03.11.2020
03.11.2020

Як захаваць свае зубы? Адказваюць стаматолагі

logo
Адказваюць спецыялісты
0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Чаму пасля антыбіётыкаў жаўцеюць зубы? Як пазбавіцца ад зубнога налёту і спыніць карыес малочных зубоў?

Дзіцячыя зубы і карыес.

На пытанні чытачоў адказалі:

  • Наталля Шакавец, загадчыца кафедры стаматалогіі дзіцячага ўзросту БДМУ, д.м.н., прафесар;
  • Мікалай Паланейчык, загадчык кафедры агульнай стаматалогіі БДМУ, к.м.н., дацэнт.

Зубны налёт, карыес, стаматыт

Чаму пры рэгулярнай чыстцы зубоў адбываецца адклад зубнога налёту і камянёў? Якія могуць быць рэкамендацыі?

Наталля Шакавец: Не заўсёды людзі з-за розных прычынаў (няправільны прыкус, скручанасць зубоў) могуць ачысціць усе ўчасткі зубоў. Тыя, хто карыстаецца дадаткам да электрычных зубных шчотак, які паказвае эфектыўнасць ачысткі, адзначаюць, што для поўнага ачышчэння часам стандартных дзвюх хвілін недастаткова. То бок, гэта не такі просты працэс.

У неачышчаных месцах адбываецца назапашванне зубнога налёту. Пад уплывам мінералаў сліны пачынаецца мінералізацыя – адклад кальцыю, фасфатаў – і фарміруецца наддзяснавы зубны камень (як правіла, ён светла-жоўтага колеру і адчуваецца языком). Чым больш мінералаў утрымлівае сліна, тым часцей утвараецца камень. Пры паталогіі перыядонту магчымае ўтварэнне паддзяснавага зубнога каменя ў зубадзяснавых кішэнях (ён цёмна-зялёнага, карычневага колеру). Звычайна паддзяснавы камень выяўляецца ўрачом падчас стаматалагічнага агляду.

Камень расце, разбурае зубадзяснавае прымацаванне, фарміруюцца кішэні, і зуб робіцца рухомым. Таму шматлікія пацыенты дзівяцца: усё жыццё зубы былі здаровыя, а цяпер хістаюцца. Каб гэтага пазбегнуць, неабходна своечасова наведваць стаматолага і выдаляць мяккі зубны налёт – раз у паўгода, а таксама выдаляць камень, каб прадухіліць далейшае прагрэсаванне захворвання перыядонту.

Наталля Шакавец.

Дзіцяці 10 гадоў. З 3-х гадоў раз у паўгода чысцім ніжнія зубы ад каменя. За год камень можа пакрыць усе ніжнія разцы з унутранага боку. З чым гэта звязана і што рабіць?

Наталля Шакавец: Наддзяснавы камень – гэта прадукт мінералаў сліны. Таму ён часцей за ўсё ўтвараецца на зубах, якія знаходзяцца каля вывадных пратокаў слінных залозаў: на ніжніх разцах, бо пад языком размяшчаюцца падніжнясківічныя і пад'язычныя слінныя залозы, і на верхніх малярах з боку шчакі, бо тут размяшчаюцца калявушныя слінныя залозы. Магчыма, дзіця не вельмі добра чысціць унутраную паверхню зубоў і не цалкам выдаляе налёт. Таму трэба больш увагі надаваць правільнай чыстцы. Да прыкладу, ставіць шчотку вертыкальна і вымятальнымі рухамі вычышчаць унутраную паверхню ніжніх разцоў.

У дзіцяці ў 1 год і 10 месяцаў літаральна за 2 тыдні карыес пашкодзіў два ніжнія жавальныя зубы (5-кі) і пярэднія 4 верхнія. Дзіця не каштавала ні сокаў, ні салодкага, ні булак. Як толькі з'явіліся першыя зубы, чысцілі іх штодня. Гэта супала з адлучэннем ад груднога выкормлівання. Зараз дзве ніжнія 5-кі запламбаваныя. Пярэднія зубы чысцім пастай з утрыманнем амінафтарыду ppm не менш за 1450 адзінак і штоночы – гелем Tooth Mousse. Як падтрымаць чысціню зубоў і папярэдзіць з'яўленне карыесу? Практычна з'явіліся жавальныя ніжнія 6-кі, ці неабходна іх герметызаваць?

Наталля Шакавец: 4 верхнія зубы прарэзваюцца ва ўзросце 8-12 месяцаў, а пятыя (другія часовыя маляры) – у 20-30 месяцаў. Магчыма, пятыя зубы ў дзіцяці прарэзаліся раней часу, а значыць, яны горш мінералізаваныя, маюць глыбокія фісуры. Таму гэтыя зубы трэба было адразу загерметызаваць. Пашкоджанне верхніх чатырох разцоў, магчыма, звязанае з прысутнасцю працяглага начнога кармлення. Начное кармленне дзіцяці ва ўзросце, старэйшым за год, пры пэўных умовах лічыцца фактарам рызыкі.

Рэкамендую загерметызаваць верхнія жавальныя зубы дзіцяці, каб прадухіліць развіццё карыесу, а таксама раз у тры месяцы пакрываць зубы фторлакам.

Пакрыцё дзіцячых зубоў фторлакам.

Выкарыстанне названых пастаў абсалютна правільнае.

6-я зубы прарэзваюцца ва ўзросце 5,5-6,5 года. Гэта першыя пастаянныя зубы чалавека. Таму іх абавязкова трэба загерметызаваць – пакрыць ахоўным слоем, які прадухіляе трапленне ежы і мікраарганізмаў у глыбокія фісуры.

Як можна спыніць альбо запаволіць цыркулярны карыес малочных зубоў? Калі шмат пашкоджаных зубоў у поласці рота, усё трэба пламбіраваць?

Наталля Шакавец: Цыркулярны карыес – састарэлая назва. Паталогію так называлі, бо карыёзнае пашкоджанне размяшчаецца па дыяметры прышэйкавай часткі каронкі зуба. У гэтай зоне праходзіць так званая неанатальная лінія, альбо лінія родаў – гэта ўчастак эмалі, які фарміруецца ў першыя дні жыцця дзіцяці і ў перыяд яго адаптацыі да навакольнага асяроддзя. Калі гэты перыяд працякае не зусім спрыяльна, дык структура эмалі можа парушацца, і яна будзе больш схільная да карыесу.

Зубны налёт у першую чаргу назапашваецца менавіта ў прышэйкавай вобласці, і калі бацькі не праводзяць гігіенічны догляд зубоў, дык адбываецца дачаснае разбурэнне эмалі на гэтым участку і ўтвараецца карыес.

Галоўная рэкамендацыя – своечасовы догляд зубоў. Чыстку трэба пачынаць з моманту прарэзвання першага зуба, і не проста марляй альбо сіліконавым напальчнікам, а з выкарыстаннем дзіцячай зубной шчоткі і зубной пасты з канцэнтрацыяй фтарыду не менш за 1000 ppm, але памерам з рысавае зярнятка. Канцэнтрацыя фтарыду забяспечвае эфектыўнасць, а маленькая колькасць – бяспеку выкарыстання пасты. Пасля чысткі паста павінна заставацца ў поласці рота, каб аказваць свой рэміналізуючы эфект, яе не трэба вымываць альбо выпалоскваць.

Наталля Шакавец. Стаматалогія.

Калі зубы пашкоджаныя, трэба іх пламбіраваць сучаснымі малаінвазіўнымі метадамі, і ў маленькіх дзяцей гэта можна рабіць з выкарыстаннем атраўматычных тэхналогій без выкарыстання хуткасных наканечнікаў. Тканкі часовых зубоў настолькі паддатныя, што ўрач можа выдаляць іх ручнымі прыладамі і аднаўляць пламбіравальнымі матэрыяламі, якія валодаюць выяўленымі прафілактычнымі ўласцівасцямі.

Дзіцяці 13 гадоў. У год здараецца 3-4 стаматыты. Носіць капу для выпраўлення прыкусу. Ці можа стаматыт быць з-за няправільнага прыкусу?

Наталля Шакавец: Рэкамендую звярнуцца да стаматолага, які вызначыць выгляд стаматыту. Ён можа быць віруснай ці алергічнай прыроды. Гэта таксама можа быць алергічнай рэакцыяй на сілікон, з якога вырабленая капа. Зыходзячы з прыроды стаматыту, будзе прызначанае адпаведнае лячэнне.

Эрозія эмалі і крышэнне зубоў

Дзіцяці 5 гадоў. Пасля лячэння антыбіётыкамі з'явіліся жоўтыя плямы на зубах. Што гэта можа быць? Ці патрабуецца лячэнне?

Наталля Шакавец: Антыбіётыкі аказваюць супрацьмікробнае ўздзеянне на патагенную мікрафлору не толькі ў ачагу запалення, але і ў поласці рота. У выніку адбываецца парушэнне мікробнага складу поласці рота (дысбіёз) і пачынае пераважаць мікрафлора, якая выпрацоўвае пігмент, што валодае фарбуючым эфектам. Спецыяльнага лячэння тут не патрабуецца. Трэба проста правесці прафесійную чыстку зубоў абразіўнымі альбо паліруючымі пастамі.

Таксама рэкамендую прыём прабіятычных прэпаратаў ці кісламалочных прадуктаў, якія ўтрымліваюць натуральныя прабіятычныя бактэрыі. Яны будуць засяляць кішэчнік і выпрацоўваць рэчывы, якія канкурыруюць з патагеннай мікрафлорай. У выніку біяцэноз поласці рота з часам прыйдзе ў норму.

Дзіцячыя зубы і прабіётыкі.

Чым небяспечная эрозія зубной эмалі? З-за чаго яна ўзнікае і як прадухіліць?

Наталля Шакавец: Эрозія зубной эмалі – гэта некарыёзнае пашкоджанне, якое з'яўляецца з-за кіслотнага растварэння. Дадзеныя кіслоты ўтрымліваюцца ў прадуктах: цытрусавых, газаваных напоях, соках. Менавіта таму стаматолагі сёння часта назіраюць эрозію эмалі ў падлеткаў, якія захапляюцца газіроўкай. Каб захаваць эмаль, трэба перагледзець свой рацыён харчавання, выкарыстоўваць для піцця сокаў і газаваных напояў саломінкі, каб яны не аказвалі непасрэдны ўплыў на эмаль зубоў.

Таксама эрозія зубной эмалі можа быць звязаная з захворваннем страўнікава-кішэчнага тракта: напрыклад, гастрытам альбо гастраэзафагеяльным рэфлюксам, калі ідзе закід кіслага змесціва са страўніка ў стрававод і паступленне кіслага паветра ў ротавую поласць. У дадзеным выпадку эрозія будзе назірацца пераважна на паднябеннай паверхні зубоў.

Прычынай эрозіі зубной эмалі можа быць праца на шкоднай вытворчасці з павышаным узроўнем кіслотаў у паветры (напрыклад, пры гальванізацыі). У такіх выпадках праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы: перыядычныя апалоскванні поласці рота шчолачнымі растворамі (мінеральная вада, содавыя растворы), што прыводзіць да нейтралізацыі кіслотаў.

Эрозія прыводзіць да станчэння эмалі і высокай адчувальнасці зубоў.

Наталля Шакавец.

Рэгулярна хаджу да стаматолага, яна здзіўляецца, што мае зубы выглядаюць так, быццам я працую на шкоднай вытворчасці. Што рабіць, калі зубы крышацца? Мяркуючы па аналізе крыві, кальцыю ў арганізме дастаткова, п'ю вітамін Д (ёсць дэфіцыт). Ці варта ў такім выпадку пакрываць зубы фторам?

Мікалай Паланейчык: Пакрыццё зубоў фторлакам – эфектыўны сродак прафілактыкі карыесу зубоў, асабліва, калі яны крышацца.

Як аднавіць зубную эмаль? Што на гэта ўплывае? Ці лечыцца павышаная адчувальнасць зубоў?

Мікалай Паланейчык: Аднаўленне зубной эмалі шмат у чым залежыць ад узросту пацыента. Аднавіць яе ў сфармаваным прыкусе практычна немагчыма. Змяншэнне эмалі можа быць натуральным, пры сціранні зубоў. Пашкоджаная зубная эмаль уплывае на адчувальнасць зубоў і ўзнікненне некарыёзных захворванняў цвёрдых тканак зуба.

Павышаная адчувальнасць зубоў лечыцца – у стацыянарных умовах.

Мікалай Паланейчык.

У мяне хвароба Вілебранда 1-га тыпу сярэдняй ступені цяжкасці. Ці можна ставіць імпланты?

Мікалай Паланейчык: Пры хваробе Вілебранда 1-га тыпу сярэдняй ступені цяжкасці імпланты ўстанаўліваць можна.

Фота – Віталь Гіль і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 29

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).