25.05.2020
25.05.2020

Ёдны дэфіцыт «б'е» па інтэлекце. Як распазнаць праблемы са шчытавідкай у дзяцей?

logo
Здароўе дзяцей
0 17
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Галаўны боль, бяссонніца, пачашчанае сэрцабіцце, патлівасць, хуткая стамляльнасць, адставанне ў росце, недахоп ці лішак масы цела ў дзіцяці могуць сігналізаваць аб праблемах у працы шчытападобнай залозы.

У Беларусі такія хваробы займаюць першае месца па распаўсюджанасці і складаюць 70% ад усёй эндакрыннай паталогіі дзіцячага ўзросту. На пачатак 2020 года ў структуры хваробаў шчытападобнай залозы ў дзяцей пераважаў эндэмічны дыфузны валляк (просты нетаксічны валляк). Як распазнаць праблемы са шчытавідкай у дзіцяці і што рабіць для прафілактыкі?

Шчытападобная залоза. Праблемы і хваробы ў дзяцей.

Ёдаваная соль – проста і эфектыўна

Захворванні шчытападобнай залозы можна падзяліць на тыя, якія працякаюць з парушэннем яе структуры ў выглядзе дыфузных альбо ачаговых змяненняў (кісты, вузлы), і тыя, якія суправаджаюцца змяненнем структуры і функцыі залозы (зніжаная – гіпатэрыёз, павышаная – гіпертэрыёз, або тэрыятаксікоз).

У нашай краіне паспяхова рэалізаваная Нацыянальная праграма па ліквідацыі ёдадэфіцытных станаў. Асноўным харчовым прадуктам, які ўзбагачаецца ёдам, абраная соль, бо яна рэгулярна спажываецца ўсім насельніцтвам краіны на працягу жыцця.

Ёдаванне солі, праверка якасці яе насычанасці ёдам тэхнічна лёгка здзяйсняльныя. Дзякуючы такому простаму рашэнню, да 2013 года дэфіцыт ёду ў Беларусі быў цалкам ліквідаваны.

Важны вынік правядзення Нацыянальнай праграмы ліквідацыі ёднай недастатковасці – паступовае зніжэнне паказчыка першасных захворванняў на эндэмічны валляк на 100 000 дзіцячага насельніцтва (з 195,33 у 2015 годзе да 158,76 у 2019 годзе).

Шчытападобная залоза. Абследаванне дзяцей.

Яшчэ адным крытэрыем, які пацвярджае добрую забяспечанасць ёдам, з'яўляецца памяншэнне частаты сустракальнасці прыроджанага гіпатэрыёзу – захворвання, якое паспяхова дыягнастуюць пры скрынінгу ўсіх нованароджаных. За апошнія гады ў нашай краіне адзначанае зніжэнне першасных захворванняў на прыроджаны гіпатэрыёз на 100 тысяч дзіцячага насельніцтва (з 1,41 у 2015 годзе да 1,13 у 2019 годзе).

Ёд важны для інтэлекту

Недахоп ёду і выкліканы гэтым недахоп гармонаў шчытападобнай залозы ўжо з першых тыдняў унутрычэраўнага развіцця могуць прыводзіць да сур'ёзных парушэнняў закладкі галаўнога мозгу, фарміравання і выспявання нервовай сістэмы плода.

У норме прадукцыя гармонаў шчытападобнай залозы падчас цяжарнасці ў жанчыны павялічваецца на 30-50%, і плацэнта пранікальная для іх пераходу да будучага дзіцяці. З другой паловы цяжарнасці шчытападобная залоза плода пачынае выпрацоўваць уласныя гармоны, аднак матчыны не губляюць сваёй ролі.

Напрыклад, пад уплывам гармонаў шчытападобнай залозы цяжарнай адбываецца развіццё ўсіх сістэмаў і органаў у дзіцяці з прыроджанай аплазіяй (адсутнасцю) шчытападобнай залозы. Але відавочныя прыкметы зніжанай функцыі шчытападобнай залозы адсутнічаюць у 90% такіх дзяцей. Толькі праз некалькі дзён пасля нараджэння ўзровень матчыных гармонаў у крыві дзіцяці падае, і калі не будзе прызначанае замяшчальнае гарманальнае лячэнне, у дзіцяці разаўецца цяжкі малюнак прыроджанага гіпатэрыёзу.

Шчытападобная залоза. Уплыў маці на нованароджанага.

Яшчэ адна сур'ёзная прычына зніжэння разумовага развіцця дзіцяці – дэфіцыт гармонаў шчытападобнай залозы ў раннім дзіцячым узросце. Гэты стан з'яўляецца незваротным і дрэнна паддаецца рэабілітацыі. Таму групамі павышанай рызыкі развіцця ёднага дэфіцыту з'яўляюцца жанчыны ў перыяд цяжарнасці і груднога выкормлівання, дзеці ад 0 да 3 гадоў.

Шчытавідка ў падлеткаў

Шчытападобная залоза аказвае важны ўплыў на рост, выспяванне касцявога шкілета і палавой сістэмы, станаўленне рэпрадуктыўнай функцыі дзіцяці. У падлеткавы перыяд функцыя шчытападобнай залозы адаптуецца да хуткага (скачка) росту і палавога развіцця: павялічваецца ўзровень тэрыятропнага гармону (гармону, які выпрацоўваецца гіпофізам) з наступным павышэннем канцэнтрацыі ў крыві гармону шчытападобнай залозы – тыраксіну.

Гэтыя змены фізіялагічныя і накіраваныя на падтрыманне высокага ўзроўню абмену рэчываў у падлеткаў. Рост аб'ёму шчытападобнай залозы ў гэтым узросце звязаны не толькі са стымулюючым уплывам тэрыятропнага гармону, але і іншымі фактарамі.

Так, недастатковае паступленне ёду ў арганізм павышае адчувальнасць клетак шчытападобнай залозы (тэрацытаў) да кампенсатарнага павышэння прадукцыі тэрыятропнага гармону з развіццём струмагеннага эфекту – павялічваюцца памеры шчытападобнай залозы за кошт узрастання колькасці «працуючых» клетак (ёдадэфіцытны валляк).

Шчытападобная залоза. Абследаванне дзяцей.

Недахоп бялку і дысбаланс мікраэлементаў можа ўзмацняць клінічныя праявы недахопу ёду. Недахоп у харчаванні дзіцяці цынку, марганцу, селену, малібдэну, кобальту, медзі і лішак кальцыю адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні ёдадэфіцытнага валляка і апасродкуюцца праз парушэнні ўтварэння і актыўнасці каферментаў, ферментаў, вітамінаў і іншых біялагічна актыўных злучэнняў.

Сёння актыўна абмяркоўваецца дзеянне эндакрынных дызраптараў на стан шчытападобнай залозы. Ёсць меркаванне, што гэтыя рэчывы ўплываюць на развіццё злаякасных пухлінаў шчытападобнай залозы ў дзяцей. Зараз Рэспубліка Беларусь ўключаная ў праект Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, мэта якога – вызначыць уплыў эндакрынных дызраптараў на здароўе дзіцяці, у тым ліку на эндакрынную функцыю.

Яшчэ адна з прычынаў парушэння працы шчытападобнай залозы – курэнне, у тым ліку пасіўнае. Даказана, што рэчывы, якія змяшчаюцца ў тытунёвым дыме (перхлараты) блакуюць ферментную сістэму залозы.

Шчытападобная залоза. Небяспека ўплыву пасіўнага курэння на дзяцей.

Як выяўляюцца праблемы са шчытавідкай у дзяцей?

Паколькі гармоны шчытападобнай залозы прама ці ўскосна ўплываюць на ўсе працэсы ў арганізме дзіцяці, клінічныя праявы парушэння яе працы разнастайныя. Нярэдка паталогія шчытападобнай залозы можа маскіравацца пад іншыя захворванні. Зніжэнне функцыі залозы ў дзіцячым узросце праяўляецца нематываваным наборам масы цела, слабасцю, дрымотнасцю, павышанай стамляльнасцю, прыгнечаным эмацыянальным станам, ацёкамі, сухасцю скуры, ломкасцю пазногцяў, запорамі.

Пры залішняй прадукцыі тэрыёідных гармонаў адзначаюцца скаргі на дрэннае самаадчуванне, раздражняльнасць, змяненне паводзінаў і паспяховасці ў школе, бяссонніцу, патлівасць, трэмар, пачашчанае сэрцабіцце, галаўны боль, парушэнне зроку, пахуданне.

Калі дзіця адстае ў росце, у яго недахоп ці лішак масы цела, калі ў дзяўчынкі нерэгулярны менструальны цыкл; калі хтосьці ў сям'і быў прааперыраваны з нагоды раку шчытападобнай залозы або мае парушэнне функцыі (гіпатэрыёз ці гіпертэрыёз), ёсць сэнс прайсці абследаванне.

Шчытападобная залоза ў дзяцей. УГД.

Для пацверджання дыягназу парушэння функцыі шчытападобнай залозы алгарытм абследавання дзіцяці ўключае ўльтрагукавое даследаванне, вызначэнне ўзроўню гармонаў шчытападобнай залозы, кансультацыю эндакрынолага.

Прафілактыка хваробаў шчытавідкі ў дзяцей

Што ж можна зрабіць, каб падтрымаць працу шчытападобнай залозы ў дзіцяці? Прафілактыка пачынаецца з вядзення здаровага ладу жыцця (рацыянальнага харчавання і адэкватнай фізічнай нагрузкі). Паколькі ў склад гармонаў шчытападобнай залозы ўваходзяць малекулы ёду, які ў асноўным паступае з ежай, варта не забывацца пра ўжыванне ёдаванай солі.

Дадаткова можна ўключыць у рацыён дзіцяці марскую рыбу, марскую капусту. Яны ўтрымліваюць найбольшую колькасць гэтага мікраэлемента (каля 800-1000 мкг/кг).

Шчытападобная залоза. Марская капуста ў дзіцячым меню.

Значная колькасць мікраэлемента выяўляецца ў рыбіным тлушчы. У лыжцы рыбінага тлушчу змяшчаецца сутачная доза ёду. Гародніна, садавіна не валодаюць здольнасцю канцэнтраваць ёд, таму яго ўтрыманне ў іх цалкам залежыць ад мікраэлементнага складу глебы.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 17

Прафесар 1-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, д.м.н., галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя
Глядзіце таксама