01.12.2019
01.12.2019

Як змагаешся, Албанія?! Сумуем разам па дзецях тваіх…

logo
Думкі ўслых
0 44
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сёння збіралася напісаць пра першы дзень зімы і пачатак снежня. Але вырашыла, што гэта пачакае. Можна было напісаць пра Сусветны дзень барацьбы са СНІДам і пра тое, як памёр ад гэтай хваробы некаторы час таму малады мужчына ў нашым горадзе. Але ўсё гэта дужа страшна.

Не менш страшна, але не магу не напісаць – пра землятрус у Албаніі. Ужо некалькі дзён не-не – ды думаю менавіта пра гэта. Уразіла, і вельмі. Бо там была. У 2008-ым.

А сёлета… Вы ж чулі?! 26 лістапада каля чатырох раніцы па мясцовым часе там адбыўся моцны землятрус. Магнітуда – 6,4 бала. Эпіцэнтр яго знаходзіўся непадалёк ад сталіцы Албаніі – Тыраны. Яна, а таксама горад Дурэс найбольш і пацярпелі. Разбураныя будынкі, параненыя людзі… А самае страшнае – ёсць загінуўшыя. Усіх узростаў. У тым ліку і дзеці…

Албанія землятрус-2019.

Гэта як вайна не ведае літасці, так і землятрус не выбірае сваіх ахвяраў. Вельмі страшна! Проста спакойна спаць у сябе дома – і раптам… Людзі не разумелі, што адбываецца. Хтосьці выскокваў з акна і разбіваўся. Прачытала на адным партале, што жанчына закрыла сваім целам унука… Ён выжыў, яна – не.

І вось за што, за што ўсё гэта беднаму народу, які і так моцна цярпеў на працягу дзесяцігоддзяў беднасць і нястачу??? Не ўкладваецца ў галаве… І нават тады, у 2008-ым, яшчэ былі бачныя сляды галечы на тэрыторыі Албаніі.

Заплюшчваю вочы – і ў думках пераношуся на 11 гадоў назад.

Албанія

… Тады я вырашыла, што хопіць ужо вандраваць «галопам па еўропах». Трэба паехаць некуды з адпачынкам на пару-тройку тыдняў. І выбрала… Не, не Албанію – Чарнагорыю.

Пра Албанію толькі ведала, што гэта да нядаўняга (тады, у 2008-ым) часу была закрытая-зачыненая краіна… Таму і думкі не ўзнікала пра адпачынак там.

А што ў выніку?!

Спадарожніцу мне ў турфірме падабралі добрую. Мы і да гэтага часу стасуемся (яна жыве ў Дзяржынску). Штодня ляжаць на пляжы было зусім не маім, тым больш, што надвор’е ў верасні (аксамітны сезон!) надаралася рознае. Таму ўсё больш – па экскурсіях.

Сплаваць на невялічкім карабельчыку уздоўж пабярэжжа, а на шыкоўным французскім – па Бока-Каторскай бухце… Неяк разгаварыліся з цікавай жанчынай, якая проста на вуліцы прапаноўвала аформіць вандроўкі туды, туды і туды… Там шмат такіх было прапаноў. Але гэтая жанчына нас проста зачаравала. І мы выбралі… Албанію!

Сабраліся ехаць практычна ў нікуды, бо нічога не ведалі. Гэта зараз бы загуглілі і… не паехалі б нізавошта. А тады… Жаноцкая плюс журналісцкая цікаўнасць – ну гэта проста бомба!

І вось нікому нічога не сказаўшы, мы з Ленай паехалі туды з групай. Ніхто не ведаў: ні гаспадар вілы, дзе мы жылі, ні мясцовы прадстаўнік турфірмы (які ўвогуле-то на вочы не паказаўся ні разу!). Гэта пасля вяртання прыйшло ўжо ўсведамленне: а калі б не дай Бог што… Нас бы і не знайшлі…

Незнаёмыя краіны (абедзве – Чарнагорыя і Албанія), дарогі – ледзь не суцэльны серпанцін, на якім мне натуральна рабілася блага. Аўтобус… А хто ж яго ведае, наколькі спрактыкаваны кіроўца?! І як жа добра, што ўсё скончылася… добра.

А прырода ў Албаніі вельмі і вельмі прыгожая! Горы, рэкі…

Месцы адпачынку з адмысловым афармленнем, каменныя ўмацаванні з таўшчэзнымі сценамі, замкі і крэпасці… Толькі і паспявай дзівіцца ў акно ды на прыпынках. А кіравалі мы ў сталіцу Албаніі – Тырану.

Бетонны бункер ў Албаніі

Але напачатку дужа і дужа здзіўляюць… Вы былі ў Албаніі???

Здзіўляюць… бетонныя бункеры! Яны – паўсюль. Рознага памеру. На рознай вышыні над зямлёй. Дзесьці гэта проста напаўразбураная будыніна. Дзесьці – бы толькі ўчора пабудаваная. У іншым месцы з бункера зрабілі… пуню, там сена складзенае.

З таго часу запомнілася, што па ўсёй краіне іх… больш за 650 тысяч!

Цяпер чытаю – больш за 700 тысяч бункераў! І яны сапраўды паўсюль! Ды што гэта такое?! Аказваецца, загад Энвера Ходжы, які кіраваў краінай з 1944-га да 1985-га! Як пішуць зараз, прыхільнік Сталіна.

Вынік яго кіравання – гэта не толькі бункеры, але і тая самая закрытасць-зачыненасць, блакада правоў грамадзян…   Замест грошай – абмен прадуктамі… Забарона на ўласныя аўто, дачы, нашэнне джынсаў (!!!) ды іншае. Не ўхваляліся вандроўкі па самой Албаніі. Што ўжо казаць пра замежныя?! Жыць за рысай беднасці?! Ды больш за палова насельніцтва так патрапіла!

Албанія Тырана

І толькі пасля смерці Энвера Ходжы ў 1985-ым жыццё албанцаў пачало пакрысе мяняцца. Але бункеры так і засталіся па ўсёй краіне. Бо знесці іх – сапраўды справа няпростая і дарагая. Вось і пачалі прыстасоўваць, хто пад што…

І нават у 2008-ым вельмі ўражвалі высокія хмарачосы, усе зашклёныя, і побач – якіясьці трушчобы, штосьці напалову разбуранае… Прыгожыя набярэжныя – і ўсюдыісныя бункеры, як доты

У Тыране мы літаральна аглухлі ад амаль бесперапынных сігналаў машын! Бо, нягледзячы на святлафоры, кожны, здавалася, як хацеў, так і ехаў. А вуліцу пераходзілі людзі, проста лавіруючы паміж машынамі!

Мы, вядома ж, вылучаліся – «беларусатурысты»… Вопраткай, знешнім выглядам… І калі мая спадарожніца са сваім чорным колерам валасоў і смуглай скурай яшчэ магла сысці за мясцовую, дык я, рыжая і беласкурая… Таму і лавіла позіркі мясцовых. Усіх – жанчын, мужчын, дзяцей. І невядома было, як іх тлумачыць. На ўсялякі выпадак, атрымаўшы 2 гадзіны вольнага часу, мы ціснуліся бліжэй да цэнтра…

Але пабываць у Албаніі аказалася і карысным, і пазнавальным. Усё пабачыць на свае вочы – гэта зусім не тое, што вандраваць віртуальна. Можаце мне паверыць!

А зараз… Я не ведаю, як знешне змянілася Албанія за апошнія 11 гадоў. І як цяпер, пасля землятрусу, выглядае Тырана. Якіх будынкаў з тых, што я разглядала тады, ужо няма? А загінуўшыя… Магчыма, менавіта з імі мы глядзелі ў вочы адно аднаму – і я не разумела, што ж такое тоіцца ў іх позірках?!

І хаця гэта не вайна… Вечная памяць загінуўшым. Трымайся, змагайся, Албанія! Усім сэрцам – з табой…

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 44

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".