22.09.2017
22.09.2017

Здаровы эгаізм: навошта аўтамабілісту ровар?

logo
Здаровы лад жыцця
0 92
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У гонар Сусветнага дня без аўтамабіля «Слушна» высветлілі, чым перыядычная змена транспартнага сродку можа быць карысная кіроўцу.

Выгада аказалася значная: ад падаўжэння маладосці і прафілактыкі хвароб да паляпшэння сэксуальнага жыцця і выратавання планеты.

Такім чынам, навошта аўтамабілісту веласіпед?

навошта аўтамабілісту веласіпед

Каб пахудзець

Падчас веласіпеднай паездкі спальваецца ад 140 да 560 кілакалорый за гадзіну ў залежнасці ад хуткасці.

Пры гэтым метабалізм паскараецца і застаецца на высокім узроўні яшчэ некалькі гадзін пасля прагулкі, а, значыць, арганізм працягвае спальваць калорыі нават калі вы ўжо не за рулём. Ровар дапамагае паспяхова змагацца з запасамі тлушчу на сцёгнах і целюлітам. Дарэчы, тыя, хто ездзіць хутка на кароткія дыстанцыі, спальваюць больш тлушчу, чым тыя, хто выбірае доўгія і павольныя велапрагулкі.

Каб памаладзець

Рэгулярныя паездкі на веласіпедзе дапамагаюць запаволіць старэнне скуры.

Дзякуючы паскоранай цыркуляцыі крыві клеткі атрымліваюць больш кіслароду і пажыўных рэчываў, а таксама хутчэй выводзяцца таксіны. Акрамя таго, велапрагулкі ствараюць выдатныя ўмовы для выпрацоўкі калагену, што запавольвае працэс з'яўлення зморшчын.

Каб палепшыць разумовыя здольнасці і памяць

Язда на ровары павялічвае прыток крыві і кіслароду да мозга, што добра ўплывае на яго работу.

Павялічваецца выпрацоўка адмысловага бялку – нейратрафічнага фактару мозга, які стымулюе і падтрымлівае развіццё нейронаў. У сваю чаргу, яны лепш функцыянуюць і ўзаемадзейнічаюць. Даследаванні паказалі, што прагулкі на веласіпедзе паляпшаюць вынікі разумовых тэстаў на 15%. А вытворчасць новых мазгавых клетак у гіпаталамусе, часткі мозга адказнай за памяць, дапамагае прадухіліць яе пагаршэнне пасля 30 гадоў.

Каб дапамагчы свайму сэрцу

Кардыянагрузка, непазбежная пры катанні на ровары, спрыяе ўмацаванню сардэчнай цягліцы і павышэнню тонусу сасудаў. Па даных British Health Foundation, 35 кіламетраў у тыдзень на веласіпедзе зніжаюць рызыку сардэчных захворванняў удвая.

велапрагулкі

Каб прадухіліць варыкоз

Круціць педалі вельмі карысна і тым, хто мае схільнасць да варыкознага пашырэння вен.

Актыўная цыркуляцыя крыві прадухіляе застоі і паталагічныя змены вянознай сценкі. Таму ровар – выдатная прафілактыка такога небяспечнага захворвання, як тромбафлебіт.

Каб палепшыць зрок

Катанне на веласіпедзе вельмі карыснае для трэніроўкі вачэй. Падчас вандроўкі на ровары наш погляд увесь час мяняе факусіроўку, і такая зарадка вочных цягліц зніжае рызыку ўзнікнення блізарукасці і абвастрае зрок. Гэта цудоўны сродак адпачынку для вачэй пасля працяглай працы за камп’ютарам.

Каб перамагчы прастуду

Тыя, хто выкарыстоўвае ровар хаця б 30 хвілін у дзень 5 разоў на тыдзень, бываюць на бальнічным у два разы радзей, чым тыя, хто аддае перавагу аўтамабілю. Умераныя нагрузкі павышаюць актыўнасць імунных клетак і паляпшаюць іх гатоўнасць супрацьстаяць інфекцыі.

Каб высыпацца

Рэгулярныя велапрагулкі дапамагаюць хутчэй выводзіць з арганізма гармон стрэсу – картызол, што часта перашкаджае нам заснуць. Таму ровар – дзейсны сродак барацьбы з бяссоннем.

Каб пазбавіцца ад стрэсу і дэпрэсіі

Велапрагулкі – просты і хуткі спосаб атрымаць дозу гармонаў шчасця (эндарфінаў), умацаваць нервовую сістэму і пазбавіцца ад эмацыйнага напружання. Манатонныя рухі разам з мерным дыханнем дапамагаюць супакоіцца і прывесці да ладу думкі і пачуцці.

Каб павысіць трываласць

Дзякуючы рэгулярным паездкам на ровары вы павышаеце агульную трываласць арганізма, трэніруеце цягліцы ног, рук, спіны і грудзей. У выніку вы не толькі паляпшаеце іх форму, але лягчэй пераносіце нагрузкі падчас працоўнага дня.

рэгулярныя велапрагулкі

Каб даўжэй жыць

Даследаванні вучоных Лонданскага каралеўскага каледжа паказалі, што паездкі на ровары дазваляюць захоўваць біялагічную маладосць нават пры наяўнасці шкодных звычак. У людзей, якія рэгулярна здзяйсняюць велапрагулкі, зніжаецца рызыка развіцця ўсіх відаў раку, дыябету 2-га тыпу, атлусцення, сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Арганізм пачынае больш эфектыўна сябе абараняць ад шкоднага ўздзеяння навакольнага асяроддзя і павышаецца здольнасць да рэгенерацыі клетак.

Каб палепшыць сэксуальнае жыццё

Захапленне роварам дапамагае палепшыць працу залоз унутранай сакрэцыі, у тым ліку палавых, а таксама пазбаўляе ад праблем, звязаных з дрэнным кровазваротам ў зоне малога таза.

Такім чынам можна прадухіліць шматлікія захворванні, у тым ліку прастатыт і ўрэтрыт у мужчын; эндаметрыёз, аднексіт, полікістоз, фібраміёматоз у жанчын. Даследаванне, што правялі ў Гарвардскім універсітэце, паказала, што мужчыны старэйшыя за 50, дзякуючы рэгулярным велапрагулкам (ад 3 раз на тыдзень), зніжаюць рызыку імпатэнцыі на 30%. Акрамя таго, будучыя мамы, якія рэгулярна катаюцца на ровары, нараджаюць лёгка і без ускладненняў, хутчэй вяртаюцца ў форму і лепш сябе адчуваюць у перыяд цяжарнасці.

Каб эканоміць грошы

Дзякуючы перыядычнай адмове ад аўтамабіля на карысць ровара вы зможаце не плаціць за бензін і паркоўкі. Акрамя таго, гэты від транспарту непатрабавальны ў абслугоўванні.

Каб дапамагчы планеце, зрабіць свой горад больш чыстым і бяспечным

На выраб ровара выдаткоўваецца каля 5 працэнтаў рэсурсаў, неабходных для вытворчасці аўтамабіля. Пры гэтым няма забруджвання навакольнага асяроддзя, у тым ліку і паветра, ад яго эксплуатацыі. Нават перыядычная адмова ад аўтамабіля на карысць веласіпеда дапамагае паменшыць транспартныя заторы ў мегаполісах, знізіць колькасць аварый і трагедый на дарогах.

Па-ранейшаму перакананыя, што веласіпед не падыходзіць для паездак на працу ў касцюме альбо на абцасах? Тады прыгледзьцеся да ўдзельнікаў акцыі #minskbikestyle «Мінскага веласіпеднага таварыства» і ацаніце стыльныя фатаграфіі аматараў ровара розных узростаў і прафесій у інстаграме арганізацыі @minskbike і іншых сацыяльных сетках. Пра сваю любоў да транспарту на двух колах у рамках ініцыятывы заявілі і вядомыя медыяперсоны краіны.

Пра тое, дзе адзначыць у Беларусі Дзень без аўтамабіля, як патрапіць на бясплатныя заняткі ў велашколе, дзе працуе бясплатная веламайстэрня і пра многае іншае вы дазнаецеся на сайце Мінскага веласіпеднага таварыства.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 92

Глядзіце таксама