7 Жніўня
07.08.2020

Запаленне сядалішчнага нерва. 7 прычын – сімптом адзін (+відэа)

logo
Трывожны сімптом
342 0 31
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Запаленне сядалішчнага нерва» (ішыяс) – часты запыт у інтэрнэце. Аднак пад маскай болю ў ягадзіцы, які аддае ў заднюю частку сцягна, хаваецца цэлы комплекс праблемаў: ад радыкуліту да артрозу тазасцегнавога сустава. Як адрозніць іх паміж сабой? Калі трэба абавязкова звярнуцца да спецыяліста і да якога менавіта? Чым пагражае боль у вобласці сядалішчнага нерва? Як пазбавіцца ад яго раз і назаўсёды? Пра гэта распавёў траўматолаг-артапед, мануальны тэрапеўт Аляксандр Зайкін.

«Хітрая» паталогія

Сядалішчны нерв пачынаецца ад паясніцы (там ён уяўляе сабой тоненькія вяровачкі, карэньчыкі). У ягадзічнай вобласці яны аб'ядноўваюцца ў шчыльны жгут, які затым спускаецца па задняй частцы сцягна. Боль у паясніцы, ягадзічнай вобласці, сцягне можа быць звязаны як непасрэдна з запаленнем сядалішчнага нерва, так і з мноствам іншых паталогій, якія даюць падобную клінічную карціну.

 
Аляксандр Зайкін
Траўматолаг-артапед, мануальны тэрапеўт
Многія людзі ў бытавой размове падмяняюць паняцце «запаленне сядалішчнага нерва» рознымі іншымі сіндромамі, якія выклікаюць гэтыя адчуванні ў целе. Праблема падаецца вельмі распаўсюджанай. Але насамрэч гэта не запаленне сядалішчнага нерва, а цэлы шэраг іншых праблемаў, якія трапляюць пад гэты сімптом. Такі боль мы можам называць «ішыяс», «люмбаішалгія» (боль у паясніцы і па задняй частцы сцягна, якая аддае па ходзе сядалішчнага нерва), «вертабрагенны боль» (з-за пазваночніка).

Існуе цэлы шэраг паталогій, якія даюць падобную клінічную карціну і могуць трапляць пад катэгорыю «запаленне сядалішчнага нерва».

  • Радыкуліт. Карэньчыкі паяснічных нерваў ідуць праз ягадзіцу, заднюю частку сцягна і даходзяць да пальцаў ног. Раздражненне карэньчыкаў паяснічных нерваў можа быць выкліканае грыжамі міжпазваночных дыскаў, артрозаў міжпазванковых суставаў, пухлінамі пазваночніка і іншымі прычынамі.
  • Спазм грушападобнай і ягадзічных мышцаў.

Запалення сядалішчнага нерва. Грушападобная мышца.

 
Аляксандр Зайкін
Траўматолаг-артапед, мануальны тэрапеўт
Калі разглядаць анатомію ягадзічнай вобласці, дык пад ягадзічнымі мышцамі (вялікай, сярэдняй, малой) ідзе грушападобная. Яна мацуецца з аднаго боку да вонкавага вертлюга сцегнавой косці, другая кропка прымацавання – крыж з гэтага ж боку. Гэтая мышца часта бывае напружаная і спазмаваная рэфлекторна з-за радыкулітаў, праблемаў з тазасцегнавым суставам, міжфасцыяльных сіндромаў, працяглага вымушанага становішча і г.д. У такіх выпадках сядалішчны нерв, які праходзіць пад грушападобнай мышцай, раздражняецца і выклікае болевы сіндром. Але гэта не запаленне сядалішчнага нерва. Часцей за ўсё пры прапрацоўцы грушападобнай мышцы надыходзіць палёгка.
  • Артроз тазасцегнавых суставаў, праблемы са звязкамі, мышцамі могуць даваць адлюстраваны боль па задняй частцы сцягна.
  • Грыжы міжпазваночных дыскаў.
  • Сакраілеіт. Гэта запаленне крыжава-падуздышнага сучлянення таксама можа даваць адлюстраваны боль, які імітуе запаленне сядалішчнага нерва.
  • Гіперлардоз. Парушэнне паставы выклікае перанапружанне мышцаў паясніцы і боль.
  • Хамстрынг-сіндром. Запаленне мышцаў задняй паверхні сцягна ў сувязі з траўмамі, перагрузкамі, запаленнем.

Хто ў групе рызыкі?

Запаленне сядалішчнага нерва. Група рызыкі.

Сутыкнуцца з такім болем можа кожны, а вось перавесці яго ў разрад хранічных больш верагоднасці ў:

  • прафесійных спартсменаў ці тых, хто празмерна нагружае сябе ў трэнажорнай зале;
  • работнікаў цяжкай фізічнай працы (напрыклад, грузчыкаў);
  • тых, хто вядзе сядзячы лад жыцця (офісныя работнікі ўваходзяць у гэтую катэгорыю);
  • аматараў сядзець, падціснуўшы нагу ці скруціўшыся нязручна (рызыка спазмы грушападобнай мышцы);
  • тых, хто меў праблемы з суставамі з дзяцінства (прыроджаны вывіх сцягна або дысплазія тазасцегнавога сустава высокай ступені).

Як выявіць «запаленне сядалішчнага нерва»?

Справіцца з болем у спіне, ягадзіцах, сцягне людзі часта спрабуюць самастойна: пачынаюць прызначаць самі сабе праграванні, абязбольванне. Рабіць так катэгарычна нельга, паколькі, напрыклад, пры наяўнасці пухліны гэта толькі пагоршыць стан.

Да каго звяртацца па дапамогу?

Запаленне сядалішчнага нерва. Звяртаемся да спецыяліста.

  • Да неўролага.
 
Аляксандр Зайкін
Траўматолаг-артапед, мануальны тэрапеўт
Я ў сваёй практыцы ў першую чаргу пытаюся ў людзей, як усё пачалося, ці ёсць дакладная сувязь з тым, што чалавек рабіў. Магчыма, ён нахіліўся і адчуў прастрэл у паясніцы, які аддае ў нагу. Можа, падняў які цяжар, зрабіў энергічны амплітудны рух у паясніцы ды інш. Для пачатку трэба звярнуцца да неўролага. Спецыяліст павінен праверыць адчувальнасць з двух бакоў зонаў інервацыі сядалішчнага нерва, мышачны тонус, сілу. Калі ёсць парушэнні ў сядалішчным нерве ці пэўным карэньчыку, дык па яго ходзе будзе ўзнікаць боль альбо паніжэнне адчувальнасці. Калі ёсць прыкметы паражэння нерва, тады ёсць сэнс працягваць дыягностыку, выконваць МРТ або выкарыстаць іншыя метады. Рэкамендую ўцякаць ад тых дактароў, якія накіроўваюць на МРТ адразу, без збору анамнэзу, неўралагічнага і артапедычнага агляду.
  • Да траўматолага-артапеда.
 
Аляксандр Зайкін
Траўматолаг-артапед, мануальны тэрапеўт
Калі боль з'яўляецца пасля нагрузак на тазавыя суставы (чалавек прысядаў, нахіляўся, шмат прайшоў), спачатку лакалізуецца больш у праекцыі тазасцегнавога сустава, потым паступова ссоўваецца ў ягадзіцу, аддае ў нагу, варта западозрыць артроз тазасцегнавога сустава. У такім выпадку трэба звяртацца да траўматолага-артапеда. Пры артрозах адразу пакутуе ўнутранае кручэнне сцягна. Пры артапедычным аглядзе гэта будзе адразу зразумелым нават без рэнтгену.
  • Да ўрача ЛФК.

 
Аляксандр Зайкін
Траўматолаг-артапед, мануальны тэрапеўт
Калі чалавек адзначае, што ў яго з'яўляецца боль пасля нахілаў-выпростванняў, рухаў, трэніровак (пры гэтым ён не адчувае болю ў паясніцы, але ёсць непрыемныя адчуванні ў ягадзіцах, намацаў пэўную кропку, пры націску на якую ў яго страляе прама ў нагу), дык хутчэй за ўсё гэта міжфасцыяльныя болевыя сіндромы. Ёсць групы мышцаў, якія пры няправільных трэніроўках, пры празмерным напружанні выклікаюць незваротны спазм мышцаў. Пры раздражненні гэтых зонаў адчуваецца адлюстраваны боль па ходзе сядалішчнага нерва (але гэта не запаленне). Тут можна звярнуцца не толькі да неўролага альбо артапеда, але і да ўрача ЛФК. Такія станы лечацца спецыяльнымі фізічнымі практыкаваннямі.

Калі ісці да ўрача?

Боль у паясніцы, задняй частцы сцягна хаця б раз у жыцці адчуваў, напэўна, кожны. У якіх выпадках ісці да ўрача трэба неадкладна?

  • Калі боль начны. Гэта падазрэнне на пухліну.
  • Калі боль не звязаны з фізічнай нагрузкай, рухамі, а ўзнікае бы сам па сабе.
  • Калі боль турбуе вельмі маладых ці вельмі сталых людзей.

Запаленне сядалішчнага нерва. Калі ісці да ўрача.

 
Аляксандр Зайкін
Траўматолаг-артапед, мануальны тэрапеўт
У першую чаргу трэба прааналізаваць, з чым звязаны боль, выключыць правакацыйныя фактары (пад'ёмы цяжару, працяглае вымушанае становішча седзячы). Пажадана парабіць практыкаванні для расцяжкі грушападобнай мышцы, паспрабаваць пракатаць яе тэнісным мячыкам. Дапускаецца 1-2 дні прымаць нестэроідныя супрацьзапаленчыя сродкі. Калі гэта не прыносіць палягчэння ці эфект часовы, мае сэнс ісці да ўрачоў. У выпадках, калі ёсць пухліны, грыжы запушчанай ступені, артроз, моцнае запаленне мышцаў, без урачэбнай дапамогі ніяк не абысціся.

Лячэнне «запалення сядалішчнага нерва»

Лячэнне ў кожным канкрэтным выпадку прызначае ўрач у залежнасці ад канкрэтнай прычыны. Часцей за ўсё гэта:

  • Фармакатэрапія. Прызначэнне супрацьзапаленчых нестэроідных сродкаў.
  • Фізіятэрапія.
  • Лячэбная фізкультура. Выкананне спецыяльных практыкаванняў абавязковае для лячэння і прафілактыкі запалення сядалішчнага нерва.
  • Хірургічная дапамога. Яна тычыцца грыжаў міжпазванковых дыскаў (толькі 3-5% з іх лечацца хірургічна), артрозу тазасцегнавых суставаў высокай ступені або пухлінаў. Часцей за ўсё праблема вырашаецца з дапамогай фармакатэрапіі і практыкаванняў.
  • Выключэнне працяглых статычных нагрузак.
  • Падбор правільнага становішча на працоўным месцы.
  • Выключэнне правакацыйных фактараў (напрыклад, пад'ём цяжару).
  • Фізічная рэабілітацыя. Напрыклад, лячэнне становішчам. Калі баліць спіна – трэба легчы, выконваць практыкаванні для выцягвання.

Хочаш быць здаровым – змяняй лад жыцця

Спадзявацца на «чарадзейныя» таблеткі і працэдуры – стратэгія не самая паспяховая. Каб пазбавіцца ад болю ў вобласці сядалішчнага нерва, давядзецца змяніць лад жыцця. Для тых, хто занадта моцна захапляецца фізічнымі нагрузкамі, іх трэба разумна панізіць. А вось прадстаўнікам сядзячых прафесій лепей не чакаць тэрміновых станаў, а ўключаць у сваё жыццё элементы фізічнай актыўнасці.

  • Зарадка.
 
Аляксандр Зайкін
Траўматолаг-артапед, мануальны тэрапеўт
З самай раніцы мы любім выпіць кубачак гарбаты альбо кавы. Дакладна такой жа звычкай павінна зрабіцца лёгкая сустаўная гімнастыка. На працягу дня кожную гадзіну трэба рабіць вытворчую гімнастыку (офісную ёгу). Паварушыць плячыма, шыяй, зрабіць нахілы-выпроствані для пазваночніка, бакавыя нахілы-кручэнні, папрысядаць, парабіць выпады, парасцягваць ікраножныя мышцы і галёнкаступнёвыя суставы, памiргаць вачыма, пасціскаць пальцы. Гэта зойме толькі 5-10 хвілін на працягу кожнай гадзіны. А карысць для арганізма каласальная.
  • Прагулка.

10 тысяч крокаў – абавязковы мінімум для кожнага чалавека, які клапоціцца пра сваё здароўе.

  • Дадатковыя актыўнасці. Басейн, танцы, бег, велапрагулкі і інш.
 
Аляксандр Зайкін
Траўматолаг-артапед, мануальны тэрапеўт
Каб не «заржавець», дастаткова выконваць гімнастыку кожную гадзіну і сачыць за нормай па дастатковай колькасці крокаў. А вось для таго, каб мець сапраўдны запас сіл і бадзёрасці, трэба падключыць яшчэ больш фізічных заняткаў, па сілах і па душы. Тады разам з прафілактыкай «запалення сядалішчнага нерва» вы пазбавіцеся ад апатыі, стану спустошанасці і многіх іншых праблемаў.

Відэа – Аляксандр Зайкін, спецыяльна для інфармацыйнага партала «Здаровыя людзі».Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

342 0 31

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.