04.04.2021
04.04.2021

З Вялікаднем усіх, хто святкуе! І – абдымаем журналістаў! :)

logo
Думкі ўслых
44 052
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Для сапраўднай веры няма перашкодаў. Нават у выглядзе пандэміі каранавіруса. Таямнічае «Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!» сёння ўрачыста-ўзнёсла гучыць ва ўсіх касцёлах, у кожнай каталіцкай сям’і. Бо нарэшце прыйшоў ён – Вялікдзень.

Вялікдзень каталіцкі. Ватыкан.

Усё ж такі ёмкае гэтае беларускае слова… І перакладу не патрабуе. І адразу ж робіцца зразумелым, што дзень сёння сапраўды вялікі. А яшчэ – вельмі прыгожы. Асветлены ўсмешлівымі абліччамі, велікоднымі пачастункамі, сімваламі свята. І нават калі ты зусім не маеш да яго адносінаў, так прыемна парадавацца радасці іншых… Проста чароўна і светла таксама робіцца на душы.

Ужо не аднойчы распавядала, што некаторыя знаёмыя каталіцкага веравызнання, бывае, прымаюць мяне за сваю. І таксама ў свята вітаюць адпаведна. Не аднекваюся. Адказваю. Магчыма, яны сапраўды маюць рацыю.

… Яшчэ падчас працы ў чэрвеньскай раёнцы не аднойчы даводзілася распавядаць пра каталіцкія святы, напярэдадні іх размаўляць з ксяндзом Мечыславам Лабяком (светлая яму памяць!). І штораз баялася штосьці зрабіць не так, спытацца не тое. Але ён быў настолькі добрым, простым, уважлівым да людзей…

Менавіта пры ім у нашым Чэрвені распачалося будаўніцтва касцёла Узвышэння Святога Крыжа. І я памятаю адзін з прыездаў у Чэрвень ксяндза касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслава Завальнюка, чыімі прамовамі была ў той час захопленая, проста слухаючы іх па нядзелях. Яны тады трансляваліся па правадным радыё, якога даўно ў нас няма… І ў Чырвоным касцёле ў Мінску падчас студэнцтва я таксама любіла бываць.

Вялікдзень каталіцкі. Чырвоны касцёл.

Ксёндз Мечыслаў Лабяк, пробашч парафіі ў Чэрвені Мінскай вобласці, раптоўна адышоў у вечнасць 6 мая 2006 года на 68-ым годзе жыцця. А памятаю яго па некалькіх сустрэчах і дагэтуль…

Гэтак жа, як і вандроўку ў дзівосную вёску Мосар, што на Глыбоччыне. Усё адмысловае добраўпарадкаванне тэрыторыі тады так моцна ўзразіла! А найбольш – колькі хвілін размовы нашай турыстычнай групы з Чэрвеня з мясцовай легендай, ксяндзом Юзафам Булькам, які папросту выйшаў нам насустрач.

А яшчэ мне сёння хочацца ў чарговы раз на машыне часу перамясціцца з сучаснага Чэрвеня проста ў старажытны Ігумен (даўнейшая назва нашага горада) і пабачыць на свае вочы той, даўнейшы касцёл. З архіўных дакументаў вядома, што закладзены ён быў 23 красавіка 1799 года. І атрымаў найменне «Узвышэнне Святога Крыжа».

Вялікдзень каталіцкі. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Чэрвені.

У кнізе «Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія» занатаванае апісанне пабудаванага ўжо ігуменскага касцёла: «Гэта была драўляная святыня, якая мела адбітак і стылю барока, і новага на той час класіцызму – тут і трохкутны франтон над уваходам з белымі  пілястрамі, і падвоеныя калоны…»

Драўляны будынак з калонамі ў нашым гарадку! Як бы хацелася яго пабачыць… А ўнутры, паводле апісанняў таго часу, былі абуладкаваныя тры алтары.

Паводле дакументаў, якія датуюцца 1867 годам, вакол касцёла меліся фруктовы сад і агарод, а за імі – могілкі. Тагачасная званіца была пабудаваная з брусу, побач размясцілі дом служыцеля, амбар, калодзеж і дом арганіста. І гэта значыць, што ў нашым касцёле быў арган! Як бы хацелася яго паслухаць…

У 1930-х гадах касцёльны комплекс у нашым горадзе быў знішчаны. Падмурак жа новага, сучаснага, быў закладзены ў 2003-м, пры Мечыславе Лабяку. Уваходжанне ж у касцёл адбылося, калі я нічога не блытаю, 16 мая 2009 года.

Вялікдзень каталіцкі. Касцёл у Чэрвені.

Я ніколі не была ў касцёле на велікоднай службе. Але мяркую, што гэта вельмі прыгожа і душэўна. І магчыма, мне калісьці захочацца гэта зрабіць…

А яшчэ сёння цікавае свята. Праўда, адзначаецца ў ЗША. Але яно настолькі мне спадабалася, што хацелася б укараніць яго і ў нас. Бо, у прынцыпе, маю да яго самае непасрэднае дачыненне!

Ну што, заінтрыгавала?! 🙂 Я старалася! Свята называецца… «Абдымі журналіста!» А вось так! Праўда, існуе з варыяцыямі: то журналіста, то рэпарцёра, то газетчыка. Але ж усё роўна – НАС! 🙂

І нам такое свята дакладна б не пашкодзіла. Бо чамусьці 5 траўня, у Дзень друку, вельмі нямногія памятаюць, што гэта, да ўсяго, менавіта прафесійнае свята журналістаў. Так што, на ўсялякі выпадак, абдыміце сваіх знаёмых сёння! 🙂 Раптам да 5 траўня забудзецеся! І – так! Памятаючы пра каранавірус… Абдымаем віртуальна! А значыць – бяспечна.

Я ж з радасцю абдымаю найперш прадстаўнікоў нашай журналісцкай дынастыі – брата Ігара і яго дачку, сваю малодшую пляменніцу Юлю… Усіх калег з «Медыцынскага весніка» і інфармацыйнага партала «Здаровыя людзі», дзе маю гонар працаваць… Сваіх сябровак Варвару Чаркоўскую з Салігорска, Ірыну Каваленку са Слуцка, Веру Лукашэвіч з Узды, добрых знаёмых Сяргея і Надзею Расолькаў з газеты «Звязда»… І ўсіх-усіх сваіх калег і каляжанак з Беларусі і не толькі!

І няхай гучыць сёння ўрачыста-ўзнёсла паўсюль: «Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!» Шчыра віншуем усіх, хто сёння святкуе ВЯЛІКДЗЕНЬ!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

44 0 52

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.