07.01.2024
07.01.2024

Якія навагоднія зборнікі беларускіх пісьменнікаў варта пачытаць?

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Беларусы – багатыя людзі: як пачаліся зімовыя святы ад каталіцкага Раства, ажно да Вадохрышча будзе доўжыцца цудоўная калядная казка!

Чарадзе зімовых святаў папярэднічала 22 снежня  –  дзень зімовага сонцавароту. Сонца павярнула на лета, пакрысе прыбывае дзень. Але адбываецца гэта паступова, марудна – і зімовыя вечары яшчэ доўга будуць заставацца ідэальным часам для чытання.

Скарыстаемся імі, каб пазнаёміцца з цудоўным светам беларускіх кніг!

Цікавыя беларускія творы

Зборнік «З Новым годам!» (вершы, песні, п'есы, казкі, загадкі / уклад. У. М. Мазго; іл. А. В. Пазняка. – Мінск, 2009) складаюць творы больш як трыццаці паэтаў. Сяргей Грахоўскі, Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Ніл Гілевіч, Мікола Маляўка, Сяргей Патаранскі, Вера Бурлак… Вершы творцаў адпавядаюць абвешчанай тэматыцы: тут ёсць святочныя чытанкі пра ялінку, Новы год, Дзеда Мароза, Каляды. Шмат «марозных» і «снежных» вершаў – як і належыць у навагоднюю пару.

Ад Генадзя Аўласенкі чытачам каштоўны падарунак: цэлая нізка вершаў для абароны навагодніх касцюмаў: верш Вавёркі, Вожыка, Рамонка, Пірата…

У раздзеле «Навагодні карагод» – падборка песень на беларускай мове (арыгінальных і перакладных) з нотамі. Ёсць тут знакамітыя

«Жыла-была яліначка,

У хвойнічку расла,

Зімой і летам стройная,

Зялёная была…»

(Словы 3. Аляксандравай, пераклад В. Жуковіча, музыка М. Красева)

І «Яліначка» (словы Р. Кудашавай, пераклад В. Жуковіча, музыка Л. Бекмана)

«У лесе яліначцы

Холадна зімой.

З лесу яліначку

Мы ўзялі домоў.

Наша яліначка

Свеціцца-гарыць:

Снег на галіначках,

Яркія шары…»

Ёсць яшчэ раздзел «Новы год – не без прыгод», а ў ім п’есы-казкі Генадзя Аўласенкі і Міколы Чарняўскага.

Адным словам, для творчых людзей, якія любяць ладзіць святы самі, зборнік «З Новым годам!» сапраўдная скарбонка. Творы з гэтай кнігі дапамогуць і свята зладзіць, і слоўнікавы запас узбагаціць, і памяць патрэніраваць – бо цяжка знайсці лепшы трэнажор, чым добрыя вершы на роднай мове!

Зборнік "Беларуская зіма"

У зборнік «Беларуская зіма» (укладанне В. Шніпа, Мінск, 2018) увайшлі лепшыя вершы, казкі, апавяданні пра зіму і Новы год вядомых беларускіх пісьменнікаў.

Сярод твораў, на якіх выхавалася не адно пакаленне дзяцей, шмат і новых, напісаных нашымі сучаснікамі. Напрыклад, казкі Раісы Баравіковай  «Шчадрэц» і «Масленіца»; Наталлі Бучынскай «Навагоднія выкрунтасы ў класічным стылі»; шэраг казак Людмілы Рублеўскай з цыклу пра Мышку Пік-Пік і навагодняя п’еса-казка «Спадчына бабулі Зімавухі» пісьменніцы…

Вершы класікаўЯкуба Коласа, Паўлюка Труса, Рыгора Барадуліна – і сучаснікаў Алеся Бадака, Ніны Галіноўскай, Аксаны Спрынчан…

Асабіста я люблю такі фармат тэматычных зборнікаў: пісьменнікі розных часоў тут нібы за рукі пабраўшыся і ўтварыўшы непарыўнае жывое кола. Яно коціцца праз час, праз зімовую сцюжу, расказвае пра зіму – а само зіму гэтую ў нашых сэрцах растаплівае – столькі паэтыкі, гумару, дасціпнасці ў творах гэтай кнігі.

Зборнік дапаможа дарослым і дзецям у падрыхтоўцы да навагодніх ранішнікаў і зімовых свят.

Краіна вымярэння

Маляўнічая кніга Алега Грушэцкага «Краіна Вымярэнія» з ілюстрацыямі Віктара Козела рыхтавалася адмыслова да пачатку навучальнага года. Не дзіва: стваральнікі меркавалі, што з яе дапамогай дзецям лягчэй і цікавей будзе засвойваць адзiнкi вымярэння. Менавіта пра iх расказваецца ў казках, якія складаюць кнігу. Звяры ў гэтай кнізе – як і бывае ў казках – сябруюць, працуюць, вядуць сваю гаспадарку… Натуральна, у малят-зверанят узнікаюць пытанні: кілагрмамі ці метрамі купляць малако? Як узважваць розныя рэчы? Як вымяраецца час і што такое каляндар?

Пытанні, адказы на якія дарослыя людзі атрымалі даўным-даўно, аджылі і патрабуюць тлумачэння для іх дзяцей. Каб займальна патлумачыць, што і як зладжана ў Краіне Вымярэнія, казка – найлепшы праваднік. Мама Зайчыха пячэ пірог – гэта займае ў яе гадзіну. Мядзведзь узважвае гарбузы, качаны капусты, яблыкі – і вожыка, які абірае, што ж на сабе данесці дадому. Карова Мілка ахвотна падзеліцца малаком, але ж варта ведаць, што адмярае яго яна літрамі!

Кніжка пазнавальная, вельмі прыгожа аздобленая. Чытаючы яе, дзеці даведаюцца пра спосабы і адзінкі вымярэння (даўжыня, шырыня, вышыня), вагі і аб’ёму (кілаграмы, літры), адзінкі вымярэння часу (гадзіны, хвіліны), з дапамогай беларускіх прымавак і прыказак спазнаюць, чым адрозніваюцца месяцы і поры года.

Смела ўносьце кнігу ў спіс абавязковага чытання з дзецьмі на зімовых вакацыях, не прагадаеце: працэс адукацыі будзе цікавы і дзіцяці, і даросламу. Натуральна, мамы з татамі кілаграм ад метра даўно адрозніць могуць – але ж мастацтву даходліва тлумачыць рэчы, якія нам здаюцца відавочнымі, у аўтара Алега Грушэцкага варта павучыцца.

Кніга «Краіна Вымярэнія» яшчэ сустракаецца ў крамах. Калі вы шукаеце, што пакласці пад ялінку дзецям – лепшага падарунка і не знайсці!

«Беларуская зіма» таксама пакуль ёсць у продажы, а вось пра перавыданне кнігі «З Новым годам!» застаецца толькі марыць і пытаць яе ў бібліятэках.

Але пералічаныя кнігі вартыя таго, каб іх пашукаць. Зімовыя, яны грэюць душу і ствараюць свята.

Што пісалі на святочную тэматыку Якуб Колас і Змітрок Бядуля?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця