25.09.2020
25.09.2020

Яны пра лекі ведаюць усё… Са святам, фармацэўты!

logo
Думкі ўслых
0 18
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як часта мы можам пачуць у аптэцы: «Дайце штосьці ад галавы!», «Чым ціск збіць?», «А можна пры псарыязе рукі крэмам змазваць?»… І даюць, распытваюцца і падказваюць. І нам яно, тое, што параілі, дапамагае. Бо фармацэўты (правізары) ведаюць пра лекі ўсё. І сёння ў іх прафесійнае свята – Сусветны дзень фармацэўта. Віншуем шчыра!

Фармацэўты. Сусветны дзень фармацэўта.

А вы ведаеце, што ўпершыню ўзгадкі пра аптэку як месца захоўвання лекавых сродкаў з’явіліся ажно ў той старажытны перыяд, які вызначаецца як 400 гадоў да н.э.?! І ўзгадваў пра аптэкі Гіпакрат.

А вось у Еўропе першыя аптэкі з’явіліся значна пазней – у 1100-ым годзе. Вядома ж, пры манастырах. І  за лекавыя сродкі, якія там вырабляліся-ствараліся, не трэба было плаціць. Першыя ж гарадскія аптэкі адчыніліся праз стагоддзе – у Венецыі.

А слова «правізар» вядомае яшчэ з 15 стагоддзя і з латыні перакладаецца – «які прадбачыць, прадчувае, прадугадвае». Вось якая адказная місія! Што ж датычыцца Беларусі, дык, па меркаванні даследчыкаў, першая аптэка з’явілася ў 1561 годзе… Не, не ў Мінску (старажытным Менску), а ў Пінску! У Менску-Мінску – толькі ў 1659-ым… Амаль праз сто гадоў.

Сусветны дзень фармацэўта. Старая аптэка.

А ўвогуле, гісторыя развіцця аптэк на Беларусі даволі доўгая. І справа, вядома ж, не столькі ў памяшканнях, а ў людзях і ў тым, чым яны займаліся і займаюцца там. Бо, як вядома, не месца ўпрыгожвае чалавека…

Па маім асабістым меркаванні, фармацэўт і правізар павінны мець не толькі веды, уменні, здольнасці, але і схільнасць, і покліч сэрца, калі хочаце… Так-так! Як урач, як настаўнік, выхавальнік… Інакш гэта будзе толькі адбыванне працоўнага дня – і невялікая карысць для наведвальнікаў.

А сітуацыі ж бываюць розныя. Хтосьці не хоча ісці да ўрача, хтосьці па розных прычынах – не можа. А баліць, а пазбавіцца ад болю хочацца хутка і на працяглы час. Няхай сабе і з дапамогай лекаў. А для мяне больш звыкла – з дапамогай зёлак. Хаця звычайна неабходныя і так пад рукой, бо ў нашай сям’і іх нарыхтоўвалі здаўна…

Сусветны дзень фармацэўта. Лекавыя зёлкі.

Дык вось пра чалавека… Да гэтага часу прыгадваю адну з маміных вучаніц, якая колькі гадоў таму працавала ў нашай аптэцы. Няхай сабе і без спецыяльнай адукацыі (здаецца), затое сапраўды па поклічу сэрца.

Оля Тоўсцік. Яна звычайна сядзела на касе. У яе змену да правізара можна было нават не падыходзіць. Бо Оля адразу ж па запыце на памяць (!!!) выдавала, ёсць такія лекі ці няма, колькі каштуюць, прабівала чэк і прыносіла неабходнае сама.

Я не памятаю тады вялікіх чэргаў! А цяпер можна стаяць паўгадзіны, пакуль адзін чалавек (!) перад табой, які прыдзірліва, падрабязна і грунтоўна распытваецца ў аднаго правізара пра неабходнае яму. А той што? Той шукае ў камп’ютары…

Сусветны дзень фармацэўта. Фармацэўт за камп'ютарам.

Праўда, параіць можа, калі просяць. Альбо прапануе аналаг, заменнік, калі патрэбнага няма. Але хуткасць, душа, увага і любоў да людзей… Такое бачыла толькі ў Олі.

А пасля яна знікла з нашай адзінай на той час аптэкі. Выпадкова даведаліся пра «чыстку радоў». Звальнялі тых, хто не меў спецыяльнай адукацыі. І мне так шкада, што Оля не пайшла вучыцца!

Зараз у нашым горадзе некалькі аптэк, у тым ліку і прыватных. Я абрала сабе адну, дзе таксама прыемнае абслугоўванне. Табе ўсё і пакажуць, і падкажуць. Не ўсе, праўда, хто стаіць па той бок акенца (яны мяняюцца), задавальняюць сваімі адносінамі да наведвальнікаў. Але большасць. Плюс практычна ніколі не бывае чэргаў.

Сусветны дзень фармацэўта. Аптэка без чэргаў.

Ну, а што наш народ, асобныя яго прадстаўнікі, і да гэтага часу нічога не чулі пра сацыяльную дыстанцыю… Дык гэта наша агульная бяда, а не віна супрацоўнікаў аптэк… Разметка ёсць. Папярэджанне пра неабходнасць насіць маскі, карыстацца антысептыкам і захоўваць дыстанцыю вісіць.

Ну не ўмеюць некаторыя чытаць… Дыхаюць у патыліцу, зазіраюць з-за пляча і ледзьве не падпіхваюць цябе ў спіну. Даводзіцца альбо локцем назад (жарт!), альбо словамі… Бывае, усё роўна не разумеюць…

Але ж зноў да аптэк, фармацэўтаў, правізараў і іх прафесійнага свята. Сёння дзень, калі можна і трэба казаць «дзякуй»… За працу, за адносіны, за душэўнае стаўленне, за неабыякавасць… Бо ёсць нагода!

Сусветны дзень фармацэўта.

Ведаю, што мая аднакласніца Святлана Ждановіч (Волат) загадвае адной з аптэк г.Мінска. Даўно. Яшчэ на мінулай працы я пабывала ў яе там у гасцях. Цяпер проста няма часу на стасункі. Ды і каранавірус па-ранейшаму не спіць… Зрэдку стасуемся ў сацыяльных сетках.

І вось нядаўна на маё пытанне, як справы, ці была ў адпачынку, Света адказала літаральна наступнае: «Не, адпачынку не было. Усё лета працавала. У нас новыя супрацоўнікі, моладзь. Даводзіцца інтэнсіўна навучаць. Пакуль стаю побач з імі ўжо другі тыдзень. Крыху складана, але і аб'ём вялікі. І людзі больш ідуць да нас па лячэнне. А каб лячыць, трэба ведаць. Вось і спрабую навучыць іх якасна ставіцца да наведвальнікаў...»

Таму Света і Оля – першыя, каго я хачу асабіста павіншаваць з Сусветным днём фармацэўта! Дзякуй вам, дзяўчаты, за вашую неабыякавасць!

Сусветны дзень фармацэўта. Віншаванні.

І – са святам усіх, хто мае да яго непасрэднае дачыненне! Здароўя, шчасця, кахання, дабрабыту, ладу і згоды ў сем’ях. І няхай не толькі адзін раз на год, а штодня гучаць у ваш адрас цёплыя і шчырыя словы падзякі!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 18

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".