22.05.2017
22.05.2017

«Жаночая» прафілактыка. Не чакаем сімптому!

logo
Здароўе дарослых
0 291
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Здавацца» ўрачу толькі тады, калі боль стаў нясцерпным, – суровая і абсалютна няправільная традыцыя. Асабліва калі гаворка ідзе пра такую далікатную тэму, як жаночае здароўе. Прыкладна ў 10% жанчын гінекалагічныя захворванні рознай ступені цяжкасці (у т.л. анкалагічныя) выяўляюцца толькі на звычайным прафілактычным прыёме ў доктара. На фоне поўнай адсутнасці скаргаў могуць працякаць запаленчыя працэсы, якія прыводзяць у выніку да самых сумных наступстваў – ад запалення органаў малога таза і бясплоднасці да анкалогіі.

Выйсце ёсць – рэгулярныя прафілактычныя агляды ва ўрача-акушэра-гінеколага. Выяўленыя на ранніх стадыях праблемы паддаюцца лячэнню і карэкцыі.

Агляд акушэра-гінеколага

З моманту свайго паўналецця, жанчына павінна наведваць «жаночага» доктара хаця б раз на год. Нават калі нічога не турбуе і не хочацца ісці. А пры наяўнасці праблем (эрозія шыйкі маткі, інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам у анамнезе і г.д.) – раз на паўгода.

Для кожнага ўзросту свае матывы:

  • у 20-гадовых дзяўчат агляд і мазок дапаможа своечасова выявіць запаленчыя працэсы і захворванні, якія могуць негатыўна паўплываць на зачацце і дзетараджэнне;
  • у 30-40 гадовых ёсць вялікая насцярожанасць па развіцці новаўтварэнняў, таму абавязкова дадаецца цыталагічны мазок з шыйкі маткі;
  • рэгулярныя кансультацыі і назіранне ўрача для жанчын 40+ дапамогуць лягчэй увайсці ў перыяд менапаўзы;
  • ў сталым узросце ні ў якім разе нельга забывацца на наведванне ўрача. Клімакс і нават адсутнасць палавога жыцця не гарантуюць таго, што ў інтымнай жаночай сферы няма праблем. Асаблівая насцярожанасць пры рызыцы развіцця рака шыйкі маткі.

Мазок на флору

Яго называюць яшчэ «бактэрыяскапія, агульны мазок, мазок з похвы». Гэта стандартнае лабараторнае мікраскапічнае даследаванне для аналізу складу мікрафлоры похвы, мачавыпускальнага канала і шыйкі маткі.

Урач забірае матэрыял адразу з некалькіх зон з дапамогай аднаразовага шпаталя: з шыйкі маткі, урэтры і похвы. Працэдура бязбольная.

Затым у лабараторных умовах мазок аналізуюць пад мікраскопам, дадаючы спецыяльныя фарбавальнікі.

Ацэньваюць некалькі паказчыкаў:

  • склад флоры;
  • колькасць лейкацытаў;
  • колькасць эрытрацытаў;
  • наяўнасць грыбкоў, трыхаманад, ганакокаў;
  • наяўнасць лактабацыл.

Каб аналіз быў максімальна дакладны, да яго здачы варта выконваць некаторыя правілы:

  • выключыць палавыя кантакты за 2 сутак да наведвання ўрача;
  • не спрынцавацца і не выкарыстоўваць вагінальныя прэпараты (свечкі, крэмы) – за 2 сутак;
  • за 2-3 гадзіны да мазка не мачыцца;
  • 4-5 дзень цыкла – самы ўдалы час для здачы мазка на флору.

Онкацыталагічны мазок

Гэты аналіз дазваляе выявіць перадракавыя клеткі ў вобласці шыйкі маткі. Мазок на онкацыталогію ўрач бярэ пры аглядзе на гінекалагічным крэсле з дапамогай адмысловай цэрвікальнай шчоткі ці гінекалагічнага шпаталя.

Працэдура бязбольная, выконваецца хутка, максімум за 10 секунд. Праўда, на працягу наступных некалькіх дзён магчымы невялікія крывяністыя выдзяленні. Яны не патрабуюць лячэння і праходзяць самастойна.

Узяты мазок доктар змяшчае на спецыяльнае шкло, затым ён апрацоўваецца растворамі, што фіксуюць і афарбоўваюць. Потым клеткі пад мікраскопам даследуе ўрач-цытолаг.

Калі онкацыталогія можа быць недакладнай:

  •  калі ёсць запаленчыя працэсы палавой сістэмы;
  • маюцца крывяністыя выдзяленні з похвы (у т. л. менструацыя);
  • калі менш чым за 2 сутак да аналізу быў палавы акт;
  • менш чем за 2 сутак да выканання мазка рабілі спрынцаванне, уводзілі мазі ці тампоны.

УГД органаў малога таза

З дапамогай ультрагукавога даследавання кантралююць стан маткі, яечнікаў і фалопіевых труб.

Гінекалагічнае УГД можа праводзіцца рознымі спосабамі:

  • трансвагінальна – ультрагукавы датчык уводзяць у похву. Гэты спосаб лічыцца самым дакладным. Яшчэ адзін яго плюс – можа дапамагчы выявіць праблемы з шыйкай маткі;
  • абдамінальна – датчыкам водзяць па жываце, папярэдне дадаўшы на месца даследавання спецыяльны гель;
  • трансрэктальна – спецыяльны датчык уводзяць у тонкую кішку (ужываюць у цнатлівых у выпадку падазрэння на сур'ёзнае гінекалагічнае захворванне).

Як падрыхтавацца да УГД

  • перад трансвагінальным – апаражніць мачавы пузыр;
  • перад трансабдамінальным – напоўніць мачавы пузыр. Рэкамендуюць выпіць перад даследаваннем прыкладна літр вады.

Кальпаскапія

Працэдура ўяўляе сабой агляд шыйкі маткі з дапамогай адмысловага інструмента – кальпаскопа. Гэты метад дазваляе дакладна вызначыць стан эпітэлія. Доўжыцца даследаванне каля паўгадзіны, па адчуваннях падобна да звычайнага гінекалагічнага агляду.

Паказанні да кальпаскапіі:

  • нехарактэрныя выдзяленні з похвы, сверб;
  • боль падчас палавога акту ці пасля яго;
  • цягнучы боль унізе жывата;
  • крывацёк;
  • адхіленне ад нормы ў аналізе на онкацыталогію.

Перад кальпаскапіяй, як і перад кожнай гінекалагічнай працэдурай, раяць устрымацца ад палавой блізкасці на працягу 2 сутак, не спрынцавацца і не ўжываць вагінальныя крэмы. Выконваць працэдуру рэкамендуюць на 5-7 дзень пасля менструацыі.

Самае галоўнае правіла ў захаванні жаночага здароўя – рэгулярнасць наведвання ўрача. Жаночыя «балячкі» каварныя тым, што часта напачатку не выдаюць сябе абсалютна ніякімі сімптомамі. Правіла візіту да "жаночага" доктара хаця б раз на год дапамогуць спраўляцца з магчымымі праблемамі ў самых пачатковых стадыях, калі шкоды арганізму яшчэ не будзе.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 291

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама