19 Чэрвеня
19.06.2020

Жаданая жанчына ці «мама»? Што думаюць мужчыны пра дамаў, старэйшых за сябе? (+відэа)

logo
Пабудуй стасункі
320 0 36
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Сёння мала каго здзіўляе, калі мужчына выбірае для адносінаў жанчыну, старэйшую за сябе. Больш за тое, колькасць такіх параў расце. Сацыёлагі прагназуюць, што за імі будучае. Чым абумоўлены дадзены выбар? Што прыцягвае мужчыну ў спадарожніцы старэйшай: фінансавы складнік, добры сэкс ці пошук «мамачкі»? А можа, наша грамадства ўжо даспела да таго, каб аддаваць перавагу ў адносінах канкрэтнаму чалавеку, а не яго ўзросту, нацыянальнасці, расе і г.д.? Што насамрэч думаюць мужчыны пра розніцу ва ўзросце? Шчырыя адказы практыкуючага псіхолага, урача-герантолага і бізнэс-аналітыка – у новым матэрыяле з серыі «Пра што маўчаць мужчыны».

Дарослая i смелая. Як мама

Ёсць меркаванне, што ў адносінах з жанчынай старэйшай мужчына шукае тое ж пачуццё абароненасці, што было ў яго ў дзяцінстве, з мамай. Сучасныя мужчыны часцяком з радасцю аддаюць руль кіравання больш адказнай, арганізаванай жанчыне і… не хаваюць гэта.

Ігар Сенюць, бізнэс-аналітык, мадэль, уладальнік тытула Mister Ocean Best Body 2017:

– У мяне ёсць знаёмая пара. Яму 30 гадоў, а ёй 45. Выглядаюць яны пры гэтым вельмі гарманічна і эфектна. Тут жанчына паставіла сабе на мэце быць маладой, і ў яе гэта выдатна атрымліваецца. Часта бываюць гісторыі, калі жанчына паспрабавала пабудаваць адносіны з аднагодкамі ці мужчынамі, старэйшымі за сябе, але ў яе нічога не атрымалася з-за таго, што ёй спрабавалі маніпуляваць, устанаўліваць свае правілы. А вось у пары з мужчынам маладзейшым ужо яна выступае ў ролі больш вопытнай. І шмат каму з мужчынаў гэта падабаецца. Бо яе не трэба вучыць, гэта ўжо асоба, якая сфарміравалася. Такая спадарожніца і сама параду дасць, і ў ложку больш цікавая, а калі трэба, пад крыло возьме і паклапоціцца. Многім юным дзяўчатам нічога не цікава, акрамя Інстаграма. А калі мужчына хоча развівацца, дык для яго важная асоба чалавека. Заўсёды цікавыя тыя людзі, якія прагрэсуюць.

Максім Пылёў, практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»:

– Ёсць такое меркаванне: адносіны, якія складваюцца ў хлопчыка з мамай, шмат у чым уплываюць на яго выбар партнёркі ў будучым. Калі дзіця расце ў сям’і з досыць уладнай, ультыматыўнай мамай, ён прывыкае да такога патэрну паводзінаў, калі многія пытанні ў сям’і вырашае жанчына, калі яна вядучая. А калі браць той аспект, што пасля вайны хлопчыкі выхоўваліся практычна аднымі жанчынамі і не ведалі, што такое бацькава плячо, дык ужо наступныя пакаленні і шукаюць сабе мамаў.

Плюсы і мінусы рознаўзроставых параў

Па дадзеных сацыёлагаў, сярэдняя працягласць існавання саюза, дзе жанчына старэйшая за мужчыну, каля 12 гадоў. Пары жа аднагодкаў альбо тыя, у якіх мужчына старэйшы, у сярэднім трымаюцца 6-7 гадоў.

Андрэй Ільніцкі, спецыяліст у галіне геранталогіі і герыятрыі, прафесар:

– Што тычыцца рознаўзроставых шлюбаў, дык дадзеных пра тое, што яны больш шчаслівыя альбо больш няшчасныя, няма. Мне здаецца, што ўзрост не мае значэння. Наш выбар часта абумоўлены індывідуальнымі псіхалагічнымі асаблівасцямі. Некаторых людзей сэксуальна прыцягваюць тыя, хто за іх старэйшы. Гэта проста асаблівасць, нічога незвычайнага ў ёй няма. З пункту гледжання геранталогіі, самае галоўнае – каб чалавек быў не адзін.

Максім Пылёў:

– Я б пазбягаў бы штампаў. У любым выпадку ў гэтых саюзах ёсць шэраг плюсаў і мінусаў. Казаць пра тое, што яны асуджаныя на правал, я б не стаў. Але і не лічу, што за імі будучае.

Плюсы адносінаў з жанчынай старэйшай:

  • Псіхалагічны.

Максім Пылёў:

– Псіхалагічна мужчына саспявае пазней. І для яго жанчына, якая старэйшая за яго, можа быць такім прыкладам, да якога ён імкнецца, стымулам для развіцця. Яму захочацца адпавядаць.

  • Біялагічны.

Максім Пылёў:

– У жанчын пасля 30-35 гадоў узрастае патрэба ў сэксе. Яны раскрываюцца, робяцца больш жаноцкімі, расцвітаюць. З мужчынамі свайго ўзросту робіцца складана, бо ў іх якраз да гэтага ўзросту лібіда пачынае згасаць. І я нават не кажу толькі пра сэксуальны складнік. Гэта тычыцца ў цэлым любові да жыцця, актыўнасці. Жанчына ў 40 гадоў гатовая звярнуць горы, яна знаходзіцца ў тонусе, а вось яе аднагодак часта ўжо аддае перавагу ляжанню на канапе. У гэтым сэнсе маладыя мужчыны нашмат больш прыдатныя.

  • Сацыяльны.

Максім Пылёў:

– Такія пары могуць быць больш устойлівыя за кошт таго, што жанчына больш усвядомленая, робіцца стабільнай фігурай. Яна разумее, чаго хоча ад жыцця, ад стасункаў. Яна ўжо і ў кар’еры чагосьці дамаглася, і статус у яе ўжо ёсць. Больш малады партнёр прыцягваецца да гэтых рэчаў, калі жанчына статусная, калі не трэба, апроч сваіх пытанняў, вырашаць яшчэ і яе.

Мінусы адносінаў з жанчынай старэйшай для мужчыны:

Максім Пылёў:

– Калі яму 20 гадоў, а ёй 30, розніца ва ўзросце не такая прыкметная. А вось калі яму 40, а ёй ужо за 50, дык могуць узнікнуць праблемы. Жанчына паступова губляе сваю прывабнасць, а мужчына падыходзіць да таго самага крызісу сярэдняга ўзросту і пачынае зазірацца на дзяўчат маладзейшых. Прырода тут можа ўзяць сваё. Ды і ў жанчыны часцяком з’яўляецца шмат рэўнасці. Усе гэтыя моманты могуць прывесці да разрыву адносінаў.

Менталітэт у дзеянні

Ігар Сенюць:

– Часам сустракаеш чалавека, на 10 гадоў старэйшага, і разумееш, што гэта твая роднасная душа. І тады не думаеш пра ўзрост, але ўсё роўна прыгадваеш пра стэрэатыпы: «так сказалі, так кажуць». Я сам з маленькага гарадка, там грамадская думка цісне вельмі моцна. Калі пераехаў у Мінск, заўважыў, што тут асабліва ніхто ўвагі не звяртае, з кім ты жывеш, як апранаешся, што ясі. У маленькіх вёсачках, гарадках гэта ўсё яшчэ ёсць. Асабіста я стараюся думаць самастойна штораз, калі сутыкаюся з сітуацыяй: ці сапраўды я сам так лічу, ці гэта ўплыў стэрэатыпаў.

Андрэй Ільніцкі:

– Усё ж такі беларусы як нацыя сфарміраваліся ў вёсках і мястэчках. Там ты заўсёды мог бачыць, жадаючы гэтага ці не, што адбываецца побач. Таму, нават жывучы ў Мінску, сустракаеш людзей з такім разуменнем жыцця. Увага грамадства ёсць, у нас да гэтага часу прысутнічае страх: «А што скажуць людзі». Але як герыятр, герантолаг, з пункту гледжання розніцы ва ўзросце я нічога дрэннага не бачу. І больш за тое, часта даводзіцца назіраць, як людзі ствараюць сем’і ў дамах-інтэрнатах для сталых. І гэта добра.

Тваё жыццё – твой выбар

Ігар Сенюць:

– Свет змяніўся. Дзесьці ў горшы бок, але дзесьці і ў лепшы. Людзі ўсё меней падвяргаюцца крытыцы за кошт таго, які выбар яны робяць: старэйшы або малодшы, якога колеру скуры і г.д. Людзі самі ствараюць свой лёс. Мы адышлі ад абшчыннага радавога ладу, калі бацькі выбіралі мужа ці жонку. Цяпер ты сам вырашаеш, але важна рабіць гэта свядома. Хтосьці ў 20 гадоў будуе сям’ю і потым шчасліва жыве (ведаю такія прыклады), а іншыя і ў 30-40 гадоў баяцца крок ступіць і яшчэ не зразумелі, хто яны такія.

Максім Пылёў:

– Я часта бываю ў Еўропе. Там такія пары ўжо зусім не рэдкасць. Для нас гэта яшчэ прадмет абмеркаванняў. Але змены ў грамадстве заўсёды адбываюцца. Калісьці развесціся лічылася велізарнай ганьбай, а цяпер гэта звычайны вопыт. Магчыма, мы сталі цяпер больш звяртаць увагі на тое, які чалавек побач з намі, бачыць перш за ўсё асобу. Хаця асабіста я лічу, што прырода пераможа. І хаця такія саюзы і будуць існаваць, але наўрад ці іх будзе большасць.

Андрэй Ільніцкі:

– Я дзіўлюся, калі людзі пачынаюць асуджаць такія рэчы. Калі хтосьці старэйшы альбо калі аднаполыя шлюбы, ці зняволеныя ў 75 гадоў і старэйшыя. Ну што ў гэтым дрэннага? Сустрэліся двое цалкам дарослых людзей, яны неяк вырашаць самі, як ім жыць. Для мяне як для ўрача галоўнае, каб чалавек не быў адзін. Бо калі ён у шлюбе альбо ў адносінах з кімсьці, дык яму трэба варушыцца, прыстасоўвацца да іншага: да яго настрою, пахаў, да той ежы, якую любіць іншы. Гэта ўсё спрыяе стымуляцыі мозгу, новых нейронавых сувязяў і спрыяе прафілактыцы дэменцыі. У адзіноце гэтыя працэсы не адбываюцца. Таму лепей быць у пары. А ўжо з кім, гэта выбар кожнага.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Відэа Святлана Стахоўская, Андрэй Васкрасенскі.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

320 0 36

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх