10.01.2022
10.01.2022

Зорачкі і сетачкі на твары. Што такое купероз

logo
Хваробы ад А да Я
0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Россып тонкіх чырвоных зорачак на твары, альбо купероз, з'яўляецца ў выніку парушэння працы капіляраў. Часцей за ўсё з такім «упрыгожваннем» сутыкаюцца людзі з сухой, тонкай і адчувальнай скурай. Купероз не толькі псуе знешні выгляд, але і прыводзіць да парушэння мікрацыркуляцыі ў скуры, а значыць, парушае яе сілкаванне. Як правіла, чырвоная сеточка размяшчаецца на шчоках, крылах носа і падбародку. Першыя прыкметы куперозу можна заўважыць ужо ў 30 гадоў.

Аб прычынах узнікнення куперозу, нюансах догляду такой скуры, спосабах лячэння журналіст «Слушна» распыталася ва ўрача-касметолага, дэрматавенеролага медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва» Юліі Баранавай.

Юлія Баранава, ўрач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва»

Купероз: што гэта такое, прычыны развіцця

Наша скура ўнізаная дробнымі капілярамі. Калі іх сценкі робяцца слабымі і вытанчаюцца, дык сасуды, пашыраныя пад ціскам кроватоку, ужо не ў стане звузіцца натуральным чынам. У выніку адбываецца застой крыві. Так з'яўляецца купероз.

Ён прасвечвае праз скуру ў выглядзе «зорачак», «павуцінкі» альбо «сетачкі». Па сваёй сутнасці купероз – гэта сінонім слова «тэлеангіяэктазія». Такі дэфект сустракаецца як у мужчын, так і ў жанчын. Праўда, у прыгожай паловы чалавецтва часцей. Пры вялікай змене сасудаў скура робіцца адрузлай, маршчыністай і набывае нездаровае адценне.

Юлія Баранава:

– Перш за ўсё хачу сказаць, што для дэрматолага купероз – гэта сімптом. Пры куперозе адбываюцца змены ў сасудзістай сценцы, але тканкі вакол сасуда не запаленыя. У кагосьці гэты стан застанецца стабільным, у кагосьці пяройдзе ў клінічны малюнак разацэа (запаленчае захворванне скуры). Парушанае кровазабеспячэнне прыводзіць да таго, што скура недаатрымлівае кісларод і пажыўныя рэчывы.

Вынік – цьмяная, друзлая, сухая скура, ды і бачныя сасудзістыя праявы самі па сабе выклікаюць дыскамфорт. Адбываецца дачаснае старэнне скуры. З часам рэакцыя можа ўзмацняцца, дадасца запаленне, і мы атрымаем клінічны малюнак разацэа.

Прыкметы куперозу

Як вызначыць купероз

Для гэтага дастаткова разгледзець скуру твару. Калі на ёй выразна бачная сасудзістая сетачка, а скура чырванее пры змене тэмпературы альбо пры прыёме гарачай ежы, ужо варта задумацца. Дарэчы, у гэтым выпадку купероз можа таксама з'яўляцца прыкметай эрытэматознай стадыі разацэа.

Стадыі развіцця куперозу:

  • Спачатку доўгае знаходжанне пры гарачай тэмпературы і сухім паветры цягне за сабой раздражненне скуры, з'яўленне чырвані. Праз пэўны час чырвань знікае, а твар робіцца чыстым. Сасуды яшчэ досыць эластычныя і могуць скараціцца да нармальнага стану.
  • Затым сасуды робяцца больш прыкметнымі і набываюць ярка выражанае адценне. Менавіта падчас гэтай стадыі ўжо можна заўважыць характэрны «малюнак» на скуры. Гэта значыць, што сценкі капіляраў зрабіліся тонкімі і страцілі сваю эластычнасць, што перашкаджае ім вярнуцца ў першапачатковы стан.
  • З цягам часу «зорачкі» робяцца ярка выяўленымі, а пачырваненне не праходзіць (дэрматолагі называюць гэтую з'яву тэлеангіяэктазіямі). Можа ўзнікнуць парушэнне мікрацыркуляцыі. У выніку гэтага з-за недахопу пажыўных рэчываў скура «галадае». Нярэдка ўзнікае запаленне.

Прычыны куперозу

Купероз. Пачырваненне скуры

Прычыны ўзнікнення сасудзістай сетачкі бываюць рознымі.

Сярод іх спецыялісты вылучаюць:

  • Спадчынную схільнасць
  • Аўтаімунныя захворванні
  • Уздзеянне рэзкіх перападаў тэмператур (лазні, саўны, абмаражэнне, сонечнае апраменьванне, умыванне ледзяной вадой, абціранне лёдам)
  • Шкодныя звычкі (курэнне і злоўжыванне алкаголем)
  • Залішняе ўжыванне кавы і вострай ежы
  • Стрэс (можа правакаваць павышэнне ціску)
  • Няправільны догляд (некаторыя касметычныя працэдуры).

Юлія Баранава:

– Сярод фактараў, якія могуць справакаваць купероз, можна таксама вылучыць праблемы са страўнікава-кішэчным трактам, дэфіцыт вітамінаў А і С, гарманальныя ваганні арганізма (дысбаланс эстрагену і прагестэрону). Акрамя таго, да куперозу схільныя людзі з артэрыяльнай гіпертэнзіяй, а таксама тыя, хто прымае пэўныя лекі. Робіць свой унёсак і незбалансаванае харчаванне. Задумацца пра рызыку з'яўлення куперозу варта аматарам празмерна вострай альбо перасоленай ежы, алкаголю і цыгарэтаў.

Лячэнне куперозу

Лячэнне куперозу

Комплексны падыход

Знайсці прычыну. Купероз таксама можа быць сімптомам іншых хваробаў, напрыклад, захворванняў стрававальнага тракта, а таксама паталогій сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэмаў. Калі яго з'яўленне справакаванае захворваннямі ўнутраных органаў, у першую чаргу трэба вылечыць гэтыя паталогіі, каб пазбавіцца ад галоўнага трыгера.

Увага на харчаванне. Варта адмовіцца ад вострых і гарачых страў, марынадаў, шакаладу, дражджавых прадуктаў, таматаў, гарбаты, кавы, алкагольных напояў і г.д. Ежа павінна быць багатая на вітаміны і мікраэлементы. Важна спажываць вітаміны групы Р (морква, грэчка, чырвоны балгарскі перац, спаржа і пятрушка), а таксама К (шпінат, белакачанная капуста, брокалі) і С (цыбуля, цытрусавыя, чорныя парэчкі і кіслая капуста).

Гэтыя вітаміны павышаюць пругкасць скуры, памяншаюць пранікальнасць сценак сасудаў, умацоўваюць капіляры, спрыяюць утварэнню новага калагену і валодаюць сасудазвужальным дзеяннем. Дарэчы, такое харчаванне з'яўляецца таксама добрай прафілактыкай куперозу.

Правільны догляд скуры. У гэтым выпадку дэрматолагі раяць выкарыстоўваць асаблівыя доглядавыя сродкі, якія валодаюць зберагальным уздзеяннем на эпідэрміс, не парушаюць яго ахоўны слой, у іх складзе няма спірту і абразіўных рэчываў. Як правіла, гэта прэпараты дэрматакасметыкі, якая па сутнасці з'яўляецца лекавай.

Купероз. Правільны догляд скуры.

Не варта выціраць твар ручнікамі з грубай тканіны. Варта адмовіцца ад скрабаў альбо іншых сродкаў, якія змяшчаюць абразіўныя рэчывы. Перад тым, як выйсці на вуліцу, абавязкова трэба наносіць ахоўны крэм: санскрын (з SPF не менш за 30) для сонечных дзён ці сродак, здольны паменшыць уздзеянне на скуру ветру і марозу.

Юлія Баранава:

– Перавагу лепей аддаваць касметыцы з гіпаалергеннай формулай, не варта захапляцца сродкамі, якія валодаюць шчыльнай алеістай тэкстурай. Забудзьцеся на жорсткія скрабы і кіслотныя пілінгі. Старайцеся пазбягаць уздзеяння на скуру кантрасных тэмператур, актыўнага масажу твару.

Граматны выбар касметыкі.

Для эфектыўнага догляду скуры, схільнай да куперозу, выкарыстоўвайце касметычныя сродкі, якія:

  • Памяншаюць раздражненне
  • Супакойваюць
  • Умацоўваюць сценкі капіляраў.

Юлія Баранава:

– На жаль, толькі доглядавымі сродкамі, крэмамі альбо маскамі, народнымі прымочкамі і прыціркамі пазбавіцца ад куперозу немагчыма. Касметычныя сродкі могуць толькі супакоіць адчувальную скуру, прыбраць пачырваненне. Граматнае лячэнне падбярэ дэрматолаг альбо касметолаг.

Купероз. Граматнае лячэнне.

Дык які крэм выкарыстоўваць? Той, на якім будзе стаяць маркіроўка «для догляду скуры, схільнай да пачырванення». Скуру, схільную да з'яўлення куперозу, трэба добра ўвільгатняць і сілкаваць. Абязводжаная, яна хутчэй вытанчаецца, павышаецца ломкасць сценак сасудаў. Для ўмацавання сценак капіляраў і аднаўлення пашкоджаных участкаў добра эфектыўныя крэмы і сыроваткі з экстрактамі рамонку, хмелю, купальніку, сандалавага дрэва, алей шы, жажаба і алантаін, бісабалол.

Салонныя працэдуры. Катэгарычна нельга – пілінгі і класічны масаж.

Можна:

  • Лазерную тэрапію (пашкоджаны капіляр «запайваецца» лазерам і разгладжваецца).
  • Фотаамалажэнне (аналагічным дзеяннем валодае светлавое ўздзеянне).
  • Электракаагуляцыю (сасуд прыпальваюць валасковым электродам).
  • Мезатэрапію (ін'екцыі прэпаратаў, якія ўмацоўваюць сценкі сасудаў і паляпшаюць ток крыві).
  • Азонатэрапію (у прасвет сасуда з дапамогай мікраіголкі ўводзіцца азона-кіслародная сумесь).

Юлія Баранава:

– Гэтыя метады валодаюць кароткатэрміновым уздзеяннем і эфектыўныя на пачатковай стадыі куперозу. Калі выпадак больш складаны, абавязкова трэба звярнуцца па дапамогу да спецыяліста, які прызначыць паўнавартасны курс тэрапіі.

Купероз. Падабраць курс тэрапіі.

Не пераблытаць. Купероз і разацэа

Разацэа – гэта хранічнае неінфекцыйнае запаленчае захворванне скуры. Яго характэрнай рысай з'яўляецца ўстойлівае пачырваненне, з'яўленне высыпанняў і свербу. Па першым часе пачырваненне скуры можа доўжыцца непрацяглы час, але затым яно робіцца пастаянным. На скуры ўзнікаюць высыпанні (у выглядзе папулаў, пустулаў, з чырвонай альбо ружовай вадкасцю ўнутры).

Прычына куперозу – страта эластычнасці сценкі сасуда без запалення. З-за чаго ён пашыраецца і перапаўняецца крывёю. У выніку на скуры праступаюць сасудзістыя зорачкі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 29

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама