14.01.2021
14.01.2021

Як прывучыць сябе снедаць. Парады, якія працуюць

logo
Лячэбнае харчаванне і дыеты
0 11
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Не можаце прымусіць сябе снедаць ранкам альбо проста не паспяваеце? Ці грэбуеце сняданкам, бо не лічыце яго важным? А можа, выкрасліўшы гэты пункт з рэжыму харчавання, спрабуеце скараціць сутачны калараж, каб пазбавіцца ад пары лішніх кілаграмаў?

Мы ведаем усе прычыны, па якіх можа быць складана прызвычаіцца снедаць. Але ёсць некалькі парадаў, як зрабіць сняданак карыснай звычкай, якая не адбярэ шмат часу і намаганняў.

Чаму карысна снедаць

Карысны сняданак. Не варта перакусваць на хаду.

Сняданак – не проста адзін з пунктаў у рэжыме харчавання. Гэта вельмі важны этап, які літаральна абуджае арганізм, запускае метабалічныя працэсы, напаўняе энергіяй і нават, калі хочаце, «робіць» настрой на цэлы дзень.

Ёсць шэраг даследаванняў, якія паказваюць, што людзі, якія не грэбуюць сняданкамі, радзей адчуваюць праблемы з лішняй вагой, меней рызыкуюць недабраць сутачную патрэбу ў вітамінах і мінералах, лепей працуюць і вучацца, больш абароненыя ад перападаў настрою.

Трэба прызнаць, што ў апошні час з'яўляюцца альтэрнатыўныя сцвярджэнні, маўляў, сняданак не такі ўжо і важны, калі на працягу дня прытрымлівацца прынцыпаў здаровага харчавання. Тым не менш, для большасці вучоных кампрамісы ў гэтым пытанні недарэчныя: сняданак не проста неабходны, але і для дасягнення максімальнага станоўчага эфекту з'ядаць яго трэба на працягу адной гадзіны пасля абуджэння.

Карысны сняданак. Што ў яго ўваходзіць.

Сняданак без мітусні і не спяшаючыся

І тут узнікае галоўнае пытанне: як выкраіць час на паўнавартасны і карысны сняданак у напружаным раскладзе дня?

Перш за ўсё, прыміце той факт, што сняданак – абавязковая ўмова, такая ж, як прымаць душ альбо чысціць зубы ранкам. Калі для вас недапушчальна ісці на дзелавую сустрэчу з нячышчанымі зубамі, дык і пачынаць дзень са сняданку пры разуменні яго важнасці таксама зробіцца няўхільным правілам.

Што тычыцца каштоўнага часу, які неабходна выдзеліць на ранішні прыём ежы, дык тут усё яшчэ прасцей, чым можа падасца. Сняданак не прадугледжвае складанага меню з трох страў. Ключавое значэнне мае не колькасць, а якасць ежы. Правільны і здаровы сняданак павінен быць падрыхтаваны з прадуктаў, якія змяшчаюць складаныя вугляводы, клятчатку, багатыя на бялкі, вітаміны і мінералы.

Карысны сняданак. Гародніна і садавіна.

Усе гэтыя перавагі ў поўнай меры ўключаюць у сябе кашы, збожжавыя шматкі з мінімальнай колькасцю альбо зусім без дадання цукру, яйкі, арэхі, поснае мяса, прыгатаванае зберагальным спосабам, тварог, ёгурт без напаўняльніка, сыр, гародніна і садавіна. Вельмі палягчае жыццё ранкам, эканоміць каштоўны час і дысцыплінуе прыкладнае меню сняданкаў на тыдзень, складзенае, напрыклад, у выходныя.

Але адмысловае хараство сняданкаў у тым, што прыгатаваць іх можна нават загадзя, напярэдадні ўвечары. Напрыклад, адварыць яйкі ці сабраць сэндвіч з суцэльназерневага хлеба, адварнога мяса ці птушкі, сыру і гародніны. У халадзільніку, загорнутыя ў харчовую плёнку, гэтыя сняданкі лёгка чакаюць раніцы: устаў і з'еў.

Як варыянт, можна з вечара прыгатаваць «сырую» кашу – заліць на ноч кіпнем аўсяныя шматкі альбо грэчку. Да раніцы правільная страва будзе гатовая без усялякага клопату, застанецца дадаць да яе свежыя альбо замарожаныя ягады, арэхі, сыр ці ўзяць з халадзільніка загадзя зваранае яйка.

Карысны сняданак. Прыгатаваць напярэдадні.

Ёгурт, тварог, сыр, суцэльназерневы хлеб, ягады, гародніна і садавіна, арэхі, сухафрукты і зусім гатаваць не трэба. Міксуючы іх паміж сабой, можна прыдумаць велізарную колькасць варыянтаў сняданкаў, якія ніколі не надакучаць і не прыядуцца.

Разам з тым, гэтыя групы прадуктаў утрымліваюць складаныя вугляводы, раслінную клятчатку, бялок, невялікую колькасць тлушчаў, вітаміны і мінералы, гэта значыць – усё тое, што несумненна прыносіць карысць здароўю, напаўняе энергіяй і дазваляе адчуваць сябе сытым і поўным сілаў на працягу некалькіх гадзін.

Не ўсё тое сняданак, што ядуць ранкам

І гэта сапраўды так. Не ўсе сняданкі аднолькава карысныя.

Напрыклад, гатовыя сухія сняданкі – глазураваныя шматкі, мюслі, зерневыя батончыкі – у большасці выпадкаў маюць шмат простага цукру. З аднаго боку, яны хутка даюць пачуццё насычэння, з другога – энергіі ад такой ежы хапае ненадоўга, і ўжо літаральна праз гадзіну можа зноў «смактаць пад лыжачкай».

Карысны сняданак. Есці на працягу гадзіны пасля абуджэння.

Каб не трапіць у няёмкае становішча, перш чым купіць сухія сняданкі, уважліва чытайце састаў прадукту. Калі ў спісе інгрэдыентаў цукар займае адну з першых пазіцый, такі прадукт наўрад ці прынясе карысць – гэта ўсё роўна, што з'есці на сняданак пару лыжак цукровага пяску. У правільным сняданку асноўным інгрэдыентам выступаюць злакі, арэхі, сухафрукты, у ідэале – наогул без цукру ў саставе. Падсаладзіць такую страву можна чайнай лыжкай мёду альбо ягадамі.

Не падыходзяць у якасці сняданку таксама сасіскі, бутэрброды з варанай каўбасой і іншымі мяснымі паўфабрыкатамі. Калі вы аматар менавіта з такіх прадуктаў пачынаць свой дзень, дык з вялікай доляй верагоднасці артэрыяльная гіпертэнзія – захворванне, з якім вам рана ці позна давядзецца мець справу. Бо ў 100 грамах сасісак (а гэта ўсяго 2-3 штучкі) змяшчаецца практычна двухдзённая норма солі, якая прызнаная адной з галоўных вінаватых у праблемах з крывяным ціскам!

Акрамя солі, сасіскі ды іншыя мясныя паўфабрыкаты «запраўленыя» вялікай колькасцю харчовых дабавак, кансервантаў, фарбавальнікаў і ўзмацняльнікаў смаку. Дыетолагі рэкамендуюць у прынцыпе ўстрымлівацца ад падобных прадуктаў у рацыёне, і ўжо тым больш – не есці іх на сняданак.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 11

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама