31.07.2019
31.07.2019

Заўтра – жнівень??? Быць не можа!!!

logo
Думкі ўслых
8 039
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

І ўсё ж такі – ёсць. І нікуды ад гэтага не схаваешся. І два месяцы лета – шу-у-ух! Няма… Толькі ва ўспамінах і фотаздымках. Пасмажыўшыся ў чэрвені і прымусова «паплаваўшы» ў ліпені, углядаемся ў жнівень з надзеяй. Мо, нарэшце, гэты месяц калі і не будзе ідэальным, дык спалучыць у сабе і тое, і другое – у разумных межах і камфортных прапорцыях?! Хаця б так, як на гэтым фота!:)

Але загадвай-не загадвай, а атрымаем мы тое, што запланавана… нябеснай канцылярыяй. Таму проста настройваемся на максімальна незалежнае ад капрызлівага надвор’я ўспрыманне наваколля і… Захапляемся жыццём і адчуваем задавальненне ад зробленага!

На дачнай сядзібе, уласным падворку, у гасцях – рэлаксуем на арэлях з маскітнай сеткай! Адсутнасць камароў, мошак, мух – гэта, паверце мне, вялікая справа, асабліва на прыродзе. А калі тэмпература паветра і адсутнасць ападкаў дазваляе, дык прыснуць там так хораша!

Пазіраючы на гэтыя гронкі, любуючыся імі, марачы пра будучы ўраджай, хочацца ціхенька (а можа, нават і гучна – няхай суседзі таксама пачуюць і пазайздросцяць!:)… заспяваць вядомае: «Там, дзе спее вінаград… зялё-ё-ё-ё-ёёны…»

А заадно прыгадаць яго гісторыю. І тое, што яму ўжо больш за 7 тысяч гадоў – пацвярджаецца раскопкамі. І што старажытнагрэчаскі ўрач-лекар яшчэ пісаў, што грудное малако і ягады вінаграда па біяхімічных рэчывах, якія ўтрымліваюць, практычна ідэнтычныя. І што ў тыя часы вінаградам нават лячыліся ад фізічных недамаганняў.

А зараз, сцвярджаюць спецыялісты, яго асабліва карысна есці (ледзь не напісала – прымаць!:) ) тым, хто мае паталогіі лёгкіх, а таксама пры гіпертаніі, малакроўі, знясіленні і нервовай узбуджальнасці. І яшчэ пры шмат якіх захворваннях (шукаем у сеціве інфу самастойна!), але не забываючыся пра супрацьпаказанні: пры вострай стадыі туберкулёзу, цукровым дыябеце – нельга, пры высокім артэрыяльным ціску, страўнікава-кішэчных захворваннях у стадыі абвастрэння – з асцярогай.

Сёлетні жнівень асабіста на нашай дачнай сядзібе абяцае быць… памідорным! А задзел гэтаму ўжо даў ліпень. Чамусьці значна раней, чым летась, пачалі чырванець-ружавець-жаўцець-аранжавець у стацыянарнай цяпліцы і (што таксама выклікала мора здзіўлення!) на вуліцы гэтыя спакуслівыя плады. Жоўты ж на талерцы іскрыцца, бы… дыня, няйнакш!:)

Мой любімы жоўты (сонечны!!!) колер лашчыць вока на сядзібе ў розных мясцінках. Адзіная з куставых ружа (большую колькасць не заводжу, бо зусім няма калі даглядаць, на жаль) якраз такая, калісьці спецыяльна абраная. Нават яе сярэдзінку можна разглядаць і рэлаксаваць, ці не так?!:)

А занесены некалькі гадоў таму ветрам (ці птушкамі?) з лесу святаяннік, які прарос і заквітнеўся на кучы з гравіем, я тады ж перасадзіла на градку. Супраць чаканняў, нягледзячы на тоненькія і слабенькія карэньчыкі, ён там няблага пачуваецца. І зімуе, і ўвесну зелянеецца, і ўлетку квітнее. Прычым дае ўжо нават не адзін «ураджай».

Пасля зразання даволі хутка адрастае і зацвітае. Не толькі на святога Яна (адкуль у яго, уласна кажучы, і назва) – 7 ліпеня – але і перад гэтай датай, і пасля. Заўтра жнівень, а на маёй градцы – жоўтыя кветачкі святаянніку, расліны ад 100 захворванняў. У нашай сям’і, галоўным чынам, выкарыстоўваецца для духмянай гарбаты. Смачнай і лекавай.

Адышоўшы напрыканцы ліпеня-на пачатку жніўня ад колеру жоўтага, трапляем у палон да чырвонага! О, гэтыя заваблівыя цыніі! Прыгажосць – позірку не адвесці! А чырвоны колер зараджае энергіяй, пазітывам, актывізуе дзейнасць галаўнога мозгу…

І ўсё чаму?! Бо яго электрамагнітнае поле нашмат большае, чым у іншых колераў. Так што, калі няма магчымасці любавацца букетам з чырвоных кветак… Вось фота маёй любімай цыніі!

А калі ў жніўні ўжо адышла маліна першага ўраджаю, а другога яшчэ толькі збіраецца акрэсліцца кветачкамі… Варэнне наваранае – і асобна, і з чарніцамі (лекавае і тое, і тое!)… Вось яшчэ фота – для настрою. І рэлаксу. І для актывізацыі нашага мозгу!:)

…Развітальна махаючы насоўкай услед ліпеню, мы рыхтуемся хлебам-соллю сустракаць жнівень. А што чакаеце ад яго вы, шаноўныя сябры? І чым запомніўся гэты месяц па году мінуламу?

Фота з дачы – аўтара.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

8 0 39

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.