05.01.2019
05.01.2019

Замятае зіма, замятае...

logo
Думкі ўслых
0 43
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Не ведаю, як у вас, шаноўныя сябры, а ў нас у Чэрвені – завіруха! І цяпер я разумею: калі ўзгадвала ў адным з папярэдніх матэрыялаў пра здаровае знаходжанне на свежым паветры (прагулкі, лыжы, канькі ды іншае) падчас гэтых вялікіх выхадных, зусім забылася на яшчэ адно. А снег чысціць?! Вялікім шуфлем?! Во дзе выдатная зарадка!

Асабіста мне яна падабаецца з дзяцінства. Ды і ў юнацкім узросце не аднойчы, як кажуць, добраахвотна і з песнямі чысціла снег ля пад’езда. Адразу горача становіцца, адразу дыханне збіваецца... Затое якая нагрузка на мышцы! І якое пасля маральнае задавальненне ад зробленага! Думаю, аматары гэтай справы мяне зразумеюць. Іншым жа раю хаця б паспрабаваць...

Пачысціць снег ля пад’езда шматпавярхоўкі... Асабліва там, дзе няма дворнікаў. А ў нас іх некалькі гадоў ужо няма – ні дворнікаў, ні прыбіральшчыц у пад’ездах. Усё самі жыхары. Расчысціць сцежкі на падворку ўласнай хаты, адгрэсці яго на вуліцы ад брамкі – там, дзе прайшла тэхніка... Пачысціць сваё машынамесца... Ёсць, ёсць куды прыкласці рукі з шуфлем! Было б жаданне...

Тым больш, калі шмат зімаў нас не радавала снегам ад слова «зусім». Тады гэтая зарадка мной была добра прызабытая. Ажно пакуль ні здарыўся «Хаўер» у 2013-ым. Думаю, многія памятаюць тыя жахі і зараз. І нам той цыклон запомніўся шмат чым.

Па-першае, ніколі ў жыцці не бачыла, каб снегу наваліла ўпоравень з плотам і так пазамятала дарогі! Суцэльная снежная роўнядзь. Ледзь з працы дабрыла дахаты. Доо-о-о-ўга брыла.

Па-другое, дужа хваляваліся за меншую дачку брата, маю пляменніцу, якой у ліку іншых актывістак у той дзень уручалі пашпарт у Нясвіжы. Іх машына з вялікай цяжкасцю шмат гадзін дабіралася да Мінска, яшчэ больш часу – па самому Мінску. Там, у адным з інтэрнатаў, па дамове, яны павінны былі заначаваць...

Па-трэцяе, хваляваліся за нашага земляка, касманаўта «Раскосмасу» Алега Навіцкага, чыёй аднакласніцай я маю гонар з’яўляцца. У нас бушаваў «Хаўер», а ў Казахстане, дзе павінна была адбыцца пасадка, 100% вільготнасці, нуль па Цэльсію, дождж і вецер 5-7 метраў у секунду. Уначы прымаецца рашэнне: пасадка адкладзена на суткі.

«Сапраўды, космас чалавек скарыў, а вось над надвор'ем – не ўладар. Не можа яго змяніць па ўласным жаданні», – напісала я тады. А раніцай 16 сакавіка 2013 года спускальны апарат з Алегам Навіцкім і яго экіпажам прызямліўся ў казахстанскім стэпе.

... Вырашыўшы хоць трохі прачысціць падыходы да пад’езду пасля «Хаўера», выходжу са звычайнай жалезнай рыдлёўкай. А цяжкаваты сняжок! Ды яшчэ ледзьве не на пояс. Але папрацаваць у сваё задавальненне не атрымалася: суседзі-мужчыны, з’явіўшыся на гарызонце, забралі з рук маю прыладу працы. Калектыўнымі намаганнямі пляцоўка была пачышчана.

Ужо значна пазней даведаліся мы тады і пра сапраўдныя жахі. Як аказалася, з-за снежных заносаў практычна спыніўся рух па ўсіх дарогах Чэрвеньшчыны. Больш за тое! На шашы Мінск-Магілёў паблізу Смілавічаў адбылася аварыя аўтапоезда, які ў літаральным сэнсе лёг на дарогу. У выніку атрымаўся затор у паўтысячы машын, не меней! Завейным сакавіком дарога стала месцам снежнага палону для многіх аўтааматараў і прафесіяналаў.

Доўгія гадзіны праводзілася расчыстка дарог і эвакуацыя транспарту. Для людзей арганізавалі кругласутачную работу кавярняў, якія знаходзіліся паблізу. Для некаторых арганізавалі і месцы для начлегу.

А затым яшчэ была «Даніэла», якая шмат бяды нарабіла на Старадарожчыне, ды іншыя цыклоны. Дужа не хочацца такога паўтарэння! Таму калі сняжку нам, дык лёгкага, калі ласка! І здаровых зімовых забаў вам, сябры, на гэтыя выхадныя!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 43

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".