28.03.2018
28.03.2018

«Ахова здароўя Беларусі 2018»: нам ёсць чым ганарыцца! (+ Відэа, фота)

logo
Навiны
0 45
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Новыя тэхналогіі і распрацоўкі прапанавалі больш за 240 экспанентаў з 17 краін свету. Сярод іх сімуляцыйнае абсталяванне і першы айчынны камп'ютарны тамограф.

У сталіцы праходзіць юбілейная 25-я спецыялізаваная выстава.

 

 

Канферэнцыі, круглыя сталы, абмеркаванні самых надзённых медыцынскіх пытанняў і, вядома, сама экспазіцыя. Цяперашняя выстава «Ахова здароўя Беларусі 2018» дэманструе, як далёка пайшла беларуская медыцына ў розных сферах – ад фармацыі да выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту.

Віртуальныя кабінеты, самыя сучасныя аперацыйныя... Спецыялісты могуць ацаніць вартасці абсталявання і магчымасць працы ў комплексе.

Для ўрача агульнай практыкі цікавымі будуць айчынныя мадэрнізаваныя дыягнастычныя комплексы.

Яшчэ адна навінка, якой ганарыцца айчынная ахова здароўя, першы беларускі камп'ютарны тамограф на 64 зрэзы. Ён здольны адаптавацца да любых пацыентаў і клінічных задач.

Паказалі і якасна новы напрамак айчыннай вытворчасці – сімуляцыйнае абсталяванне! Яно запатрабавана ва ўніверсітэтах і каледжах. Выкарыстанне такой тэхналогіі ў практычнай падрыхтоўцы студэнтаў дазволіць пазбегнуць памылак у працэсе аказання лячэбнай дапамогі. Манекены могуць настолькі праўдападобна імітаваць розныя фізіялагічныя станы, што здольныя нават пацець. Гэта дазваляе студэнту ацаніць стан пацыента не толькі па УГД-датчыкам, але і з дапамогай візуальнага агляду.

Сваімі дасягненнямі дзеляцца беларускія вытворцы медтэхнікі і вырабаў медпрызначэння з сучасным абсталяваннем і расходнымі матэрыяламі для прафілактычнай медыцыны, хірургіі, артапедыі, кардыяхірургіі. Беларускую фармацэўтычную прамысловасць на выставе прадставілі найбуйнейшыя прадпрыемствы, якія актыўна прасоўваюць сваю прадукцыю на ўнутраны і знешні рынкі: «Белмедпрэпараты», «Барысаўскі завод медпрэпаратаў», «Мінскінтэркапс», «Нясвіжскі завод медпрэпаратаў», «Лекфарм» і іншыя.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі падтрымлівае глабальны трэнд лічбавай трансфармацыі эканомікі. Важнейшы прыярытэт працы сёлета – пабудова электроннай аховы здароўя. Аб прагрэсіўных тэхналогіях, якія адкрываюць прынцыпова новыя магчымасці для развіцця галіны, пагаварылі на канферэнцыі па электроннай ахове здароўя (e-Health).

 
Валерый Малашка
Міністр аховы здароўя Беларусі
Выстава – гэта пляцоўка для таго, каб мы маглі пагаварыць агулам пра сістэму аховы здароўя. Экспазіцыя досыць актыўна працятая цэлым шэрагам канферэнцый, якія, у першую чаргу, звязаныя з пытаннямі арганізацыі сістэмы аховы здароўя. У прыватнасці, мы стартавалі з такога важнага напрамку, як электронная ахова здароўя. Досыць сур'ёзна вывучаем вопыт іншых краін. Для нас гэта вельмі важна, паколькі ўступаем у актыўную фазу падрыхтоўкі тэхзадання. Калі летась на выставе мы гаварылі пра гэта як пра нейкі далёкі неажыцяўляльны праект, то ўжо ў 2019 годзе павінны на практыцы ўбачыць працу электроннай аховы здароўя ў Мінску. Вядома, гэта досыць складаны шлях. Ён уключае ў сябе не толькі інфарматызацыю ўстаноў аховы здароўя. Самае галоўнае, што актыўным карыстальнікам медыцынскіх рэсурсаў становіцца пацыент.
 
Клаўдыя Штайн
Дырэктар аддзела інфармацыі, фактычных дадзеных, навуковых даследаванняў і інавацый Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ
Гэта вельмі сур'ёзнае міжнароднае мерапрыемства. Яно сабрала разам шмат зацікаўленых бакоў і з'яўляецца пацвярджэннем таго, што ўрад Беларусі вельмі адказна падыходзіць да ўкаранення новай сістэмы электроннай аховы здароўя. Важна, што мы можам дзяліцца міжнародным вопытам, бачаннем і стандартамі. Сістэма электроннай аховы здароўя ў Еўропе вельмі неаднастайная. Некаторыя краіны, у прыватнасці, скандынаўскія, ужо цалкам перайшлі да электроннай аховы здароўя. У той час як у іншых, напрыклад, Эстоніі, Партугаліі, гэты шлях толькі пачынаецца. Беларусь паступіла вельмі разумна. Перад пачаткам укаранення вы вырашылі вывучыць усе нюансы, азнаёміцца з вопытам іншых краін, каб пазбегнуць памылак і быць упэўненымі ў тым, што карыстаецеся правільнымі стандартамі. Я думаю, што бачанне электроннай аховы здароўя, якое ёсць у міністра аховы здароўя Беларусі, вельмі добрае, рэалістычнае. Мы гатовыя цалкам падтрымаць увядзенне гэтай сістэмы ў Беларусі.
 
Алена Богдан
Начальнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя
Даступнасць інтэрнэту, фарміраванне груп пацыентаў у сацыяльных сетках, абмен інфармацыяй, абмеркаванне надзённых праблем прыводзіць да таго, што на любую навіну рэакцыя распаўсюджваецца імгненна. Любыя непаспяховыя вынікі па аказанні меддапамогі хутка становяцца вядомымі з актыўным, абывацельскім абмеркаваннем. Чым ніжэй паказчыкі смяротнасці немаўлят і дзіцячай, чым больш дасягненняў нашых урачоў, тым мацнейшыя інфармацыйныя атакі, каментарыі і водгукі! Традыцыйныя падыходы да навучання і станаўлення ўрачом, асаблівасці медыцынскай дзейнасці, закрытасць асабістых дадзеных пацыента, слабая інфармаванасць сваякоў прыводзяць да першапачатковага пошуку вінаватых і абвінавачвання медработнікаў. Зніжаецца давер да сістэмы і павага да ўрачоў. Сучасная тэхніка дазваляе ў электронным фармаце ажыццяўляць збор, апрацоўку, захаванне і абмен інфармацыяй пра штодзённы стан здароўя пацыента. Гэта своеасаблівая рэвалюцыя і для медработнікаў, і для пацыентаў. Да яе трэба падыходзіць не толькі тэхнічна, але і ідэалагічна рыхтаваць грамадства ў цэлым.

Фота – Яўген Крэч; відэа – Генадзь Сукач.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 45

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама