30 Верасня
30.09.2020

Яны заўсёды нам патрэбныя… Надзея, Вера і Любоў!

logo
Думкі ўслых
0 0 18
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

І на гэты раз размова не пра высокія матэрыі, а пра цалкам канкрэтныя… імёны. Бо сёння, 30 верасня, – Дзень памяці святых пакутніц Веры, Надзеі, Любові… І маці іх Сафіі. Віншуем усіх, хто святкуе!

Святыя Вера, Надзея і Любоў.

Іншыя ж назвы гэтага дня – «сусветныя бабіны імяніны», «бабіна свята» і нават… «бабіна выць»!

Чаму?! Ды таму, што з самай раніцы жанчынам раілі… добра паплакаць. І тым самым – пазбавіць сябе і сваё сямейства ад далейшых бедаў, суму, непрыемнасцяў. Нават калі нагоды плакацца быццам бы і няма… А ўжо калі ёсць… Такі вось своеасаблівы абярэг.

Плюс існавала меркаванне, што калі ў гэты дзень жанчына наплачацца «ўдосталь», дык цэлы год у яе без слёз пройдзе.

Якое з традыцыйных сардэчных пажаданняў сустракаецца даволі часта?! «Каб поруч з вамі заўсёды крочылі Надзея, Вера і Любоў». Шчыра і ўзнёсла, праўда?! І вельмі-вельмі неабходна нам усім такое апякунства, суправаджэнне па жыцці. Без яго сапраўды – нікуды…

Дзень святых пакутніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі.

Але, нягледзячы на такое душэўнае свята, дзень 30-га верасня ў народным календары лічыцца… небяспечным і нешчаслівым. Ці то з-за пакутніцкай смерці святых, ці то з-за традыцыі плакаць. Але як ёсць, так ёсць.

І ўсё ж ніхто не замінае, адплакаўшы, адсвяткаваць уласныя імяніны. Бо калісьці надзвычай папулярнымі былі гэтыя імёны – Надзея, Вера, Любоў, Сафія. І вельмі цікава было б зараз падлічыць хаця б прыкладна: а колькі жанчын сёння – імянінніцы?! А ў вашым асяроддзі ёсць такія?! Не забудзьцеся іх павіншаваць! 🙂

Па народных прыкметах нашых продкаў у гэты дзень звычайна халодна і дажджліва. Зрэшты, нічога дзіўнага: апошні дзень верасня. Першая хваля бабінага лета (калі пашанцуе) прайшла ўжо, а другую па-ранейшаму чакаем у кастрычніку (вельмі хочацца!). А тым часам начныя ды ранішнія замарзкі звычайна ў гэты час робяцца не такімі ўжо і рэдкімі…

30 верасня. Начныя і ранішнія замарзкі.

Між іншым, калі 30 верасня ідзе дождж, дык чакаецца ранняя вясна. А калі ў гэты дзень жураўлі паляцяць у цёплыя краіны (хаця веча-то іх жураўлінае вунь калі было!), дык на Пакроў чакалі ўжо не замаразкаў, а марозу!

І таксама па даўнейшай традыцыі хто сватаўся на Веру, Надзею і Любоў, той вяселле традыцыйна гуляў на Пакроў! А каму ўжо не пашанцавала… Памятаеце?! «Праходзіць Пакрова – раве дзеўка, бы карова».

Але да Пакрову яшчэ ёсць час, каб згаварыцца, пасватацца ды падрыхтавацца да вяселля! 🙂 Калі браць па ўвагу спрадвечныя традыцыі беларусаў…

Сватацца на дзень Веры, Надзеі і Любові.

А вось на Веру, Надзею і Любоў браць шлюб заўсёды лічылася дрэннай прыкметай. Як і ладзіць шумныя гулянкі, спажываць шмат спіртнога, прыбірацца ў хаце, сварыцца… Майце на ўвазе, калі думаеце святкаваць імяніны!

Затое наведваць храм і маліцца, звяртацца да святых, прасіць у іх здароўя сваім блізкім, дабрабыту сям’і лічыцца добрай традыцыяй сярод вернікаў у гэты дзень.

А заўтра мы ўжо сустракаем іншае свята. У чымсьці неадназначнае, але пры правільным падыходзе дык цалкам, прабачце за таўталогію, святочнае свята. Дзень пажылых, альбо Дзень сталых.

1 кастрычніка – Дзень сталых.

І калі 1-га кастрычніка проста аказваць знакі ўвагі людзям ва ўзросце – запрашаць у калектывы, дзе працавалі, уручаць кветкі, падарункі, грашовую дапамогу, наладжваць салодкія сталы, канцэрты… Дык чаму б і не?!

Як кажуць, усе рана ці позна будуць пенсіянерамі, выйдуць на заслужаны адпачынак. І як ставіліся ў маладым узросце да сталых, такое стаўленне і да сябе кожны атрымае.

Шкада, што зараз многія маладыя начальнікі гэтага не разумеюць. Яны думаюць, што заўсёды будуць маладымі. Альбо што яны такія асаблівыя, што іх і пасля будуць ушаноўваць… падначаленыя. Але часцяком назіраем мы ўсё той жа закон ці эфект бумеранга…

Закон бумеранга.

Таму лепей усё ж паважліва ставіцца да тых, хто зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. І не толькі адзін раз на год, у свята сталых, а пастаянна. І я ведаю такія калектывы на Чэрвеньшчыне, якія сапраўды можна паставіць у прыклад. Але пералічваць не буду. А то раптам каго не назаву – пойдуць крыўды. 🙂 Дык няхай гэта будзе нагодай для роздуму… Для ўсіх.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 18

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.