. Гэта складаны дыягнастычны працэс. Вялікая колькасць лабараторных даследаванняў, асабліва на антыцелы, выклікаюць у пацыентаў лішнія клопаты, калі яны не патлумачаныя ўрачом. Таму інтэрпрэтаваць іх павінен доктар. І прызначаць таксама.

Мне 24 гады. Каля 6 гадоў таму пачаў турбаваць нос (закладзенасць, смаркачы). Ставілі гаймарыт, прызначалі антыбіётыкі. Не дапамагло. У 2017 годзе выявіліся прыступы бранхіяльнай астмы: было цяжка дыхаць, сціскала горла. КТ паказала, што забітыя пазухі. Пару тыдняў таму здала аналізы на паразітаў, паказалі 5-разовае перавышэнне нормы антыцелаў да таксакараў. Што гэта значыць? Ці могуць гэтыя паразіты выклікаць такія сімптомы? І што прымаць?

Гаймарыт не звязаны з паразітамі. Павышаныя антыцелы да таксакараў кажуць пра тое, што быў таксакароз. Але паколькі эазінафілы не павышаныя, гэта сведчыць, што захворвання цяпер ужо няма, паразіты загінулі.

З 2016-га амаль штогод пакутую ад алергічных рэакцый, ажно да крапіўніцы. Двойчы з ёй ляжаў у бальніцы. У 2018 годзе прайшоў комплекснае абследаванне ў алерголага і іншых спецыялістаў, але алерген так і не ўстаноўлены. У тым жа годзе здаў аналіз на антыцелы да таксакараў. У выніку выявілі таксакароз. Напрыканцы 2018 года прапіў курс альбендазолу (2 тыдні па 2 таблеткі ў дзень, потым 10 дзён перапынак, потым яшчэ 2 тыдні па 2 таблеткі). Але сёлета аналіз крыві зноў паказаў таксакароз. Ці могуць таксакары выклікаць вострыя алергічныя рэакцыі? Як лепей за ўсё ад іх вылечыцца?

Алергічныя рэакцыі таксакары могуць выклікаць. Таксакары пасля лячэння ў 2018 годзе даўно загінулі. Тое, што антыцелы выяўленыя сёлета, можа казаць пра мінулае захворванне, але не азначаць новае заражэнне. Варта прааналізаваць з інфекцыяністам усю карціну, завочна складана сказаць.

Аналіз паказаў таксакароз. Ці можна лячыцца немазолам (400 мг)?

Наяўнасць антыцелаў не кажа пра захворванне ў дадзены момант. Трэба прааналізаваць усю сітуацыю ў цэлым. Калі дыягназ пацвердзіцца, дык лячыцца гэтым прэпаратам можна пад кантролем інфекцыяніста.

У майго брата – лямбліі. Лячыў 5 разоў. Але не можа пазбавіцца. Што рабіць?

Калі захворванне лячылася правільна, дык лямблій не павінна быць. А вось антыцелы засталіся на ўсё жыццё. Для пацверджання дыягназу трэба здаць аналіз калу на цысты лямбліі. Калі яны выявяцца, трэба лячыцца яшчэ раз, бо паўторнае заражэнне цалкам магчымае.

Як пазбавіцца ад таксакараў і аскарыдаў? Інфекцыяніста ў раёне няма. Тэрапеўт прызначыў: немазол аднаразова 400 мг, праз 2 тыдні паўтарыць. Лячэнне выніку не дае.

Наяўнасць антыцелаў не кажа, што ёсць заражэнне, бо антыцелы захоўваюцца на ўсё жыццё. Калі паразіт гіне, колькасць антыцелаў павялічваецца. І гэта не павінна палохаць вас у аналізах.

Калі падчас цяжарнасці выяўленыя вастрыцы, ці ёсць небяспека для плода, здароўя будучай мамы? І ці трэба лячыць?

Для плода і мамы вастрыцы не небяспечныя. Антыгельмінтныя прэпараты непажаданыя падчас цяжарнасці. Неабходна захоўваць гігіену, каб не было аўтазаражэння: некалькі разоў на дзень змяняць ніжнюю бялізну, мыць рукі, каб яйкі не патрапілі назад у рот. Калі вастрыцы выйшлі з задняга праходу, назад да нас яны не трапяць.

