07.02.2019
07.02.2019

Здаровыя валасы ўвесь год. 5 парадаў ад спецыяліста

logo
Прыгажосць і догляд
0 51
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Валасы – наш другі «твар». Здаровыя і дагледжаныя, яны ў стане кампенсаваць пэўныя недахопы знешнасці. Слабыя і безжыццёвыя, наадварот, наносяць разбуральны ўдар па вобразу нават вельмі прывабнага вонкава чалавека.

Але што рабіць, калі ў спадчыну ад бацькоў дасталася не капа раскошных кучараў, а сціплы мышыны хвосцік? Як супрацьстаяць фактарам, якія цішком замахваюцца на стан шавялюры: пераменліваму надвор'ю, залішне вільготнаму або залішне сухому паветру, атмасферным забруджванням? Ці можна захаваць валасы моцнымі і здаровымі (калі з генамі пашанцавала), і ці ёсць другі шанц у слабых і безжыццёвых (калі пашанцавала не вельмі)?

Наш эксперт дэрматавенеролаг Гарадскога скурна-венералагічнага дыспансэра г.Мінска Святлана Якубоўская падзялілася каштоўнымі парадамі. Выконвайце іх, і падстаў перажываць за стан валасоў стане на парадак меней.

Правілы догляду за валасамі

Валасы баяцца перападаў тэмператур

1. Валасы баяцца перападаў тэмператур

Холад і спякота аднолькава згубна адбіваюцца на стане валасоў. У халоднае надвор'е эксперт настойліва рэкамендуе апранаць шапку ўжо пры першых мінусавых лічбах на градусніку (-1-3°С). Альбо сыдзе і глыбокі капюшон, які максімальна абароніць скуру галавы ад нізкіх тэмператур.

 
Святлана Якубоўская
Урач-дэрматавенеролаг Гарадскога скурна-венералагічнага дыспансэра г.Мінска
З ненакрытай галавой на мароз – адназначна не. Нягледзячы на тое, што валасяное покрыва само па сабе абараняе скуру галавы, яно не ратуе ад негатыўнага ўздзеяння нізкіх і высокіх тэмператур, рэзкіх яе перападаў, моцнага ветру. А калі пакутуе скура галавы, пакутуюць і валасы.

Сверб і лушчэнне – мінімум, чым давядзецца плаціць за імгненнае жаданне не сапсаваць прычоску ў марозны дзень. Так што на сем бед адзін адказ – галаўны ўбор.

Аднак не перашчыруйце. Шапку або капюшон трэба здымаць, знаходзячыся ў закрытай прасторы з плюсавай тэмпературай: у краме, метро, аўтамабілі, грамадскім транспарце і г.д. Не лянуйцеся зняць галаўны ўбор, нават калі плануеце правесці ў закрытым памяшканні ўсяго некалькі хвілін. Гэта прадухіліць узнікненне парніковага эфекту, у сальных залоз не будзе неабходнасці працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.

А вось улетку валасы трэба берагчы ад актыўнага сонца.

улетку валасы трэба берагчы ад актыўнага сонца

 
Святлана Якубоўская
Урач-дэрматавенеролаг Гарадскога скурна-венералагічнага дыспансэра г.Мінска
Пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпраменьвання ў скуры вызваляюцца свабодныя радыкалы і запускаюць шэраг акісляльных рэакцый, якія прыводзяць да акісляльнага стрэсу. Вынік гэтых працэсаў – старэнне арганізма, з'яўленне маршчын, сухасць скуры. Негатыўнае ўздзеянне адбіваецца і на стане валасоў: яны выгараюць, губляюць жыццёвую сілу, бляск, робяцца сухімі і ломкімі.

Так што панама або капялюш у гарачы летні дзень цалкам эфектыўна абараняюць не толькі ад цеплавога ўдару, але і ад заўчаснага завядання скуры і валасоў.

2. Сачыце за станам валасоў гэтак жа, як за скурай твару

Прыгажосць і здароўе валасоў патрабуюць не меншага догляду, чым свежасць і маладосць твару. Ключавое значэнне маюць маскі, асабліва ў халодную пару года.

https://bel.24health.by/doglyad-za-valasami-uzimku-lajfxaki-na-kozhny-dzen/

 
Святлана Якубоўская
Урач-дэрматавенеролаг Гарадскога скурна-венералагічнага дыспансэра г.Мінска
Маскі для аб'ёму, супраць выпадзення валасоў або для актывацыі росту – не больш чым маркетынгавы ход. Валасяны фалікул знаходзіцца ў тоўшчы скуры – у дэрме або нават гіпадэрме. Нічога звонку туды патрапіць у прынцыпе не можа. Але ж чаканні ад маскі, якая абяцае, напрыклад, актыўны рост валасоў, такія, што, здаецца, яна жыватворным дажджом пральецца на валасяны фалікул. Гэта не так. Асноўная задача маскі – склеіць паверхню воласа, так званыя лускавінкі, каб забяспечыць яму гладкасць і тым самым прадухіліць далейшыя пашкоджанні: ломкасць, кончыкі, якія сякуцца, і г.д.

маскі для валасоў

Каб выбраць правільныя маскі і атрымаць максімальны эфект, эксперт раіць прытрымлівацца наступных правілаў:

  • Аддавайце перавагу маскам, у якіх ёсць натуральныя раслінныя алеі: какосавы, алей шы, аргонавы, з зародкаў пшаніцы.

Яшчэ лепш выкарыстоўваць гэтыя алеі як самастойны сродак. Набыць іх можна ў любой аптэцы.

  • Алей абавязкова трэба наносіць на чыстыя, вымытыя валасы на 10-12 гадзін (напрыклад, на ноч) пад шапачку.
  • Для ўладальнікаў сухой скуры галавы маску можна паўтараць 1 раз у 10-14 дзён.

Прычым наносіць яе трэба не толькі на ўсю даўжыню воласа ад каранёў, але і на скуру галавы. А вось для тых, у каго скура галавы тлустая, досыць 1 працэдуры па доглядзе перыядычнасцю ў 3-4 тыдні. Наносіць маску варта, ледзь адступіўшы ад каранёў (на 0,3-0,5 см), і ні ў якім разе не на скуру галавы, каб не стымуляваць і без таго залішнюю выпрацоўку скурнага сала.

  • Калі вы па нейкіх прычынах не можаце адмовіцца ад выкарыстання сінтэтычных масак для валасоў, аддавайце перавагу тым, якія ўтрымліваюць керацін і пантэнол.

І ніякага алкаголю, тым больш у пачатку спісу інгрэдыентаў – такі сродак будзе перасушваць скуру галавы, што не зробіць валасы здаравейшымі.

3. Сілкуйце валасы знутры

Вядома, спадчыннасць мае першараднае значэнне, калі гаворка заходзіць аб валасах. Тым не менш, нават добрыя гены маюць патрэбу ў падтрымцы знутры.

Ад таго, наколькі мы забяспечваем сутачную патрэбу ў макра- і мікраэлементах, залежыць работа ўсіх органаў і сістэм арганізма, стан скуры, пазногцяў і, вядома, валасоў.

Асабліва адчувальныя валасы да дэфіцыту вітаміну Д і жалеза.

 
Святлана Якубоўская
Урач-дэрматавенеролаг Гарадскога скурна-венералагічнага дыспансэра г.Мінска
Мы жывем у кліматычных умовах пастаяннага дэфіцыту сонца. Таму ўжо практычна не аспрэчваецца неабходнасць прымаць вітамін Д не толькі дзецям да 3-х гадоў, але і дарослым. Акрамя таго, трэба кантраляваць узровень жалеза (ферытыну) у крыві. Існуе памылковае меркаванне, што калі ўзровень гемаглабіну нармальны, значыць, жалеза хапае. Гэта не заўсёды так. Нізкі ўзровень ферытыну паказвае на існуючы дэфіцыт жалеза, які яшчэ не справакаваў выяўленую анемію, але можа да яе прывесці, калі не распачаць ніякіх мер.

Дэфіцыты вітаміну Д і жалеза згубна адбіваюцца на агульным стане: павышаюць стамляльнасць, зніжаюць працаздольнасць, прыводзяць да апатыі і функцыянальных расстройстваў. Пакутуюць і валасы: пачынаецца іх актыўнае выпадзенне (ажно да ачаговага), яны сякуцца, робяцца больш ломкімі, губляюць жыццёвую сілу.

4. Далікатней з валасамі, яшчэ больш далікатна!

Ператварыць на раз-два раскошныя валасы ў пакулле (а слабенькія дабіць канчаткова) можна няправільным доглядам.

 
Святлана Якубоўская
Урач-дэрматавенеролаг Гарадскога скурна-венералагічнага дыспансэра г.Мінска
Занадта жорсткая вада, занадта агрэсіўныя па складзе мыйныя сродкі, злоўжыванне плойкамі, прасікамі, лакамі, пенкамі – гэта ўсё не лепшым чынам адбіваецца на стане валасоў. Як часта вы, напрыклад, глядзіце на склад шампуню? З аднаго боку, гэта проста сродак, які здымае бруд з валасоў. З іншага – частае выкарыстанне агрэсіўнага па складзе шампуню нават пры мінімальным кантакце з валасамі можа прывесці да іх сухасці, выпадзення, перхаці (нягледзячы на тое, што гэта будзе шампунь «супраць перхаці»).

Як выбраць шампуні, бальзамы, кандыцыянеры, маскі для валасоў

Не вядзіцеся на імя вытворцы. Агрэсіўныя сродкі па догляду валасоў нярэдка сустракаюцца ў папулярных брэндаў, у дарагіх, прафесійных лінейках. Заўсёды ўважліва вывучайце склад прадукту.

Шампуні, бальзамы, кандыцыянеры, маскі для валасоў, у складзе якіх аднымі з першых значацца ПАВы (лаўрэт сульфат натрыю, лаўрыл сульфат натрыю), лепш абыходзіць бокам.

Яны падыдуць для валасоў, ад прыроды густых, шчыльных, здаровых, тых, якія могуць вытрымаць на сабе іх агрэсіўнае ўздзеянне. А вось тонкія, аслабленыя валасы такая «доглядавая» касметыка даб'е канчаткова.

Затое частае мыццё (пры ўмове, калі шампуні правільныя, а вада мяккая) ніякай шкоды валасам не прынясе. Іх можна мыць пры неабходнасці хоць двойчы ў дзень.

5. Не задавольвайцеся паўмерамі

 
Святлана Якубоўская
Урач-дэрматавенеролаг Гарадскога скурна-венералагічнага дыспансэра г.Мінска
Вельмі рэдка бывае, што валасы пакутуюць па нейкай адной прычыне (напрыклад, з-за недахопу жалеза). І, адпаведна, можна ліквідаваць праблему, папоўніўшы яго дэфіцыт. Часцей за ўсё «дрэнныя валасы» абумоўлены комплексам прычын: нядбайным і недастатковым доглядам, незбалансаваным, бедным харчаваннем, стрэсавымі сітуацыямі, саматычнымі захворваннямі. А значыць, сачыць за сваім здароўем і знешнасцю трэба таксама ў комплексе. Паўмераў недастаткова, інакш эфект будзе такі ж – зусім крыху і нядоўга.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 51

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».