16.09.2020
16.09.2020

Ёсць старыя… лапці? Вешаем на кол! :)

logo
Адметнасць беларусаў
0 91
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Некаторыя традыцыі продкаў зараз у нас, іх нашчадкаў, выклікаюць толькі ўсмешку, праўда?! А калісьці людзі ў гэта сапраўды верылі. І арыентаваліся па разнастайных прыкметах. І прымхі былі не чымсьці там абсалютна далёкім і нерэальным, а своеасаблівымі ўказальнікамі па жыцці.

Домна. Традыцыі нашых продкаў.

А ведаеце, што самае цікавае?! Яны спраўджваліся! Прычым так часта і ў такой колькасці, што гэта ўжо не спішаш на звычайныя супадзенні… Атрымліваецца, што сапраўды Сусвет усіх бачыць і чуе…

Дык вось сёння, 16 верасня, калі ў народзе святкуецца Домна, дбайныя гаспадыні павінны прыбрацца ў хаце і гаспадарчых пабудовах. Традыцыя выдатная, за выключэннем таго, што сёння – працоўны дзень, і не ўсе змогуць гэта зрабіць.

А даўней перабіралі назапашанае ў куфрах, шафах, праветрывалі ды прасушвалі, калі надвор’е дазваляла. Па народных жа прыкметах, калі ў гэты дзень пойдзе дождж, дык такое надвор’е захаваецца яшчэ на тыдзень. З аднаго боку, ападкі нам патрэбныя, каб грыбы раслі, а з іншага – лепей, калі суха...

Таксама стараліся на Домну пазбавіцца ад старых рэчаў. Але іх не проста выкідвалі, а спальвалі (у нашым выпадку – з захаваннем усіх правілаў супрацьпажарнай бяспекі!). І чамусьці – разам з бульбоўнікам. Лічылася, што гэтак можна займець шчасце і дабрабыт на ўвесь год (бяром на ўзбраенне!).

Домна. Спальваем старыя рэчы.

А каб адвесці сурокі ды нячыстую сілу ад падворка, сям’і, якраз-такі на калы развешвалі старыя зношаныя лапці! Вось такая цікавая традыцыя. Уявілі сабе малюнак?! 🙂 Ну як тут не ўсміхнуцца…

А звязанае гэта ўсё з энергетыкай жылля. І вось гэта ўжо сур’ёзна. Бо ад яе наўпрост залежыць і нашае самаадчуванне.

Магчыма, продкі беларусаў не называлі гэта такімі мудрагелістымі словамі. Але і яны ведалі, што ўсялякае назапашванне старых, сапсаваных, зношаных, зламаных, непатрэбных рэчаў праз пэўны час пачынае выпраменьваць негатыўную энергію. Самаадчуванне пагоршыцца, але чалавек не будзе разумець, чаму.

Менавіта з гэтай прычыны ў літаральным сэнсе разграбацца ў хаце і гаспадарчых пабудовах трэба было абавязкова – у пэўныя дні. І сёння – адзін з іх.

Домна. Пазбаўляем хаты, кватэры, балконы ад старых рэчаў.

Хтосьці нават правёў паралелі паміж сугучнасцю слоў «Домна» і «Дамавы» (Хатнік). Маўляў, каб дапамагаў, трэба было… што? Ну, гэта вы ўжо ведаеце. Таксама не адзін раз на год – пачаставаць Хатніка...

Для энергетычнага ж ачышчэння памяшкання нашыя продкі здаўна выкарыстоўвалі свечкі. І ў наш час раяць іх запальваць як мага часцей. Вы любіце глядзець на полымя свечкі?! Праўда ж, заварожвае?!

Жывыя пакаёвыя расліны – гэта таксама не толькі прыемна для вачэй, але і вельмі карысна. Яны ачышчаюць паветра, робяць яго больш здаровым.

Калі ў вас у хаце, кватэры ёсць любімае месца, у якім вы пачуваецеся лепей, чым дзе, абавязкова знаходзьцеся там як мага часцей. І таксама будзеце зараджацца станоўчай энергіяй.

Домна. Зараджаемся станоўчай энергетыкай у любімым месцы.

А ведаеце, па якіх прыкметах можна вызначыць, што з энергетыкай вашага жытла штосьці не тое?! Калі ў вас часта знікаюць і не адшукваюцца рэчы, псуецца бытавая тэхніка, перагараюць лямпачкі, вянуць і гінуць хатнія расліны, сон не ўзнаўляе сілы, працякаюць краны і трубы, з’яўляюцца быццам бы ніадкуль скразнякі і г.д.

Кажуць, што калі хаця б тры пункты супалі, трэба… чысціцца. І будзе нам і здароўе, і шчасце. 🙂

Зрэшты, нават без ведання ўсяго гэтага часцяком сапраўды адчуваеш палёгку, калі разбіраеш завал з рэчаў, выкідваеш штосьці старое. Яно рэальна працуе на паляпшэнне! І сёння Домна з Хатнікам у дапамогу тым, хто мае час і магчымасці для ачышчэння жытла! 🙂

Дарэчы, для гэтага падыдзе не толькі полымя свечкі, але і пэўныя лекавыя расліны. Напрыклад, галінкі святаянніку альбо верасу. Звычайна іх падпальваюць і акурваюць кожны куток. Уяўляючы, як разам з дымам адлятае і ўсё дрэннае, благое…

Домна. Акурваем памяшканні святаяннікам.

Ну, і так… Каб усміхнуцца. Уявіла сабе «малюнак алеем». Прыходзім мы ў аўторак да начальства і кажам: «Заўтра ж – Домна… Трэба дамы-кватэры-хаты ачышчаць. Можна ўзяць адгул?!» 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 91

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".