Ці магчымае ўнутрычэраўнае заражэнне дзіцяці аскарыдозам ад заражанай маці? Дзіця ноччу чэша кісці рук і ступні, мае скурныя высыпанні, сверб скуры з нараджэння. Па аналізах выяўлены аскарыдоз. Дзіцяці 3 гады, старэйшай 5 гадоў (у абедзвюх аскарыдоз і падобныя сімптомы). Пралячылі пірантэлам, але праз пэўны час сімптомы вярнуліся. Як вылечыць аскарыдоз?

Унутрычэраўнае заражэнне дзіцяці аскарыдозам ад заражанай маці немагчымае. Пірантэл – эфектыўны сродак ад аскарыдаў. Калі яйкі выяўленыя ў кале, дык варта лячыць, а калі выяўленыя антыцелы ў аналізе крыві, дык гэта не кажа пра цяперашняе захворванне.

У сына аскарыдоз, з абструкцыяй у бронхах. Як правільна лячыць? Інфекцыяніст кажа, што аднаго разу дастаткова. Але гэтага хапае толькі на невялікі прамежак часу (2-4 месяцы). Па аналізах алергіі няма. (Пра аскарыдоз даведаліся толькі па аналізе крыві IgG, павышанае ўтрыманне эазінафілаў 6-16).

Абструкцыя ў бронхах магчымая. Аднаго разу лячэння ў прынцыпе дастаткова, калі глісты ў кішэчніку. На дадзены момант трэба лячыць бронхі, а праз месяц здаць аналіз калу на яйцагліст. Наяўнасць антыцелаў не кажа пра цяперашняе захворванне, бо антыцелы застаюцца на ўсё жыццё.

У дачкі выявілі аскарыды. Часты боль у жываце і млоснасць. Лечымся трэці год (дэкарыс), але эфект часовы. Парайце, што рабіць?

Для лячэння аскарыдаў згаданы прэпарат эфектыўны. Калі вы пралячыліся тры разы, дык аскарыдаў ужо не павінна быць. Хутчэй за ўсё, аналіз крыві паказвае наяўнасць антыцелаў, што не кажа пра захворванне. Паказальны толькі аналіз калу на яйцагліст.

Як зразумець, ці атрымалася пазбавіцца ад усіх паразітаў сваім лячэннем? Ці адразу ж наш арганізм рэагуе на змены?

Аналіз калу на яйцагліст і кал на цысты найпростых – асноўныя метады.

Хачу таксама сказаць пра рэдкія захворванні. Напрыклад, эхінакакоз. Заражэнне адбываецца ад сабак, выяўляецца з’яўленнем кістаў у печані, якія бачныя на УГД органаў. У гэтым выпадку патрэбнае дасканалае абследаванне. Яшчэ адно рэдкае захворванне – фасцыялёз. Яно перадаецца ад розных жывёлаў і праз слімакоў у вадзе. У дадзеным выпадку таксама паказальны аналіз калу на яйцагліст.

Дырафілярыёз перадаецца ад сабак і іншых жывёлаў праз камароў. Гэта гельмінт да 10 см, які поўзае з хуткасцю да 10 см у суткі. Часам гэтае захворванне выклікае складанасці ў дыягностыцы.

Спарганоз перадаецца ад драпежлівых жывёлаў праз стаячую ваду, праяўляецца толькі на УГД. Таксама можна заразіцца ад мяса дзіка трыхінелёзам.

Самае галоўнае для прафілактыкі паразітарнага заражэння – гігіена: чыстыя рукі, чыстая вада.

Ці могуць таксакары паўплываць на нервовую сістэму?

Так, бо могуць апынуцца ў галаўным мозгу, як і іншыя паразіты. Іх можна выявіць на МРТ.

Дзіцяці 4 гады. 2 разы на год прафілактычна (аналізы калу не здаем) прапіваем курс вермаксу (6 таблетак на тры дні, праз два тыдні паўтор). Ці правільна робім? Ці трэба дадаткова даваць прэпараты, якія выводзяць таксіны? І якія?

Няправільна! Гэтыя прэпараты таксічныя, асабліва для дзяцей. Да таго ж, гэта вельмі вялікая доза. Прымаць прэпараты трэба толькі пасля здачы аналізаў і кансультацыі ўрача.

Фота – Віталь Гіль.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

328 0 86

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).
Глядзіце таксама