27 Лістапада
27.11.2018

Заваблівае неба

logo
Думкі ўслых
144 0 33
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як шмат усяго цікавага суправаджае нас па жыцці з самага маленства! Уразіўшы аднойчы, яно будзе вабіць яшчэ не раз. Мяняючыся з прыходам сталення і з пераасэнсаваннем вечных каштоўнасцяў альбо застаючыся ўсё тым жа, недасягальным і загадкавым.

Добра памятаю момант, калі адкрыла для сябе зачараванне зорнага неба. Аднойчы добра сцюдзёнай зімой, вяртаючыся з вуліцы дахаты ўвечары, я ўзняла галаву ўгору і… літаральна застыла на месцы! Тыя серабрыстыя зорачкі, якія стваралі дзівосныя фігуры (пра тое, што гэта сузор’і са сваімі назвамі, даведалася значна пазней), узялі ў палон маю душу. Бацькам некалькі разоў давялося клікаць мяне дахаты. А я ўсё не магла адарвацца ад свайго адкрыцця…

Тады, на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя, усе былі захоплены космасам. Нават школьнікі-пачаткоўцы ведалі на памяць найменні касмічных караблёў, маглі пералічыць усіх членаў экіпажа, назваць даты старту-пасадкі  бліжэйшага. Пра самыя важныя моманты ўрачыста паведамлялі дыктары  тэлевізійнай праграмы «Час».

Зорнае неба набліжалі да нас, дзяцей, нават вытворцы цацак і развіваючых гульняў! Добра памятаю і заўсёды з цеплынёй прыгадваю адну, якая для мяне і брата стала любімай. Уяўляла яна сабой кругі, якія можна было мяняць. На іх былі адлюстраваны розныя сузор’і на чорным фоне. У камплекце ішлі фішкі ў выглядзе маленькіх ракет і кубікі. Кідаеш фішку, робіш ход, перасоўваючы сваю ракету на пэўную колькасць квадрацікаў па карце-схеме. Нават не памятаю, хто выйграваў, бо была ў захапленнні ад самога працэсу!

Назвы сузор’яў тады запаміналіся бы самі па сабе. Было вельмі цікава адшукваць іх на небе сапраўдным, а не толькі на карце. Пералічваеш зорачкі і разумееш, што іх колькасць застаецца нязменнай. Толькі, бывае, некаторыя свецяцца больш цьмяна, іншыя ж – ярка-ярка! Для мяне і зараз няма большага рэлаксу, чым увечары паназіраць за зоркамі на небе! Таму вельмі люблю кадры са згаданага ўжо мной у іншых разважаннях навагодняга фільма «Сірата казанская».

Гэта калі ўяўны касмічны карабель галоўных герояў (а насамрэч яны сядзяць на канапе) ляціць у Сусвет. І перад імі разгортваецца такая захапляльная карціна зорнага неба! І здаецца, што яны знаходзяцца там, сярод зорак!

І хто б мог падумаць, што кагосьці зорнае неба скорыць настолькі, што, пераадолеўшы ўсе цяжкасці і зямное прыцягненне, ён сапраўды сягне ў Сусвет! Перад гэтым паспяхова прайшоўшы адбор у атрад касманаўтаў «Раскосмасу» ў Зорным гарадку, старанна вучачыся ўсяму, годна вытрымліваючы іспыты! І гэтым «хтосьці» стане… мой аднакласнік, выпускнік СШ №2 г.Чэрвеня  Алег Навіцкі! Трэці ўраджэнец Беларусі, які здзейсніў ужо два касмічныя палёты.

І мне выпадзе гонар аб’яўляць аб яго старце ўвосень 2012-га не толькі на старонках чэрвеньскай газеты «Раённы веснік», але і рэспубліканскай «Звязды». Папярэдне хвалюючыся так моцна, як ніколі ў жыцці. Назіраючы старт у прамым эфіры на маніторы камп’ютара…

А затым было нечаканае тэлефанаванне з Космасу!!! З Міжнароднай касмічнай станцыі. Доўгія месяцы стасункаў па электроннай пошце з самым сапраўдным касманаўтам, які знаходзіўся там, у бязважкасці, і шмат чаго яшчэ…

І зорнае неба стала для мяне яшчэ больш прыцягальным. Бо цяпер сярод зорак я імкнулася разгледзець маленькую кропку ў руху – Міжнародную касмічную станцыю, дзе разам са сваімі калегамі ляцеў вакол Зямлі Алег Навіцкі…

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

144 0 33

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.