21.12.2020
21.12.2020

Заходняя дыета vs міжземнаморская дыета. Выбар, які вызначае здароўе

logo
Лячэбнае харчаванне і дыеты
0 28
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

За апошнія 25 гадоў у спецыялізаваных высокарэйтынгавых выданнях было апублікавана амаль 2,5 тысячы навукова абгрунтаваных, падмацаваных вынікамі даследаванняў артыкулаў пра ўплыў рацыёну на здароўе чалавека. Амаль 100 публікацый у год!

Такая пільная ўвага вучоных да таго, што есць чалавек і як гэта ўплывае на яго здароўе і працягласць жыцця, дазволілі выразна вызначыць цёмны і светлы бок аднаго медаля. Умоўна назавем іх заходняя дыета і міжземнаморская дыета.

правільнае харчаванне

Пра асаблівасці гэтых тыпаў харчавання і іх уплыў на здароўе чалавека эксперты шмат казалі на II Рэспубліканскім форуме па пытаннях грамадскага здароўя, які прайшоў у Мінску. Мы сабралі для вас самае важнае.

Адрозненні заходняй і міжземнаморскай дыетаў

У шырокім разуменні слова дыета – гэта тып, лад харчавання, зусім не абавязкова звязаны з абмежаваннямі. Ключавое значэнне мае склад рацыёну, яго збалансаванасць і разнастайнасць, харчовыя звычкі і паводзіны. У гэтым кантэксце заходняя дыета і міжземнаморская – дыяметральна супрацьлеглыя адна адной. Адпаведна, і ўплыў на здароўе аказваюць зусім розны.

У табліцы паказаны базавы склад і асаблівасці заходняй і міжземнаморскай дыетаў.

Заходняя дыета Міжземнаморская дыета
апрацаваныя і ультраапрацаваныя прадукты, якія багатыя на вугляводы з высокім глікемічным індэксам (рафінаваныя злакі, хлеб і хлебабулачныя вырабы з ачышчанай мукі, макароны, бульба, кукуруза і г.д.) раслінная ежа, багатая на клятчатку і поліфенолы (не апрацаваныя альбо з мінімальнай ачысткай злакі, суцэльназернавыя хлеб, рыс і г.д.)
вялікая колькасць жывёльных тлушчаў (чырвонае мяса, часцяком перапрацаванае; тлустыя малочныя прадукты, яйкі і г.д.) раслінныя тлушчы і бялкі (аліўкавы алей, арэхі, семачкі і г.д.)
шмат солі і рафінаванага цукру рыба і морапрадукты
невялікая колькасць свежых садавіны і агародніны малочныя прадукты з нізкім утрыманнем тлушчу
перакусы фастфудам і «на хаду» шмат свежых агародніны, садавіны і зеляніны
злоўжыванне салодкімі газаванымі напоямі неапрацаванае мяса нятлустых гатункаў, птушка
частае ўжыванне алкаголю чырвонае віно зрэдку і ў невялікай колькасці
стравы прыгатаваныя пераважна не ашчаджальным спосабам: смажанне, фрыцюр і г.д. ашчаджальны спосаб прыгатавання: варка, гатаванне на пары, запяканне

Адрозненні заходняй і міжземнаморскай дыетаў

І вось што дзіўна... Згодна з тымі самымі шматлікімі даследаваннямі, большасць насельніцтва зямнога шара выказвае прыхільнасць да заходняй дыеты, якую здаровай ну ніяк не назавеш.

Уплыў заходняй і міжземнаморскай дыетаў на здароўе

Адзін з экспертаў Форуму, гастраэнтэролаг клінікі прапедэўтыкі ўнутраных хваробаў лячэбнага факультэта Першага МДМУ імя І.М.Сечанава (РФ), віцэ-прэзідэнт супольнасці па садзейнічанні клінічнаму вывучэнню мікрабіёму чалавека, к.м.н. Алена Палуэктава лічыць, што менавіта з перавагай заходняга тыпу харчавання звязаная колькасць людзей з залішняй масай цела і атлусценнем, якая пастаянна расце.

Алена Палукэтава

Напрыклад, ёсць меркаванне (хаця яго прытрымліваюцца не ўсе даследчыкі), што чым больш змяшчаецца ў рацыёне прадуктаў з высокім глікемічным індэксам (а менавіта яны складаюць аснову заходняй дыеты), тым больш чалавек схільны да рызыкі набору залішняй масы цела. Як бы там ні было, але зараз на Зямлі з праблемай лішняй вагі і атлусцення жывуць 2 мільярды чалавек, і іх колькасць пастаянна расце.

Залішняя маса цела – крыніца шматлікіх праблемаў, як відавочных, так і схаваных, перакананая Алена Палуэктава. Лішняя вага павялічвае рызыку ўзнікнення злаякасных новаўтварэнняў, з'яўляецца адной з прычынаў росту запаленчых і функцыянальных захворванняў СКТ, сардэчна-сасудзістай сістэмы, эндакрынных і лёгачных паталогій... На жаль, гэты спіс можна працягваць.

Міжземнаморская дыета, пабудаваная на прынцыпах ужывання складаных вугляводаў з нізкім глікемічным індэксам, клятчаткі і раслінных тлушчаў, неапрацаваных харчовых прадуктаў, наадварот, зніжае верагоднасць негатыўных наступстваў для здароўя.

Ежа змяняе наш унутраны свет? Гэта праўда

Акрамя ўсведамлення, што нездаровая ежа таму і нездаровая, што прыносіць больш шкоды, чым карысці (а гэтае ўсведамленне ёсць увогуле-то ў кожнага, нават у яе адэптаў), неабходна разумець больш глыбінныя працэсы, якія адбываюцца літаральна ўнутры нас, калі мы выбіраем, што б такога з'есці. Якога б тыпу харчавання вы ні прытрымліваліся: заходняга альбо міжземнаморскага, ведайце – ён змяняе вас знутры. У які бок, вось у чым пытанне.

Уплыў заходняй і міжземнаморскай дыетаў на здароўе

Разам са зменамі ў рацыёне нязменна мяняецца склад кішэчнай мікрабіёты чалавека.

Мікрабіёта – гэта сукупнасць мікраарганізмаў (бактэрый, грыбоў, вірусаў, прасцейшых), якія засяляюць наш арганізм і ўяўляюць сабой своеасаблівую экасістэму. І яны не паразітуюць у нашым целе, а задзейнічаныя ў шматлікіх працэсах і выконваюць вельмі важныя функцыі: ахоўныя, стрававальныя, імунарэгулюючыя, метабалічныя і інш. Асноўны «дэсант» мікрабіёты лакалізуецца ў страўнікава-кішэчным тракце.

Да карысных функцый кішэчнай мікрабіёты адносяцца:

  • асноўная – падтрыманне цэласнасці слізістай эпітэліяльнага бар'ера;
  • метабалізм патэнцыяльна небяспечных рэчываў;
  • канкурэнцыя за пажыўныя рэчывы з патагеннымі мікраарганізмамі і такім чынам падтрыманне каланізацыйнай рэзістэнтнасці нашага арганізма.

Прасцей кажучы, аптымальны склад мікрабіёты, баланс у суадносінах мікраарганізмаў забяспечваюць здароўе СКТ, перашкаджаюць развіццю запаленчых працэсаў, адпаведна, зніжаюць рызыку развіцця неінфекцыйных захворванняў у цэлым.

— Калі змяняецца рацыён, змяняецца і склад кішэчнай мікрабіёты, – тлумачыць Алена Палуэктава.

— Калі рацыён мяняецца не ў лепшы бок (па прынцыпе заходняга тыпу харчавання), у складзе мікрабіёты пераважаюць умоўна патагенныя мікрабактэрыі, якія не нясуць ніякай карыснай нагрузкі. Пры гэтым памяншаецца колькасць прадуцэнтаў кароткаланцужковых тлустых кіслотаў, якія адыгрываюць важную ролю для здароўя СКТ і арганізма ў цэлым. Як следства, узнікаюць запаленчыя змены кішэчнай сценкі, змяняецца метабалізм арганізма гаспадара. Такія неспрыяльныя змены могуць прыводзіць да фарміравання хранічных неінфекцыйных захворванняў дыхальнай сістэмы, СКТ, атлусцення, цукровага дыябэту і нават да зменаў эмацыянальнай сферы, кагнітыўных функцый і г.д.

У той жа час міжземнаморскі рацыён спрыяе павышэнню разнастайнасці кішэчнай мікрабіёты, павялічвае колькасць прадуцэнтаў кароткаланцужковых тлустых кіслотаў і засцерагае ад развіцця хранічных неінфекцыйных захворванняў.

А цяпер самае важнае. Склад мікрабіёты кішэчніка фарміруецца доўгатэрміновым рэжымам харчавання. Гэта значыць, каб радыкальна і незваротна змяніўся склад нашай унутранай экасістэмы, трэба прыкласці намаганні і назапасіць цярпення. Гэта добрая навіна.

Аднак, калі ўнесці радыкальныя змены ў рацыён (прытрымліваючыся міжземнаморскай дыеты, раптам рэзка «перасесці» на заходнюю), дык ужо праз 24-48 гадзін у складзе мікрабіёты з'явяцца змены. Усё нармалізуецца, калі вярнуцца да звыклага рацыёну.

Калі ж істотнае змяненне рацыёну зацягнулася на 21 дзень, дык на аднаўленне аптымальнай мікрабіёты спатрэбіцца не адзін месяц. І на працягу гэтага часу будзе захоўвацца высокая рызыка негатыўных наступстваў для арганізма ў цэлым.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 28

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама