25 Жніўня
25.08.2020

Як прапрацаваць псіхатраўмы. Базавыя парады

logo
Навiны
0 0 125
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Да ўвагі сведкаў і ахвяраў гвалту!

Каб пазбегнуць сур'ёзных ускладненняў для псіхікі, неабходна адпрацаваць атрыманую псіхатраўму. Важна, каб перажытыя страх, сорам, жах не зрабіліся рухальнымі сіламі ў далейшым жыцці. Таму не грэбуйце дапамогай спецыялістаў у бліжэйшыя 4 тыдні! Такі заклік агучваюць псіхолагі і псіхатэрапеўты.

Псіхатраўма. Псіхалагічная дапамога.

Мы пагаварылі са спецыялістамі, якія мелі стасункі з людзьмі, што выходзілі з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна і з СІЗА Жодзіна. Псіхолагі распавялі, з чым сутыкнуліся, і далі важныя парады пацярпелым.

Псіхолаг, гештальт-тэрапеўт з крызіснай спецыялізацыяй Ірына Загорская аддзяжурыла каля Жодзінскага СІЗА 20 гадзін – з 9-ці раніцы 14-га жніўня да 5-ці раніцы 15-га жніўня, калі ішлі масавыя вызваленні затрыманых (многія туды прыбылі з мінскага ЦІП).

– З апавяданняў пацярпелых было зразумела, што не ўсе былі затрыманыя на мітынгах. Былі дзяўчаты-назіральнікі на выбарах, якіх супрацоўнікі міліцыі арыштавалі прама 9-га жніўня на выбарчых участках, хтосьці быў схоплены па дарозе з крамы дадому. Тыя, хто гатовы быў размаўляць у тую хвіліну, распавядалі пра факты гвалту: збіццё дубінкамі, абразы. Некаторыя казалі пра тое, што ў ЦІП ім не давалі есці і яны змаглі атрымаць ежу толькі ў Жодзінскім СІЗА. Жанчыны распавялі, што на Акрэсціна, калі яны стукалі ў дзверы і прасілі піць, на іх вылівалі вядро ледзяной вады, – прыгадвае псіхолаг.

Ірына Загорская.

Усе ў той ці іншай ступені былі дэзарыентаваныя. Па назіраннях псіхолага, у пацярпелых было тры асноўныя тыпы рэакцый:

  1. Моцнае ўзрушэнне і жаданне неадкладна адстойваць свае правы, складаць скаргі ў следчыя органы.
  2. Вельмі падаўлены стан, калі людзі палохаліся любога фізічнага дотыку, не маглі ўспомніць нумары тэлефонаў блізкіх, хацелі хутчэй уцячы адтуль.
  3. Гатоўнасць адрэфлексаваць, праплакаць тое, што адбылося, падзяліцца сваімі пачуццямі.

– Гэта тыповыя рэакцыі на стрэс – бі, бяжы, замры. У момант гвалту яны дапамагаюць нам выжыць, але не павінны заставацца пасля. Напрыклад, калі чалавек не выйдзе з рэакцыі замірання, ён перастане развівацца. Таму так важна цяпер ісці па дапамогу, нават тым, хто лічыць, што яму гэта не трэба. Траўма яшчэ не сфарміравалася, і яе можна прадухіліць. Калі ж вопыт гвалту не перапрацаваць, магчымыя наступствы ў выглядзе другасных зацяжных дэпрэсій, рызыкі суіцыду, зніжэння працаздольнасці і якасці жыцця, пагаршэння адносінаў з людзьмі. Бліжэйшыя 4 тыдні – самы час для працы па прадухіленні посттраўматычнага стрэсавага расстройства (ПТСР), якое, па статыстыцы, можа ўзнікнуць у кожнага трэцяга. А з ім ужо справіцца складаней.

Сімптомы фарміравання траўмы

Псіхатраўма. Псіхалагіяная дапамога. Неабходнасць прапрацоўкі.

Ірына Загорская пералічыла сімптомы фарміравання траўмы.

  • Парушэнне сну.
  • Парушэнне харчавання: адсутнасць апетыту альбо іншая крайнасць – есці ўсё запар, не кантралюючы аб'ём і якасць ежы.
  • Заціснутасць цела, нехарактэрная гарбаватасць.
  • Складанасці з канцэнтрацыяй позірку.
  • Страта цікавасці да звычайных рэчаў.
  • Апатыя.
  • Ментальная жуйка, калі зноў і зноў апускаешся ў траўмуючыя ўспаміны.
  • Страта эмацыянальнай адчувальнасці.
  • Агрэсія ў паводзінах, зрывы.
  • Пачуццё, што вас не чуюць і не разумеюць.

Акрэсціна.

Такія рэакцыі дапушчальныя ў першыя дні пасля траўматычнай падзеі. Але калі праз два тыдні яны не праходзяць, дакладна трэба звяртацца па дапамогу.

Парады пацярпелым ад гвалту

Галоўнае – зразумець, што неабходна аднавіцца і вярнуцца да базавых каштоўнасцяў, падкрэслівае псіхолаг. Для гэтага трэба:

  • Спаць, своечасова харчавацца – псіхіка перагружаная, і ёй не хапае рэсурсу клапаціцца пра цела, але трэба старацца.
  • Разняволіць цела: плавайце ў вадаёмах – вада добра здымае мышачнае напружанне, запішыцеся на масаж.

Псіхалагічная дапамога. Карыснае плаванне.

  • Не захапляцца цяжкімі фізнагрузкамі і сілавымі трэніроўкамі, бо ў арганізме і так шмат адрэналіну і картызолу ад перажытага стрэсу.
  • Паспрабаваць ароматэрапію – прыемныя пахі падтрымліваюць псіхіку.
  • Абмежаваць чытанне навінаў. Стаўце сабе таймер альбо ўстаноўку: чытаю 5 хвілін – і да спраў.
  • Паспрабаваць структурыраваць інфармацыю: замест хаатычных навінаў, што траўмуюць, можна падпісацца, да прыкладу, на палітолагаў, якія здольныя даць прафесійны аналіз, на псіхолагаў і іншых прафесіяналаў – у залежнасці ад запытаў.
  • Калі вельмі ўражлівыя, наогул не чытайце навіны, а прасіце больш устойлівых знаёмых ці сваякоў напрыканцы дня коратка пераказаць падзеі – пераказ меней траўматычны, чым уласнае ўцягванне.
  • Вакол сёння – трывожны фон, страчанае пачуццё бяспекі. Таму трэба вярнуцца ў стабільную і бяспечную рэальнасць – гэта наш дом, адносіны, праца, хобі. Таму важныя звычайныя рытуалы: гатаваць ежу, ладзіць сумесныя вячэры, выходзіць на шпацыр (баіцеся ўвечары – выходзьце ўдзень). Гэта тая апора, якая верне рэсурс для псіхікі.

  • Важна, каб сваякі пацярпелых не сарамацілі, не папракалі іх, а выслухоўвалі.

– Зразумела, што родныя таксама напалоханыя і сутыкнуліся з вялікай колькасцю пачуццяў, таму цалкам вытлумачальная рэакцыя: «Больш нікуды не выходзь, не лезь», але тым самым яны сарамацяць, асуджаюць пацярпелых. Зараз час не вінаваціць, а даць магчымасць распавесці. Але далёка не ўсе блізкія гатовыя выслухаць у падрабязнасцях тое, што адбылося з іх сямейнікамі. Таму лепей звяртацца да спецыяліста, які будзе ў нейтральнай пазіцыі.

  • Не гуляйце ў ратавальнікаў, калі яшчэ не ўзнавіліся.

– Многія з тых, хто перажыў гвалт, зараз імкнуцца дапамагчы іншым пацярпелым, – тлумачыць эксперт. – Тут важна разабрацца: гэта кампенсацыя альбо ўсвядомлены выбар і адэкватная ацэнка ўласных рэсурсаў. Калі вы будзеце аддаваць сілы з дэфіцыту, гэта яшчэ больш падарве ўстойлівасць псіхікі. Павінен быць баланс.

Псіхалагіяная дапамога. сіхатраўма. Як аднавіцца.

Важная ўмова аднаўлення псіхікі – агульны фон у краіне, падкрэслівае псіхолаг. – Спецыялісты могуць дапамагчы. Але потым людзі ідуць зноў у рэальнасць. Таму так важна цяпер прапрацаваць гэты вопыт гвалту на заканадаўчым узроўні, у судзе, даць яму прававую і маральную ацэнку на дзяржузроўні. Людзі павінны атрымаць гарантыю, што такое не паўторыцца.

«Здрадніцтва на працы пагоршыла стрэс»

Валанцёры-псіхолагі Мінскага клубнага дома «Адкрытая душа» працавалі ў ЦІП 10-16-га жніўня, а таксама ездзілі па запыце ўрачоў да пацярпелых у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД).

– Мы ў асноўным працавалі са сваякамі, якія чакалі затрыманых каля сценаў ЦІП. Хтосьці плакаў, у кагосьці здаралася істэрыка, калі яны бачылі збітых затрыманых, якія выходзяць, у кагосьці была агрэсія на несправядлівасць і неразуменне, што адбылося з роднымі, хтосьці знаходзіўся ў моцнай трывозе, бо доўга не мог знайсці блізкіх і хваляваўся за іх здароўе, – распавядае валанцёр Юлія Варажбіт, студэнтка 4-га курса факультэта медыцынскай псіхалогіі БДУ.

Юлія Варажбіт.

Ёй асабліва запомніліся два аповеды.

– Была сталая жанчына, выкладчык школы, дзе быў затрыманы яе сын-назіральнік. Яна вельмі засмучаная здрадай калег – ніхто не адгукнуўся на яе гісторыю, хаця яны пісала завучу і звярталася да настаўнікаў з крыкам аб дапамозе. Яшчэ адна дзяўчына распавяла, што кожны дзень прыходзіла сюды і чакала хлопца, яна не спала і не ела трое сутак. А на працы замест падтрымкі ёй пагражалі звальненнем: «Чаму мы павінны за цябе працаваць?» Я думаю, што такое стаўленне яшчэ больш пагоршыла стрэс, – падкрэслівае Юлія.

Незвычайныя рэакцыі нармальныя

Сярод распаўсюджаных рэакцый тых, хто выходзяць з ізаляцыі, былі пачуццё віны і падробленая бравада, адзначае валанцёр.

– Па запыце ўрачоў у першыя дні я паехала ў БХМД. Адзін з пацярпелых распавёў мне, што яго затрымалі на вуліцы, у мітынгу ён не ўдзельнічаў. У палаце ён быў прыкаваны наручнікамі і яго ахоўвалі міліцыянеры, а потым кайданкі знялі, міліцыянеры сышлі, але пры гэтым не паведамілі, ці можна яму выходзіць з палаты. Ён ляжаў і баяўся штосьці зрабіць. Акрамя страху, у яго было пачуццё віны: «Сам вінаваты, што мяне збілі, не трэба было выходзіць на вуліцу». Гэта цалкам няправільнае пачуццё, якое з'яўляецца ў многіх пацярпелых. Ахвяра не вінаватая ў тым, што ў адносінах да яе быў ужыты гвалт.

Некаторыя пацярпелыя казалі: «Мяне не моцна збілі ў параўнанні з іншымі, лепей паразмаўляйце з імі». Гэта таксама няправільна: чалавек, які нават проста бачыў гвалт, атрымаў не меншую траўму, чым той, хто стаў яго ахвярай. Многія хлопцы храбрыліся: «Так, білі, але перажывем», стараліся за ўсмешкай схаваць пачуцці. Гэта ахоўная рэакцыя, але гэтыя пачуцці неабходна перапрацаваць правільна, яны не пройдуць бясследна для псіхікі.

Псіхатраўма. Псіхалагічная дапамога патрэбная ўсім.

Іншы пацыент у БХМД распавядаў, што ў ізалятары іх распраналі цалкам і пагражалі выкласці відэа на порнасайты. Пры гэтым было відаць, што яму сорамна распавядацьь такія падрабязнасці пры людзях у палаце. Але сорам тут недарэчны. У стрэсавых сітуацыях адбываюцца розныя рэакцыі – міжвольнае мочаспусканне, істэрыка і г.д. Гэта нармальная рэакцыя псіхікі на ненармальную сітуацыю.

Клубны дом «Адкрытая душа» працуе з людзьмі з псіхічнымі захворваннямі. На фоне падзей, якія адбываліся, у гэтай катэгорыі людзей магчымыя абвастрэнні захворванняў.

– Мы ўжо адзначаем сярод нашых удзельнікаў павышаную трывогу, парушэнне сну і параною (людзі баяцца выйсці на вуліцу, на балкон, бо чулі альбо бачылі, як узрываліся шумавыя гранаты, абстрэлы гумовымі кулямі). Таму мы працягнем аказваць псіхалагічную падтрымку, – кажа кіраўнік службы рэабілітацыі «Адкрытая душа» Павел Лотвін.

Павел Лотвін.

– Плануем трэнінгі па адрэагаванні эмоцый. Цяпер шмат дапамогі аказваецца анлайн, але неабходныя вочныя кансультацыі. Мы гатовыя выдзеліць нашую пляцоўку ў Мінску для такой працы ўсім жадаючым спецыялістам, крызісным псіхолагам, хто гатовы дапамагаць. Клубныя дамы ёсць у Брэсце і Лідзе, яны таксама гатовыя ўдзельнічаць у гэтай працы. Да нашай ініцыятывы падключыліся і іншыя. Да прыкладу, сваю пляцоўку для вочных псіхалагічных кансультацый гатовыя выдзеліць прастора «Антыкавярня 1387» у Бабруйску, прастора «Крылы Халопа» у Брэсце. Цяпер час самаарганізацыі, працэс аказання дапамогі расцягнецца на месяцы, бо пацярпелых шмат.

Група ў вайберы ад Клубнага дома «Адкрытая душа» тревоgo.

Кантакт: тэл. +375257687124

Больш па тэме + кантакты бясплатнай дапамогі для пацярпелых – тут.

Фота – Ганна Кручкова і з вольных інтэрнэт-крыніц.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 125

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).