24.10.2019
24.10.2019

Закон сухі або паўсухі? Што паказвае вопыт абмежавальных мераў?

logo
Хваробы ад А да Я
0 23
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У кастрычніку 2019 года СААЗ апублікавала справаздачу пра сітуацыю ў Расіі на фоне правядзення антыалкагольнай палітыкі.

Дакумент, які ахапіў перыяд з 2003 па 2016 гады, па сутнасці, падвёў вынікі шматгадовай кампаніі па прафілактыцы смяротнасці людзей працаздольнага ўзросту з-за прычынаў, якія так ці інакш звязаныя з ужываннем спіртнога. Трэба сказаць, вынікі ўразілі. Між тым, станоўчую дынаміку эксперты шмат у чым звязваюць з увядзеннем у Расіі абмежавальных мераў у дачыненні да алкаголю. Гэта значыць, таго самага механізму, пра які даўно і адчайна спрачаюцца ў Беларусі.

Пра адназначныя вынікі неадназначных мераў журналіст Слушна даведалася ад каардынатара праграмаў па грамадскім здароўі краінавага офіса СААЗ у Беларусі Валянціна Русовіча. А таксама паспрабавала зразумець, што нам перашкаджае прытрымлівацца вопыту краіны-суседкі.

Піць – здароўю шкодзіць

Піць – здароўю шкодзіць

Для пачатку варта ўспомніць пра тое, што адназначна даказана: бяспечных дозаў алкаголю не існуе. Паводле ацэнак СААЗ, ёсць дозы з нізкай, сярэдняй і высокай рызыкай шкоды для здароўя. Саму ж шкоду ўмоўна можна падзяліць на тры катэгорыі, якія так ці інакш звязаныя паміж сабой, але патрабуюць розных падыходаў да вырашэння:

  • Таксічнае ўздзеянне на органы і тканкі, якое абумоўлівае высокую смяротнасць ад хваробаў сардэчна-сасудзістай сістэмы, анказахворванняў, алкагольнай хваробы печані... Па вялікім рахунку, таксічнае ўздзеянне аказваюць нават дозы з нізкай рызыкай шкоды для здароўя.
  • Інтаксікацыйны тып ужывання, абцяжараны наступствамі ад піцця доз з высокай рызыкай шкоды для здароўя. Менавіта гэты тып з'яўляецца адной з вядучых прычынаў знешняй смяротнасці (атручванні, самагубствы, утапленні, пажары, ДТЗ...).
  • Развіццё алкагольнай залежнасці. Смяротнасць ад псіхозаў, абстынентнага сіндрому, алкагольнай дэменцыі. Паводле ацэнкі СААЗ, алкагольная залежнасць адрозніваецца ад ужывання алкаголю са шкоднымі для здароўя наступствамі (папярэднія 2 пункты).

Безумоўна, чалавек, які пакутуе ад алкагалізму, адчувае ўсе негатыўныя наступствы празмернага піцця. Пры гэтым чалавек, які ўжывае «рэдка, але трапна», атрымлівае сваю дозу шкоды ад алкаголю, але ў той жа час можа не пакутаваць ад паталагічнай залежнасці.

Доза з нізкай рызыкай шкоды для здароўя для мужчын працаздольнага ўзросту складае не больш за 2 стандартныя адзінкі алкаголю ў суткі, для жанчын – 1 адзінку. Пры гэтым два дні на тыдзень чалавек павінен знаходзіцца ў абсалютнай цвярозасці. Доза з высокай рызыкай шкоды для здароўя складае 6 і больш стандартных адзінак у суткі для мужчын; 4 і больш стандартных адзінак – для жанчын. 1 стандартная адзінка роўная 10 мл чыстага алкаголю.

Дык вось, па словах Валянціна Русовіча, абмежавальныя меры антыалкагольнай палітыкі, якія рэкамендуе СААЗ, якраз накіраваныя ў большай ступенi не на прафілактыку алкагалізму, а на прафілактыку шкоднага ўжывання. Бо менавіта яно наносіць здароўю нацыі каласальны ўрон за кошт вялікай распаўсюджанасці. Дастаткова ўспомніць «голас народа», укладзены ў вусны героя Анатоля Папанава: «За чужы кошт п'юць нават непітушчыя і язвенікі».

Што да Беларусі, па найбольш небяспечнай мадэлі – 6 і больш доз алкаголю на працягу аднаго застолля – ужывае кожны трэці мужчына працаздольнага ўзросту.

А ў нас у кватэры газ, а ў вас?

Дык што ж такое ёсць у Расіі, чаго няма ў нас, і як гэта працуе.

  1. Самая эфектыўная і самая непапулярная мера – павелічэнне акцызаў на моцныя спіртныя напоі ў залежнасці ад утрымання алкаголю.
 
Валянцін Русовіч
Каардынатар праграмаў па грамадскім здароўі краінавага офіса СААЗ у Беларусі
І ў Расіі, і ў Беларусі ўжываецца механізм мінімальнага кошту моцных спіртных напояў. Але ў Расіі ён ужываецца ў большай ступені. Сярэдні кошт бутэлькі гарэлкі там на 26 працэнтаў даражэйшы, чым у нас (у перакладзе на беларускія рублі 9,5 рубля супраць 7,5, па дадзеных за 2017 год).
  1. Недапушчэнне ўжывання алкаголю непаўналетнімі.

 

 
Валянцін Русовіч
Каардынатар праграмаў па грамадскім здароўі краінавага офіса СААЗ у Беларусі
У Расіі з 2001 года ўведзеная трайная адказнасць за продаж алкаголю непаўналетнім. У 2011 годзе гэтае заканадаўства зрабілі больш жорсткім. Пры ўстанаўленні факту продажу адказнасць нясуць прадавец, дырэктар гандлёвай кропкі і юрыдычная фірма. Штраф для прадаўца складае ў эквіваленце да 800 умоўных адзінак, для дырэктара – да 3 тысяч умоўных адзінак, для юрыдычнай асобы – да 8 тысяч умоўных адзінак. У Беларусі падобную адказнасць нясе толькі прадавец (20-50 базавых велічынь, г.зн. 500-1300 рублёў).
  1. У РФ з 2012 года ўведзеная федэральная забарона начнога гандлю алкаголем. З 23 да 8 гадзін забаронены продаж алкаголю, за выключэннем кавярняў, бараў, рэстаранаў. Мясцовыя органы ўлады маюць права гэты гадзіннікавы парог яшчэ і павялічыць. У Рэспубліцы Беларусь такога абмежавання няма, а ёсць толькі вялікія дыскусіі і сумневы ў эфектыўнасці гэтай меры.
  2. Абмежаванне продажу алкагольнай прадукцыі на запраўках у краіне-суседцы ўведзенае з 2012 года, у нас такой меры няма.
  3. З 2007 года ў Расіі дзейнічае забарона на продаж алкаголю праз інтэрнэт, з 2012 года існуе забарона на рэкламу спіртных напояў у інтэрнэце (паслабленне зробленае для піва і віна). У Беларусі гэтае пытанне пакуль не рэгулюецца заканадаўча.
  4. У 2013 годзе ў Расіі піва афіцыйна прызнанае алкагольным прадуктам.

Піўны алкагалізм.

 
Валянцін Русовіч
Каардынатар праграмаў па грамадскім здароўі краінавага офіса СААЗ у Беларусі
Але трэба сказаць, і ў Расіі, і ў Беларусі існуе абмежаванне на максімальны аб'ём тары пры продажы піва ў рознічнай сетцы. У РФ – не больш за 1,5 літра, у нас – не больш як 2 літры. Але з пазіцыі СААЗ і тое, і тое – парушэнне. Па крытэрыях СААЗ, аб'ём тары піва не павінен перавышаць 0,5 літра, паколькі зніжае рызыку перавысіць дозу.

Падобнае заканадаўства абедзвюх краін таксама ў дачыненні да кіравання аўтамабілем у нецвярозым стане. У Беларусі нават на парадак больш жорстка – ажно да пазбаўлення не толькі правоў на кіраванне транспартным сродкам, але і канфіскацыі яго самога (у Расіі караюць не гэтак сурова).

Абмежавальныя меры ў Расіі паступова ўводзіліся на працягу 10 з лішнім гадоў. І калі вярнуцца да справаздачы СААЗ, за перыяд з 2003 па 2016 гады там адбылося рэзкае зніжэнне спажывання алкаголю – на 43%, з іх зарэгістраванага – на 40%, незарэгістраванага («паленага») – на 48%.

 
Валянцін Русовіч
Каардынатар праграмаў па грамадскім здароўі краінавага офіса СААЗ у Беларусі
Асабліва паказальныя лічбы павышэння працягласці жыцця, якая дасягнула рэкордных значэнняў. У прыватнасці, мужчыны ў Расіі за апошнія 15 гадоў пачалі жыць у сярэднім на 9 гадоў даўжэй (68), жанчыны – на 6 (78). У Беларусі сярэдняя працягласць жыцця мужчын і жанчын роўна на адзін год больш (69 і 79 гадоў адпаведна).

І яшчэ трохі статыстыкі, якую нельга абысці ўвагай. За апошнія 15 гадоў у Расіі смяротнасць на фоне ўжывання алкаголю знізілася з прычыны:

  • суіцыдаў – на 62%;
  • выпадковых атручванняў – на 73%;
  • ДТЗ – на 55%;
  • забойстваў – на 79%;
  • утапленняў – на 53%;
  • пажараў – на 23%.

Прычым гэтыя дадзеныя тычацца самай уразлівай у дачыненні да алкаголю катэгорыі – мужчын працаздольнага ўзросту.

Ці гэта не каласальны станоўчы эфект?!

Яно нам трэба?

алкагалізм

Тое самае пытанне, якое вось ужо колькі гадоў не дае спакою нашым палітыкам, актыўным грамадскім дзеячам, урачам, супрацоўнікам праваахоўных органаў і простым радавым грамадзянам.

Быццам бы Беларусь і без абмежавальных мераў паказвае нядрэнныя вынікі ў антыалкагольнай палітыцы. Як ні круці, а піць нашы людзі пачалі меней, працягласць жыцця ў параўнанні з тымі ж суседзямі большая, колькасць людзей, якія стаяць на наркалагічным уліку, павольна, але дакладна зніжаецца. Ды і статыстыка смяротнасці грамадзян у працаздольным узросце з прычынаў, звязаных з алкаголем, па ўсіх пунктах (акрамя самагубстваў і выпадковых атручванняў) выглядае на парадак аптымістычней.

І, што важна, поспехі нашай краіны ў няроўнай барацьбе з п'янствам прызнаюць замежныя эксперты.

Пытанне ў тым, кажа Валянцін Русовіч, агучваючы пазіцыю СААЗ, што ёсць і магчымасці для далейшага ўдасканалення. У прыватнасці, Беларусь магла б выкарыстоўваць вопыт той жа Расіі па ўвядзенні абмежавальных мераў па продажы алкаголю – для больш дынамічнага зніжэння агульнай смяротнасці і смяротнасці мужчын працаздольнага ўзросту ад знешніх прычынаў у прыватнасці.

 
Валянцін Русовіч
Каардынатар праграмаў па грамадскім здароўі краінавага офіса СААЗ у Беларусі
Нягледзячы на паступовае павелічэнне сярэдняй працягласці жыцця мужчын, яна ўсё яшчэ ніжэйшая за 70-гадовы парог. Паводле ацэнак СААЗ, смерць людзей, малодшых за 70 гадоў, прызнаная заўчаснай. Пры гэтым назіраецца вялікая – 10-гадовая – розніца ў працягласці жыцця мужчын і жанчын.

Паспяховы вопыт Расіі развянчаў усе міфы і страхі, звязаныя з увядзеннем абмежавальных мераў, у прыватнасці:

1.Павялічыцца продаж незарэгістраванага алкаголю. Вопыт Расіі паказаў, што пры ўвядзенні абмежаванняў расіяне пачалі піць у цэлым меней: і зарэгістраванага алкаголю, і «паленага».

2. Павялічыцца колькасць атручванняў ад алкаголю. Агульная колькасць выпадковых атручванняў у Расіі паміж тым рэзка знізілася. У нашай краіне ад перадазіроўкі моцнага алкаголю і выпадковых атручванняў памірае каля 1,5 тысячы чалавек штогод, у РФ – крыху больш за 12 тысяч. Калі супаставіць колькасць насельніцтва абедзвюх краін – у Расіі з гэтай прычыны гіне меней людзей, чым у Беларусі.

3. Шкода для эканомікі. Факты – рэч упартая. У 2014 годзе, калі ў Расіі назіраўся пік антыалкагольнай кампаніі, акцыз на моцныя спіртныя напоі быў павялічаны адразу на 25%. Натуральна, гэта не замарудзіла адбіцца на зніжэнні аб'ёмаў продажу алкагольнай прадукцыі. Яны ўпалі на 22%. Пры гэтым за кошт павышэння акцызаў прыбытак у бюджэт вырас на 7%. Гэта значыць, калі хто і пацярпеў, дык вытворцы, бо ўпаў аб'ём продажу прадукцыі.

Вядома, нам самім вырашаць, якім шляхам ісці далей. Забараняць, абмяжоўваць або пакінуць усё, як ёсць. Але як праблему ні назаві – п'янства, алкагалізм ці ўжыванне з рызыкай шкоды для здароўя – адказваць за наступствы прынятых рашэнняў толькі нам, а не суседзям.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 23

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама