23.05.2023
23.05.2023

Здагадка прафесара Мяльдзіса (кулінарна-прыгодніцкая гісторыя)

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Алена Масла, 
Ларыса Мятлеўская

Назаўтра досвіткам прафесар Мяльдзіс патэлефанаваў пані Лоры.

— Даражэнькая пані, — узрушана загаварыў ён, — дзяўчаткі ўжо прачнуліся?

— Што Вы, рана яшчэ! Яны не на службе, а ў мяне ў гасцёх — няхай папестуюцца, — зашаптала ў тэлефон пані Лора, замілавана паглядаючы на ложак, дзе саплі, падпіхнуўшы кулачкі пад галаву, Кунюся з Янюсяй. — А што за пільніца?

— Ды я круціў-круціў у галаве ўсю ноч адну думку! — перайшоў на шэпт і прафесар Мяльдзіс. — Памятаеце такі факт: дзед Максіма Багдановіча быў кухарам у маёнтку ў Халопенічах, але быў званы кухарыць і на кухню да Радзівілаў. А раптам яны яму дапамагаюць?

Кухцікі

Максім Багдановіч (1891–1917) — беларускі паэт, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык, літаратуразнавец; класік беларускай літаратуры. Адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы. Спадчына Максіма Багдановіча ўваходзіць у залаты фонд беларускай культуры.

Дзед Ягор Багдановіч (прыкладныя гады жыцця 1837-каля 1904). Кухарыў у маёнтку ў Халопенічах (цяпер Крупскі раён Мінскай вобласці). Там пабраўся шлюбам з Анэляй Асьмак.

— Так-так, — узрушылася пані Лора, — слушная здагадка, пан Мяльдзіс! Дзеда Ягорам звалі, я правільна памятаю?

— Дакладна, Ягорам! — пацвердзіў прафесар. — Як спраўдзіце, тэлефануйце мне неадкладна!

Тут дзяўчаткі заварушыліся ў ложку: тэлефонны званок і шэпт іх пабудзіў.

Яны няўцямна працерлі вочкі:

— Дзе мы?

— Мае даражэнькія, — забегала ля кухцікаў пані Лора, падаючы тэпцікі і накідваючы ім на плечы цёплыя халацікі, бо са сну ў хаце было прахалодна. — Не палохайцеся, згадвайце хуценька: быў моцны вецер, і вас перакінула з ХІХ стагоддзя ў ХХІ!

— Ах, — дайшлі да сябе дзяўчаткі, — гэта ж пан Войт загадаў тутэйшых людзей навучыць гатаваць старадаўнія стравы! І мы ўчора разам пяклі сняжкі!

— Усё так, — пацвердзіла пані Лора, завіхаючыся пры стале. — Каб вярнуцца ў свой час, засталося вам згатаваць адзінаццаць страў! Давайце хуценька мыцца і снедаць, а тады за работу!

Ох, колькі было візгату і смеху ў лазеньцы! Янюся з Кунюсяй дзівіліся таму, як свабодна ліецца з крана халодная і гарачая вада. Яны больш пырскаліся, чым умываліся, пстрыкалі выключальнікам, разглядалі зубныя шчоткі, пасту і з асалодай нюхалі духмянае мыла, шампуні ды бальзамы, павыстаўляныя на палічках.

— Але ж і багацейка Вы, пані Лора, — зазначыла Янюся, — столькі ў вас усяго, каб толькі памыцца!

— У князя мо нават такога няма, — згодна заківала Кунюся.

Пані Лора засмяялася.

— У наш час гэткага дабра ў кожнай хаце поўна! Пабачыце яшчэ! Сядайце да столу, я вам дранікаў з яешняй насмажыла!

— Бульбянікі! — радасна пляснула ў далоні Янюся, і дзяўчаткі, пасеўшы пры стале, пачалі аплятаць дранікі.

— Так, даражэнькая, менавіта яны, але ў наш час гэтыя блінцы называюць дранікамі.

— А, зразумела, — усклікнула Кунюся, — бульбу трэба драць на тарку — таму дранікі! Наш кухар часта загадвае нам гэта рабіць!

дранікі

Пані Лора задаволена ўсміхалася: якая асалода, калі гасцям смачна! Прычакаўшы, калі дзяўчаткі замораць чарвячка, яна нарэшце спытала:

— Кунюся, Янюся, а як зваць вашага пана кухара?

— Таго, што да балю кухняй камандуе, пан Ягор! — у адзін голас адказалі кухцікі і падчапілі па чарговаму драніку. — Але ён у нас часова.

— Аёй! — толькі і змагла прамовіць пані Лора. Відаць, яна нават не пачула пра часовасць кухара Ягора на княжай кухні. Ёй рупіла, што здагадка прафесара Мяльдзіса, падобна, была праўдзівай! Пра гэта яму неадкладна паведамілася праз тэлефон.

— Я зараз жа павінен прыехаць, трэба тое-сёе ўдакладніць!

— Калі ласка, просім! І паснедаеце ў нас, — гасцінна запрасіла пані Лора.

Акса-мама, або Бульбяныя гісторыі

У хуткім часе прафесар далучыўся да кампаніі. Разам з Янюсяй і Кунюсяй ён аплятаў дранікі і нахваліваў кухарскае майстэрства пані Лоры.

— Бульбянікі... ой, дранікі ў Вас такія залаценькія, як са свежай бульбы. Але ж узімку свежай бульбы не бывае, — сказала Кунюся.

— Ага, — заківала галавой Янюся, — са старой бульбы звычайна цёмныя атрымліваюцца. Вы, пані Лора, мусіць, нейкі сакрэт ведаеце?

— Сакрэт ведаю, і не адзін! Вось самыя простыя: натаркаваць у драннё цыбуліну ці дадаць лыжку кіслага малака, — адгукнулася гаспадыня. — А яшчэ скажу, што маладую бульбу ў нашым часе купіць няма праблемы. У вялікія крамы яе прывозяць з далёкіх краін.

— Бач ты! А хіба бульба яшчэ дзе-небудзь расце? — узрушыліся кухцікі.

— Вядома ж! Яе радзіма плато Альтыпла́на ў Паўднёвай Амерыцы.

Дранікі

Тут пані Лора разгарнула перад дзяўчаткамі вялікую мапу і пачала паказваць на ёй, дзе знаходзіцца Паўднёвая Амерыка і дзе знаходзяцца яны. Зразумеўшы, што геаграфія для маленькіх госцяў з мінулага — цёмны лес, пані Лора ўзяла на сябе клопат крыху адукаваць іх.

– Індзейцы, што насялялі Паўднёвую Амерыку, першымі ў свеце 7–9 тысяч гадоў таму спазналі смак дзікай бульбы, — працягвала яна, — і нават пакланяліся ёй як дару багоў. Ведаеце, як звалі багіню бульбы інкі? Акса-мама!

— Акса-мама!!! — засмяяліся кухцікі, упадабаўшы імя бульбянай багіні.

— А скажыце, дзяўчаткі, — прафесар Мяльдзіс абцёр сурвэткай вусы ад смятаны, — бульбу ў вас толькі ў князя гатуюць?

— Чаму? — здзівіліся кухцікі. — Не толькі ў князя, але і ў простых хатах. У нас яе ўсе садзяць і гатуюць на розны манер.

— Толькі простыя людзі гатуюць яе па-простаму — вараць, пражаць ці ў вуголлях пякуць. А на княжай кухні з бульбы і смакоцці выстройваюць, — удакладніла Янюся. — Бульбоўнікі, напрыклад.

Прафесар Мяльдзіс задаволена крэкнуў: у часы, з якіх з’явіліся кухцікі, бульбяныя аладкі, або дранікі, сапраўды былі яшчэ дэлікатэсам.

— Даражэнькія! Цаны вашым сведчанням няма! У нас так з гісторыяй наблытана — праўды, бывае, не дашукацца. Пані Лора, а вы ведаеце, калі ў нас бульба з’явілася?

— Анягож! — запэўніла пані Лора. — На магнацкіх сталах — у канцы XVII стагоддзя. Ведаеце, чым тады ласавалася шляхта? Спечанай у попеле, а пасля пакрышанай на скрылікі і падсмажанай бульбай! Называлася страва tertofelle.

— Так-так! — ухваліў прафесар Мяльдзіс. — З Паўднёвай Амерыкі ў XVI стагоддзі бульба трапіла ў Еўропу праз Іспанію, адтуль — у Галандыю і Італію і распаўсюдзілася далей па кантыненце! Дзякуючы бульбе ў тагачаснай Еўропе перамаглі голад і цынгу, бо ў яе клубяньках шмат вітаміну С.

— Ага, — заківалі кухцікі, якія ўважліва слухалі расказы прафесара і пані Лоры. І на дранікі забыліся! — Пан кухар, калі мы абедаем, заўжды нам на дабаўку бульбачкі падкладае. Каб дужымі раслі!

— А напачатку ж з бульбай нават ваявалі, — узрушана дадала пані Лора. — Людзі не ведалі, як правільна яе вырошчваць і спажываць, збіралі з бацвіння зялёныя яблычкі. А яны атрутныя! Вось і баяліся бульбы, пакуль не навучыліся правільна ёй карыстацца. Нават звалі «чортавым яблыкам» і ладзілі «бульбяныя» бунты.

— Мы чулі пра гэта ад пана кухара! — запляскалі ў ладкі Янюся з Кунюсяй. — От жа бедныя людзі — бульбы баяцца! Цёмны лес!

— Баяліся, бо не ўмелі абыходзіцца! — прыпыніла насмешкі пані Лора. — І вы б такімі смелымі не былі, каб аднойчы патруціліся. Але ў нашых землях бульба прыжылася раней, чым, напрыклад, у Расіі. Да іх хоць і завёз бульбу Пётр І з Галандыі ажно ў ХVII стагоддзі, але навучыліся яе вырошчваць і гатаваць толькі ў сярэдзіне ХIХ. А ў нас тады ўжо ў кожнай хаце бульба была!

Прысаромленыя кухцікі прыціхлі.

— Ну, але бульба даўно ўжо перамагла тыя бунты і сілкуе людзей па ўсім свеце, — згадаўшы, з чым прыехаў, згарнуў бульбяную тэму прафесар Мяльдзіс. — Янюся, Кунюся, а раскажыце вы нам пра свайго кухара, пана Ягора.

— Мы ж кажам, ён не наш кухар, — сёрбаючы журавінавы кісель, які з’явіўся на стале ўслед за дранікамі, прамовіла Янюся.

Кухцікі

— Наш пан кухар занядужаў. На папраўку павольна ідзе. А ў замку баль за балем, госці цугам. Вось пана Ягора з суседняга маёнтка і выпісалі: камандаваць кухняй, пакуль наш пан кухар не акрыяе, — дадала Кунюся.

— Пан Ягор прыехаўшы разам з жонкай, пані Анэляй, і бабцяй Рузаляй. Яна столькі казак ведае! — наперабой дзяліліся кухцікі.

Анэля Асьмак (1869–1896) — бабуля М. Багдановіча, маці Адама Ягоравіча хоць і была непісьменнай, але мела выключныя матэматычныя здольнасці. Яна «у галаве» (гэта значыць, без паперы і алоўка, без калькулятара і камп’ютара) рашала складаныя алгебраічныя задачы. Паспрабуем і мы такую задачку рашыць самастойна!

7 × 7 × 7 × 7 × 7 × 7 = ?

Бабуля Анэля была цудоўнай апавядальніцай народных казак.

Рузаля Казіміраўна Асьмак (каля 1822 — 1877) — прабабуля М. Багдановіча, беларуская казачніца, варажбітка-знахарка, волатка.

Паводле ўспамінаў Рузаля расказвала казкі вельмі творча, дадаючы ў сюжэт новыя рысы. Запісаныя ад яе казкі сталі першай беларускай чытанкай для Максіма Багдановіча.

Мяльдзіс так расхваляваўся, што акуляры на носе спатнелі. Усё сышлося!

Загадка прафесара Мальдзіса

Прафесар і пані Лора слухалі расказы дзяўчатак пра звычайныя жыццёвыя здарэнні ў замку так, як толькі што кухцікі слухалі гісторыю з’яўлення на стале бульбы.

— Слаўныя вы мае! — у прафесара на вочы нагарнуліся слёзы. — Ведайце: унук вашага пана Ягора і пані Анэлі, праўнук пані Рузалі, вядомай знахаркі і казачніцы, стаў славутым паэтам! Максім Багдановіч! У Мінску яму стаіць помнік, яго імем названа вуліца. Дзеці ў школе вучаць яго творы! Цэлы музей расказвае пра яго! Збірайцеся, паедзем на экскурсію!

— Чакайце, прафесар, — запярэчыла пані Лора, — спярша мы мусім прыгатаваць чарговую страву. Не забывайцеся: дзяўчаткам жа трэба ў свой час вярнуцца. Заадно і пачастунак музейшчыкам будзе.

— Так-так, — захваляваліся Янюся з Кунюсяй. — Давайце спяшацца!

— Гаварылі пра бульбу — з бульбы і гатаваць будзем, — пастанавіла пані Лора, — бульбяны пірог з макам! Кунюся, мый бульбу, налівай ваду і хутчэй стаў на агонь, каб закіпела. Бульбу абіраць не трэба, будзем варыць яе ў лушпайках. Ты ж, Янюся, бяры мак і пачынай яго церці. Я ўчора з вечара яго намачыла, ведаючы, якую смакату мы будзем гатаваць сёння. Трымай макацёр і таўкачык!

Пані Лора павярнулася да паліцы і дастала адтуль гліняную пасудзіну для перацірання маку, якая перайшла ёй ад бабулі.

— Янюся, бачыш, за ноч мак набрыняў, нам трэба ператаўчы яго на малачко.

— Пані Лора, я ўмею! Трэба доўга расціраць мак па сценках шурпатай пасудзіны, пакуль не атрымаецца белаваты сок, — адгукнулася дзяўчынка.

— Кунюся, здаецца, бульба зварылася і яе трэба хуценька абабраць. Каб не было так горача і лушпайкі лёгка здымаліся, абальём іх халоднай вадой і крыху пачакаем.

Зрабіўшы, як загадала пані Лора, Кунюся абабрала бульбу, а пасля пачала старанна таўчы.

Кухцікі

— Глядзі, каб ніякіх камячкоў не засталося! — падказвала пані Лора.

Пасля паклалі ў кашу кавалачак масла, улілі пакрысе цёплага малака — каб бульба лягчэй таўклася і набыла прыемны светлы колер і далікатны смак. Крыху падсалілі кашу і раздзялілі на тры роўныя часткі.

— Янюся, малачко атрымалася? — пані Лора заўсміхалася, убачыўшы, як ад старання разгарачылася і ажно паружавела макацёрка. — Выдатна! Выкладаем нашу бульбяную кашу ў тры паверхі і кожны перакладаем цёртым макам! Разраўняем і зверху дзеля прыгажосці можна пасыпаць сухім макам. Няхай каша застыне. Як стане цвёрдай, тады можна рэзаць наш бульбяна-макавы пірог на кавалкі і есці.

Выдатны пачастунак атрымаўся!

— Але ж хутчэй апранайцеся, бо нас чакае музей! — спахапілася пані Лора. Яна паклала пірог у кошык, накрыла чысцюткай сурвэткай і накіравалася да дзвярэй. Дзяўчаткі і пан Мяльдзіс паспяшаліся следам.

Бульбяны пірог з макам

Пирог з мясам

1 кілаграм бульбы, 200 грамаў маку, 0,1 літра малака, 50 грамаў сметанковага масла, соль.

Мак замачыць на ноч. Затым перацерці, каб атрымаўся белаваты сок. Бульбу памыць і адварыць у лушпайках, затым абабраць і, дадаўшы цёплае малако і масла, стаўчы кашу.

Падзяліць кашу на тры роўныя часткі, выкласці ў тры паверхі, перакладаючы кожны цёртым макам. Зверху можна ўпрыгожыць сухім макам. Пірог падаюць на стол, калі застыне.

Заўвага: для начынкі можна выкарыстаць карамелізаваны мак, тады пірог атрымаецца салодкім.

Пачатак прыгодніцкай гісторыі пра гасцей з мінулага (кухцікаў) чытайце тут 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0