17.01.2023
17.01.2023

Як сняжынкі снегавічка стварылі (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Першы дзень Новага года пачаўся з паўночнага здаровага ветрыка. Як толькі развіднелася сярэбраная раніца падаравала спорны, густы сняжок. Мільярды лёгкіх сняжынак мякка, бы тыя парашуцікі апускаліся на зямлю. І хутка ўсё навокал стала казачна белым.

Як толькі снег пацішэў, адна маленькая вяртлявая Сняжынка разам са сваімі сяброўкамі радасна кружыліся ў вясёлым і чароўным зімнім  танцы. Іх добраму настрою спрыяла і выглянуўшае зусім неспадзявана з-за мітуслівых  сініх фальбонаў хмарак ласкавая ўсмешка Сонейка.

Сняжынкі танцуюць

Сняжынкі былі ўбраныя ў чароўныя карункавыя сукеначкі, малюнак кожнай быў настолькі асаблівым, што ніколі больш ні ў адной з мільярдаў сябровак не паўтараўся. Яны былі шчаслівымі, адчуваючы сваю непаўторную індывідуальнасць і прыгажосць.

І ад той карункавай чысціні і белі сляпіла вочы. Усё навокал пасвятлела пад зіхатліва-белым покрывам. І нельга было ўтрымацца, каб не пазабаўляцца.

Напачатку Сняжынкі забаўляліся між сабою, выконваючы ў паветры свае непаўторныя і захапляльныя танцы. Штосьці казачнае і цудоўнае бачылася ў іх карагодзе. Да іх далучалася ўсё больш і больш сябровак. Яны браліся за рукі і кружыліся, паспяваючы аб чымсьці перашэптвацца.

Прыгожыя сняжынкі

І ў тым шолаху была прыродная тайна. Раптам некалькі Сняжынак зблізіліся настолькі, што зляпіліся ў адзін белы камячок. Зляпіліся і рассмяяліся:

– Ой, як цікава!. Мы ўсе ў адной вялікай сняжынцы! Нібы ліпучкі якія.

І яны пачалі качацца па снезе, скочваючыся ў яшчэ большы клубок. Да іх далучалася ўсё больш і больш, мноства Сняжынак.  Цяпер яны ўжо штурхалі наперад вялізны камяк, якім забаўляліся і той камяк быў першым, што лёг пасярэдзіне двара, як аснова.

Зашапталіся Сняжынкі. Можа яны дзяліліся свежымі казкамі пра цудадзейную краіну Лапландыю ці пра беларускага сабрата Дзеда Мароза па клічцы Зюзя. Дарэчы, гэта ён, Дзядуля Зюзя, мінулай ноччу і прынёс ўсім дзецям падарункі і выканаў мары кожнага. І гэтую светлую радасць забаўляццца на светлых абшарах Зюзя таксама падараваў.

Дзед Мароз

А можа яны расказвалі пра Снежную Каралеву. Перашэптваліся, але рухава рабілі сваю справу. І калі з усіх пад’ездаў нібы гарох павысыпалася дзятва, што тут пачалося! Адныя гулялі ў снежкі. Іллюшык з сябрамі будаваў крэпасць. Снежкі ляцелі то ў адзін, то ў другі бок. Бывала, што і яму даставалася.

Уллянка, убачыўшы гатовыя камякі снегу паклікала хлопчыкаў:

– Вось дык цуд! Глядзіце, глядзіце! Нейкая неймаверная сіла ўздымае снежныя камякі!? – На асноўны кладзецца меншы. Наверх – камяк, трэці – яшчэ меншы.

– Вось і галава, – прамовіла Уллянка. –Толькі хто гэта так парупіўся без нашай дапамогі?

У адказ пачуўся вясёлы шолах снегападу і ўсё наваколле ажывілася, заіскрылася, засмяялася.

Зімовае надвор'е. Зверы лепяць снегавічка

– Пачакайце, – супакоіў сяброў Іллюшык. Ён быў старэйшым сярод дзяцей, і ўсе яго слухаліся.

Ён прынёс дзіцячае блакітнае вядзерца. Чым не шапка? Хтосьці ўжо ўтыкаў дзяркачыкі замест рук. Бабуля Ліма вынесла моркавінку, за якой вяртлява збегала Уллянка.

– Вось і нос будзе, – нарэшце крыкнула самая малая Святланка. – Цудоўна!

Хтосьці прапанаваў збегаць за гузікамі, але руплівы Сярожа ўжо паспеў прынесьці вугельчыкі.

– Гэта будуць вочы.

Зімовы снегавічок

Дзяўчынкі, замацаваўшы дугападобныя пруцікі на бровы і роцік, цяпер падмалёўвалі вусны.

– Во як у вас спраўна ўсё атрымліваецца! – сказаў, лагодна ўсміхаючыся ў свае сівыя вусы праходзячы Дзядуля Зюзя са сваёй памочніцай Снягуркай.

– А то! Каб вады напіцца, Дзядуля Зюзя, трэба ёй пакланіцца.

– Усё так, дзеці мае! А цяпер – айда ў карагод! Новы год працягваецца!

Дзеткі і новы год

Добра настраляўшыся ў снежкі, Іллюшык падышоў да сяброў.

– Ну як тут у вас? – Ён азірнуўся на хлапчукоў, з якімі толькі што гулялі ў снежны бой, паглядаў, бо пабойваўся, каб якая-небудзь нахабная  снежка не збіла з галавы Снегавіка вядзерца ці пашкодзіла нос. Перажываў, каб не пакрыўдзіўся Трусік – галоўны сімвал надышоўшага года.

– Усё ціп-топ! – Нас сам Дзядуля Зюзя пахваліў.

– Вось цяпер гатова! – сказаў Іллюшык. З гэтымі словамі Снегавік адкрыў вочы і пачаў азірацца. Тое, што ён убачыў бялюткае наваколле і паўсюль вялікія і маленькія ёлкі, упрыгожаныя рознакаляровымі цацкамі і бліскучай мішурой з мноствам мільгаючых гірляндаў яго вельмі ўразіла.

– Якая прыгажосць! – Дзякуй вам, Сняжынкі, што далі мне магчымасць убачыць гэтую зямную прыгажосць!

Сеенавік і сняжынкі 2

– Калі ласка, Снегавічок! Але не мы адныя спрычыніліся да твайго нараджэння. – Дзеці дапамаглі. Зараз яны ізноў прыбягуць. Так што яшчэ многа чаго цікавага пабачыш.

І сапраўды, калі вярнуліся дзеці, якія паспелі павадзіць карагод і вакол ёлкі, да Снегавіка падбеглі, адразу прывіталіся:

– Дзень добры, Снегавічок!

Снегавічок кіўнуў у адказ галавой з блакітным вядзерцам замест шапкі.

Сняжынкі і снегавік

І Сняжынкі, што закружыліся ў вольным палёце, былі такімі здзіўляльна прыцягальнымі і непаўторнымі ў сваім карункавым шчаслівым ззянні, што і Снегавічку захацелся разам з дзятвой пусціцца ў навагодні карагод.

Дзеці ўсміхаліся гэтай казачнай радасці і, узяўшыся за рукі вадзілі карагоды і вакол навагодняй ёлкі, і вакол Снегавічка. І ён адчуваў сябе на вяршыні шчасця ў цэнтры агульнай увагі.

Заслужаныя падарункі (казка +аўдыё)

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама