11.01.2020
11.01.2020

Як развіваць клетачную тэрапію і зрабіць яе даступнай для пацыентаў?

logo
Здароўе дарослых
0 42
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сёння з клетачнымі тэхналогіямі многія звязваюць надзеі на эфектыўнае лячэнне цяжкіх захворванняў – ад артрозу да раку. Як развіваецца гэты накірунак у нашай краіне і калі клетачная тэрапія зробіцца больш даступнай для беларусаў, абмеркавалі за круглым сталом эксперты і пацыенты.

Клетачныя тэхналогіі. Лабараторыя.

Маштабаваць за кошт дзяржзаказу

У Беларусі даследаванні ў гэтай галіне пачаліся з 2006-га года, у 2010-м пачалі фарміравацца асноўныя накірункі прымянення новых метадаў лячэння. У 2014-м лячэнне з выкарыстаннем біямедыцынскіх клетачных прадуктаў (БМКП) было замацаванае заканадаўча.

Зараз клетачныя тэхналогіі ў нашай краіне развіваюцца ў двух накірунках – выкарыстанне мезенхімальных ствалавых клетак дарослага чалавека (МСК) і імунатэрапія анкалагічных захворванняў.

 
Міхаіл Патапнёў
Загадчык аддзела клетачных біятэхналогій РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па клетачных біятэхналогіях, доктар мед.навук, прафесар
У ходзе даследаванняў і клінічнага прымянення мы высветлілі, што аўталагічныя (ўласныя) і алагенныя (донарскія) МСК сапраўды бяспечныя, здольныя гасіць запаленчыя працэсы і мабілізоўваць патэнцыял уласных ствалавых клетак пацыента. Але пакуль мы не разглядаем клетачныя тэхналогіі як самастойны метад лячэння, гэта дадатак да базавай тэрапіі.

Клетачныя тэхналогіі. Лабараторыя.

Міністэрствам аховы здароўя зацверджаныя інструкцыі па ўжыванні каля 45 метадаў, што прадэманстравалі эфектыўнасць і бяспеку. Згодна з папярэднімі падлікамі, каля 750 пацыентаў атрымалі клетачную тэрапію, каля 50% з іх мелі доўгатэрміновы (больш за 1 год) станоўчы клінічны эфект.

 
Міхаіл Патапнёў
Загадчык аддзела клетачных біятэхналогій РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па клетачных біятэхналогіях, доктар мед.навук, прафесар
Пакуль мы на пачатку шляху развіцця клетачнай тэрапіі – на 1-2-й стадыі клінічных выпрабаванняў. У шырокую практыку, як правіла, напрацоўкі ідуць пасля 10 гадоў даследаванняў. Мы толькі падыходзім да гэтай мяжы. Тым не менш, ужо неабходна ставіць пытанні маштабавання і пашырэння прымянення новых метадаў, паколькі ацэначная патрэба ў іх вялікая. РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій як вытворца БМКП узгадняе з Міністэрствам аховы здароўя на 2020 год нарыхтоўку клетачных прадуктаў для некаторых катэгорый пацыентаў у рамках дзяржзаказу. Шырокае прымяненне клетачных тэхналогій стрымлівае іх кошт (вытворчасць БМКП абыходзіцца ў 1-4 тысячы рублёў) і абмежаваныя магутнасці клетачных лабараторый. Таму на дадзеным этапе мы вельмі старанна адбіраем пацыентаў, якім гэтая тэхналогія сапраўды дапаможа.

Па класіфікацыі FDA (Упраўленне па наглядзе за харчовымі прадуктамі і медыкаментамі ЗША) вызначаныя паказанні для прымянення МСК: пасля трансплантацыі касцявога мозгу для прафілактыкі рэакцыі «трансплантат супраць гаспадара»; бакавы аміятрафічны склероз; рассеяны склероз; паталогіі неданошаных дзяцей. У Беларусі ва ўсіх гэтых сферах лячэнне клеткамі асвойваецца.

