18.04.2023
18.04.2023

Якая справа – такая і слава (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Узбоч невялікага ляснога азярка Наўранскае, углыбіні самага дрымучага лесу, Мядзведзь-куртаты хвост смачна пасопваў у сваёй мяккай і ўтульнай бярлозе.

І раптам штосьці занепакоіла яго.Калі першы раз раздаўся быццам бы зусім слабы стук, толькі насунуў на голаў коўдру. І захроп на ўсе застаўкі.

Мядзведзю падалося, што нібыта патрапіў на чароўную пчалярню. Гаспадар на радасць госцю, яму, Мядзведзю, зайграў на дудзе ды й у бубен сын яго Янка дапамагаў. І Мядзведзь заўсміхаўся ў сне.

Мядзведзь спіць у бярлозе

А невялікая, з бурым ў рыжыя крапінкі апярэннем, якое адцянялася чорнымі кропкамі на шыі, і была падобная на маладога снегіра, птушачка  актыўна рабіла сваю справу.

Гэта быў Дубанос. Ён, нібы тэлеграфіст, адстукваў азбуку Морзе, здабываючы для сябе харч. Стукне і дастане са ствала тоўстай сухадрэвіны чарвячка, стукне і зноў штосьці праглыне.

А Мядзведзь спаў і марыў пра свежыя калоды мёду, якім яго шчодра частуюць, а ён лагодзіцца. І спраўна ласуецца ад пуза. І так унік у ружовы  сон, што не чуў ні козыту заблудзіўшага рыжага  Мураша, які першым з сямейнай чарады адышоў ад зімовай спячкі і, прагаладаўшыся, шукаў каб чаго-небудзь пахрумстаць. Але як тут знойдзеш спажыву, калі нават выблытацца з нячэсанай густой мядзвежай шчэцці куды больш складана, чым узняцца па камлі на дваццаці мятровае дрэва і паглядзець ці далёка яшчэ вясна..

Рыжы Мураш і так, і гэтак пяўся, але ўсё ніяк не атрымлівалася. І толькі калі Мядзведзь перакуліўся на другі бок, выпаўз на сухую галінку. Выпаўз,уздыхнуў з палёгкай і ўзрадаваўся. Але адкуль узялася палявая мыш, якая намервалася з’есці Мураша. Намервалася, але рыжы Мураш спрытна ўвільнуўся і знік пад покрывам, а далей – з моху на дрэва.

Мураш на дрэве

Ускараскаўся, і ўбачыў як крынічка, што срэбрым кутасікам побач бруілася, выйшла з аблюбаванага раўчука. І падалася ўбок, туды, дзе бярлога касалапага.

– Вой! Гэта ж можа Міхайлу падтапіць. – Трэба папярэдзіць!, - ускрыкнуў, разважаючы пра сябе рыжы Мураш. І пачаў клікаць на дапамогу.

Першым, хто пачуў азваўся лясны мысліцель і філосаф Дубанос.

– Трэба дапамагчы. Няхай сабе, летам, калі я лавіў на кветкавым дывановым полі конікаў, Мішка, смеючыся над маім заняткам, многіх разагнаў. Ды й увосень ён некалькі разоў пужаў мяне на сланечнікавым ды на гарохавым палях. Але зараз не пра тое трэба думаць.

Зляцеў Дубанос з дрэва і пачаў равок капаць, каб ваду з крынічкі скіраваць у супрацьлеглы бок. І так разахвоціўся, што праз лічаныя хвіліны срэбныя нітачкі крынічнай вадзіцы пацягнуліся ўзбоч бярлогі Мядзведзя.

– Управіўся! А цяпер Міша няхай шчэ паспіць, бо няма чым яму  ласавацца, – вымавіў Дубанос. – Гэта для мяне ўжо пупышкі на дрэвах з’явіліся, а як сонейка блісне, і жучкі павыпаўзаюць. А для яго няма шчэ спажывы. – Можа калі і сюды, у вадзяны ручэй, якая рыбіна заб’ецца. І Мішка паласуецца…

І зноў узляцеў на дрэва. Узляцеў і ў адно імгненне, як выдатны майстра маскіроўкі, схаваўся ў галінках так, што каб і хацеў хто заўважыць, не разгледзеў бы.

Дубанос

І заспяваў сваю немудрагелістую, падобную на чырыканне і скрэжат металу, песеньку. Але гэта была яго пераможная радасць! Перамога невялікай, здавалася б лянівай і флегматычнай птушачкі Дубаноса дзеля спакою магутнага звера.

Як ноч надышла, Ліса побач праходзіла. А тут мыш пад ногі трапіла. Рыжая скокнула за ёю і раз, і два. Ды дзе ноччу адразу ўпалюе. Спынілася, прыціснулася да зямлі. Пачула шоргат і піск у кучы галля. Нячутна падышла, ды як скокне на шоргат. Ну, думае, зараз я яе спаймаю.

Толькі лапы яе ўчэпістыя не мыш спаймалі, а расчасалі грыву соннага Мядзведзя ды разбурылі мурашнік, што звер прыхаваў да вясны. Ён любіць як лічынкі, так і мурашыную кіслату, асабліва ранняй вясной. Вось і цяпер спаў, засунуўшы адну лапу ў мурашнік. А ці ведаеце вы, калі перапуджаныя мурашкі яго абрызгваюць сваёй кіслатой звер пазбаўляецца ад шкоднікаў, што знаходзяцца ў яго шчэцці.

