23.10.2019
23.10.2019

Яўлампій + Яўлампія: варожым на надвор’е!

logo
Адметнасць беларусаў
258 046
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Хаця і няўдзячная гэта справа – меркаваць пра тую ж будучую зіму ў пэўныя дні, як рабілі гэта нашыя продкі, а ўсё ж будзем працягваць! Хаця б для таго, каб не згубіць тыя народныя прыкметы, што перадаваліся з пакаленне ў пакаленне і толькі дзякуючы паважліваму і сур’ёзнаму да іх стаўленню дайшлі да нашых дзён. Таму, трымаючы ў галаве надзею на працяг шыкоўнага бабінага лета ў кастрычніку, задумваемся пра снежань! 🙂

Вось вам калі больш здаровіцца? Ёсць такая пара года? Асабіста ў мяне найлепшае самаадчуванне ў восеньскія ды зімовыя месяцы, калі лёгкі марозік, сняжок, няма шалёнага ветру і вільготнасць невялікая. Тады і галава рэальна лепей працуе, і вершы пішуцца!

Затое калі слата, моцны вецер, дождж, бруд пад нагамі, імунітэт спяшаецца схавацца ва ўтульную норку і нават носу адтуль не паказвае! А ты тут змагайся, як хочаш, з тымі праявамі прастуды ці яшчэ чаго горшага.

А калі ўлічыць, што апошнім часам я стараюся даць магчымасць арганізму спраўляцца самастойна, без усялякіх там антыбіётыкаў… З дапамогай правераных гадамі народных сродкаў… Дык лепей не трэба нам такога надвор’я! J Хаця, як спяваецца ў вядомай песні, і няма яго, дрэннага, у Прыроды…

Думаю, многія памятаюць, якое цудоўнае надвор’е можа надарацца напрыканцы восені. І штогод мы чакаем паўтору. Але няма, няма зараз стабільнасці. У адрозненне ад часоў даўніх і не вельмі.

Вось, напрыклад, 23 кастрычніка – Яўлампій Зімапаказчык і Яўлампія-Лампея. У царкве ў гэты дзень ушаноўваюць святых пакутнікаў – брата і сястру, Яўлампія і Яўлампію. А ў народзе… пазіраюць уночы на неба! А дакладней – на месяц.

Нашы продкі прыкмячалі: «Рогі месяца на поўнач – быць хуткай зіме, ляжа снег па-сухому; калі на поўдзень – хуткай зімы не чакай, будзе бруд ды слізота». І яшчэ: «На Лампею рогі месяца кажуць у той бок, адкуль быць і вятрам».

«Бруд праклінаем, пра снег марым», – заўважалі калісьці на Яўлампія. Што, пагадзіцеся, сёлета і зусім не актуальна. І яшчэ: «У Лампеі бруд ды слізота – кастрычнік-гразнік да Казанскай (4 лістапада – заўв. аўтара) снегам не памыецца, у белы кафтан не прыбярэцца». Назіралі і за дрэвамі: «Лісце на вярбе пачало жаўцець знізу і аблятаць – зіма будзе ранняя».

Яшчэ да Яўлампія, а таксама і непасрэдна 23 кастрычніка, даволі адчувальна змяншаўся светлавы дзень: «Яўлампій лучыну шчыпле, агонь раздзімае і поцемкі асвятляе». З гэтага дня пачыналася нарыхтоўка лучыны на зіму. А патрабавалася яе шмат. Асабліва ў той час, калі іншых спосабаў асвятлення жылля і надворных пабудоў проста не было. А ўсю хатнюю працу выконвалі менавіта пры святле лучыны…

Нашы продкі лічылі таксама, што менавіта 23 кастрычніка ў людзей абвастраецца інтуіцыя, і можна з поспехам знаходзіць рэчы ці нават жывёлу, якія зніклі. А вось гэта цікавае назіранне, праўда? Можна нават паспрабаваць правесці які-небудзь эксперымент! Толькі не са скептыцызмам падысці, вядома ж. Інакш і блізка нічога не атрымаецца!

Цікава, што ў некаторых мясцовасцях варажэі і лекары ў гэты дзень збіралі траву, якая ў народзе надзеленая магічнымі ўласцівасцямі, – руту. І развешвалі ў хатах пад столлю – для абароны дзяцей ад нячыстай сілы.

А ўвогуле, нягледзячы на свае лекавыя ўласцівасці, яна лічыцца ядавітай. І пры кантакце са скурай, сцвярджаюць спецыялісты, магчымыя зуд, пачырваненні і высыпанні. Так што без спецыяльных ведаў і навыкаў лепей за яе не брацца – у прамым сэнсе!

Ну, а сёння, па магчымасці, цешымся сонечным дзяньком, калі ён камусьці выпаў 23 кастрычніка, частуемся духмянай гарбатай – набытай альбо з уласнаручна высушаных травак… А моладзі нават раяць… паскакаць праз вогнішча! Лічыцца, што такім чынам можна адрадзіцца, бы распачаўшы новае жыццё…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

258 0 46

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.