Адкрываць спецаддзяленне ў неўралогіі

Таксама ідуць даследаванні ў неўралогіі. Аднак эксперты лічаць, што пакуль рана бачыць у клетачных тэхналогіях панацэю ў лячэнні цяжкіх неўралагічных паталогій.

 
Юрый Шанько
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар мед.навук, прафесар
Наш РПНЦ працуе ў гэтай тэме каля 7 гадоў, мы сур'ёзна вывучылі пытанне і выявілі, што сёння няма адэкватных метадаў дастаўкі МСК у галаўны мозг. Пры ўнутрывенным увядзенні ў яго трапляе 0,2% клетак. Такі ж мізэрны эфект пры ўнутрыартэрыяльнай ін'екцыі, а эндалюмбальнае ўвядзенне наогул фікцыя. А непасрэднае ўвядзенне клетак у галаўны мозг выкліча яго нязначную траўму – і ўвесь патэнцыял МСК сыдзе на ліквідацыю пашкоджання.

Клетачныя тэхналогіі. Галаўны мозг.

Зараз у Інстытуце фізіялогіі НАН распрацаваны перспектыўны перынеўральны спосаб дастаўкі МСК у галаўны мозг. Але няправільна думаць, што ствалавая клетка ўстане на месца нейрона, выгадуе паўтараметровы аксон, які далучыцца да мышачных валокнаў або чагосьці іншага, і пачне працаваць, кажа эксперт.

 
Юрый Шанько
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар мед.навук, прафесар
Пакуль МСК паказваюць эфект толькі пры вострым ачаговым паражэнні галаўнога мозгу (інфаркце, чэрапна-мазгавой траўме і інш.), якое прыводзіць да пашкоджання клеткі, назапашвання таксічных прадуктаў у прылеглых аддзелах і іх другаснага паражэння. Для аднаўлення функцый гэтых аддзелаў мозгу мы можам выкарыстоўваць пэўныя ўласцівасці МСК. Але тут прынцыповае значэнне мае фактар часу. Нашыя даследаванні паказалі: калі ў пацыента ў стане комы ўзяць біяматэрыял на трэція-пятыя суткі і ўвесці культываваныя ствалавыя клеткі праз 2 тыдні, дык пасля 1-2 увядзенняў ён вяртаецца ў прытомнасць. Без гэтага чалавек мог доўга заставацца ў коме і выйсці ў вегетатыўны стан. Таксама пры ін'екцыі МСК у пацыентаў адзначаецца паляпшэнне паказчыкаў аднаўлення і выжывальнасці. Як правіла, пасля перанесенага інфаркту галаўнога мозгу прыкладна 20-25% пацыентаў у першыя 6 месяцаў паміраюць ад паўторнага інфаркту. У групе хворых, у якіх мы прымянялі клетачную тэрапію, за паўтара года памёр толькі 1 чалавек, старэйшы за 70 гадоў.

Клетачныя тэхналогіі. Інфаркт галаўнога мозгу.

Паколькі клетачны матэрыял недаўгавечны, а час яго ўвядзення прынцыпова важны, неўралагічная служба ўжо падышла да ідэі стварэння спецыялізаванага аддзялення на 20-30 ложкаў. Арганізатары аховы здароўя павінны падумаць, дзе і як гэта зрабіць, лічыць Юрый Шанько.

 
Юрый Шанько
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар мед.навук, прафесар
Галоўная задача сёння, на мой погляд, – больш жорсткі адбор пацыентаў з захворваннямі, пры якіх клетачныя тэхналогіі дакладна дапамогуць, каб гэта не зрабілася прафанацыяй і выпампоўваннем грошай з насельніцтва. У Паўднёвай Карэі, да прыкладу, людзям з вострай спінальнай траўмай тут жа спрабавалі ўводзіць МСК, маўляў, менавіта яны дапамагаюць праз пару месяцаў устаць на ногі. Хаця насамрэч гэта спінальны шок, які праз два месяцы праходзіць самаадвольна.

Унесці клетачную тэрапію ў пералік платных паслуг

Ствалавыя клеткі выкарыстоўваюцца ўжо і для лячэння артрытаў ды іншых пашкоджанняў суставаў. Яны пакуль яшчэ не заменяць эндапратэзаванне, але змогуць зняць запаленчыя працэсы і боль.

 
Алег Эйсмант
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, доктар мед.навук, дацэнт
Наш РНПЦ выкарыстоўвае клетачныя тэхналогіі пры паталогіях апорна-рухальнага апарата больш за 10 гадоў. Мы правялі даследаванні па ўжыванні аўталагічных ствалавых клетак для лячэння маладых пацыентаў з невялікімі дэфектамі сустаўнага храстка, а таксама алагенных клетак для лячэння больш узроставых пацыентаў з артрозамі суставаў. У Міністэрстве аховы здароўя ўжо зацверджаныя інструкцыі па ўжыванні гэтых метадаў. Завяршаецца праект па распрацоўцы метаду лячэння асептычнага некрозу галоўкі сцегнавой косці, які можа даць добры эфект у камбінацыі клетачнай і традыцыйнай тэрапіі. Працягваецца выкананне праектаў па ўжыванні МСК пры запаволеным зрастанні целаў пазванкоў пры пашкоджаннях і захворваннях пазваночніка пасля хірургічнага лячэння.

Артапеды бачаць перспектыву за клетачнымі тэхналогіямі ў лячэнні рознай паталогіі суставаў і актыўна выкарыстоўвалі б іх у клінічнай практыцы. Але пакуль гэта складана.

 
Алег Эйсмант
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, доктар мед.навук, дацэнт
У нашага РНПЦ няма ўласнай лабараторыі для вытворчасці БМКП, мы вымушаныя заказваць клеткі ў іншых устаноў. У рамках навуковых праектаў лячэнне пацыентаў з ужываннем БМКП фінансуецца за кошт бюджэту. Але хто аплаціць яго вытворчасць у клінічнай практыцы? У РНПЦ гэтых сродкаў няма, пацыенты зрабіць гэта таксама не могуць, бо ім даецца бясплатная медыцынская дапамога. З замежнікамі прасцей: у кошт іх лячэння можна ўключыць у тым ліку выдаткі на вытворчасць БМКП. А нашы грамадзяне пакуль не могуць атрымаць клетачную тэрапію за грошы, паколькі гэтая паслуга не ўваходзіць у Пералік платных медыцынскіх паслуг, што аказваюцца дзяржустановамі аховы здароўя. Магчыма, варта перагледзець заканадаўства і ўключыць пэўныя віды клетачнай тэрапіі ў гэты пералік.

Развіваць інфраструктуру і рыхтаваць кадры

Клетачныя тэхналогіі.

Клетачныя тэхналогіі развіваюцца не толькі ў сістэме Міністэрства аховы здароўя, але ў Нацыянальнай акадэміі навук.

 
Андрэй Ганчароў
Дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі, кандыдат мед.наук, дацэнт
У інстытуце мы не толькі праводзім навуковыя даследаванні па выкарыстанні МСК і дэндрытных клетак, але і аказваем з іх дапамогай дапамогу пацыентам. У нас распрацаваныя і зарэгістраваныя 2 БМКП: мезенхімальныя ствалавыя клеткі тлушчавай тканкі і фібрабласты дэрмы. Зараз заканчваецца рэгістрацыя лімбальных ствалавых клетак для лячэння афтальмалагічных захворванняў і тканкавага эквівалента скуры. Прыступаем да рэгістрацыі дэндрытных клетак. Зараз у інстытуце пачаліся клінічныя выпрабаванні па лячэнні сістэмнай чырвонай ваўчанкі пры дапамозе алагенных ствалавых клетак. Дэндрытныя клеткі ўжываліся для лячэння пацыентаў з туберкулёзам, ракам малочнай залозы, ракам падстраўнікавай залозы. Вынікі вельмі абнадзейлівыя: да прыкладу, аднагадовая выжывальнасць пацыентаў з ракам падстраўнікавай залозы, якім уводзілася вакцына з дэндрытнымі клеткамі, склала 78%, а без вакцыны – толькі 33%.

У інстытуце створанае аддзяленне рэгенератыўнай медыцыны і клетачнай тэрапіі, якое знаходзіцца на поўнай самаакупнасці. Паколькі Інстытут не з'яўляецца арганізацыяй аховы здароўя, ён можа аказваць платныя паслугі беларускім пацыентам. За 2019 год заключана 56 дагавораў з фізічнымі асобамі, у тым ліку 34 пацыенты з анказахворваннямі атрымліваюць лячэнне дэндрытнымі клеткамі, 15 праходзяць лячэнне артрыту буйных і сярэдніх суставаў з выкарыстаннем аўталагічных ствалавых клетак. У аддзяленні з дапамогай клетачных прадуктаў таксама лечым трафічныя язвы і рэцэсію дзясны. Адзін курс лячэння дэндрытнымі клеткамі каштуе каля 6 тысяч рублёў, МСК – 2-4 тысячы рублёў. Гэта на парадак меней, чым за мяжой.

 
Андрэй Ганчароў
Дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі, кандыдат мед.наук, дацэнт
Я лічу, што калі пакуль няма магчымасці забяспечыць лячэнне клетачнымі тэхналогіямі ўсім пацыентам, трэба даць магчымасць хаця б тым, хто можа сабе гэта дазволіць.

Сёння вытворчасцю БМКП займаюцца толькі 4 установы. Гэтага недастаткова, лічыць эксперт. Неабходна задумацца пра пашырэнне сеткі лабараторый клетачных тэхналогій, рыхтаваць для іх кадры і адначасова працаваць з урачамі, якія пакуль мала ведаюць пра гэтыя тэхналогіі.

 
Андрэй Ганчароў
Дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі, кандыдат мед.наук, дацэнт
Да прыкладу, калі мы захочам сёння ўкараніць у клінічную практыку лячэнне толькі раку падстраўнікавай залозы з дапамогай дэндрытных клетак, якое паказала добрыя вынікі, дык магутнасцяў наяўных у краіне лабараторый не хопіць, каб забяспечыць усіх пацыентаў з гэтай паталогіяй. На мой погляд, такія лабараторыі патрэбныя як мінімум у кожным абласным цэнтры, а ў будучыні – у кожнай буйной клініцы.

Каб вырабляць больш БМКП, спатрэбіцца больш супрацоўнікаў, якія валодаюць гэтымі метадамі. А падрыхтаваць іх не так проста.

 
Андрэй Ганчароў
Дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі, кандыдат мед.наук, дацэнт
Акрамя таго, мы сутыкнуліся з тым, што ў клініках не ведаюць, як прымяняць клетачныя прадукты, і ў прынцыпе не ўмеюць працаваць з гэтымі тэхналогіямі. Да прыкладу, няправільна забіралі скурны лапік у пацыентаў для атрымання фібрабластаў і інш. Гэта можа дыскрэдытаваць эфектыўную клетачную тэрапію. Таму трэба вырашаць пытанне з навучаннем кадраў.

Дазволіць геннамадыфікаваныя клеткі

 Сёння ўжо відавочна, што магчымасці хіміятэрапіі практычна вычарпаныя. Таму ў свеце актыўна развіваюцца таргетная тэрапія і клеткавая імунатэрапія. Тут мы прыкладна ідзем у нагу з іншымі краінамі. А вось ва ўжыванні геннамадыфікаваных клетак істотна адстаем, паколькі ў Беларусі гэтыя тэхналогіі пакуль забароненыя.

 
Міхаіл Белеўцаў
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, кандыдат біялаг.навук
Да прыкладу, лячэнне вострага лімфабласнага лейкозу з ужываннем CAR Т-клетачнай тэрапіі ў нашай краіне немагчымае, хаця ўжо даўно выкарыстоўваецца ва ўсіх найбуйнейшых цэнтрах Германіі, ЗША, РФ і паказвае высокую эфектыўнасць. Зараз ідзе дапрацоўка Закона аб ахове здароўя, і мы выступаем з ініцыятывай дазволіць выкарыстанне геннамадыфікаваных клетак у тэрапеўтычных мэтах.

Генная тэрапія ў Еўропе дазволеная з 1990 года і дае гарантаваны эфект на працягу двух гадоў, зараз вучоныя працуюць над павелічэннем гэтага тэрміну да пяці гадоў, удакладняе Міхаіл Патапнёў. Зараз з усіх клетачных тэхналогій у 90% клінічных пратаколаў прымяняюцца менавіта геннамадыфікаваныя клеткі. Гэта зусім не азначае карэнную змену геному, таму баяцца метаду няма падстаў.

Што рабіць з пратаколамі?

Каб клетачныя тэхналогіі зрабіліся больш даступнымі для пацыентаў, неабходна ўводзіць іх у клінічныя пратаколы. Ці магчыма гэта зрабіць сёння? На думку Юрыя Шанько, замацаванне метаду ў пратаколах азначае, што дадзеная тэрапія павінна будзе выкарыстоўвацца ва ўсіх спецыялізаваных стацыянарах для ўсіх грамадзян за кошт бюджэту, на што сёння пакуль няма ні сродкаў, ні кадраў, ні інфраструктуры.

 
Юрый Шанько
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар мед.навук, прафесар
Нават у абласных цэнтрах урачы яшчэ не гатовыя выкарыстоўваць клетачныя тэхналогіі, не кажучы ўжо пра раённыя бальніцы. А Мінск захлынецца, калі возьме на сябе ўсіх, хто мае патрэбу.

На думку Міхаіла Патапнёва, на дадзеным этапе, зыходзячы з рэальных магчымасцяў краіны, трэба дакладна вызначыць кола пацыентаў, якім без клетачнай тэрапіі не абысціся, і ў першую чаргу лячэнне менавіта гэтых паталогій уводзіць у пратаколы.

 
Міхаіл Патапнёў
Загадчык аддзела клетачных біятэхналогій РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па клетачных біятэхналогіях, доктар мед.навук, прафесар
Да прыкладу, гэта неабходна пры фармакарэзістэнтнасці, калі толькі ўжыванне клетачнай тэрапіі аказвае тэрапеўтычны эфект, у тым ліку дазваляе часткова вярнуць адчувальнасць да лекавых прэпаратаў.

Пацыенты: «Павінен быць выбар»

 Пацыенты хацелі б, каб якасная медыцынская дапамога была даступная і быў выбар як для плацежаздольных, так і для працыентаў, якія маюць вялікую патрэбу.

 
Алена Грыгор’ева
Кіраўнік Беларускага партнёрства пацыенцкіх арганізацый
Мы будзем лабіраваць развіццё платных медыцынскіх паслуг у клетачнай тэрапіі, бо, як гэта ні парадаксальна, пакуль замежніку лягчэй, чым беларусу, атрымаць гэты від дапамогі. Мы таксама бачым перспектыву ў тым, каб беларускія клінікі больш актыўна ўдзельнічалі ў міжнародных клінічных даследаваннях, у тым ліку ў сферы клетачных тэхналогій. Для нас гэта рэальны шанц атрымаць якаснае лячэнне тут і цяпер.

Кошт лабараторыі клетачных тэхналогій з двума працоўнымі месцамі – каля 100 тысяч долараў. Яна дазволіць забяспечыць 250-300 увядзенняў БМКП у год.

Фота экспертаў – Яўген Крэч.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 42

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).
Глядзіце таксама