08.02.2022
08.02.2022

Як жыць з цукровым дыябетам? Адказвае псіхолаг

logo
Хваробы ад А да Я
0 72
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Кожнае захворванне накладае свой адбітак, у некаторых выпадках абмяжоўваючы магчымасці чалавека, у іншых – робячы яго залежным ад пэўных абставінаў. Гэта тычыцца і цукровага дыябету. Зрэшты, з гэтай хваробай можна жыць – і жыць даволі актыўна.

На пошту Слушна падчас правядзення анлайну «Падрабязна пра цукровы дыябет» прыйшло пытанне ад нашага чытача:

Раскажыце, як прыняць хваробу і не сысці ў дэпрэсію, бо яна цалкам мяняе звыклы ўклад жыцця».

Па адказ і кансультацыю мы звярнуліся да псіхолага БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм», старшыні ГА «Падтрымка людзей з цукровым дыябетам» Кацярыны Ганчарэнкі. Кацярына не толькі дапамагае іншым людзям прыняць хваробу, адаптавацца да новых умоў жыцця, яна сама не па чутках ведае, як жыць з цукровым дыябетам.

Цукровы дыябет

З'яўленне цукровага дыябету ў жыцці і тыя змены, якія ён прыносіць, безумоўна, выклікаюць стрэс. На жаль, пакуль мы не можам штосьці зрабіць з яго прысутнасцю ў нашым жыцці, але можам змяніць стаўленне да яго і навучыцца спраўляцца з цяжкасцямі, кажа Кацярына. Прыняцце хваробы – гэта пытанне не аднаго дня. Гэты працэс можа доўжыцца месяцамі, і ў кожнага працякае па-свойму.

Цукровы дыябет. Псіхалагічны стан.

Дык з чаго пачаць?

Па словах Кацярыны, самы першы крок – гэта сустрэцца з праблемай. Не спрабаваць ад яе зачыніцца, а даць волю тым перажыванням, станам, думкам, звязаным з цукровым дыябетам, якія прыгнятаюць.

 
Кацярына Ганчарэнка
Псіхолаг БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм», старшыня ГА «Падтрымка людзей з цукровым дыябетам»
Прыслухайцеся да сябе, паспрабуйце спытацца ў сябе: «Што я сапраўды адчуваю, калі думаю пра дыябет у маім жыцці?» Калі пакуль складана назваць свае пачуцці, можна скарыстацца картамі пачуццяў і эмоцый (іх можна знайсці ў сеціве).
  • Выдзеліце для сябе на гэта пэўны час (напрыклад, 30 хвілін, гадзіну), каб працэс меў завяршэнне. У спакойнай бяспечнай абстаноўцы.
  • Дазвольце сабе адчуваць тое, што вы адчуваеце.
  • Прагаварыце альбо запішыце (ці намалюйце) тое, што атрымалася.
  • Вызначэнне пачуццяў (злосць, крыўда, сорам, раздражненне, стомленасць, віна, страх і іншыя) дасць магчымасць зразумець, што адбываецца з вамі, чаму варта надаць увагу і ў якой дапамозе вы маеце патрэбу.
  • Галоўнае – не ўцякайце ад сваіх пачуццяў, якімі б яны ні былі. Напрыклад, «Я злуюся!», «Я так стаміўся (а)...», «Я вельмі баюся...». Хочацца плакаць – плачце (незалежна ад узросту і полу).

Прызнанне пачуццяў ужо знізіць напал і іх уплыў на вас, раіць псіхолаг.

— Першы раз гэта лепей за ўсё рабіць у абстаўноўцы, якая падтрымлівае, са спецыялістам-псіхолагам (цяпер можна анлайн ці па тэлефоне) альбо з блізкім чалавекам, якому вы давяраеце, які зможа выслухаць без ацэнак і асуджэння.

Памятайце, што прыняцце хваробы – гэта працэс, звязаны з пражываннем вызначаных стадый і станаў. На гэта патрэбны час. Але працэс неабходны для таго, каб наша псіхіка магла развітацца са старым ладам жыцця і пачаць адаптавацца да новых умоў.

Цукровы дыябет. Не затрымацца на першай стадыі...

Шлях да прыняцця цукровага дыябету можа ўключаць наступныя стадыі:

  • шок, адмаўленне, недавер, страх (адбываецца ў той момант, калі вам паведамілі, што ў вас (у вашага дзіцяці альбо іншага члена сям'і) цукровы дыябет);
  • злосць («За што мне гэта? Чаму я? Хто ў гэтым вінаваты?»);
  • торг («Калі я буду паводзіць сябе правільна/добра (і г.д.), дыябет пройдзе»);
  • «дэпрэсія» (назва стадыі), адчай, сум, разуменне таго, што дыябет назаўжды, смутак, песімізм;
  • прыняцце (дыябет – гэта частка жыцця, важная, але кантралюемая, з'яўляюцца рэсурсы для пошуку рашэнняў, пераадолення цяжкасцяў, увага да іншых сфераў жыцця).

Як адзначыла Кацярына, усе стадыі могуць быць рознымі па працягласці і інтэнсіўнасці. Часам адбываецца вяртанне – гэта нармальна. Важней – не затрымлівацца на першых чатырох стадыях. У такім выпадку немагчыма рухацца далей.

Асабліва гэта тычыцца 1-га этапу, бо адмаўленне праблемы можа перашкаджаць лячэнню і, адпаведна, выклікаць хуткае развіццё ўскладненняў і вострых станаў.

— Падумайце, на якой стадыі зараз находзіцеся вы. Якое ў вас стаўленне да захворвання? Ці патрэбная вам дапамога, каб рухацца далей? Адчуваеце цяжкасці – не грэбуйце дапамогай псіхолага.

Абавязкова звяртайцеся да спецыяліста, калі:

  • вы зусім перасталі адчуваць цікавасць да жыцця, да таго, што раней цешыла, доўга знаходзіцеся ў сумным настроі, пастаянна адчуваеце стомленасць, напружанне, раздражняльнасць ці, наадварот, апатыю да ўсяго, у вас парушыўся сон ці апетыт, наведваюць суіцыдальныя думкі;
  • дыябет выклікае цяжкія перажыванні: асацыюецца з пакараннем, прорвай, безвыходнасцю, моцным страхам;
  • ваш стан адбіваецца на кампенсацыі цукровага дыябету (дасягненне важных мэтавых значэнняў), перашкаджае выкананню рэкамендацый, прыводзіць да канфліктаў з навакольнымі.

Што яшчэ можна зрабіць самому, каб сабе дапамагчы?

Надавайце ўвагу свайму псіхалагічнаму стану гэтак жа, як і фізічнаму. Псіхічны стан вельмі ўплывае на цячэнне цукровага дыябету і наадварот, таму гэта важна. Звяртайцеся своечасова па дапамогу.

Цукровы дыябет. Псіхалагічны стан.

Рабіце маленькія крокі. Перавядзіце праблемы ў невялікія задачы, а стаўленне да іх – з катастрофы ў цікавасць.

Спытайцеся ў сябе: «А як я магу справіцца ў гэтай сітуацыі? Як я магу выкарыстоўваць свае моцныя бакі? Што ці хто мне можа дапамагчы?». У цікаўнасці шмат энергіі – гэта зможа вас падтрымаць. Абапірайцеся на пазітыўны вопыт іншых і свае мэты.

 
Кацярына Ганчарэнка
Псіхолаг БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм», старшыня ГА «Падтрымка людзей з цукровым дыябетам»
Не абясцэньвайце працэс! Менавіта гэта наша праца, наша ўкладанне, менавіта гэта мы можам кантраляваць і змяняць. Вынікі – гэта арыенціры, як дзейнічаць далей. Памятайце, кожны дыябет індывідуальны. Атрымлівайце асалоду ад поспехаў. У ацэнцы вынікаў выкарыстоўвайце падыход: «Што было эфектыўна, што б я зрабіў (ла) па-іншаму».

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 72

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама