28.03.2021
28.03.2021

Як справіцца з наступствамі булінгу і не дапусціць яго паўтарэння. Парады псіхолага

logo
Адукацыя і выхаванне
0 0150
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Трэба прызнаць, што пытанне булінгу (сістэмнага цкавання) ў беларускіх школах зараз не вырашаецца на сістэмным узроўні і часцяком наогул не пазначаецца як праблема. Калі ў бацькоў няма магчымасці паўплываць на сам працэс булінга, на першы план выходзіць пытанне, як спраўляцца з яго наступствамі і не дапусціць паўтарэння. Паспрабуем разабрацца.

Вераніка Міхалка

Шмат гадоў я працую як псіхолаг-кансультант у сферы альтэрнатыўнай адукацыі. Да мяне даволі часта звяртаюцца бацькі, якія вымушана шукаюць альтэрнатыву школе менавіта з-за булінгу.

Са свайго досведу працы хачу адзначыць прынцыповыя моманты, важныя для працы з наступствамі цкавання:

  1. Усе бацькі, якія звяртаюцца да мяне па дапамогу, валодаюць вялікай усвядомленасцю, зацікаўленыя ў дабрабыце сваіх дзяцей, не страцілі іх прыхільнасці, карыстаюцца аўтарытэтам. Тым не менш, нават дзеці з гэтых сем'яў сутыкаюцца з булінгам. Такім чынам, адносна добрая сямейная сітуацыя не застрахоўвае ад яго ўзнікнення. І наадварот, калі дзіця цкуюць у школе, гэта не сведчыць напрамую пра нядобранадзейнасць сямейнай сітуацыі.
  2. Калі на ўзроўні школы (альбо альтэрнатыўнай бацькоўскай ініцыятывы) праблема не прызнаецца, цкаванне раней ці пазней распаўсюджваецца і на бацькоў. Як правіла, да мяне на кансультацыю з запытам сыходу са школьнай сістэмы бацькі прыходзяць ужо ў сітуацыі, калі ад булінгу церпіць уся сям'я.

Як гэта адбываецца? Настаўнік/адміністрацыя школы не жадае прызнаць і/альбо не можа справіцца з сітуацыяй булінгу, скаргі/просьбы/патрабаванні з боку бацькоў не спыняюцца, і самі бацькі робяцца праблемай для школы. У выніку ўсё зводзіцца да абвінавачання бацькоў у тым, што іх дзіця не такое/ая, яны не так выхавалі/наладзілі, не кампетэнтныя як бацькі. Фактычна, гэта класічная сітуацыя віктымблеймінгу, калі ў праблемах абвінавачваюць саміх пацярпелых, а ў дадзеным выпадку – яшчэ і іх бацькоў.

Цкаванне. Булінг у школе. Калі церпяць і бацькі.

  1. Цкаванне можа ўзнікнуць у любым дзіцячым калектыве, у тым ліку нешматлікім, альтэрнатыўным, створаным з самымі гуманнымі ўяўленнямі пра адукацыю і выхаванне – у гуртку, прыватнай школе, сямейным класе, дзіцячым лагеры і г.д. Дарагая прыватная школа з маленькім класам – не гарантыя адсутнасці цкавання, часам, наадварот, яе статутныя і дэклараваныя каштоўнасці не дазваляюць адразу назваць рэчы сваімі імёнамі і пазначыць праблему.

Досвед працы з наступствамі цкавання і асноўныя высновы для бацькоў

Я заўсёды на баку бацькоў, якія звярнуліся да мяне па дапамогу. І, натуральна, на баку іх дзіцяці. Сярод маіх кліентаў няма дарослых, якія відавочна становяцца на бок «крыўдзіцеляў» і адміністрацыі школы, аднак ва ўсіх бацькоў упэўненасць у сваёй праваце бывае непазбежна падарваная, яны асцерагаюцца сустрэць такое ж стаўленне, якое і прывяло іх на кансультацыю. Часам дастаткова мінімальнай інфармацыі і проста адносінаў, якія ўпэўнена падтрымліваюць, каб бацькі зноў адчулі сваю кампетэнтнасць і акрэслілі крокі па самастойнаму вырашэнню праблемы.

Той жа прынцып можна перанесці на стаўленне бацькоў да свайго дзіцяці ў сітуацыі цкавання – адназначна, без сумненняў быць на баку дзіцяці. Нават калі вашае дзіця і ёсць «булі»-крыўдзіцель. Так, гэта складаней, чым падтрымліваць таго, каго буляць, але іншага шляху няма. Толькі з падтрымкі і супрацоўніцтва бацькоў з дзіцем можна вырашыць сітуацыю цкавання.

Цкаванне. Булінг. Падтрымка дзяцей бацькамі.

Я вяртаю бацькоў да іх мэтаў. Гэта карпатлівая праца. Бацькі, аддаючы дзіця ў школу, сямейны клас, гурток, заўсёды маюць пэўную мэту: якасную адукацыю, прыемнае баўленне часу, засваенне ўменняў, стасункі ў прыязным калектыве і г.д. У сітуацыі цкавання ў бацькоў збіваецца прыцэл – першапачатковая мэта выпадае з поля зроку, яе замяняюць мэты барацьбы і выжывання – пазбегнуць, даказаць, адбіцца, змагацца, абвергнуць, пацярпець, адпомсціць... Калі дапамагчы бацькам знізіць эмацыянальны напал ад працэсу барацьбы, часта робіцца відавочным, што мэта, дзеля якой дзіця ўсё яшчэ ходзіць у праблемны калектыў, не дасягаецца альбо першапачаткова была там не дасягальная.

Так, напрыклад, у бацькоў магла быць мэта, каб дзіця вучылася ў невялікім класе ва ўтульнай прыязнай абстаноўцы. Акадэмічныя поспехі не былі прыярытэтам сям'і, і менавіта за гэта бацькі былі гатовыя плаціць грошы. А ў выніку сям'я атрымлівае спаборніцкае, канкурэнтнае асяроддзе, гонку за акадэмічнай паспяховасцю, пры гэтым дзіця буляць за марудлівасць, някемлівасць, нежаданне канкурыраваць. Бацькі пераключаюць увагу на вырашэнне праблемаў, якія спарадзіла асяроддзе, і выпускаюць з-пад увагі тое, дзеля чаго змясцілі туды сваё дзіця. Вельмі важна вярнуцца на пазіцыю «заказчыка», які выбірае асяроддзе і паслугі пад патрэбы дзіцяці і сям'і.

Бацькі гэтак жа могуць дапамагчы дзіцяці вярнуцца ў пазіцыю таго, хто выбірае, папытаўшыся: «Калі ты вырашыў/а хадзіць сюды, што ты хацеў/а атрымаць? Гэтыя выкладчыкі/вучні дапамагаюць табе ў гэтым зараз? У гэтым месцы ты можаш дасягнуць сваёй мэты?»

Цкаванне. Булінг. Як дапамагчы дзіцяці вярнуць першапачатковыя мэты.

Мая мэта – вяртанне годнасці бацькам і дзіцяці. Роля «ахвяры» непазбежна адымае шмат сіл, энергіі, прыніжае, пазбаўляе рэсурсаў, адвагі, «змінае» вобраз сябе, уяўленне пра сябе – пазбаўляе адчування ўласнай годнасці. Я давяраю кампетэнтнасці бацькоў, абгрунтаванасці іх прэтэнзій да траўмуючага асяроддзя, дапамагаю вярнуцца ў пазіцыю тых, хто выбірае падыходзячае для свайго дзіцяці, і тым самым дапамагаю вярнуць страчаную годнасць. З гэтай пазіцыі і самаадчування ўсе рашэнні і дзеянні маюць прынцыпова іншае значэнне.

Напрыклад, перавод дзіцяці ў іншую школу ўжо не будзе ўспрымацца як уцёкі, капітуляцыя, правал, а будзе тым, чым з'яўляецца, – зменай благога месца навучання/выкладчыка/калектыву на падыходзячае, якое адказвае запытам і мэтам сям'і і дзіцяці. Гэта асабліва важна для мужчын, бацькоў, якія лёгка эмацыянальна ўключаюцца ў сітуацыю цкавання і часта вельмі балюча перажываюць немагчымасць абараніць сваё дзіця, аднавіць справядлівасць ці хаця б у пэўнай форме адпомсціць крыўдзіцелям.

Я настройваю бацькоў на мэтанакіраваны пошук падтрымкі ў сваім асяроддзі і хаця б часовае выключэнне з яго тых людзей, якія не падтрымліваюць. Сям'я, якая спазнала цкаванне, знаходзіцца ва ўразлівым стане, галоўная яе задача – спыніць цкаванне і аднавіцца. Не даказваць камусьці сваю правату, «нармалёвасць», «невінаватасць», а займацца канкрэтна пытаннямі ўласнага аднаўлення, прасіць і атрымліваць падтрымку блізкіх, сяброў, знаёмых, спецыялістаў, якія  дапамагаюць. Прычым дапамога і падтрымка патрэбныя не толькі дзіцяці, але і бацькам.

Цкаванне. Булінг. Псіхолаг працуе і з дзецьмі, і з дарослымі.

Што рабіць?

Як жа пазбегнуць цкавання, своечасова заўважыць, спыніць, не дапусціць паўтарэння ў новым калектыве? У мяне тры асноўныя парады бацькам.

  1. Аддаваць дзіця ў клапатліва створаны калектыў, арганізатар якога ведае аб праблеме цкавання, гатовы яе прызнаць і працаваць над яе прафілактыкай і пераадоленнем. Чаму гэта так важна? Ад цкавання пакутуюць не толькі «ахвяры», але і самі «крыўдзіцелі», і сведкі, таму трэба імкнуцца не толькі да таго, каб засцерагчы сваё дзіця ад ролі «ахвяры», а наогул не дапусціць цкавання ў тым калектыве, дзе знаходзіцца дзіця.
  2. Быць на баку дзіцяці. Прыхільнасць дзіцяці да бацькоў і значных дарослых, моцная сувязь, давер і ўпэўненасць, што бацькі заўсёды на яго/яе баку, заўсёды акажуць дапамогу, зніжае верагоднасць узнікнення цкавання альбо дапамагае хутка і з найменшай шкодай вырашыць праблемную сітуацыю.
  3. Прапрацаваць сітуацыю цкавання з псіхолагам. Прагаворванне, пражыванне з вялікай верагоднасцю дапаможа пазбегнуць паўтарэння гэтай сітуацыі ў іншым калектыве. Прычым пажадана, каб праца вялася і з бацькамі, бо менавіта спакойныя і ўпэўненыя ў сабе бацькі – аснова спакою і ўпэўненасці дзіцяці.

Фота эксперта – Андрэй Васкрасенскі.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 150

Псіхолаг, траўматэрапеўт