01.03.2022
01.03.2022

Як зайка Шустрык вясну сустракаў (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 75
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Беленькі ды жвавенькі зайка Шустрык гуляў у пералеску напачатку сакавіка. Ён так упадабаў тыя мясціны, што ніколечкі не баяўся ні траскучых маразоў, ні злога ваўка, ні хітрай лісіцы, ні імклівага ды зоркага каршуна.

— Не бяда мне мароз, што пашчыпвае за нос, на душы маёй вясна, бо вакол мае сябры — елкі, сосны ды бярозы, што хаваюць ад ворагаў, ды суцяшаюць сваёй красой.

І бегае, скача сабе па пералеску, цешыцца снежнай радасці, бо днямі сарока навіну абвясціла на ўсё наваколле: вясна ідзе!

Пачатак вясны

— І футра зімовае, такое зручнае і прыдатнае да зімовых бялюткіх прастораў, хутка давядзецца змяніць. А колькі шчэ спраў не паспеў зрабіць! – падумаў зайка Шустрык.

Нават сябры яго, дрэвы, упрыгожаныя зіхатліва-белымі снегавымі шапкамі і бухматым інеем, кіўнулі зайку ў знак згоды: маўляў, паспяшайся, дружа!

Ён імгненна стаў на лыжы, якія падараваў яму гаспадар таго апошняга дамка, што на рагу вёскі, каб зразаў сваімі востымі зубамі не маладыя саджанцы ў яго садзе, асінавай карою частаваўся, і панёсся насустрач гаманкому ветру. Ажно ў вушах яго чуйных стаяў прарэзлівы свіст.

Зайцы сустракаюць вясну

Здаецца, каб хто ў той момант з’явіся пасярод дарогі, знёс бы. Мабыць хуткасць гуку была пераўзыйдзена. Сонца толькі паднялося, усміхнулася, нібы ўсцяшаючы зайку:

— Паспяшайся ўдосталь накатацца-накоўзацца на лыжах, а тое хутка пачну прыпякаць, што сняжок сённяшні ператворыцца ў ваду, якая народзіць напачатку маленькія ручайкі, пасля зажурчаць гаманкія рэкі і маўклівыя азёры, вызваліўшыя з-пад лядовага панцыру: разводдзе пачнецца.

— Дзякуй, сонейка! А сам порстка ўскочыў і як адштурхнецца лыжнымі  палкамі, ажно белатварыя бярозкі, што ўзнесліся пад самае неба, сцішыліся: жадалі зайку Шустрыку мяккай пасадкі.

— Вось табе – і хітрун, і касы баязлівец – наш зайка! – перашэптваліся бярозкі.

Услед за Шустрыкам лічыць не злічыць беласнежных пушысцікаў неслася з абрывістай гары ў нізіну.

Вясна ідзе

— Хутчэй, наперад, да ляснога азярка! – верашчаў Шустрык.

І вецер разносіў яго заклік – хут-чэ-э-э-й-й-й!

— Рыбу патрэбна ратаваць, а тое паморак можа здарыцца ад недахопу кіслароду!

Елкі ды сосны, алешнік ды кустоўі вербалозу падтрымлівалі зайкава – хут-чэ-э-э-й-й-й!

У адзін дух дамчаліся да азярка і ўбачылі зайкі тое, што ніколі раней не даводзілася: крыштальна-сіні лёд  лізалі тысячы рыбіных язычкоў – вялікіх і маленькіх. І ў адзін голас прасілі роспачна:

— Шустрык, дай нам паветра! Кісларод заканчваецца! Без яго мы загінем! – чулася характэрнае «чмяканне».

Зайкі ўраз пабралі пешні ды як пачнуць прабіваць ў ледзяным пакрывале палонкі, толькі іскры лятуць серабрыстыя. Уміг да сотні палонак прабілі, да якіх пачала падплываць вялікая і малая рыба – карасі ды плоткі, акуні  ды шчупакі, ліні  ды язі. Яна няўтольна глытала свежае паветра і ў наваколлі чулася:

— Дзякуй, Шустрык!

— На зда-ро-вей-ка-а! – данеслася ў адказ.Лясныя жывёлы сустракаюць вясну

А зайка Шустрык з сябрамі далей працягваў маленькія елачкі са снежнага палону вызваляць. Адзін, другі дотык зайцавых імклівых і спружыністых рук і – пасыпаліся долу срэбныя іскры-сняжынкі. Елачкі-нявесты ўзрадаваліся, дзякаваць пачалі зайку. Ён толькі і паспяваў ветла галавою хітнуць, а лыжы ўжо неслі яго крынічкі наведаць.

Раптам за спінай яго нехта адчайна ўскрыкнуў, за ім другі, трэці, і раздаваўся над узбярэжжам шматгалосы назольны крык:

Крук.. крук…крум! Скіда-а-й лыжы! Вясна ідзе-е!

— Пачакайце хвіліначку, хлопцы-гракі, зайка толькі крынічкі наведае і адразу схавае лыжы да наступнай зімы! – заступіліся-загаманілі дрэвы.

Шустрык падбег да крынічкі, абчысціў наледзь вакол адной, затым –  другой, трэцяй... У апошняй  умыў тварык свой крыштальнай вадзіцай, заспяваў:

К нам ідзе зноў вясна,

Скачуць зайкі да цямна.

Аж калышацца лужок:

Прыг ды скок, скок-скок!

Пачула зайкаву песеньку вавёрка Верка і пачала Шустрыка ў карагод запрашаць, ды вясну сустракаць.

Зайкі таксама прымкнулі да вясенняга карагоду, распусціўшы хвосцікі, то на дзвюх нагах, то па чарзе на правай і левай. І дрэвы ўсе шапочуць-пераклікаюцца, хлопаючы ў ладкі. А самая вяртлявая вавёрачка пачаставала зайкаў прыхаванай з восені моркаўкай.

Зайка і вавёрка

Шустрык таксама не разгубіўся, падбег і кожнай вавёрачцы ўручыў па торбачцы арэхаў. Яны, ўдзячна звонка, цокнуўшы на развітанне, зніклі ў шатах купчастай вялізнай елкі.

А пушысцікі хутка і лоўка каталіся з горкі і радаваліся такому сяброўству. Асабліва весяліўся самы няўрымслівы і вёрткі, як мячык, зайка. Яны з радасці куляюцца, дурэюць, у снежкі б’юцца. Хто бабу снежную лепіць. Толькі доўгія вушкі з чорнымі кутасікамі паўсюдна тырчаць-шавеляцца. Ім весела!

Наваколле наступнага дня будзіў птушыны грай і ледзь улоўныя пералівы нябачных яшчэ ручаінак.

Так нечакана да Шустрыка прыйшла слава як пра надзейнага сябра.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 75

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».