29.08.2019
29.08.2019

Здарова ядзім! Якое харчаванне для нас правільнае?

logo
Правiльнае харчаванне
0 116
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі размова ідзе пра здаровае харчаванне, у большасці людзей (і тычыцца гэта не толькі беларусаў) псуецца настрой. Яшчэ знакамітая Ранеўская казала: «Усё, што прыносіць сапраўднае задавальненне ў гэтым жыцці, альбо амаральна, альбо незаконна, альбо прыводзіць да атлусцення».

Здаровае харчаванне да атлусцення не прыводзіць, нават наадварот. Адпаведна, з сапраўдным задавальненнем у яго нічога агульнага? Адны жорсткія рамкі строгай дыеты, абмежаванні і забароны? Але калісьці людзі верылі, што зямлю трымаюць тры велізарныя чарапахі, а Капернік, Бруна і Галілей пацярпелі, сцвярджаючы, што «яна ўсё ж такі круціцца».

Здароўе – не шаурма. Другога не купіш

Правильнае харчаване 2 05.2022

Здаровае харчаванне – гэта не дыета і не сістэма забаронаў і абмежаванняў. Гэта лад харчавання, індывідуальны для кожнага чалавека, у залежнасці ад яго ўзросту, росту, полу, ступені фізічнай і рухальнай актыўнасці, патрэбы ў энергіі.

Здаровай можа лічыцца любая сістэма харчавання, абы яна максімальна садзейнічала ўмацаванню здароўя чалавека. Пры наяўнасці захворванняў яна як мінімум не пагаршае іх цячэнне, максімум – памяншае праявы хваробы, спрыяе больш хуткаму акрыянню або стану ўстойлівай рэмісіі.

Іншымі словамі, хатдог, шаурма і бульба фры не зусім ужо ў чорным спісе. Але калі б ад фастфуду людзі здаравелі на вачах, дачныя градкі даўно зараслі б пустазеллем, капуста з морквай вырадзілася, а ў сажалкавых гаспадарках перавялася б уся рыба…

На думку галоўнага пазаштатнага дыетолага камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Марыны Паповай, у здаровага харчавання некалькі складнікаў:

  • рэжым харчавання (пэўная колькасць прыёмаў ежы на працягу дня, аптымальна – 5 разоў, 3 з якіх павінны ўключаць гарачыя стравы);
  • баланс паміж энергетычнай каштоўнасцю сутачнага рацыёну, фізічнымі нагрузкамі і рухальнай актыўнасцю;
  • адэкватны пітны рэжым (агульная колькасць вадкасці ў суткі для ўмоўна здаровага сярэднестатыстычнага чалавека разлічвацца па формуле: 30 мл вадкасці на 1 кг вагі);
  • збалансаванасць харчавання, г.зн. дастатковае спажыванне бялкоў, тлушчаў і вугляводаў.

Але гэта ўсё тэорыя, якая ўвогуле-то добра вядомая пераважнай большасці дарослых. І калі верыць сацыялагічным апытанням, дык 40% беларусаў упэўненыя, што вядуць здаровы лад жыцця, у тым ліку старанна працуюць над складаннем штодзённага меню.

Эксперты нагадалі пра здаровы рацыён і чым пагражае няправільнае харчаванне

Але яшчэ прыкладна 40% нашых суайчыннікаў адзначаюць: прынцыпаў здаровага харчавання не прытрымліваюцца. І прычынай называюць не недахоп фінансавых сродкаў на здаровыя прадукты, не прабел у ведах пра карысць і ўплыў іх на здароўе, а адсутнасць настойлівасці і матывацыі. Прасцей кажучы, добрая частка беларусаў жыве ў чаканні дня, калі «смажаны певень дзяўбне». Але тады, часцей за ўсё, адна толькі змена ладу харчавання ўжо нічога не вырашае, адзначаюць эксперты.

Якое здароўе на смак

Якое здароўе на смак

Ужо які год запар Мінскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі праводзіць акцыі, прымеркаваныя да Дня здаровага харчавання, які адзначаецца ў жніўні. Мэта – папулярызацыя адказнага стаўлення да выбару ежы, што спажываецца, азнаямленне з лінейкамі прадуктаў, якія адпавядаюць прынцыпам здаровай дыетэтыкі і маюць непасрэдны ўплыў на фарміраванне і ўмацаванне здароўя.

Паўдзельнічаць у падобным мерапрыемстве – добрая магчымасць даведацца, у якім кірунку рухаецца наша харчовая прамысловасць і ў літаральным сэнсе пакаштаваць на смак здаровыя прадукты. Ці то арганізатары выбралі правільнае месца для правядзення акцыі (адзін з самых буйных гандлёвых комплексаў Мінска), ці то зацікаўленых у захаванні свайго здароўя з дапамогай правільнага харчавання сапраўды шмат, але на акцыйнай пляцоўцы яблыку не было дзе ўпасці. Людзі шчыльным колам абступілі столікі з выстаўленай для дэгустацыі прадукцыяй.

– Я нават не ведала, што ў нас такое прадаецца! – усплёсквае рукамі адна з наведвальніц стэнда, дзе выстаўлена лінейка раслінных алеяў.

Ежа для добрага настрою

Як вядома, беларусы грашаць тым, што спажываюць занадта шмат насычаных тлушчаў жывёльнага паходжання і мала раслінных. Каб нівеліраваць дысбаланс, айчынныя вытворцы паставілі на паток выпуск разнастайнай лінейкі раслінных алеяў.

Акрамя традыцыйных сланечнікавага, аліўкавага, рапсавага і льнянога, ёсць і даволі экзатычныя: кунжутны, кедравы, міндальны, гарбузовы, алей з грэцкага арэха... На любы густ! Наведвальнікі стэнда прыдзірліва разглядаюць піялкі з алеем, прынюхваюцца і, перш чым вынесці адабральны вердыкт, доўга смакуюць арыгінальны прадукт.

Прыкладна такі ж малюнак і каля стэнда з прадуктамі, вырабленымі на аснове казінага малака. Тут уласна само малако, ёгурт, тварог і тваражкі, разнастайныя сыры. «Смачна!» – усміхаецца маме 5-гадовая Даша і цягне ручку за яшчэ адным кавалачкам сыру.

– І карысна! – дадае Ірына Ціханава, якая прадстаўляе фермерскую гаспадарку з поўным цыклам вытворчасці казінага малака і прадуктаў з яго. – Казінае малако – у лідарах сярод прадуктаў з высокім утрыманнем бялку. Для людзей, якія абмяжоўваюць сябе ў спажыванні мяса, яно сапраўдная знаходка. Утрымлівае менш лактозы і засвойваецца арганізмам на 100%, не выклікае дыярэі і абсалютна гіпаалергеннае. Шчыра кажучы, сыр на аснове каровінага малака не ідзе ні ў якое параўнанне з казіным. Так, малако казы валодае спецыфічным смакам. Але я перакананая, што да добрага прадукту сябе трэба прывучаць. І добра б гэта рабіць з самага ранняга дзяцінства.

Дзеля справядлівасці, розніца паміж каровіным і казіным малаком не толькі ў смаку і карысці для здароўя, але і ў кошце прадукту. Кошт за 1 літр далікатэснага напою амаль утрая вышэйшы. Але тут, як той казаў, карысць вымяраць трэба не рублямі.

Арыенцір на прывучванне да правільных прадуктаў з ранняга ўзросту ўзялі таксама найбуйнейшае ў Беларусі прадпрыемства па вытворчасці печыва і мучных вырабаў і вытворцы фітагарбаты. Маленькія наведвальнікі акцыі з задавальненнем прысёрбвалі гарачы духмяны напой з шыпшынай і яблыкам ўпрыкуску з фігурным печывам.

малочныя прадукты

– Рэцэптуру печыва, якое падыходзіць для харчавання дзяцей з 6 месяцаў, мы распрацоўвалі сумесна з навукова-практычным цэнтрам па харчаванні НАН. Яно выпускаецца выключна на сметанковым масле, з даданнем яблыка і гарбуза. Яго з задавальненнем ядуць і дзеці, і дарослыя, – кажа прадстаўнік вытворцы Таццяна Багіна. – Таксама мы выпускаем шырокі асартымент прадукцыі на фруктозе і сорбіце для людзей з цукровым дыябетам. Для тых, хто проста сочыць за сваім здароўем, ёсць печыва з даданнем арахісу, насення кунжуту і сланечніку. У бліжэйшых планах – выпуск безглютэнавай прадукцыі для дзяцей і дарослых з цэліякіяй і фенілкетанурыяй. Раней мы яе выраблялі выключна пад заказ.

Нахвальвае сваю прадукцыю і Яўгенія Сталярова, якая прадстаўляе кампанію па вытворчасці фітагарбаты:

– Ці ведаеце вы, што ў кіпрэі змяшчаецца ў 6 разоў больш вітаміну С, чым у лімоне? А тое, што Гіпакрат называў шалфей свяшчэннай травой? Ён незаменны для жанчын, бо змяшчае эстрагенападобныя рэчывы і выраўноўвае гарманальны фон. Фенхель – самая папулярная трава ў Еўропе. Пра рамонкавую гарбату і казаць няма чаго – яе наогул трэба піць усім! У яе складзе ўтрымліваюцца рэчывы апігеніны, якія амалоджваюць арганізм і служаць прафілактыкай анкалагічных захворванняў.

– Уся прадстаўленая прадукцыя – ні ў якім разе не рэклама, – зазначае загадчык аддзялення грамадскага здароўя Мінскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Юлія Мітрайкіна. – Гэта спосаб звярнуць увагу людзей на тыя прадукты, якія могуць быць больш карыснымі для здароўя. На жаль і на шчасце, асартымент харчовых крамаў вельмі шырокі. На шчасце, бо разнастайнасць дае магчымасць выбару. На жаль, бо калі ўсяго шмат, лёгка разгубіцца. І большасць пакупнікоў не чытаюць склад прадуктаў, не задумваюцца, што прынясе іх здароўю большую карысць, а купляюць звыклы для іх тавар або тое, што бліжэй стаіць на прылаўку. Мэта нашых акцый – далучыць людзей да свядомага выбару карысных прадуктаў харчавання.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 116

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама