26.03.2021
26.03.2021

Здымаем маскі… А ці не рана?

logo
Думкі ўслых
0 055
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Хто здымае абаронча-ахоўныя маскі, а хто іх і ўвогуле не надзяваў… І якімі б ні былі матывы ў кожнага, але факт застаецца фактам: людзей у масках вакол мяне значна паменела. І гэта дужа здзіўляе. Мы па афіцыйнай статыстыцы наблізіліся ўжо да нуля?! Ды не, на вялікі жаль… Усё тыя ж «1000+» і радзей – «1000-», калі праведзена меней тэстаў. І каранавірус не спіць, не адступае. Камфортна яму, бачыце, сярод людзей без масак… Дык што ж адбываецца?!

Маскі. Каранавірус. Многія здымаюць абарону.

А тэма па-ранейшаму на слыху. Абмяркоўваецца ў крамах і маршрутках, на працы і дома, на старонках парталаў і ў блогах. А відэа па тэме множацца проста ў геаметрычнай прагрэсіі!

Год таму, калі ўсё толькі пачыналася, мне шмат разоў дасылалі такое. Стаяць людзі на прыпынку. І раптам адна дзяўчына з доўгімі валасамі чхае, сагнуўшыся ледзьве не да зямлі. Не доўга думаючы, мужчына дастае пісталет і… страляе ў яе. Астатнія падскокваюць і пачынаюць пырскаць антысептыкамі – вакол, на сябе, а тады хапаюцца за тэлефоны…

А зараз каторы дзень дасылаюць у мэсэнджар пастановачнае відэа з акцёрамі. Справа адбываецца ў метро. Малады чалавек ідзе без маскі. За ім яшчэ людзі. І раптам ахоўнік накідваецца на хлопца з дубінкай і са словамі «Маска дзе?!» пачынае яго лупцаваць. Здымаюць некалькі сюжэтаў у розных месцах метро, з рознымі людзьмі за спіной акцёра. І гэта толькі трэба бачыць іх рэакцыю!

Амаль ва ўсіх, за рэдкім выключэннем, маскі адразу ж знаходзяцца і таропка нацягваюцца! А адзін хлопец, які спускаўся разам з усімі на эскалатары, раптам паворчваецца і спрабуе… ісці па ім уверх! Але, у рэшце рэшт, пад пільным позіркам ахоўніка таксама нацягвае маску і ідзе туды, куды яму трэба.

І смешна, і сумна… І адлюстроўвае нашу сучаснасць.

Днямі прачытала разважанні знаёмага, дзе ён кажа пра адсутнасць адказнасці людзей адно перад адным. І гэта праўда! А я зноўку прыгадала, што распавядала ў сваім блогу наша беларуска, якая жыве ў Японіі. Маўляў, калі там сказалі надзець маскі, у японцаў нават думкі не ўзнікла аслухацца.

Маскі. Каранавірус. А што ў Японіі?

А ў нас? Што, масачны рэжым адмянілі ўжо?! Ды наадварот. Шмат дзе гучыць, што маскі нам насіць, па ўсім відаць, да пачатку 2022 года. Калі пашанцуе. Я пакуль што не ўяўляю, як буду спраўляцца з дыханнем у масцы ўлетку. Але неяк буду. І ў грамадскіх месцах, у транспарце не здыму яе не толькі таму, што чалавек законапаслухмяны. А і таму, што на працягу гэтага года ўпэўнілася: яна сапраўды дапамагае…

У сэнсе, маска, надзетая правільна, не пад носам і не на падбароддзі. Так, шоу пад назвай «маска ёсць – маскі няма» таксама працягваецца. На жаль.

… Перад самым маім выхадам з маршруткі паразмаўлялі з вадзіцелем і на гэтую тэму. Ён сказаў, што яго напарнік перахварэў зусім нядаўна. А ўвогуле, перахварэлі ўсе вадзіцелі. Хто – лёгка, хто – цяжка, але – усе. І, маўляў, нічога добрага ў гэтым няма…

Вядома ж, што тут добрага? Асабліва, калі пасля даюць пра сябе ведаць розныя ўскладненні…

Маскі. Каранавірус. Ускладненні пасля хваробы.

Але перад гэтым вадзіцель сказаў фразу: маўляў, каму лёсам наканавана памерці ў маладым ці іншым узросце, дык так і будзе, нічога не змяніць. Ну што ж…. Я дакладна гэтак жа лічыла, толькі… да нядаўняга часу. Да каранавіруса. А цяпер ужо зусім не ўпэўненая ў такім поглядзе на лёс і наша жыццё…

Дзівяць мяне і ў родным горадзе. То з прадаўшчыц знікнуць маскі, то з дзвярэй крамы – аб’явы пра неабходнасць іх насіць. Але тыя, хто адчувае адказнасць і за сябе, і за сваю сям’ю, і за навакольных, пад’язджаючы ці падыходзячы да крамы без аб’явы, усё роўна маскі надзяваюць. І такім – падзяка, рэспект і ўважуха!

А ў маршрутках па-ранейшаму ў масках – адзінкі… А ў метро многія без масак спакойна слухаюць на кожнай станцыі аб’явы пра тыя самыя маскі. А можа, і не слухаюць, а прапускаюць міма вушэй. Нават я, задумаўшыся, толькі праз пару прыпынкаў спахапілася: а гэта аб’явы няма ці я проста яе не чую? Не, аб’ява на месцы. 🙂

Маскі. Каранавірус. У метро.

Так, хочацца, каб нішто дыханню не замінала. І памаду нармалёвую на вусны таксама хочацца. І каб кандэнсат ад маскі не размазваў туш… І… шмат чаго яшчэ – хочацца. Але… Масачны рэжым пакуль ніхто не адмяняў. Пацерпім?!

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

0 0 55

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.