13 Снежня
13.12.2018

Затрымайся, імгненне!

logo
Думкі ўслых
114 0 31
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

І ўсё ж такі як лёгка змяняе наш настрой зімовае надвор’е, калі яно прыходзіць пасля лужынаў і дажджоў! Быццам у капрызлівай апошнім часам Зімы сапраўды ёсць чароўная палачка, якой яна ўзмахвае – і… І добры настрой бярэцца літаральна з марознага паветра, з лёгкага сняжку, з чырвоных гронак каліны, з ціўкання сінічак… Ды проста з’яўляецца сам па сабе! І гэта цудоўна! А ўжо за ім «падцягваюцца» прыемныя імгненні…

Вы любіце фатаграфаваць мясціны, дзе пабылі ў вандроўках?! Я дык вельмі люблю! Магчыма, дзесьці прапушчу тлумачэнні экскурсавода, бо ўсё ж можна знайсці затым у сеціве. Было б жаданне… Так, і здымкі, вядома ж, таксама і тамсама. А вось сябе на здымках без мантажу ўбачыць не атрымаецца. Але я фатаграфую і фатаграфуюся нават не таму. Проста як візуал пасля, разглядаючы іх, вяртаюся дакладна ў той дзень, тое месца, тую хвіліну… Заплюшчваю вочы – і адчуваю тыя пахі, гукі… Адчуваю непаўторнасць таго самага імгнення. А ў вас так бывае?!

Калі раптам накатвае беспрычынная радасць… І цёпла робіцца і целу, і душы… Альбо нагода можа быць самай рознай! Смс ад далёкага сябра. Проста: «Добрай раніцы! Прыемнага дня!» І ты шчаслівая ад таго, што чалавек, які знаходзіцца больш чым за паўтары тысячы кіламетраў, думае пра цябе ў гэты момант… А тут хтосьці ў сацыяльных сетках даслаў прыгожую паштоўку. Здаецца – віртуалка. А прыемна-то ў рэале.

І нават калі пераднавагодні настрой усё ніяк не з’яўляецца… Ну не спрыяюць таму панылыя шэрыя дні, да таго ж, з плаксівым надвор’ем… Як важна ўмець адгукнуцца душой і сэрцам на іскрынкі святочных агеньчыкаў, якіх усё больш і больш з’яўляецца ў нашых населеных пунктах. І не толькі на будынках прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый (што я ўжо адзначала ў папярэдніх разважаннях), але і проста ў вокнах кватэр, на фасадах дамоў.

Вельмі люблю рознакаляровыя «сеткі»! Для майго ўспрыняцця – абсалютна бяспройгрышны варыянт! Гледзячы на іх, абавязкова адчую цеплыню імгнення. Зараз, калі штодня іду раніцай на аўтобусны прыпынак міма Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы, дык звычайна запыняю крок насупраць уезду. Там, праз некалькі дзясяткаў метраў, ёлка зіхаціць усімі колерамі вясёлкі. Не ведаю механізму ўздзеяння менавіта гэтага спектру, але ён вельмі адчувальны… І хочацца заспяваць уголас: «Свята да нас прыходзіць!»

І нават калі хтосьці не любіць Новы год – па розных прычынах… Здараецца ж такое, праўда?! Але і ён прызнае (калі не ўслых, дык у душы абавязкова), што навагодняя ноч мае якуюсьці сапраўды магічную ўласцівасць «пераключаць» нас, «перазагружаць», бы завісшы камп’ютар.

Думаеце, ранавата яшчэ пра свята? Але ж ужо хочацца яго надыходу… Тым больш, што менавіта сёння спадарыня Зіма ўзмахам сваёй чароўнай палачкі лёгка і нязмушана ў чарговы раз пераключыла наш настрой. Усім – выдатнага дня і душэўнай цеплыні! Радуемся прыемным імгненням разам!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

114 0 31

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.