26.09.2020
26.09.2020

Як сямейная адукацыя ўплывае на здароўе дзяцей?

logo
Адукацыя і выхаванне
0 84
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Неўралагічныя і псіхічныя парушэнні, падзенне зроку, скрыўленне паставы ў дзяцей – прызнаныя выдаткі нашай школьнай сістэмы.

А ці можна захаваць здароўе пры сямейнай адукацыі, калі дзіця вучыцца па індывідуальным плане дома? Гэтае пытанне мы абмеркавалі з псіхолагам і кансультантам па сямейнай адукацыі Веранікай Міхалка, якая займаецца дадзенай тэмай каля 10 гадоў і практыкуе гэты падыход ва ўласнай сям'і.

Перавагі сямейнай адукацыі

Здароўе не абмяжоўваецца фізіялогіяй. Яно ўключае ў сябе таксама псіхічнае, сацыяльнае і духоўнае самаадчуванне. Таму пытанне трэба разглядаць комплексна. На аснове свайго вопыту эксперт вывела перавагі сямейнай адукацыі па кожным складніку.

Верніка Міхалко. Сям'я. Сямейная адукацыя. Хатняя адукацыя.

Цела і псіхіка

– Найбольш відавочныя плюсы сямейнай адукацыі для фізічнага здароўя ў тым, што дзіця можа прытрымлівацца свайго ўласнага рэжыму дня, харчавацца якаснай хатняй ежай, рухацца падчас заняткаў і мець шмат вольнага часу для іншых захапленняў, – кажа эксперт. – Псіхічнае здароўе не пакутуе дзякуючы таму, што можна рэгуляваць узровень вучэбнай нагрузкі ў адпаведнасці з індывідуальнымі асаблівасцямі дзіцяці.

Дзецям таксама не трэба падладжвацца пад агульны тэмп выканання заданняў. Імкнуцца паспець за класам – сур'ёзная псіхічная нагрузка, у выніку чаго зніжаецца эфектыўнасць навучання: гонка вымотвае і зніжае задавальненне ад сваіх дасягненняў. Дома дзіця можа асвойваць матэрыял у камфортным тэмпе.

Важны складнік псіхічнага здароўя – упэўненасць у сабе. Сямейнае асяроддзе можа яе забяспечыць, у адрозненні ад школы, дзе дзецям трэба марнаваць шмат сіл на выбудоўванне адносінаў з вялікай колькасцю няблізкіх яму людзей, спаборнічаць з аднакласнікамі, даказваць сваю слушнасць настаўнікам.

Дух і соцыум

Сацыяльнае здароўе – найбольш цікавы, але рэдка аналізуемы аспект. Псіхолаг упэўненая, што жыццёвыя ўстаноўкі і мэты аказваюць істотны ўплыў на фарміраванне здароўя. І менавіта тут трэба будзе самая галоўная праца для бацькоў, якія выбралі шлях сямейнай адукацыі для сваіх дзяцей. Праца па пераасэнсаванні ўласнага жыцця і стэрэатыпаў, закладзеных нашым мінулым школьным вопытам.

Вераніка Міхалко. Сям'я. Сямейнае навучанне.

– Існуе міф, што сацыяльна здаровае дзіця павінна праводзіць паўдня ў школе ў дзіцячым калектыве, – прыводзіць прыклад Вераніка Міхалка. – Такая сацыялізацыя была калісьці важнай умовай у выразна структураваным савецкім грамадстве з адзіным адукацыйным сцэнаром. Але ў сучасным свеце школьны калектыў не дае патрэбных жыццёвых навыкаў. Сёння працадаўцам патрэбныя іншыя якасці і здольнасці. А калі казаць пра ненаёмную працу, а прадпрымальніцтва, дык школа наогул прапануе прынцыпова іншую светапоглядную пазіцыю.

Свет імкліва змяняецца, мы не ведаем, якія спецыяльнасці, ВНУ і метады навучання будуць запатрабаваныя праз 5-10 гадоў. Але вось сямейны інстытут дакладна застанецца. У жыцці любога чалавека зыходнай кропкай з'яўляецца сям'я, і яна ж будзе важнай падставай ва ўжо самастойным жыцці. У такім разе сёння неабходныя навыкі пабудовы блізкіх адносінаў у малым сямейным «калектыве».

Сямейныя сувязі першапачаткова глыбокія, валодаюць логікай і гісторыяй. Адносіны ж у вялікім калектыве носяць неабавязковы характар, можна змяняць сяброў, сябраваць разам супраць кагосьці, там ёсць іерархія, канкурэнцыя. Гэта неглыбокія, няўстойлівыя і часцяком нелагічныя, заснаваныя на вымушаных стасунках выпадкова сабраных разам людзей адносіны. Многія потым пераносяць гэты вопыт у аснову сям'і і атрымліваюць у выніку падабенства такога калектыву – без глыбокай блізкасці.

Сямейнае навучанне. Школьнае навучанне. Адрозненні.

Калі мы хочам, каб нашы хлопчыкі і дзяўчынкі ўмелі будаваць блізкія адносіны, дык лагічна, што вялікую частку часу яны павінны праводзіць менавіта ў сям'і, а не ў чужых калектывах.

Вераніка Міхалка часта сутыкаецца з грамадскай асцярогай, што гэта прывядзе да звужэння свядомасці ці ізаляцыі дзіцяці. Але гэта не так, упэўненая эксперт.

– Калі я пачала займацца гэтай тэмай, дык у першую чаргу змяніла тэрміналогію: замест «хатняе навучанне» наўмысна пачала выкарыстоўваць паняцце «сямейная адукацыя». Сямейная адукацыя не зводзіцца да «школы дома». Гэта больш шырокі працэс фарміравання чалавека.

Калі дзеці вучацца дома, у іх застаецца значна больш часу на навакольнае жыццё (гурткі, стасункі з сябрамі, прагулкі, свае справы), больш свабоды ў дзеяннях, яны больш устойлівыя да аднабокага ўплыву.

Тыя, хто мае досвед параўнання, адзначаюць, што абмяжоўвае якраз-такі школа ў сілу сваёй дакладнай арганізацыі і фармалізацыі навучальнага працэсу.

Сямейнае навучанне. Дзеці больш разняволеныя.

Калі перайсці да духоўнага здароўя, дык яно ў значнай меры залежыць ад цэласнасці і гарманічнасці карціны свету чалавека. Але светапоглядныя ўстаноўкі сям'і і самога дзіцяці могуць уступаць у супярэчнасць са светапоглядам школьнай сістэмы. Неабходнасць адаптавацца да гэтых супярэчнасцяў забірае шмат сіл і энергіі ў дзіцяці, патрабуе кампрамісу. А ёсць дзеці, якія не прымаюць кампрамісу, і тады гэта ператвараецца ў барацьбу са школай за свае перакананні.

Дзіця давярае сваім бацькам. Калі яны аддалі яго/яе ў пэўнае асяроддзе, дык бунтаваць супраць яго азначае бунтаваць  супраць бацькоў. Гэта хваравіты стан. І мне складана зразумець тых бацькоў, якія ганарацца супрацівам сістэме. Атрымліваецца, вы самі аддалі дзяцей у гэтае асяроддзе і кажаце, што трэба з ім змагацца. Гэта неўратычная сітуацыя. На мой погляд, лепей вызначацца з гэтым на ўваходзе.

Вельмі важны аспект духоўнага здароўя, пра які мала хто ведае, заключаецца ва ўсведамленні сябе гаспадаром жыцця.

Сямейнае навучанне. Чалавек – гаспадар жыцця.

Чалавек добра і ўпэўнена адчувае, калі ўсведамляе сябе прычынай з'яў і падзей. І наадварот, вельмі цяжка адчуваць, што жыццё табе не падпарадкаванае, ім хтосьці кіруе, ты не можаш умяшацца ў ход падзей. Школьнае навучанне ставіць у такія ўмовы і дзяцей, і бацькоў.

Аб'ём і выбар матэрыялу, які вывучаецца, расклад прадметаў, састаў класаў, светапоглядныя ўстаноўкі настаўнікаў – на гэта мы не можам уплываць. У адрозненні ад сямейнай адукацыі, дзе вы самі ўстанаўліваеце правілы гульні. Мне здаецца, адчуванне сябе гаспадаром, гаспадыняй свайго жыцця закладзенае ў кожным з нас. І дастаткова не выстаўляць дадатковых абмежаванняў дзецям, каб захаваць у іх гэтае здаровае пачуццё. Пры сямейнай адукацыі гэта больш рэальна, – лічыць псіхолаг.

Пытанні для бацькоў

Сямейная адукацыя – гэта філасофія. Усім бацькам, у тым ліку і тым, хто задумваецца пра альтэрнатыву ці ўжо выбраў гэты шлях, эксперт прапануе задаць сабе шэраг пытанняў. Напрыклад:

  • Да якога спосабу забяспечваць сябе вы рыхтуеце дзіця, гэта наёмная праца альбо прадпрымальніцтва?
  • Ці падабаецца вам самім ваш лад жыцця і ці хацелі б вы яго змяніць?
  • Ці ёсць у дзіцяці інтарэсы, якія могуць стаць, як ён лічыць, справай яго жыцця? Калі так, дык ці не будзе школа адымаць занадта шмат часу ад гэтага захаплення?
  • Ці гатовыя вы да таго, што давядзецца перагледзець свае погляды: як і чаму навучаць, ці патрэбная адзнака, што лічыць поспехам і няўдачай у навучанні?
  • Ці гатовыя вы самі ў корані змяняць уласнае жыццё?
  • Наколькі ваш светапогляд сумяшчальны са школьным?
  • Які сэнс вы бачыце ў школьнай адукацыі?
  • Што ці хто кіруе жыццём чалавека і асабіста вашым існаваннем? Якія мэта і сэнс вашага жыцця? Ці хочаце вы, каб вашае дзіця дало тыя ж адказы на гэтыя пытанні?
  • Ці лічыце вы сябе годным пераймання? Ці хацелі б вы, каб дзіця брала прыклад з вас ці іншых людзей?

Сямейнае навучанне. Пытанні да бацькоў.

Акрамя гэтых глыбінных пытанняў, трэба ацаніць знешнія ўмовы. Магчыма, гэты аналіз прывядзе да школы, што не будзе выклікаць ніякіх супярэчнасцяў і дыскамфорту, а значыць, і праблемаў са здароўем у дзяцей. Усё залежыць ад мэтаў, ладу жыцця і магчымасцяў сям'і.

Фота з сямейнага архіва Веранікі Міхалка і вольных інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 84

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).