Вось і цяпер Ліса парушыла яго спакой. Той спрасонку нават не падымаючы ляманту, калі размахнецца лапаю па парушальніцы спакою.

Лісіца, атрымаўшы па хрыбеціне моцны пацалунак старэйшыны лесу, узнялася над вершалінамі дрэў і са свістам, нібы самалёт-знішчальнік паляцела. Але без апазнавальных сігнальных агнёў ляцела. Толькі яе рыжае футра пад начнымі зоркамі раз-пораз паблісквала перад Вялікай Мядзведзіцай.

Ліса ляціць па небе

Хітрай Лісіцы ніколі яшчэ не было так крыўдна. Ніхто так яе не зневажаў. А тут уночы, ды такі нечаканы палёт…

Праляцеўшы з паўгадзін, яна бачыла, як у рэках і азёрах, у жывейшай за жывую вадзе, шмыгаюць чароды срэбнабокіх плотак ды фарэлі. Як на палях поўзаюць па сваіх звыклых норах мышы, за якімі штораз ганялася.

І тады ўцяміла, што такі пошчак яна магла атрымаць толькі ад касалапага. Бо воўчы намнога слабейшы. Яго шчырую ласку таксама зведала, калі з калгаснае фермы яго здабычу сцібрыла.

… Тым часам і сонейка выглянула. Мядзведзь вылез з бярлогі. А Дубанос і кажа яму:

– А ёмка ты, дзядзька Мядзведзь, Лісіцу правучыў! Цяпер яна дакладна будзе адрозніваць дабро ад зла.

– Так і павінна быць, Дубанос. – З кожным добрым учынкам свет мяняецца да лепшага. – Мне Мураш наспяваў на вуха і пра твае карысныя справы. Быццам бы ты выратаваў маю бярлогу ад вясенняга падтаплення?

– Нічога асаблівага! Зрабіў добрую справу ды й забыў, а благую – памятай.

– Дзякуй табе, Дубанос! Па жыцці разбярэмся.

Як зайка Шустрык вясну сустракаў? (казка)

… А Лісіца ўсё падарожнічала. Змяняліся краявіды. З парадзелай тумановай цемры выступалі няясныя абрысы гор і паплавоў.  Мільгацелі ў яе вачах лясы і пералескі, палі, рэкі ды азёры. І бачыла яна ранішні неруш – зялёныя некранутыя плугам ратая абшары. Усцяж над рэкамі і азёрамі раслі дубы і ліпы, ёлкі ды сосны, алешнік ды вербалоз. Над той блакітнай цішынёй ды супакоем садзіліся, прывандраваныя дзікія гусі ды лебедзі. І Ліса быццам чула як звінела: “Не той бедны, хто мае мала, а той, хто хоча шмат”.

І толькі цяпер думалася ёй, што будзе жыць з таго, што сваім мазалём нажыве, а не крадзеным. Бо жыццё хуткацечнае. А той зарад, што атрымала нечакана, але заслужана, мусіць ніколі не скончыцца. Як вечны рухавік.

Лісіца ляціць па небе

Ужо здаецца, не столькі перапужалася, колькі прагаладалася, хаця ёй хацелася не толькі падсілкавацца, але і адпачыць. А больш за ўсё думала-меркавала, як аддзячыць за такі шчодры падарунак. Можна нават сказаць турыстычны, прычым дармовы палёт у такое захапляльнае падарожжа. І  без аніякай чаргі ды конкурсу!

Відаць, Мядзведзю і ў сне хацелася нешта прыемнае Лісе зрабіць. Вось ён і вырашыў падараваць гэтую магчымасць. У чароўнае падарожжа. Каб шырэй паглядзець на свае краявіды. Бо такое  здзейсніць рыжай па ўласным жаданні не стае часу. І ўсё з-за хцівых звычак.

І ў яе хітрай галаве быццам штосьці цёхнула. І пачала Ліса ўспамінаць свае заслугі, увішныя на дрэнныя справы: паядала яйкі і малых птушанятак усіх крылатых, што ладзяць свае гнёзды на зямлі – кнігавак, курапатак, жаваранкаў. А цяпер яшчэ і мядзвежы мурашнік... Да халеры нашкодзіла за жыццё сваё. На сваю пацеху жыла. А цяпер што ў пусты след гаварыць. Быццам мала нацягала курак у тыя пясчаныя норы-багажні!

Сорамна і нават брыдка стала за свае шкадлівыя ўчынкі.  Быццам хацела каго паклікаць, каб схаваў ад яе зайздросных і зласлівых вачэй гэтую прыгажосць. А напачатку хаця б выказацца. Але, як кажуць: “Якая справа – такая і слава”.

Думала ці зноўку хітравала? І толькі трывожны крык драздоў, што вілі гнёзды ў арэшніку, і абражлівы позірк Дубаноса перапыніў думкі лісіныя. Яна сцішылася, бо наперадзе чулася цурчанне лугавой крынічкі, што жывіла сенажаць.

Вясна прышла

Нарэшце скончыўся той мядзвежы зарад. Прызямлілася. Азірнулася па баках. Яшчэ колькі часу стаяла нерухома. Ачомалася так-сяк, ды й чкурнулася далей ад новай бяды. У глыб лесу, як ашалелая.

З тае пары Ліса больш ніколі не рабіла дрэннага ні звярам, ні птушкам. Вельмі не хацелася ей, каб па лесе пра яе ішла дурная слава.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама