01.08.2022
01.08.2022

Згадваліся на швейцарскіх картах у 1502 годзе. Гісторыя і ўласцівасці вод ушацкіх крыніц

logo
Адметнасць беларусаў
0 43
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Гісторыя «Лясных азёр» пачынаецца з гісторыі курорта «Баркоўшчына», звесткі пра які датуюцца 16-м стагоддзем. Менавіта тады ў гэтых месцах былі знойдзены гаючыя крынічныя воды, якія дапамагалі лячыць захворванні апорна-рухальнай сістэмы, нервовыя разлады ды іншыя хваробы.

Паблізу гарадскога пасёлка Ушачы, раённага цэнтра Віцебскай вобласці, шмат лясных азёраў. Таму невыпадкова, што і цяперашні курорт названы «Лясныя азёры». Ён знаходзіцца за 200 метраў на поўдзень ад вёскі Вашкава, на ўсход ад возера Баркоўшчына, на захад ад трасы Р116, насупраць павароту на вёску Качаны.

Баркоўшчына

На беразе возера Малая Даўгоўшчына, або Малое Баркоўшчынскае, у старым бары, пад высокай гарой, на якой у старыя часы стаяў драўляны касцёл, знаходзяцца пяць крыніц. У дзвюх з іх жалезістая вада, у трэцяй — радонавая без паху, у чацвёртай — сярністая. Пятая крыніца збірае ўсю ваду з чатырох іншых. Вада з самага паўднёвага выхаду адрозніваецца чысцінёй і высокімі смакавымі якасцямі. Утрыманне нітрытаў і цяжкіх металаў у ёй значна ніжэй дапушчальных канцэнтрацый для пітной вады.

Апроч гэтых крыніц маюцца яшчэ дзве мінеральныя, якія знаходзяцца ў паўночнай частцы тэрыторыі санаторыя «Лясныя азёры». Вада ў іх прэсная, на смак адчуваецца слабая мінералізацыя. Крыніцы абсталяваныя, пазначаныя, дарожкі да іх брукаваныя. Малая Даўгоўшчына невялікай рэчачкай злучана з возерам Доўжыца, ці Вялікая Даўгоўшчына.

Курорт «Баркоўшчына»

Яшчэ ў 1502 годзе на швейцарскіх картах згадваліся баркоўшчынскія (цяпер ушацкія) гаючыя воды. Сама ж унікальная лякарня была закладзена на жыватворных водах урочышча Баркоўшчына больш як 300 гадоў таму.

Ужо тады крынічныя воды Ушаччыны выкарыстоўваліся для лячэбных мэт. Наступныя дакументальныя згадкі пра «выдатную ўшацкую крыніцу з гаючай вадой» адносяцца да 1704 года.

Карпусы Санаторыя Баркоўшчына

З даўніх часоў гэтая мясцовасць належала Судзілавіцкаму маёнтку Ведамства дзяржаўных маёмасцяў. Пасля таго як былі засведчаныя лекавыя ўласцівасці крынічнай вады, сюды пачалі масава прыязджаць лячыцца. У пачатку 19-га стагоддзя тут ужо існавала лячэбніца «Баркоўшчына», якая праславілася не толькі сярод сваіх — пра яе чулі і ў Заходняй Еўропе.

Крынічнай вадой лячыліся ад рэўматызму, падагры, паралюшу нервовай сістэмы, запалення лёгкіх, залішняй тлустасці, венерычных захворванняў. Як сведчаць архіўныя матэрыялы, у 1830 годзе ўніяцкі епіскап Лужынскі паведамляў, што яму неабходна ехаць у Баркоўшчыну, каб прыняць 30 ваннаў. У гэтым жа годзе сюды на аздараўленне вывозілі 200 полацкіх кантаністаў — сыноў з сем’яў ніжніх воінскіх чыноў, якіх рыхтавалі для воінскай службы.

Корпус санаторыя Баркоўшчына

На працягу 19-га стагоддзя не раз рабілі аналізы вады. У 1843 годзе доктар Янт вызначыў, што вада адносіцца да разраду жалезіста-сярністых.

Медыцынскі дэпартамент Міністэрства ўнутраных спраў даваў заданне Лепельскаму павятоваму доктару з’ездзіць у Баркоўшчыну для набору дзвюх бутэлек вады і затым перадаць яе ў Пецярбург для лабараторных аналізаў.

Крыніца пад аховай Святога Яна

У сярэдзіне 19-га стагоддзя дактары часта раілі ехаць у «Баркоўшчыну». Але штатнага лекара там не было. Хворых наведваў лепельскі павятовы ўрач ды іншыя вольнапрактыкуючыя дактары.

Ваду рэкамендавалі выкарыстоўваць як унутр, так і для ваннаў. Колькасць выпітай вады прапаноўвалі даводзіць да шасці шклянак і больш, а ванны прымаць два разы на дзень.

Лячэнне мінеральнымі водамі пачыналася з паловы мая і заканчвалася ў жніўні. Дактары лічылі, што тэрмін лячэння павінен быць не меншым за шэсць тыдняў.

У 1855 годзе ў лячэбніцы было два будынкі з ваннымі пакоямі. У адным з іх месцілася 12 ваннаў з сернай вадой: 6 мужчынскіх і 6 жаночых, а ў другім — 4 ванны з жалезістай вадой: 2 мужчынскія і 2 жаночыя. Таксама ў другім будынку апроч ванных знаходзіліся яшчэ і пакоі для гасцей. У дадатак да ўсяго для хворых было пабудавана 3 дамы з шасцю пакоямі ў кожным. Асобныя будынкі былі для прыслугі і экіпажаў, а таксама стайні, агульная гасцінная зала і іншае. Многія пацыенты здымалі жытло ў вёсцы.

У 1860–1890-я гады лячэбніцай кіраваў доктар Няміроўскі, і ў той час лячэбніца ўваходзіла ў лік лепшых еўрапейскіх здраўніц. Вельмі любілі наведвацца сюды мясцовыя землеўладальнікі, чыноўнікі, прадстаўнікі заможных класаў з Лепельшчыны, Полаччыны, Віцебшчыны, а таксама прыязджалі хворыя з Германіі, Польшчы, Францыі і расійскіх губерняў.

Некаторых хворых прыносілі на насілках, а праз месяц-паўтара яны ўжо хадзілі ў лес у грыбы ды ягады. За год тут лячылася не менш за 300 чалавек.

Пасля смерцi доктара Нямiроўскага пачаўся заняпад курорту «Баркоўшчына». У хуткiм часе лячэбнiца зусiм зачынiлася.

У 1919 годзе Лепельскі павятовы аддзел аховы здароўя прыступіў да аднаўлення курорту, але праз год, у час белапольскай акупацыі, тут зноў усё было знішчана. У 1926 годзе Інстытут беларускай культуры накіраваў экспедыцыю для даследавання баркоўшчынскіх крыніц. Аналізы пацвердзілі, што жалезістыя і серныя воды Баркоўшчыны па сваіх лекавых якасцях не саступаюць мінеральным водам Каўказа. У выніку было вырашана пачаць будаўніцтва санаторыя. Яно вялося ў 1927–1928 гадах, і ў выніку вырас маленькі гарадок: два карпусы для хворых, адзін корпус для медперсанала, адзін корпус для кухні і пральні ды шматлікія гаспадарчыя будынкі.

Санаторый «Лясныя азёры»

Сучасныя карпусы санаторыя Баркоўшчына

У час Другой Сусветнай вайны санаторый быў разбураны, а пасля пакрыху стаў аднаўляцца.

У пасляваенныя гады на месцы руін пабудавалі дом адпачынку «Лясныя азёры».

У 1999 годзе ён быў рэарганізаваны ў пансіянат з лячэннем хворых на 150 коек і размяшчэннем у летні сезон адпачынкаў яшчэ 300 чалавек. Таксама ў 1999-м гаючыя баркоўшчынскія крыніцы былі аб’яўлены помнікамі прыроды.

карпусы санаторыя «Лясныя азёры».

У 2013 годзе тут была праведзена татальная рэканструкцыя, якая ператварыла стары будынак у сучасны, утульны і стыльны комплекс, які прайшоў атэстацыю на першую курортную катэгорыю.

Сёння пры лячэнні ў санаторыі выкарыстоўваюцца мясцовыя лекавыя гразі і мінеральная вада.

Ёсць Баркоўшчынская крыніца з мінеральнай вадой, водагразелячэбніца з вуглякіслымі ваннамі, кабінеты фізіятэрапіі, магнітатэрапія, святлолячэння, фітатэрапіі, ЛФК, інгаляторый і г. д.

Возера Баркоўшчынскае

Таксама некалькі новых крыніц, карысных для нырак і страўніка.

У санаторыі разліваецца і прадаецца мінеральная вада «Вечалле», па назве аднаго з азёр, што размешчана побач са свідравінамі.

Тут ёсць усё не толькі для ўмацавання здароўя, але і для адпачынку — цудоўныя краявіды, прадуманая інфраструктура, блізкасць гістарычных гарадоў з выдатнымі мясцінамі.

Як дабрацца?

Як дабрацца да Баркоўшчыны

Цягніком да станцыі Полацк, адтуль аўтобусам да г. п. Ушачы, затым аўтобусам да вёскі Вашкава.

З Мінска на маршрутным таксі Мінск — Ушачы, праз санаторый «Лясныя азёры». Асабістым транспартам: ад Віцебска далей па трасе Віцебск — Полацк да вёскі Мікіціха, павярнуць налева на г. п. Ула, праехаўшы Улу, праз 2 км павярнуць направа на Ушачы, ва Ушачах налева па паказальніку «Лясныя азёры» (9 км) да санаторыя.

https://bel.24health.by/mesca-yakoe-vy-ne-znojdzece-na-kartax-chym-vas-zdzivyac-belaruskiya-pustynki/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 43