30.07.2020
30.07.2020

Ёсць ідэя! У Беларусі праходзіць конкурс экастартапаў

logo
Навiны
0 30
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Праект здаровага ладу жыцця і зялёнага спажывання «Пастарнак» сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама Нацыянальным выставачным цэнтрам «БелЭкспа» запусцілі маштабны рэспубліканскі конкурс экастартапаў «Belarus Green Awards».

Мерапрыемства ладзіцца ў рамках святкавання 60-годдзя з дня заснавання прыродаахоўнай сістэмы Беларусі. Мэта конкурсу – выявіць лепшыя бізнэс-ідэі экалагічнай тэматыкі, рэалізацыя якіх будзе спрыяць паляпшэнню стану навакольнага асяроддзя, зніжэнню негатыўнага ўздзеяння знешніх фактараў на здароўе чалавека, павышэнню якасці яго жыцця.

Конкурс экастартапаў. Ядомы посуд.

Экалогія – гэта мы

Сярод фактараў, якія аказваюць уплыў на наша здароўе, экалогія займае другое месца. Вада, якую мы п'ём, паветра, якім дыхаем, прадукты, якія ямо, шум, у якім жывём, інфрачырвонае выпраменьванне, якому мы сябе падвяргаем, – гэтыя і многія іншыя рэчы, звыклыя ў паўсядзённым жыцці, адбіваюцца на нашым настроі, самаадчуванні, якасці жыцця. І што самае важнае – на здароўі. Паводле ацэнак спецыялістаў СААЗ, у аснове амаль кожнага 4-га неінфекцыйнага захворвання ляжыць экалагічны фактар.

У той жа час чалавецтва не гатовае адмовіцца ад многіх выгодаў цывілізацыі на карысць экалагічнай бяспекі. Больш за тое, патрэбы ў новых дабротах пастаянна растуць. Таму актыўнае ўвядзенне рэсурсазберагальных прынцыпаў і падыходаў, пошук новых «зялёных» тэхналогій, выкарыстанне даступных і эфектыўных метадаў вытворчасці, перапрацоўкі, сферы паслуг з акцэнтам на экалагічны складнік – традыцыйна важны прыярытэт сацыяльна-эканамічнага развіцця любой дзяржавы. Конкурс экапраектаў Belarus Green Awards – адзін са спосабаў натхніцца свежымі ідэямі, а лепшыя ўвасобіць у жыццё не толькі на нацыянальным, але і на міжнародным узроўні.

Конкурс экастартапаў. Новыя ідэі.

Алена Меляшкова, намеснік начальніка ўпраўлення аналітычнай работы, навукі і інфармацыі Мінпрыроды:

– Місіяй конкурсу з'яўляецца пошук вырашэння лакальных і глабальных экалагічных праблемаў праз інавацыйныя праекты. Найважнейшым крытэрыем ацэнкі пераможцаў будзе з'яўляцца экалагічная значнасць праекта. Ён павінен вырашаць пытанні, якія акажуць станоўчы ўплыў на экалагічнае становішча. Паспяховы праект можа прыносіць карысць паўсюдна без прывязкі да геаграфічнага размяшчэння. Напрыклад, калі ўдзельнікі конкурсу самі з Брэста, гэта не значыць, што і праект павінен рэалізоўвацца менавіта ў Брэсце. Для нас таксама важна, каб прадстаўленыя бізнэс-ідэі ўжо ажыццяўляліся на пачатковай стадыі, але не больш за паўтара года з моманту запуску. Так можна ацаніць іх эфектыўнасць і спрагназаваць далейшае развіццё.

Місія выканальная

Па словах арганізатара экапраекта «Пастарнак», кіраўніка-партнёра ў ТАА «Пас Тар Нак» Яўгеніі Арловай, узяць удзел у конкурсе можа любы жадаючы любога ўзросту, а таксама юрыдычныя асобы. Адзіная ўмова: мець беларускія карані – жыць і працаваць у нашай краіне. Што тычыцца фізічных асобаў – мець беларускае грамадзянства.

Яўгенія Арлова, арганізатар экапраекта «Пастарнак», кіраўнік-партнёр у ТАА «Пас Тар Нак»:

– Акрамя экалагічнага складніка, праект павінен мець бізнэс-накіраванасць і быць манетызаваным. Гэта неабходна для таго, каб за кошт гранта ён мог не толькі «стартануць», але і зрабіцца ўстойлівым, працаваць і развівацца на працягу доўгага часу. Мы хочам знайсці, выбраць і абнародаваць маладыя перспектыўныя праекты, якім патрэбная падтрымка. Пры гэтым сам удзел у конкурсе абсалютна бясплатны.

Конкурс экастартапаў. Новыя манетызаваныя праекты.

Для таго, каб адправіць заяўку на ўдзел у конкурсе Belarus Green Awards, неабходна запоўніць анкету на сайце pasternak.by. Прапанаваць свежае рашэнне для экалагічных праблемаў можна ў наступных намінацыях:

  • вытворчасць;
  • тэхналагічныя рашэнні;
  • харчовыя прадукты;
  • нехарчовыя тавары;
  • гаспадарчыя тавары;
  • касметыка;
  • паслугі.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 10 жніўня ўключна. На сёння пазмагацца за галоўны прыз гатовыя ўжо больш за 40 праектаў. Арганізатары чакаюць не менш за 100 заявак.

Яўгенія Арлова, арганізатар экапраекта «Пастарнак», кіраўнік-партнёр у ТАА «Пас Тар Нак»:

– За 6 гадоў працы праекта «Пастарнак» мы ўбачылі вялізную колькасць людзей з агеньчыкамі ў вачах, энтузіястаў, праекты якіх вартыя таго, каб стаць заўважанымі і ў Беларусі, і на міжнароднай арэне. Што тычыцца конкурсу экастартапаў, ужо сёння можна адзначыць як найбольш цікавыя праекты, якія прапануюць распрацоўку тэхналогіі ядомага посуду, перапрацоўкі смецця з дапамогай чарвякоў; вырабу паперы з другасных матэрыялаў; сумесяў для выпечкі з другаснай сыравіны для безадходнай вытворчасці.

Конкурс экастартапаў. Перапрацоўка адыходаў чарвякамі.

Кампетэнтнае журы вызначыць 10 найбольш перспектыўных праектаў-паўфіналістаў. Але апошняе слова застанецца за «аматарамі». З 11 па 27 жніўня на сайце pasternak.by можна будзе падрабязна азнаёміцца з праектамі-паўфіналістамі і аддаць свой голас за лепшую ідэю. Так будуць вызначаныя 7 фіналістаў Belarus Green Awards. Пераможцу таксама выберуць па выніках народнага галасавання на афіцыйным сайце ТАА «Пас Тар Нак».

Пераможцаў і прызёраў конкурсу чакаюць вялікія грашовыя прызы, а таксама мноства сертыфікатаў на бізнэс-навучанне, ментарскую падтрымку, уступленне ў розныя бізнэс-супольнасці. Узнагароджанне адбудзецца падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага 60-годдзю Мінпрыроды, напрыканцы жніўня.

Ужо з наступнага года конкурс экастартапаў абяцае стаць традыцыйнай і неад'емнай часткай міжнароднай экалагічнай выставы ECOLOGY EXPO – 2021 (http://ecologyexpo.by/home-6/about-2/), якая пройдзе ў Мінску з 3 па 5 чэрвеня 2021 года.

Конкурс экастартапаў. Экалагічная выстава.

Як адзначыў начальнік аддзела выстаў і кірмашоў Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БэлЭкспа» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Здобнікаў, сёння не аспрэчваецца той факт, што экалагічныя тэхналогіі ратуюць свет.

Таму, калі ў вас ёсць ідэі, як зрабіць навакольнае асяроддзе чысцейшым, а жыццё – лепшым і больш бяспечным, прыйдзіце і заявіце пра сябе! Магчыма, свет чакае менавіта вас!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 30

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».