3 Ліпеня
03.07.2019

Яшчэ не перамога, але ўжо – воля! І крыху пра туркменскага салдата

logo
Думкі ўслых
118 057
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Спрабую ўявіць сабе гэты дзень 75 гадоў таму – і… не атрымліваецца. Што павінны былі адчуваць людзі, калі даведаліся: у Беларусь нарэшце прыйшло Вызваленне?! Ці ўсвядомілі адразу? Ці паверылі, што больш не будзе расстрэлаў, шалёных куляў, бамбёжак, здзекаў і рабаванняў? Што з’явілася надзея на мірнае жыццё? Альбо баяліся, што ўсё можа вярнуцца назад?!

Ужо не так шмат засталося людзей, якія дакладна могуць распавесці пра тыя ўласныя адчуванні. Ды і ці можа захаваць іх памяць праз сем з паловай дзесяцігоддзяў?! А нас чамусьці ўсё турбуюць пытанні: дык як гэта было насамрэч? Якое надвор’е стаяла? Адкуль даведаліся радасную навіну? Ці святкавалі? Не ведаю, чаму і зараз важныя такія дробязі.  Але ж так хочацца даведацца…

Можа, таму, што звычайна думаеш пра ўсё гэта не адцягнена, а спрабуеш зірнуць на той час вачыма людзей, што жылі тады на тэрыторыі Беларусі. Што адчуваў мой тата, які нарадзіўся ў снежні 1940-га на Уздзеншчыне, у ліпені 1944-га, калі знаходзіўся яшчэ ў даволі несвядомым узросце? А мама і ўвогуле нарадзілася ў студзені 1943-га і жыла ў Расіі. Да адліку іх надзеі на мірнае жыццё – пераможнага мая 1945-га – заставалася яшчэ шмат часу…

А колькі месяцаў ці нават гадоў прамінула, каб людзі перасталі сціскацца ад гулу самалётаў і не кідаліся хавацца куды-небудзь далёка? Каб маглі штосьці вырошчваць на палях ды агародах, завесці каня, карову? Адбудаваць хату, перасяліўшыся з зямлянкі, лазні, варыўні, ад суседзяў ці родзічаў? І каб паверылі, што пасля 9 Мая 1945 года ўсё стане добра… канчаткова?

Не ведаю, чаму, але я так пранізліва адчуваю гэта зараз… Генетычная памяць ці штосьці іншае спрацоўвае? Пераносячы на 75 гадоў назад… Быццам і радавацца трэба, што вызваленне… І баішся паверыць, што гэта праўда. Бо дужа шмат пакутлівых дзясяткаў месяцаў прамінула, падчас якіх людзі ўжо нават забыліся, што можа быць спакойна і не страшна… Не страшна за жыццё ўласнае і сваіх дзяцей…

А хтосьці ж гінуў у баях за Беларусь падчас яе вызвалення, акурат 1-3-га ліпеня… Як, напрыклад, салдаты і афіцэры розных нацыянальнасцяў на тэрыторыі Чэрвеньшчыны… Калі пагартаць кнігу «Памяць.Чэрвеньскі раён», перачытаць прозвішчы, угледзецца ў помнікі, што стаяць на брацкіх магілах, робіцца зразумелым: літаральна з усіх краін былога Савецкага Саюза тут палеглі абаронцы. І насупраць многіх можна адшукаць дату смерці: 3-га ліпеня 1944 года.

Ужо Вызваленне… Ужо быццам бы дзень без нямецка-фашысцкіх захопнікаў… І ўсё ж – баі. І пахаванні.

Да глыбіні душы кранула гісторыя неверагодных супадзенняў, калі туркменскія дзяўчаты, якія прыехалі на вучобу ў Мазыр і практычна не размаўлялі нават па-руску, вырашылі адшукаць магілу дзеда… у Чэрвеньскім раёне. Не ведаючы, дзе гэта. І ці праўда, што тут.

І трэба ж такому здарыцца, што куратарам адной з дзяўчынак, Энеджан, была выкладчыца англійскай мовы, якая доўгі час жыла ў Чэрвені! І з ёй, Святланай Кісялёвай, мы нават разам працавалі. Яе дачка, мая колішняя вучаніца Лена, удакладніла па кнізе «Памяць. Чэрвеньскі раён», што сваяк Энеджан і яе стрыечнай сястры Гуль­ба­хар, якая таксама вучылася ўжо ў Мазыры, пахаваны ў нашай вёсцы Кутузаўка.

І аднойчы Святлана Кісялёва прывезла сваіх туркменскіх студэнтак у Чэрвень! І мы ўсе разам (я як журналіст) паехалі на магілу іх дзеда Абдулы Хал­сан­бер­ды­ева. Праўда, прозвішча так напісана на помніку, з перастаўленымі літарамі, а насамрэч гучыць крыху інакш. Але гэта дакладна ён! Загінуў, абараняючы наш раён, 3-га ліпеня 1944 года…

… Дзяўчаты набылі жывыя чырвоныя гваздзікі, пераапрануліся ў свае нацыянальныя строі… Яны плакалі на магіле дзеда, пяшчотна дакранаючыся да літар, чыталі спецыяльную малітву за памерлых… А я таксама плакала, прыгадваючы свайго дзеда, які загінуў і пахаваны ў далёкай Літве.

Энеджан і Гульбахар павезлі дадому шмат фота. І крыху зямлі з магілы дзеда. Цяпер уся радня ведае, дзе пахаваны іх дарагі чалавек. Думаю, дзень 3-га ліпеня, як і Чэрвеньшчыну, цяпер штогод прыгадваюць і ў Туркменіі…

Таму і гэтае свята, як Дзень Перамогі, – са слязьмі на вачах. З успамінамі пра загінулых, з пажаданнямі, каб душы знайшлі супакой у раі. А на Зямлі мы іх памятаем…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

118 0 57

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.