13.03.2019
13.03.2019

Засынаем па «4-7-8»?!

logo
Думкі ўслых
0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Як часта бачу я сон…» – пранікнёна спявае ў сваёй песні «Вальс-бастон» Аляксандр Разенбаум. А вы часта бачыце сны? І якія? З працягам? Каляровыя ці чорна-белыя? Прыемныя? Кашмарныя? Лёгка засынаеце альбо для гэтага трэба стварыць належныя ўмовы? Ці прачынаецеся ўночы, калі ў акно зазірае цікаўны месяц?

Асабіста я заўсёды зайздросціла і зайздрошчу тым, хто можа, як баявы конь, засынаць не толькі лежачы, але і стоячы, а таксама седзячы. Пры яркім святле і гучных размовах, у любым транспарце ці самых неверагодных для гэтага месцах… Бо мяне бацькі прывучылі ў дзяцінстве (як раілі тады вучоныя –  тэарэтыкі ды практыкі) засынаць толькі ў цемры і цішыні. З-за гэтага цяпер і бывае складана.

Але засынанне – гэта, як кажуць, не ўся праблема, а толькі яе пачатак. Як дамагчыся таго, каб сон быў якасным? І каб можна было, паспаўшы 7-8 гадзін, сапраўды адчуць, што адпачыў? А то часцяком бывае, як у анекдоце:

– Ты высыпаешся?!

– Куды высыпаюся???

Вядома ж, добра, калі атрымліваецца заснуць гэтак жа хутка, як засынаюць касманаўты. Калі мозг, цела і ўсе «бартавыя сістэмы» слухаюцца загаду… Але ж, бывае, і табуны авечак па старой звычцы пералічыш, і вадзічкі пап’еш, і ў сеціве пакорпаешся, а сон усё не прыходзіць. Дарэчы, якраз-такі карыстацца гаджэтамі перад самым сном вучоныя і не раяць. Толькі як жа ўтрымацца, калі ўсё не спіцца і заняцца, прама скажам, у гэты «перадсонны» час няма чым?!

Не хочацца паўтараць вядомыя здаўна парады, такія як: цішыня, цемра, праветрыванне ды іншае. А вось што варта, як мне здаецца, паспрабаваць, дык гэта метад Эндру Вейла, які вядомы пад назвай «4-7-8». У чым яго сутнасць?!

Спачатку дыхаць спакойна і роўна на працягу 4 секунд. Затым затрымліваць паветра ў лёгкіх на 7 секунд. А наступныя 8 секунд , не спяшаючыся, выдыхаць яго праз нос. Паўторы трэба рабіць да таго часу, пакуль будзеце пачувацца камфортна. Вучоныя сцвярджаюць, што гэтая методыка па свайму ўздзеянню падобная да прыёму лекаў, без якіх многія хацелі б абысціся. Бо яна нармалізуе колькасць адрэналіну ў крыві, ліквідуе павярхоўнае дыханне, якое замінае супакоіцца перад сном. Методыка нескладаная, праўда?! І авалодаць ёю можа кожны.

А калі вы прывыклі давяраць уздзеянню на пэўныя кропкі, дык вам у дапамогу парады з кітайскай традыцыйнай медыцыны. Напачатку палажыце цёплыя далоні на вушы і масажуйце іх па гадзіннікавай стрэлцы, надаўліваючы нямоцна. Затым двума пальцамі злёгку націскайце на прастору паміж бровамі. Памасажуйце скроні, таксама моцна не націскаючы. Панаціскайце на кропку пад костачкай на запясці на тыльным баку. На кожную вобласць трэба ўздзейнічаць 30 секунд.

Ну і, вядома ж, слушныя парады – выпіваць перад сном кубачак цёплай гарбаты з мяты з лыжачкай мёду, прымаць ванну камфортнай тэмпературы з марской соллю і некалькімі кроплямі лавандавага эфіру… І ўвогуле, расслабляцца любым спосабам.

Дарэчы, а вы ведаеце, што ў большасці выпадкаў людзі забываюцца да 90% сноў?! І гэта натуральна. Бо запамінаць па 5-10 сноў, якія ў сярэднім чалавек бачыць за адну ноч, шкодна для мозгу. Самой прыродай, лічаць вучоныя, зроблена так, што ўсё непатрэбнае проста ачышчаецца, як камп’ютарны дыск пасля пэўнай каманды. А запамінаюцца сны, у якіх, напрыклад, ёсць вырашэнне сітуацыі альбо яны іншым чынам могуць паўплываць на наша рэальнае жыццё.

Па меркаванні вучоных, сны бачаць усе людзі. Толькі не ўсе на раніцу памятаюць хаця б адзін сюжэт. Яскрава гэта адлюстравана, да прыкладу, у размове двух братоў з фільма «Белыя росы»:

– Штосьці мне лухта нейкая пачала сніцца… Каляровая. Сёння на таку… Прылёг…

– А я ўвогуле сноў не бачу!

Таму моцнага асвяжальнага сну вам, шаноўныя сябры, штоночы! І выдатнага самаадчування штодня!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 27

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама